«Бачыць радасць у вачах»: спявачка Ірына Іршонак не ўяўляе свайго жыцця без музыкі

Поддержи

Што адрознівае народную песню ад іншай? “Народная песня заўсёды лёгка ўспрымаецца чалавекам”, – упэўнена гераіня інтэрв’ю. – І няважна, хто ён, гэты слухач, што з ім адбылося ў жыцці. Такая музыка ў кожнага ў падсвядомасці, – мяркуе яна. – Калі прыходзіш да людзей з асаблівасцямі, пачынаеш спяваць якую-небудзь зацяжную, тую ж жніўную песню, аўтэнтычную – адразу падхопліваюць. Яны дагэтуль ні разу падобнае не чулі. Адкуль тады ведаюць? Таму што народны матыў адчуваецца на генным узроўні, – тлумачыць суразмоўніца. – Узнікае пэўная эмацыйная вібрацыя. Пастаяльцы дамоў-інтэрнатаў з такой шчырасцю падтрымліваюць артыста, настолькі моцна апладыруюць. Ну што яшчэ трэба спеваку (усміхаецца)! Удзячныя вочы гледачоў – больш нічога не трэба! – пачынае размову Ірына Іршонак, спявачка, студэнтка Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору, салістка канцэртнага аркестра сімфанічна-эстраднай музыкі імя М.Я. Фінберга.

Шлях быў прадвызначаны

Наша гераіня родам з пасёлка Варапаева, што на Віцебшчыне. Малая радзіма для яе – месца творчага станаўлення.

– Каб не мой пасёлак, не тыя маляўнічыя віды, якія атачалі ўсё дзяцінства, магчыма, мой лёс склаўся б інакш. Такой прыгажосці, як у Пастаўскім раёне – няма нідзе. Наша Паазер’е, Браслаўскія азёры, што блізка каля нас, – гэта ўсё настолькі захапляе! Хочаш не хочаш, а ты ўлюбішся ў гэтую прыроду! – з усмешкай расказвае Ірына.

Яна апявае красу свайго краю ў песнях. Артыстка ўпэўнена: не трэба нікуды ехаць, бо ўсё самае лепшае побач. Галоўнае – заўважыць. Дзяўчына гэта ўбачыла вельмі рана.

– За сем кіламетраў ад майго пасёлка знаходзіцца вёсачка Ляхаўшчына. Адтуль родам мама, а крыху далей вёска Норыца – радзіма бацькі, – тлумачыць яна. – У сям’і нас трое. З братам і сястрой розніца ў дзесяць гадоў. Яны, вядома, засталі больш за мяне і бабуль, і дзядуль. На сабе зведалі сапраўднае вясковае жыццё. Я закранула гэта толькі мелькам, у раннім дзяцінстве.

Пасёлак, дзе расла будучая артыстка, невялікі. Аднак мае сваю музычную школу, дзе вучыўся граць на баяне спачатку старэйшы брат Ірыны, а затым і сястра. Баян па чарзе перайшоў малодшай – Ірыне. Настаўнікі параілі паспрабаваць спяваць. Спачатку не вельмі атрымлівалася. А пасля вучаніца пачала ездзіць на музычныя конкурсы.

Першым у яе жыцці быў раённы конкурс “Пастаўскія зорачкі”. Спявачка ездзіла туды пяць разоў, пакуль не перамагла.

– Была мэта: раз паехала – трэба з перамогай вяртацца! Думала, што першае месца далі за тое, што ўсім ужо надакучыла: ездзіла ж кожны год (усміхаецца). А журы заспакоіла: спявачка каласальна вырасла ў творчым плане, – успамінае Ірына.

Па словах артысткі, у гэтым была найперш заслуга педагогаў – Валянціны Мікалаеўны Тамазанавай і Ірыны Валянцінаўны Козел. Яны паверылі ў сваю вучаніцу.

– Да народнага, на жаль, спачатку ні ў кога душа не ляжыць, – дзеліцца Ірына. – Маленькія дзяўчынкі жадаюць спяваць на эстрадзе. Шкадую, што раней бачыла сябе ў джазе. Гэты від музыкі – тыя ж народныя спевы, толькі іншаземнай культуры. Джаз ужо досыць папулярызаваны. Дык чаму б не прасоўваць свае, народныя, спевы! – лічыць вакалістка.

