Балерына Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Ірына Варфаламеева: «Усё можна пераадолець»

Поддержи

“Вместе!” запрасіла ў госці лаўрэата міжнародных конкурсаў, аспірантку Нацыянальнай акадэміі навук, балерыну Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Ірыну Варфаламееву. У яе і ў жыцці яе родных не заўсёды было ўсё гладка. Цяжкасці, якія сустракаліся на шляху, не зламалі, а наадварот, загартавалі. Прафесія балерыны многім уяўляецца рамантычнай. Аднак рэдка хто задумваецца, што трэба прайсці, каб стаць ёй. Наша гераіня прыадчыняе заслону і расказвае важныя моманты свайго шляху. А таксама дзеліцца сямейнай гісторыяй, якую не кожны адважыўся б расказаць.

У сям’і балерыны ніхто не звязаны з творчасцю. Ірына гаворыць, што толькі яе неяк занесла ў гэтую прафесію. Аднак, нягледзячы на тое, што ў мамы Таццяны Аляксееўны тэхнічная адукацыя, па словах дачкі, яна вельмі творчы чалавек. Гадавала яе адна. Паспявала і працаваць, і надаваць малой час па-максімуму. Усе грошы, якія зарабляла, укладвала ў адукацыю дзіцяці. Сама ёй шыла адзенне. Рабіла ўсё, што было ў сілах. Старалася развіваць рознабакова.

У дзяцінстве будучая балерына наведвала студыю Рышальда Мая і народную мастацка-адукацыйную студыю “Цюбік” пры Нацыянальным мастацкім музеі, тэатральную студыю “Рэвю”, займалася лепкай, скончыла музычную школу. Вялікую частку жыцця прысвяціла мастацкай гімнастыцы. Усё, што дасягнула, – маміна заслуга, лічыць Ірына і тлумачыць, што з яе не рабілі балерыну. Проста рознабакова развівалі.


– Я ўдзячна кіраўніку нашай дзяржавы за тое, што існавала магчымасць займацца і спортам, і іншымі маімі захапленнямі абсалютна бясплатна, – гаворыць суразмоўніца.

Артыстка расказвае, што нават не марыла стаць балерынай. Калі споўнілася дзесяць, з мамай паехалі на экскурсію ў Санкт-Пецярбург. Гуляючы па вуліцы Зодчага Росі, убачылі аб’яву пра набор у балетную школу. Таццяна Аляксееўна прапанавала паспрабаваць. Да таго моманту Ірына ні разу не была ў тэатры. Прайшлі прагляд. Аднак жыць у Пецярбургу не было магчымасці. Здала ўступныя экзамены ў Мінскую харэаграфічную гімназію-каледж. Так патрапіла ў балетны свет. Аднак усяму гэтаму папярэднічала асабістая гісторыя Ірыны, пра якую мала каму расказвала дагэтуль.

Амаль да трох гадоў маленькая Ірына не хадзіла. Здаецца, балерына і слабыя ногі – гэта выключэнне з правілаў. Аднак на асабістым прыкладзе дзяўчына даказала, што ўпартасць і воля перамагаюць многае.

– Я пайшла ў тры гады. Гэта сапраўды так. Маці не любіць гаварыць на гэтую тэму. Таму пра тое ведаю няшмат. Нарадзілася ў 1995-м. Вядома, дыягностыка і медыцына ў цэлым была не на такім высокім узроўні, як цяпер. Пэўны перыяд лячыліся за мяжой.

Увогуле, гэта былі складаныя гады. І бацькі, якія спрабавалі неяк паставіць нас на ногі, – сапраўдныя героі, – лічыць артыстка.

Яна рада, што цяпер ёсць усё неабходнае для дыягностыкі і лячэння падобных праблем. Што ў краіне хапае высокакваліфікаваных, вузкапрофільных спецыялістаў, да якіх можна звярнуцца ў клініку з любымі пытаннямі. Ёсць магчымасць лячыцца бясплатна.

Як ні дзіўна, праблема з кволымі нагамі не стала прычынай, па якой Іра пачала займацца балетам.

– Абсалютна не. Адзінае – мы заўсёды прытрымліваліся рэжыму. Я ў аднолькавы час падымалася і клалася спаць. Правільна харчавалася: ніякіх “Макдональдсаў”, газіроўкі, фаст-фудаў, – тлумачыць балерына. – Маці казала, што так патрэбна было для майго здароўя. У спорт патрапіла ў тры з паловай гады.

Маленькую Ірыну трэнер выпадкова ўбачыла на вуліцы. Худзенькія ногі і яе стройная постаць аказаліся параметрамі, якія падыходзяць для мастацкай гімнастыкі. Для ўмацавання ног трэнер параіла як мага больш хадзіць.

