Агляд талентаў. Народных
Штогод майстры ладзяць калядную выстаўку – своеасаблівы агляд апошніх дасягненняў. Нягледзячы на розныя цяжкасці, якія ўсё ж такі здараліся, члены саюза з першага года свайго існавання на фоне рыначных адносін, базарнага кітчу, безгустоўшчыны, антымастацтва і аматарскага рукадзелля стараюцца прытрымлівацца лініі традыцыйных рамёстваў, хай сабе і крыху змененых згодна з сучаснымі патрабаваннямі. Аснову гэтай экспазіцыі склалі творы майстроў, прынятых у саюз за апошнія два гады, а таксама творчыя работы юбіляраў. У выніку больш як сотня ўдзельнікаў прадставілі на суд зацікаўленых гледачоў свае ўнікальныя і непаўторныя работы.
– На выстаўцы можна пазнаёміцца практычна з усімі відамі традыцыйных беларускіх рамёстваў, –распавёў старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута. – І тыя, якія яшчэ бытуюць дзе-нідзе ў сваім натуральным асяроддзі, і тыя, якія адроджаны намаганнямі майстроў і пры падтрымцы саюза з “нуля”, вернуты з небыцця, і тыя, якія дэманструюць развіццё колішніх традыцый ужо на сучасным этапе. Умовы нашага жыцця мяняюцца, таму далёка не ўсе віды, што цяпер бытуюць ці адроджаны, уяўляюць сабою менавіта тыя рамёствы, якія існавалі раней. Зразумела, змяніўся іх характар, бо змянілася ўсё навокал. Адным словам, калядная выстаўка дэманструе зрэз сучаснага народнага мастацтва Беларусі. Хачу зазначыць, што яна таксама вырашае асноўную задачу саюза: падтрымаць, адрадзіць і развіць традыцыйныя рамёствы.
Больш як 500 чалавек аб’ядноўвае сёння Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Унікальнымі рамёствамі на доб-рым прафесійным узроўні займаюцца людзі розных узростаў, сярод іх нямала пенсіянераў і людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Той, хто пазнаёміўся з работамі членаў саюза, упэўніўся: кожны майстар адметны сваім почыркам і тым, што развівае, прадаўжае традыцыі нейкага аднаго віду традыцыйнага рамяства. Напрыклад, Раіса Раманеня з Салігорска заснавала ў сваім горадзе мастацкую школу саломапляцення і аплікацыі саломкай. Цяжка адвесці вочы ад яе шыкоўных работ: дажыначных вяночкаў, абярэгаў, розных фігурак. Прадстаўніча заявіў пра сябе калектыў лозапляцельшчыкаў з Маладзечна пад кіраўніцтвам Генадзя Унукава. Тутэйшыя майстры арганізавалі цэлую студыю і плённа развіваюць традыцыі лозапляцення. Летась яны сталі лаўрэатамі прэміі Рэспубліканскага прафсаюза работнікаў культуры ў галіне народнай творчасці.
– Выдатная саломапляцельшчыца з Магілёва Наталля Дамінікава, лаўрэат і дыпламант шматлікіх конкурсаў і фестываляў, шчыра апякуецца майстрамі вобласці, – зазначыў Яўген Сахута. – Яна не толькі згуртавала вакол сябе таленавітых людзей, але і займаецца іх адукацыяй. Магіляўчане прывезлі на выстаўку цэлы аўтобус вырабаў! Алег Капуста з Івянца плённа развівае традыцыі амаль забытай мясцовай керамікі. Дзякуючы яму і яго паплечнікам гэтае рамяство ўжо ў наш час адрадзілася і ўяўляе сабою новы ўзровень ганчарства. Нельга не распавесці пра таленавітую ткачыху Ніну Казак з Ганцавіч. Усе “калядныя” ручнікі – плён яе майстэрства. Традыцыйныя класічныя вырабы з ромбагеаметрычным чырвоным арнаментам на белым фоне – выдатны ўзор сучаснай мастацкай творчасці, прытым з плённым прадаўжэннем традыцый. А вось Вольга Сыцікава з Магілёва прадставіла калекцыю лялек. Дарэчы, яна стварыла цэлы напрамак лялечнай вытворчасці на Магілёўскай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Дзякуючы почырку Вольгі Міхайлаўны, якая абапіраецца на традыцыі народнага касцюма, гэтыя вырабы лёгка пазнаюцца ва ўсіх крамах, дзе прадаюцца сувеніры. Наталля Бярнацкая з Крычава стварае дзіўныя выцінанкі. Яе папяровыя птушачкі выдатна аздобілі нашу залу. Наталля – выдатны метадыст, з радасцю перадае сваё майстэрства іншым.
Уражваюць лёгкія, адточаныя галаўныя ўборы – вяночкі і капялюшыкі – выдатнага майстра па саломапляценні Таццяны Марціновіч з Докшыц, якая працуе ў Доме рамёстваў і актыўна ўдзельнічае ва ўсіх выстаўках і конкурсах, дзе заслужана атрымлівае шматлікія прызы і дыпломы. Прывабліваюць гледачоў фігурныя работы з саломкі мінчанкі Вольгі Аскіркі. Толькі майстар ведае, колькі часу затрачана на выраб той жа саламянай савы. Бо спачатку трэба было сплесці кожную пярынку, а потым сабраць усе “дэталі” ў адзін выраб. Складаная ювелірная праца!
– На выстаўцы “Калядныя ўзоры” больш прадстаўлена Мінская воб-ласць, – працягвае Яўген Міхайлавіч. – Гэта і зразумела – лягчэй дабрацца. Няблага паказалі сябе майстры Віцебшчыны. Вельмі добра заявілі пра сябе майстры Магілёўскай вобласці. Яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў у параўнанні з Міншчынай ці Віцебшчынай тутэйшыя народныя рамёствы знаходзіліся ў “спячцы”. Але ў гэтую сферу прыйшлі зацікаўленыя людзі, якія ведаюць, што такое традыцыйная народная культура, рамёствы і промыслы і як іх трэба захоўваць і падтрымліваць. Тут змаглі падабраць тыя рэшткі, якія яшчэ заставаліся, і развіць з нуля тое, што было ўжо амаль забыта. І паспяхова выйшлі ў лідары. А вось Гомельшчына, багатая на народную творчасць, асабліва на ткачых і вышывальшчыц, не заўважана на нашай выстаўцы. Справа ў тым, што работа з майстрамі там не надта добра наладжана. Там, відаць па ўсім, не спяшаюцца па-сапраўднаму ацаніць скарбы, якія маюць.
Раіса МАРЧУК
Фота Кастуся Дробава
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.