Адпачынак у стылі эка

Поддержи

Натуральнасць у рэчах, як і шчырасць у людзях, прыцягальная. Мы набываем ежу з натуральнымі складнікамі, выбіраем адзенне з меншым адсоткам штучных валокнаў, імкнемся быць бліжэй да прыроды, бо неяк падсвядома разумеем, што ўсё гэта – сапраўднае, непадманлівае. Амаль нікога ўжо не здзівіш словамі «зялёнае мысленне» і «экалагічны стыль», але выраз «арганічны адпачынак» прыцягвае ўвагу – пакуль яшчэ ён не стаў агульназразумелым.Зеленое мышление, «Organic Party» в Зельве, органические продукты, агроусадьба «Верес», Зэльвенскі дыярыуш, Ирина и Михаил Макей

У верасні ў аграсядзібе «Верас» на Зэльвеншчыне ладзіўся экалагічны фестываль, названы на заходні манер «Organic Party», а па-нашаму – «Зялёная Гулянка». У ім удзельнічалі гаспадары аграсядзібаў з розных куткоў Беларусі, якія дзяліліся досведам сваёй дзейнасці, і проста ўсе зацікаўленыя. Фэст ладзіўся ў межах праекта Беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» «Турыстычная дэстынацыя «Зэльвенскі дыярыуш»: узмацненне партнёрства, развіццё крэатыўных ініцыятываў і адраджэнне спадчыны» (яго фінансуе Пасольства ЗША у Рэспубліцы Беларусь). Арганізатары паставілі сабе за мэту распавесці гасцям сядзібы, як можна арганічна харчавацца, адпачываць, працаваць… Высветлілася, што ўсё гэта магчыма.

Як зацвітаў «Верас»

Сядзіба «Верас» – цэлы вялікі свет, некалькі гадзінаў спатрэбіцца толькі на тое, каб абыйсці яе і ўсё разгледзець. Уражвае любоў гаспадароў да дэталяў, да дробязяў, якія аказваюцца не такімі ўжо і дробязямі – акенца-вітраж у адным з дамкоў для гасцей, кот-флюгер, за хвост якога зачапіўся месяц… У кожным сядзібным будынку бадай што сапраўдны музей: старая швейная машынка, калаўрот, прас на вуглях, ліхтары і падсвечнікі; вышытыя абрусы і фіранкі, ручнікі, паўсюль шматколернасць і багацце ўзораў.

Зеленое мышление, «Organic Party» в Зельве, органические продукты, агроусадьба «Верес», Зэльвенскі дыярыуш, Ирина и Михаил Макей, белорусский остров Пасхи
Мясцовая выспа Пасхі.

У адным з куточкаў сядзібы ёсць невялікі парк скульптураў, зробленых з прыродных матэрыялаў – іх стварылі пад час пленэру ўдзельнікі Беларускага саюзу дызайнераў. Загледзеўшыся на незвычайныя інсталяцыі, на хвілінку можаш уявіць сябе на выспе Пасхі, знакамітай сваімі скульптурамі ў выглядзе велізарных чалавечых галоваў. Мясцовыя скульптуры нашмат меншыя, драўляныя, а наверсе адной з галінак зробленае гняздо. Можа, якія буслы-эстэты і ўпадабаюць яго ды захочуць пасяліцца.

Гаспадары сядзібы Ірына і Міхаіл Макей распавялі, што раней на месцы будучай сядзібы была пустэча, мясцовасць была балоцістая. Але паступова, год за годам, дзякуючы руплівай працы гэты куток Зэльвеншчыны ператвараўся ў сапраўдны цуд. Цяпер аграсядзібаю захаплаюцца, а калегі Макеяў, аграэкагаспадары з іншых мясцінаў Беларусі, мараць стварыць падобную прыгажосць у сябе.

Смачна і экалагічна есці!

Экалагічным на фестывалі было літаральна ўсё! Напрыклад, ежа. Вучні Князеўскай сярэдняй школы не толькі распавядалі аб стравах, пра якія даведаліся ў мясцовых жыхароў, але і частавалі прыгатаванымі прысмакамі. А Уладзімір і Вікторыя Рабковы, уладары фермерскай гаспадаркі «Ратов» з Карэліцкага раёна, прапаноўвалі нязвыклую для беларусаў страву – слімакоў, якіх яны самі ж разводзяць. Праўда, нельга сказаць, што для нас гэта такая ўжо экзатычная ежа – яшчэ ў XVI стагоддзі магнат Мікалай Крыштоф Ра-дзівіл завёз на тэрыторыю Беларусі смаўжоў з Італіі, і ў асяродку шляхты страва стала папулярнай. Так што фермеры з Карэліччыны, можна сказаць, аднаўляюць старадаўнія традыцыі.

