Адна такая

Поддержи

Аднойчы нямецкі філосаф Гумбальт напісаў: несумненна важней, як прымае чалавек лёс, чым тое, які ён ёсць на самой справе. Трапнае выказванне пра тых людзей, якія, спасцігаючы ўсе цяжкасці бязлітаснага лёсу, атрымліваючы ўдар за ўдарам, знаходзяць радасць у жыцці і насуперак усім нягодам працягваюць жыць, жыць і жыць…Оксана Синявская, Ганцевичи, ганцевичская библиотека имени Проскурова, любовь к книгам

Не так даўно мне давялося пабываць у гасцях у актыўнай чытачкі Ганцавіцкай раённай бібліятэкі Аксаны Сіняўскай. Жанчына, прыкаваная бязлітаснай хваробай да ложка, уразіла мяне сваім стаўленнем да людзей і да самога жыцця. Аксана Антонаўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам. І не дзіўна – яна змагла сябе рэалізаваць як жонка і маці, яна добры чалавек. Былое з дзяцінства, юнацтва ўзгадваецца, нібыта ўчарашні дзень…

Адзіная дачушка ў сям’і Валецкіх, Аксана да трох гадоў расла гарэзлівай і вясёлай дзяўчынкай, ёй была да ўсяго справа, яе цікавіла ўсё на свеце, асабліва кнігі. Адукаваныя бацькі былі ўпэўненыя, што і дачушцы кніжныя веды спатрэбяцца. Шчаслівая сям’я і ўявіць сабе не магла, якія выпрабаванні неўзабаве зваляцца на іх долю і якую важную ролю адыграе кніга ў жыцці Аксаны.

Але … захварэла іх крывінка, маленькае сонейка, адзіная дачушка – і ўсё змянілася навокал… Нягледзячы на хваробу, дзяўчынка яшчэ да школы навучылася чытаць. Кожны раз бязмерна радавалася, калі ў яе з’яўлялася новая кніга. А кнігі, трэба сказаць, з’яўляліся даволі часта, і гэтаму спрыялі частыя паходы з матуляй у кніжны магазін. У школе сярод равеснікаў разумная дзяўчынка заўсёды была лідарам. Да яе цягнуліся дзеці, дзе б яна ні была. На святы атрымлівала вялізны стос віншавальных паштовак, у якіх кожны сябар жадаў, каб Аксана выздараўлівала і была ў жыцці шчаслівай. Дзеці верылі, што пажаданні павінны здзейсніцца, ды і мы, дарослыя, верым у гэта, толькі жыццё складваецца так, што нешта збываецца, а нешта, на жаль, і застаецца толькі жаданнем…

З гадамі сяброў станавілася значна меней, хвароба ўсё болей напамінала аб сабе. І неўзабаве дзяўчына зразумела, што лепшыя сябры – гэта кнігі. Менавіта любоў да кнігі і прывяла юную Аксану на працу ў раённую бібліятэку, якой яна аддала амаль дзясятак гадоў. Тут яна змагла прымяніць свае кніжныя веды на поўную сілу. Сваё захапленне ад прачытаных твораў перадавала чытачам. А падзяліцца з аматарамі кніг Аксане, паверце, было чым!

Кожны дзень яе быў напоўнены чытаннем, тысячамі старонак прачытаных кніг і незабыўных уражанняў. Кніга не толькі дапамагала ёй жыць, але і давала надзею на здзяйсненне светлых і радасных мараў. Хацелася кахаць і быць каханай, марылася аб простым жаночым шчасці. Нездарма ж вялікі Сервантэс сцвяржаў, што любому лёсу каханне дае адпор! Аднойчы ў газеце «Чырвоная змена» сярод мноства аб’яў аб знаёмстве яна звярнула ўвагу на адно, дзе мужчына на беларускай мове звяртаўся да той адзінай, з якой хацеў бы пазнаёміцца. У сэрцы нешта зашчымела: няўжо гэта ён, аб якім марыла і якога чакала? Сэрца ж не павінна памыліцца! Аказалася, што Сяргей, так звалі хлопца, сам родам з Пярмі, што ў Расіі, яшчэ ў дзяцінстве сябраваў з дзяўчынкай з Беларусі і палюбіў беларускую мову. З гадамі юнак самастойна вывучыў яе і нарачонай сваёй хацеў бы бачыць тольку беларусачку. Некалькі лістоў і радасна-трапяткіх сустрэч маладых людзей выявілі, што яны створаны адно для аднаго. Нялёгка маладажонам было адваёўваць сваё каханне, дзе, здавалася, многае было супраць іх, дзе патрэбна было даказваць свету, што кожны чалавек мае права быць шчаслівым, кахаць і быць каханым! За сваім любым Аксана гатова была ляцець на край свету. Па ўзаемнай дамоўленасці маладыя едуць на радзіму мужа – у Перм. Суровы уральскі клімат – маразы да мінус сарака градусаў – не падыходзіў будучай маме. Патрэбна было вяртацца дамоў, у Беларусь, дзе нарадзіўся жаданы сыночак Антошка.

Узгадваючы сваё жыццё, Аксана Антонаўна з удзячнасцю кажа пра кожнага чалавека, які быў невыпадковым у яе лёсе. Сваё сямейнае жыццё таксама ўспамінае з шчаслівым хваляваннем. У ім было ўсё: вялікае каханне, якое жанчына пранесла да апошніх дзён свайго мужа (побач з ёю знаходзіўся самы лепшы мужчына ў свеце) і радасць мацярынства, якая саграе яе і сёння. Страта любага, бязлітасная хвароба не зрабілі жанчыну слабай. Яна павінна быць моцнай – гэта патрэбна яе сыну, патрэбна старэнькай матулі, якая раздзяляе штодзённа яе лёс. І гэтую моц ёй прыдаюць кнігі, тыя кнігі, якія ўвайшлі ў яе жыццё яшчэ ў трохгадовым узросце. Яны прымушаюць жанчыну штодзённа здзяйсняць незабыўныя падарожжы ў свой свет. Дзякуючы ім яна любіць жыццё і не расчаравалася ў людзях, знаходзіць радасць у дробязях: у першым сонечным праменьчыку, які шторанак заглядае ў яе акно, у шчабятанні птушак, лёгкім веянні ветрыка, які праз фортку ўрываецца ў яе пакой. Жыццё – цудоўная рэч, і яно мае працяг… у кнігах.

P.S. У асабістай бібліятэцы Аксаны Сіняўская болей за 700 кніг, якія яна выпісвае праз пошту ў кніжным клубе. І гэтыя дарагія сэрцу жанчыны кнігі пакрыху перамяшчаюцца ў фонды раённай бібліятэкі. Аксана Антонаўна з задавальненнем дзеліцца сваім кніжным багаццем з нашымі чытачамі, дорыць іх нам, каб ведалі, што ў кожнай кнізе знаходзіцца часцінка яе душэўнай дабрыні.

Таццяна МАЛЯЎКА,

загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

ЦРБ імя В. Праскурава, Ганцавічы

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.