«Асаблівы» чалавек – вельмі ўважлівы слухач. Размова з арганісткай Ксеніяй Пагарэлай

Поддержи

“Арган – сапраўды самы вялікі, самы смелы, самы цудоўны з усіх музычных інструментаў, створаных чалавечым геніем. Гэта цэлы аркестр, ад якога ўмелая рука можа ўсяго дабіцца”, – так калісьці гаварыў Анарэ дэ Бальзак. З даўніх часоў вядома, што арганная музыка валодае лячэбнымі ўласцівасцямі. Аднак гукі вялізнага інструмента па-рознаму могуць уздейнічаць на чалавека. Для кагосьці такая музыка – тэрапія, а хтосьці адчуе адваротны эфект. Таму, як кажа наша суразмоўніца, усё індывідуальна.

Гераіня гэтага інтэрв’ю дасканала валодае ігрой на рэдкім інструменце і ўпэўнена: музыка, якую дорыць слухачу, зачароўвае.

У 1990-2000-х разам са студэнтамі вузаў, выхаванцамі спецустаноў, дзецьмі з раёнаў, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, яна ездзіла ў Еўропу з дабрачыннымі канцэртамі. Сёння мерапрыемствы з падобнай місіяй ладзяцца ў Сафійскім саборы ў Полацку. Аб гэтым, а таксама аб творчым шляху і тонкасцях прафесіі музыканта спецыяльна для “Вместе!” мы гутарым з арганісткай, лаўрэатам міжнароднага конкурса, выпускніцай Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага, салісткай канцэртнай залы Сафійскага сабора ў Полацку, выкладчыкам, Заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Ксеніяй Пагарэлай.

– У Сафійскім саборы дабрачынныя канцэрты таксама праходзяць. “Асаблівы” чалавек – вельмі ўважлівы слухач, – пачынае Ксенія. – Гэта і інваліды-калясачнікі, і людзі са слабым зрокам, дзеці са спецыяльных устаноў. Пасля не заўсёды ўдаецца пакамунікаваць, – тлумачыць музыкант. – Хтосьці кажа “дзякуй”, хтосьці ўсміхаецца – гэта я звычайна бачу, калі спускаюся з хораў, дзе знаходзіцца арган. Не заўсёды ўдаецца хутка спусціцца: гэта вельмі высока. Таму не так часта ўдаецца пагутарыць з публікай, ацаніць рэакцыю, – гаворыць Ксенія.

Артыстка падзялілася, што арганная музыка можа нават знімаць галаўны боль. Так ёй расказвалі наведвальнікі канцэрта.

– Адна жанчына ў дрымоце бачыла родную вёску і маму, – кажа арганістка. – Хтосьці спецыяльна прыходзіць паслухать арган, каб супакоіцца.

Ксенія ўзгадвае, як пасля трохмесячнага кавіднага перапынку адчыніліся дзверы канцэртнай залы і пачалі прыходзіць людзі.

/

– Яны аж плакалі. Казалі: добра, што зноў можна прыйсці паслухаць музыку, – дзеліцца творца.

/

А як жа ўсё пачалося? – цікаўлюся я. – Як творчы лёс звязаў вас з Полацкам?

– Прафесійна пачала займацца музыкай з шасці гадоў, – адказвае Ксенія. – Спачатку гэта было фартэпіяна. У 11-12 гадоў настаўніца па фартэпіяна Мая Ула-
дзіміраўна Хаспекава давала слухаць рэдкія запісы арганнай музыкі. Памятаю, чорныя кружэлкі фірмы “Eterna”, на якіх былі добрыя запісы Баха на аргане. Мне вельмі падабалася. А пасля паступіла ў кансерваторыю. Там ужо з’явілася магчымасць вучыцца не толькі на фартэпіяна, але і на аргане, – дзеліцца музыкант.

Пасля па размеркаванні яна паехала на Далёкі Усход. Ва Уладзівастоку працавала на фартэпіяннай кафедры ў інстытуце мастацтваў. Наша гераіня прайшла доўгі шлях. Аднак калі патрапіла ў Полацк – дзякавала лёс. Ужо 35 гадоў Ксенія Пагарэлая працуе арганісткай канцэртнай залы Сафійскага сабора.

– У 1988-м з мужам і дачкой пераехалі ў Беларусь. Менавіта тут у маёй дзейнасці з’явілася шмат арганнай музыкі, – успамінае артыстка. – Фартэпіяна не пакінула, іграла на ім як канцэртмайстар. У цэлым, калі прафесійна заняты, трэба выбіраць: арган ці фартэпіяна, бо тэхніка ігры на гэтых інструментах у значнай ступені адрозніваецца, – раіць суразмоўніца.

Ксенія Пагарэлая родам з Краснадара. У Полацк яе запрасіла сяброўка-арганістка Вівіяна Сафраніцкая, якая з’язджала на стажыроўку ў Канаду. Сафійскі сабор спадабаўся Пагарэлай. І ўсё, што ў ім – таксама. Выпадковасць ці не? Аднак дзякуючы збегу акалічнасцяў атрымалася, што Ксенія з мужам больш за 35 гадоў жывуць і працуюць у Полацку.

Яна тлумачыць, што Беларусь для яе таксама радзіма. Таму што тут прайшла большая частка жыцця.

