Адчуць сябе патрэбнымі

Поддержи

http://t-styl.info

Капыльскі раённы краязнаўчы музей стаў адным з пераможцаў адукацыйнага праекта «TOLLAS – да актыўнага грамадства ў любым узросце», якое праводзіла таварыства “Deutscher Volkshochshul-Verband e. V. “ (ФРГ) сумесна з міжнароднай грамадскай арганізацыяй “Адукацыя без межаў”.

Усе праекты-пераможцы, а іх па Беларусі чатырнаццаць, накіраваны на прыцягненне ўвагі да праблем людзей сталага ўзросту, на магчымасць іх актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства. Капыльскі музей прапанаваў на конкурc распрацоўку пад назвай «Апекуны шчасця».

– Мы хацелі не проста заняць чымсьці прадстаўнікоў так званага трэцяга ўзросту, перш за ўсё думалі пра тое, каб яны адчулі сябе патрэбнымі, не выкінутымі за борт жыцця, – распавяла старшы навуковы супрацоўнік Капыльскага краязнаўчага музея Таццяна Варанцова. – Некалькі гадоў таму ў нас праходзіла выстаўка “Лялькі-чараўніцы” – яны карысталіся вялікай папулярнасцю ў нашых продкаў, у асноўным у жанчын. З таго часу ў нашых супрацоўнікаў з’явіўся інтарэс да такіх вырабаў, мы пачалі вывучаць іх, а з часам выйшлі на вясельную ляльку-куватку.

Была арганізавана група з пажылых людзей, якія спачатку вывучалі згубленыя элементы побытавай славянскай культуры пры правядзенні вясельных абрадаў, а потым прыступілі да вырабу лялек-куватак і сувенірных вясельных куфэркаў. Падчас ужо ўпадабаных капылянам вясельных абрадаў (яны праводзяцца ў музеі кожны тыдзень) пажылыя людзі і ўжывуць атрыманыя веды. Справа ў тым, што ўжо на працягу некалькіх гадоў у музеі праводзіцца вясельны абрад “Апекуны шчасця” для маладых, якія завітваюць сюды пасля роспісу ў ЗАГСе. Адзін з элементаў гэтага дзейства – уручэнне лялек-неразлучніц.

– Выраб лялек у нашых продкаў меў асаблівае, сакральнае, значэнне, – заўважае Таццяна Варанцова. – Перш за ўсё лялькі служылі абярэгамі, а не выкарыстоўваліся для гульні. Куватак майстравалі сяброўкі нявесты перад самым вяселлем. Гэта дзве простыя лялькі з тканіны, злучаныя адной рукою, – сімвалізуюць мужа і жонку. Лічылася, што пасля заключэння шлюбу, муж і жонка – адно цэлае, і ісці па жыцці павінны разам. Раней людзі верылі: калі рука ў лялькі надламілася, то шчасця ў сям’і больш не будзе. Жанчына павінна была беражліва захоўваць куватку ўсё жыццё. У даўнія часы такія лялькі шылі з чырвонай тканіны (цяпер – з розных), паколькі чырвоны колер, з аднаго боку, сімвалізуе шчасце, свята, а з другога, абараняе ад сурокаў. Калі ж у сям’і з’яўляліся дзеці, то на гэтую адну-адзіную руку прывязвалі маленькія лялечкі-куваткі, каб і дзеткі зберагаліся.

У рамках падрыхтоўкі праекта правялі і некалькі майстар-класаў па вырабу міні-куфэрачкаў. Такой традыцыі цяпер няма, бо яна, на жаль, страчана. А калісьці куфэрак меў вялікае значэнне. Вось і вырашылі ў Капылі падчас вясельнай цырымоніі дарыць маладым і гэты сувенір для захоўвання ўпрыгажэнняў, іншых каштоўнасцей, каб перарывалася сувязь са спадчынай продкаў. А яшчэ гэта напамін пра вялікі куфар, у які нявеста колісь збірала прыданае.

– Мы нават не чакалі, што гэтая справа будзе настолькі цікава пажылым людзям, – дадала Таццяна Аляксандраўна.

Дарэчы, да канца года ў рамках праекта павінна быць знята відэастужка і выпушчаны буклет.

Раіса МАРЧУК

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.