Ірына не згодная, што народнае толькі для старэйшага пакалення. У Варапаеве дзяўчына сябравала з усімі бабулямі і дзядулямі. Яны спявалі, а ёй падабалася камунікаваць з мудрымі людзьмі, пераймаць іх досціп. Таму, як кажа яна, шлях быў прадвызначаны.

– Бачу, што людзі павярнуліся да сваёй культуры, да народнай творчасці. Заўважыла, што на канцэрце Марыны Дзявятавай палова залы – маладыя людзі. Хачу, каб і мае песні моладзь слухала. Вельмі прыемна бачыць у плэй-лісце маіх аднакурснікаў “Ягадку-малінку” і “Калитку”. Яны цікавяцца маёй творчасцю, ставяць лайкі, – гаворыць артыстка.

Тэкст да песні “Калитка” напісаў Ірын дзядзька, выкладчык беларускай мовы Міхаіл Кожух. Пляменніца ганарыцца таленавітым родзічам і плануе з ім новыя праекты. Музыку напісаў Сяргей Ждановіч, яе прадзюсар.

– Сяргей Эдуардавіч – шматгранная творчая асоба. Ён музыкант і рэжысёр. Не разумею, калі паспявае жыць, бо ў яго столькі праектаў! – дзеліцца Ірына.

Падчас навучання ў Наваполацкім музычным каледжы маладой спявачцы вельмі хацелася атрымаць узнагароду спецфонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дзяўчына ведала, што фонд адчыняе ўсе дзверы. Пастаўленай мэты дабілася. У Ірыны чатыры ўзнагароды гэтага фонду. І цяпер артыстка задумваецца над пятай, юбілейнай.

“Усё раблю правільна”

Асобнай старонкай творчасці артысткі з’яўляюцца конкурсы і фестывалі.

– Ніколі не забуду фестываль-конкурс хрысціянскай народнай песеннай культуры “Опцінская вясна” ў Казельску. Праходзіў у некалькі этапаў. Было вельмі цікава. Самае запамінаючае – жыццё ў манастыры Опцінскай пустыні. Для мяне гэта было “вау”. Я ведала, што ёсць такія манастыры, якое там жыцццё. Але самой апынуцца ва ўсім гэтым, жыць у келлі – гэта было да дрыжыкаў, – расказвае спявачка.

Істотным для Ірыны стаў конкурс “Як на рэчцы было на Фантанцы” ў Санкт-Пецярбургу. На трэцім курсе каледжа вакалістка ўзяла лаўрэатства другой ступені і атрымала першую імянную стыпендыю. А на трэцім курсе ўніверсітэта вырашыла паўдзельнічаць другі раз і ўзяла не толькі першае месца, але і спецыяльны прыз – залатыя завушніцы ад рэктара.

Не менш важны штуршок для руху далей даў спявачцы радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”. Творца па сённяшні дзень ўдзячна арганізатару Таццяне Якушавай.

– У мяне з’явілася столькі натхнення і ўпэўненасці, што ўсё раблю правільна, – гаворыць Ірына. – Адбыўся першы запіс на студыі, здымкі на тэлебачанні. Для мяне, дзяўчынкі з маленькага пасёлка, гэта былі неверагодныя эмоцыі. Вельмі спадабалася. Дала сабе слова, што трэба часцей выбірацца на падобныя івенты.

А нядаўна Ірына Іршонак паўдзельнічала ў тэлеперадачы Андрэя Малахава “Песня ад усёй душы”. Запрашэнне на тэлешоу было нечаканасцю. Рэдактары ўбачылі кліп і песню “Калитка” і запрасілі прыехаць. Яна была ў захапленні!

– На здымках праграмы – разам з усімі і плачаш, і смяешся, – дзеліцца ўражаннямі Ірына. – На час эфіру ўдзельнікі сталі як адна сям’я. Там адбываецца нейкая магія.

“Народная песня кожнаму зойдзе!”

Ірына працуе ў канцэртным аркестры сімфанічна-эстраднай музыкі імя М.Я. Фінберга. Туды патрапіла нядаўна. Працаваць з такімі прафесіяналамі для яе – вялікі гонар.

– Шчасцю майму няма межаў, – усміхаецца артыстка. – Мяне, дзякуй богу, падтрымліваюць і даюць магчымасць паказаць сваю творчасць менавіта з народнай песняй. Можа здацца, што народная песня і саксафон, труба, віяланчэль гучаць дзіўна. Але мы неяк знаходзім рашэнні, праграму, рэпертуар.

