Ад прадзедаў у спадчыну
Старадаўні вясновы абрад «Стрэлка» (на мясцовай гаворцы гучыць «стрылка»), які праводзіцца ў першы дзень Вялікадня, захаваўся сёння толькі ў вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна. Сваімі каранямі ён сягае ў глыбокую старажытнасць. Дарэчы, падобнае дзейства нідзе больш на Брэстчыне не праводзіцца.
— Таму традыцыі продкаў мы імкнемся вельмі асцярожна захоўваць, — распавяла дырэктар музея народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» Марыя Астаповіч. — Ваджэнне «стрылкі» адбываецца штогод, на першы дзень Вялікадня, пасля вячэрняй службы ў царкве, якая доўжыцца 40-60 хвілін і называецца «Нешпор». Дзеянне адбываецца на вясковай плошчы (па-мясцоваму — «місто») перад храмам і распачынаецца пасля таго, як бацюшка акропіць усіх святой вадой і дасць дазвол — благаславенне.
Удзельнічаюць у карагодзе дзяўчаты, жанчыны старэйшага і сярэдняга ўзросту і абавязкова дзеці. Расстаўляюць трохвугольнікам кучкі «зырняток» з двух-трох-чатырох малых дзетак (калі карагоднікаў небагата, ставяць па аднаму «зырнятку»). Дзеці ў сваіх кучках стаяць на адным месцы, а астатнія ўдзельнікі карагода, злучыўшы («зацэпам») унізе рукі, рухаюцца за вядучым (завадатарам) вакол купак дзяцей, утвараючы своеасаблівыя дугі — падковы ці колы. Усе карагодцы спяваюць традыцыйную песню, якая не мае аналагаў. Абрад прысвячаецца будучаму ўраджаю. І толькі пасля карагоду з усходу на захад пачынаюцца вяснова-палявыя працы і гулянні пасля Вялікага Паста.
Па даўняй традыцыі жыхаркі вёскі апранаюць у гэты дзень народныя касцюмы, галоўнае ўпрыгожванне якіх — знакаміты бездзежскі фартушок. Падчас свята выступаюць фальклорныя калектывы, самадзейныя артысты частуюць усіх жадаючых пафарбаванымі яйкамі і смачнай выпечкай. Звычайна працуе выстаўка-продаж велікодных сувеніраў, якія створаны народнымі ўмельцамі.
— Напачатку гэтага года праходзіла пасяджэнне Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, — зазначыла Марыя Астаповіч. — Разглядалася і пытанне аб занясенні карагоду «Стрэлка» ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Па выніках пасяджэння абрад набыў гэты высокі статус.
Дарэчы, у студзені музею народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» споўнілася 15 гадоў! Сёння яго экспазіцыя размяшчаецца ў сямі залах, дзе экспануюцца багатыя ўзоры ткацтва і вышыўкі майстрых не толькі з Бездзежа, але і навакольных вёсак. Першапачаткова тут было 150 старадаўніх прадметаў. А паколькі фартушкі ў ім пераважалі, то музей і набыў адпаведную назву. Сёння яго фонд павялічыўся амаль у 10 разоў і пастаянна папаўняецца.
Раіса МАРЧУК
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.