– Калі мы прыехалі ўпершыню, горад, шчыра кажучы, не зрабіў вялікага ўражання. Але тое, што быў Сафійскі сабор і ўсё, што вакол яго, а яшчэ цудоўныя людзі – гэта дакладна не пакінула абыякавым, а стала адкрыццём, – прызнаецца арганістка.

Бацькі Ксеніі не былі звязаны з музыкай. Аднак бабуля добра спявала, іграла на гітары. Бабулін старэйшы брат таксама вельмі добра спяваў. Прафесіяналаў не было. А вось дзеці пайшлі па маміных слядах.

– Дачка – арганістка, кіраўнік хароў. Сын – піяніст. Абое пішуць музыку. Займаюцца ёю кожны ў сваім кірунку, – дзеліцца творца. – Муж таксама музыкант – баяніст і дырыжор. Больш за 15 гадоў у Полацку пад яго кіраўніцтвам дзейнічае камерны аркестр “Еўропа-Цэнтр”. І з гэтым аркестрам у мяне шмат выступленняў – у канцэртнай зале Сафійскага сабора і на іншых пляцоўках, – тлумачыць Ксенія.

– Прафесійнаму арганісту, безумоўна, цікавей іграць на духавым інструменце. У Сафійскім саборы, напрыклад, сучасны духавы арган. Даводзілася іграць і на электронным аргане. Больш за 30 гадоў працую ў Полацкай дзіцячай школе мастацтваў. Там у мяне ёсць вучні па аргане. У нас электронны інструмент. Такі ж – у Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя І. Салярцінскага. Ад духавога ён дужа адрозніваецца. Сапраўднага арганнага гучання электронны інструмент не можа перадаць. Аднак для навучання ён падыходзіць хоць бы сваім памерам. Яго можна размясціць у класе, – тлумачыць музыкант.

– Жадаючых іграць на аргане даволі многа. Іншая справа – не ўсе змогуць, – тлумачыць педагог. – Любы інструмент патрабуе пэўных уменняў і навыкаў. Кожны мае свае патрабаванні да магчымасцяў вучня. Напрыклад, чалавеку, які не вельмі добра каардынуе свае дзеянні, будзе вельмі складана. Ён наўрад ці здолее навучыцца. Арган – складаны інструмент, на якім іграюць як рукамі, так і нагамі. Таму паспрабаваць можа кожны, а там ужо як атрымаецца. Гэта датычыцца не толькі аргана. У кожнага інструмента ёсць свае асаблівасці, – удакладняе Ксенія.

Па меркаванні арганісткі, выступленне ў храме і канцэртнай зале адрозніваецца ў акустычным плане.

– Для мяне розніцы няма аніякай дзе іграць. Але для аргана важна акустыка. У храмах, безумоўна, лепшая акустыка, таму і гучыць інструмент надзвычай велічна. Унікальная акустыка Сафійскага сабора гэтаму пацвярджэнне. Калі ж іграеш на сцэне філармоніі ці канцэртнай залы, то гучанне адрозніваецца, – падсумоўвае яна.

/

Слухачы арганнай музыкі – гэта вельмі розныя людзі, лічыць Ксенія. І рэакцыя на арган у кожнага свая. Яна не згодная з меркаваннем, што гэты інструмент для людзей ва ўзросце.

/

 – Не магу з гэтым пагадзіцца, – гаворыць артыстка. – Моладзь таксама цікавіцца. Да нас прыходзяць розныя слухачы – турысты (вандроўнікі), якія з цікаўнасці заглядаюць; мясцовыя жыхары, якія ўсё жыццё пражылі побач з Сафійскім саборам і толькі цяпер упершыню прыйшлі. Дарэчы, я ведала такіх людзей. Яны выпадкова трапляюць, калі, напрыклад, прыводзяць на канцэрт сяброў, а потым гавораць, што нават не ўяўлялі, як гэта цудоўна. Паслухаць арган прыязджаюць з санаторыяў, што непадалёк ад нас. Дзеляцца ўражаннямі, што пасля праслухоўвання арганнай музыкі знікае боль, які турбаваў. Думаю, што на кожнага па-рознаму ўздзейнічаюць гукі аргана. Вядомы ўрач Авіцэна лячыў музыкай, і я абсалютна пераканана, што гэта так, – мяркуе Ксенія.

Музыкант раіць кожнаму, незалежна ад узросту і абмежаванасцяў, па-магчымасці прыехаць у Полацк, зайсці ў Сафійскі сабор і абавязкова наведаць канцэрт арганнай музыкі. Калі вы не станеце аматарам гэтага віду мастацтва, то дакладна нашмат пашырыце свой кругагляд, мяркуе яна.

За свой 35-гадовы прафесійны шлях Ксенія Пагарэлая ўдзячна працы за ўсё: шматлікія канцэрты, а іх штогод каля 200 бывае, фестывалі, майстар-класы, вандроўкі, стварэнне аркестра і супрацоўніцтва з ім, прызнанне і любоў публікі. Асабліва за сустрэчу з цікавымі людзьмі – музыкантамі і адданымі слухачамі.

– Гэта ўсё, чым я жыву. І яно звязана з музыкай, з Сафійскім саборам, з вучнямі, з канцэртамі, якія здольныя вылечваць душы…

Надзея Зуева

Фота з уласнага архіва К. Пагарэлай

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.