Вольны час – на вольным паветры
Зеленое мышление, «Organic Party» в Зельве, органические продукты, агроусадьба «Верес», Зэльвенскі дыярыуш, Ирина и Михаил Макей
Паўлін зацікавіўся скульптурным пеўнем – напэўна, асцерагаецца канкурэнта ў спевах.

Для тых, хто жыве ў горадзе (а можа, і вырас там), бадай ці не кожны дотык да прыроды бывае адкрыццём. У гэтым плане наведванне аграсядзібы – добрая альтэрнатыва паходу ў заапарк. Прынамсі, тут жывёлаў амаль не трымаюць у клетках. У невысокіх загончыках бегаюць в’етнамскія парсючкі – такія малыя, што нагадваюць шчанюкоў, маладога каня можна пачаставаць хлебам, а потым хавацца ад яго, калі конік нахабнай пысай будзе торкацца ў твар, у рукі – маўляў, давай яшчэ! У клетках жывуць толькі трусы – але і на іх можна паглядзець, а можна і пагладзіць праз рашотку іхнія аксамітныя насы. Затое вольна па сядзібе ходзяць «пеўчыя птушкі» паўліны, ад «мілагучных спеваў» якіх мімаволі хацелася схапіцца за сэрца і азірнуцца: каго ж тут катуюць? Але ж затое і прыгожыя яны – нават калі не распускаюць свае шматкаляровыя хвасты.

Рукатворная прыгажосць
Зеленое мышление, «Organic Party» в Зельве, органические продукты, агроусадьба «Верес», Зэльвенскі дыярыуш, Ирина и Михаил Макей
Лідзія Рудая і Таццяна Ткачук.

На рамесным падворку нельга было не заўважыць раскладзеныя шматлікія дэкаратыўныя вырабы. Іх зрабілі наведнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Зэльвенскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Дарэчы, таксама з натуральных матэрыялаў – тканіны, газетных трубачак ды інш. Таццяна Ткачук, адна з наведнікаў аддзялення, расказала, як ствараюць прыгожыя рэчы ўдзельнікі творчага гуртка пад кіраўніцтвам Лідзіі Рудой і Іны Агей.

Зеленое мышление, «Organic Party» в Зельве, органические продукты, агроусадьба «Верес», Зэльвенскі дыярыуш, Ирина и Михаил Макей
Ад разнастайных вырабаў удзельнікаў творчай майстэрні вочы разбягаюцца!

Зробленыя сувеніры ідуць на продаж. Пакуль мы размаўлялі, гандаль не спыняўся: некалькі вырабаў знайшлі новых гаспадароў. Не дзіва, што такія рэчы падабаюцца пакупнікам: кошт у іх невысокі, зробленыя акуратна і ўмела, ды і ручныя вырабы цяпер надзвычай карыстаюцца попытам. Зручныя мяккія тапкі, грэлкі на чайнік, плеценыя кошычкі будуць жа не толькі радаваць вока, але і стануць патрэбнымі ў доме.

Гісторыя ў камені
Зеленое мышление, «Organic Party» в Зельве, органические продукты, агроусадьба «Верес», Зэльвенскі дыярыуш, Ирина и Михаил Макей, церковь в Сынковичах
У дзень святкавання вернікі выклалі перад храмам дзівосны дыван з жывых кветак.

Дарэчы, аграсядзіба «Верас» месціцца непадалёк вёскі Сынкавічы, дзе знаходзіцца царква Святога Архангела Міхаіла. Акурат у дзень экафестывалю вернікі адзначалі 610-годдзе царквы, адной з самых старых у Беларусі – пабудаванай у XV стагоддзі. Храм вядомы не толькі тым, што ў часы варожых навалаў быў яшчэ і крэпасцю – у ім знаходзіцца абраз Маці Божай «Усецарыца», па малітвах да якога ацаляюцца ад анкалагічных захворванняў.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.