Дарэчы, у рэпертуары спявачкі ёсць песня Людмілы Зыкінай “Памятаюць людзі”. Гэта сур’ёзная рэч, лічыць суразмоўніца. У сюжэце расказваецца пра моцную беларускую дзяўчыну, якая змагла адстаяць грузінскага салдата, што патрапіў у палон.

– Кожны раз, калі выконваю яе, – па целе дрыжыкі, – дзеліцца пачуццямі вакалістка. – Пражываю са слязамі на вачах. Успамінаю сваю бабулю па бацькавай лініі, якая перажыла вайну. Родам яна са Смаленска, 1928 года нараджэння. Адна гісторыя, якая здарылася з бабуляй, вельмі ўрэзалася ў памяць. Іх, юных людзей, прывялі да сцяны. Далі магчымасць сказаць апошнія словы перад расстрэлам. І раптам дзесьці далёка рускі салдат пачаў страляць, каб адпужаць немцаў. Салдат выратаваў наш род. Сёння з маіх вуснаў гучыць песня, а значыць, жыццё працягваецца. Вялікі дзякуй гэтаму чалавеку.

Дзякуючы песні “Памятаюць людзі” яна стала пераможцай другога сезона фестывалю “Вытокі”. Валерый Шмат у якасці падарунка напісаў для Ірыны прыгожую кампазіцыю “Зязюля”.

– Давяла да слёз усіх членаў журы, – расказвае вакалістка. – Там я была адзіная народніца. Думала: куды лезу, выступаюць жа адны эстраднікі! Мяне пераканалі – паспрабуй. І сапраўды, народная песня такая моцная, кожнаму ў душу зойдзе. Фестываль даў чароўны старт і адкрыў для мяне шмат творчых пляцовак краіны.

Спявачка адчувае, што наша культура перажывае сваё адраджэнне. Яна бачыць, што людзі ўсё больш пачынаюць цікавіцца народнай песняй і сваёй культурай, не баяцца гэта паказваць.

Ірына ўспамінае, як рэктар пецярбуржскага ўніверсітэта пажадаў надзець падораныя ім завушніцы на першы сольны канцэрт.

– А ён адбудзецца ўжо 10 красавіка! – з радасцю агучыла Ірына. – Універсітэт даў мне магчымасць паказаць сябе і работу за ўсе чатыры гады. Песні будуць і расійскіх, і нашых кампазітараў, і класічныя народныя, і папулярныя фолькавыя рэчы, – расказвае яна і запрашае ўсіх на свой сольнік.

Станоўчыя эмоцыі для асаблівых людзей

Суразмоўніца ўспамінае, як падчас вучобы ў Наваполацку ад каледжа мастацтваў ездзілі ў дамы-інтэрнаты. Стваралі святочны настрой, атмасферу цуда і, вядома, станоўчыя эмоцыі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

– Вельмі прыемна бачыць радасць у іх вачах, – кажа яна. – Цяжка ўсведамляць, што не ўсе шчаслівыя ў гэтым свеце. Асаблівыя людзі, канечне, шчаслівыя па-свойму. Але хочацца зрабіць іх яшчэ больш радаснымі. Каб не заўважалі, што ў іх штосьці не так, як у звычайных людзей. Як па мне, усе людзі аднолькавыя. Усе хочуць быць шчаслівымі, усім трэба дапамагаць, ствараць добры настрой. А калі артыст змог чымсьці дапамагчы ўразліваму чалавеку – нават добрым словам, позіркам, пяшчотай – гэта ўвогуле цудоўна!

І да дарослых, і да малых часта так несправядлівы лёс… Па словах гераіні, ёй няпроста бачыць, якой колькасці цяжкахворых дзяцей патрабуецца дапамога. Ірына актыўна ўдзельнічае ў дабрачыннасці. Адпраўляе сродкі, каб хутчэй завяршыўся збор на лекі. Зусім нядаўна ёй прапанавалі паўдзельнічаць у канцэрце ў падтрымку маленькай дзяўчынкі з Пастаў – Міхалевіч Дар’і.

– Адкрыты збор на сур’ёзныя лекі, – тлумачыць творца. – Спадзяюся, што хутка закрыецца. Мы спяем, парадуем людзей, а гледачы ў сваю чаргу змогуць дапамагчы Дашы. Шчыра кажучы, самае дарагое, што ў нас ёсць, – гэта здароўе. І калі людзі адно аднаму дапамагаюць – гэта ўжо вельмі важна і каштоўна.

Надзея Зуева

Фота з уласнага архіва спявачкі

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.