– Мы вельмі шмат хадзілі па горадзе. Хоць у мамы была машына, але пераадольвалі адлегласці пешшу. Нават не карысталіся грамадскім транспартам, – успамінае артыстка. – Дзякуючы гэтаму вельмі ўмацаваліся ногі. І цяпер я танцую на галоўнай сцэне краіны! Таму ўсё можна перамагчы, галоўнае – настойлівасць і ўпартасць, – упэўнена танцорка.

Сапраўды, балерына – гэта не толькі прыгажосць, а яшчэ і пастаянная цяжкая праца. Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі – рэпертуарны. Таму Ірыну можна ўбачыць ва ўсіх пастаноўках. Што тычыцца дабрачынных мерапрыемстваў, то яны з’яўляюцца неад’емнай часткай жыцця любога артыста, – патлумачыла балерына.

2024-ы год яна пачала з канцэрта, які даў старт Рэспубліканскай дабрачыннай акцыі для пажылых “Ад усёй душы”. Для нашай гераіні заўсёды ганарова і шчымліва выступаць падчас падобных імпрэзаў. Танцорка рада дарыць людзям паважанага ўзросту станоўчыя эмоцыі. У такія моманты яна ўспамінае сваю бабулю, якой ужо няма побач. Успаміны толькі самыя цёплыя. Унучка пераняла ад бабулі лепшыя рысы – любоў да жыцця, цярпліваць і аптымізм.

Ірына Фёдараўна была чалавекам з няпростым лёсам, гаворыць артыстка. З-за сур’ёзнай траўмы апошнія сямнаццаць гадоў жыцця жанчыне давялося вучыцца жыць па-новаму. Спецыяльна для “Вместе!” Ірына падрабязна распавяла гэтую сямейную гісторыю.

– Мая бабуля – дзіця вайны. Хоць нарадзілася ў 1944-м, але ўсе пасляваенныя гады прыйшліся на ранняе дзяцінства і станаўленне. Памятаю, наказвала нам берагчы кожны кавалачак хлеба. Вучыла захоўваць тое, што стваралі па цаглінцы спачатку яе бацькі, а пасля яны, – распавядае Ірына.

У пяцьдзесят гадоў, як і многія, у 90-х патрапіла пад скарачэнне. Быў складаны перыяд – прадуктаў не хапала, а тое, што прадавалася, было няякасным.

– Я толькі нарадзілася, – дзеліцца балерына. – Трэба было неяк падымаць на ногі. Бабуля з’ехала ў вёску. Дабудавала дом, бо па адукацыі была будаўніком. Завяла гаспадарку.

Умела карыстацца дрэваапрацоўчым станком: дровы парэзаць, парнік збудаваць. Карысталася прыладай пастаянна, – тлумачыць Ірына.

Гэты станок абярнуўся горам для сям’і. У шэсцьдзесят Ірына Фёдараўна стала чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі. Жанчына страціла практычна ўсе пальцы на правай руцэ. У гэтым узросце вучылася жыць наноў: есці лыжкай, апранацца. Карацей, рабіць усё, што і звычайны чалавек, толькі левай рукой.

– У такім узросце, лічу, гэта подзвіг, – гаворыць Ірына. – Вельмі складана маральна, бо бабуля ў мяне была актыўная. Гэта здарылася па недарэчнай выпадковасці: на лецішчы апрацоўвала дошку на станку. Пальчатка саскочыла, і рука патрапіла ў механізм, – дзеліцца ўспамінамі гераіня.

Ірына Фёдараўна не стала абузай для сям’і. Старалася жыць звычайным жыццём.

Да апошняга, у свае семдзесят сем гадоў, ляпіла пельмені, самастойна апраналася, адмовілася пераязджаць з вёскі ў горад і трымала гаспадарку, ездзіла на ровары. Калі хадзіла ў ягады, то адмаўлялася ад агрэгатаў: дзвюма рукамі ў дзень набірала па дзесяць літраў чарніц.

– Вядома, быў перыяд, калі ёй было складана. Нават складаней, чым нам здаецца, – гаворыць дзяўчына. – Але бабуля змагла з гэтым справіцца, таму што ў яе была дачка і ўнучка. Было дзеля каго. Яна знайшла ў сабе сілы. На бабулінай руцэ засталося паўтара пальца. Памятаю, глядзець на яе руку не магла – заплюшчвала вочы, – узгадвае Ірына.

Артыстка лічыць, што пасля такога можна многае пераадолець.

– Хачу сказаць людзям, якія сутыкнуліся з падобнымі праблемамі, што пакуль мы жывыя, усё вырашальна, – упэўнена Ірына.

– Чытачоў газеты “Вместе!” хачу падтрымаць словамі з верша Эдуарда Асадава: “Пакуль мы жывыя, можна ўсё выправіць”. Упэўнена: што б з вамі ні здарылася, усё можна перамагчы і знайсці верны шлях! Калі раптам не ўсё ідзе па плане, часта звяртаюся да гэтых радкоў. І кожны раз знаходжу ў гэтых словах нешта новае для сябе.

Надзея Зуева

Фота з уласнага архіва Ірыны Варфаламеевай

 

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.