Ад валёнак да абстракцыі

Выстаўка арт-аб’ектаў з нятканага ваўнянага палатна (свяцільнікі, карціны, інсталяцыі) пад незвычайнаю назваю “НаПраСьвет” з поспехам прайшла ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Гэты праект, паводле задумы арганізатараў, дазваляе па-іншаму зірнуць на старадаўні матэрыял, традыцыйную тэхналогію валяння і на лямец, як выразны сродак сучаснага тэкстылю.
У выстаўцы ўзялі ўдзел 12 беларускіх мастакоў і майстроў. Сярод іх – Анастасія Арайс, Людміла Дамянкова, Наталля Аждзер, Вераніка Багачова. А таксама ганаровыя госці: Гуніла Пэтаў Шоберг (Швецыя – Фінляндыя) і Наталля Ігнацьева (Расія). Дарэчы, воўнай у Беларусі займаецца шмат людзей. Прыхільнікі лямцу ўпэўнены: экалагічны і прыдатны для ўсяго матэрыял можа “жыць” у кожнай хаце. Ды ўсё ж, чаму выстаўка атрымала менавіта такую назву?
– Наша экспазіцыя пазнаёміла гледача з тым, што схавана пад абалонкай штодзённасці, – сцвярджае мастак і куратар гэтага праекта Анастасія Арайс. – Зірнуўшы “напрасвет” на нятканае лямцавае палатно, мы бачым непаўторную індывідуальнасць, бо канчатковая мэта кожнага арт-аб’екта – не ён сам, а візуальны эфект, гульня святла ў ім. Вось і атрымаліся такія інсталяцыі са свету і паветра. У працэсе работы, падчас правядзення эксперыментаў майстры пераканаліся ў тым, што дастаткова тонкае лямцавае палатно валодае ўнікальным малюнкам, прычым ён можа кантралявацца і не кантралявацца чалавекам. Атрымаць такі эфект з іншым матэрыялам немагчыма. Гэта ўнікальныя ўласцівасці лямцу.

Пяць гадоў таму шведска-фінская мастачка Гуніла Пэтаў Шоберг, якая ўжо больш як 35 гадоў займаецца воўнай, упершыню прыехала ў Беларусь, каб падзяліцца з усімі жадаючымі ўнікальным досведам. Яна нават напісала кнігу, якую, на жаль, ні на беларускую, ні на рускую мовы яшчэ не пераклалі. Мастацкія творы Гунілы дэманстраваліся ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва падчас яе персанальнай выстаўкі два гады таму.
– Калі зіма, нам холадна, і мы хочам перш за ўсё сагрэцца, — распавяла спадарыня Гуніла падчас сваёй лекцыі ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна, дзе сабралося шмат яе паслядоўнікаў. — У гэтым нам могуць дапамагчы воўна і тое святло, якое ліецца на нас з мастацкіх твораў. Вельмі здзіўлена тым, якіх поспехаў дасягнулі ў гэтай галіне беларускія майстры. Гэтым разам на ўспамін пра Беларусь я павязу дамоў ажно пяць пар выдатных валёнак.
Нарадзілася Пэтаў Шоберг падчас Другой сусветнай вайны ў маленькім фінскім горадзе. Пасля вайны, успамінае Гуніла, не было ні вопраткі, ні ежы, таму яе бацькі ўзялі семярых дзяцей і пераехалі на фінскі востраў Обу. Сям’я мела маленькую гаспадарку, трымалі і авечак, прычым у кожнага з дзяцей была свая авечка. Зімовымі вечарамі ў іх дом прыходзілі суседскія бабулі з часалкамі і працавалі з воўнаю. Потым склалася так, што Гуніла выйшла замуж за шведскага хлопца і пераехала жыць у Швецыю.
Неяк, гуляючы па лесе, яна ўбачыла шэрую гару. Для Швецыі не дзіўна, калі кавалак гары тырчыць з зямлі. Але гэтая была са стрыжанага руна. Маладую жанчыну нібы маланкаю ўдарыла, і яна адразу палюбіла гэты матэрыял, узгадала і авечак, якіх даглядала ў дзяцінстве. Так, праз 20 год, Гуніла зноўку сустрэлася з “жывой” воўнаю, а да гэтага ўвесь час працавала толькі з тэкстылем. У 1976 годзе ўпершыню зрабіла штосьці ўласнымі рукамі з дзіўнай па сваіх уласцівасцях сыравіны і атрымала вялікае задавальненне ад самога працэсу. З таго часу большую частку жыцця прысвяціла выкладанню і распаўсюджванню ведаў пра воўну і тое, што можна з яе вырабіць.

Выстаўка арт-аб’ектаў і інсталяцый з воўны падвяла рысу пад пачатковым этапам фарміравання сапраўдных мастакоў па лямцы ў нашай краіне. Пяць гадоў таму толькі нараджаўся новы і цікавы напрамак у мастацтве. Спачатку падключылася шмат умельцаў, якія ўспрымалі такі занятак як хобі, таму што з лямцу можна вырабіць і цацкі, і валёнкі, і біжутэрыю. Пяць гадоў пайшло на тое, каб лямец “дарос” да ўзроўню творчага матэрыялу, да стварэння мастацкіх аб’ектаў.
– У далейшым мы хочам развівацца менавіта ў гэтым кірунку, каб людзі ўбачылі дзіўную прыгажосць і зразумелі, што лямец – унікальны матэрыял, – падкрэсліла Вераніка Фаміна — майстар па валянні і таксама куратар выстаўкі. – Вырабы з лямцу могуць служыць упрыгажэннем для інтэр’ераў, нават для вялікіх памяшканняў, што таксама важна, бо мы павінны бачыць прыгажосць усюды і ва ўсім. Спадарыня Гуніла спрыяе распаўсюджванню воўны як вельмі сучаснай сыравіны і нават як матэрыялу будучыні, а мы ганарымся тым, што для беларусаў воўна, якую так любілі і паважалі нашы продкі, – добрая традыцыя. І сёння гэты матэрыял вяртаецца да нас часцей у якасці твораў сучаснага мастацтва.
Раіса МАРЧУК
Фота Кастуся Дробава
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.