Супярэчлівы лёс інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў БССР. Гутарка з гісторыкам

Поддержи

Іван Марцынкевіч працуе дацэнтам у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. У 2015 годзе ён абараніў дысертацыю на тэму «Сацыяльнае забеспячэнне інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў БССР (1943−1956 гг.)». У інтэрв’ю ён падзяліўся ведамі і роздумамі пра тое, якое ж сапраўды ў Беларусі было становішча тых людзей, якія прыйшлі з фронту інвалідамі. А яно, вядома, адрознівалася ад таго, пра што пісалі ў тагачаснай прэсе.

– Іван Анатольевіч, распавядзіце, чаму вы выбралі менавіта такую тэму для свайго дысертацыйнага даследавання?

– Я займаўся гэтай тэмай яшчэ ў часы студэнцтва, бо яна ў нас была не даследавана. Мне хацелася займацца тым, што можа прынесці нейкую карысць грамадству. Праўда, была праблема ў тым, што звестак у адкрытым доступе было зусім няшмат.

– Дзе вы бралі матэрыялы?

– Я працаваў і ў Нацыянальным архіве, і ў рэгіянальных архівах. Таксама даследаваў пасляваенныя газеты. Сярод успамінаў і справаздач можна знайсці шмат таго, што не публікавалася афіцыйна. Чаму менавіта гэты перыяд каштоўны? Справа ў тым, што сістэма сацыяльнага забеспячэння ў Беларусі будавалася наноў, бо з’явілася новая сацыяльнай група «інваліды Вялікай Айчыннай вайны», якая афіцыйна была замацавана Пастановай СНК СССР ад 6 мая 1942 года.

– Ці было тое, што найбольш шакіравала са знойдзеных звестак?

– Было шмат уражлівых звестак, але як гісторык я прызвычаіўся да такога. Напэўна, больш за ўсё мяне ўразіў Хойніцкі працоўны інтэрнат інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, які быў арганізаваны па рашэнні СНК БССР у 1944 годзе. Хаця нават домам гэта цяжка назваць. Гэта было проста месца, куды звозілі тых інвалідаў, у каго не было сям’і, або тых, ад каго адмаўлялася сям’я і хто меў патрэбу ў доглядзе. Пасля вайны было гаротнае становішча з жыллёвым фондам, таму інвалідаў змяшчалі ў такога тыпу дамы. З той прычыны, што дом знаходзіўся ў 18 кіламетрах ад раённага цэнтра Хойнікі, да абласнога цэнтра было 90 кіламетраў, а з транспартам тады было ўсё блага, то прадукты і медыкаменты завозіліся толькі раз-два на тыдзень.

/

Інваліды былі прадстаўлены самі сабе. Дом, дзе яны жылі, быў не пабелены, з пацямнелымі ад часу сценамі і незашклёнымі вокнамі. З той прычыны, што ў доме была поўная антысанітарыя і ён стаяў каля багны, у памяшканне часта запаўзалі змеі. А медыцынскі догляд быў фактычна на нулявым узроўні.

/

– Ці была тэндэнцыя ў Беларусі размяшчэння інвалідаў вайны ў такога кшталту дамах?

– Так, была. Пасля вайны сацыяльнае забеспячэнне, на жаль, палітызавалася, бо краіна адбудоўвалася, і гэтая адбудова мусіла ўражваць савецкіх грамадзян. Толькі працэс перабудовы не супастаўляўся з тым малюнкам, які быў на вуліцах гарадоў: інваліды вайны часта прасілі міласціну. На тэрыторыі СССР, вядома, было месца, куды звозілі інвалідаў буйных гарадоў – гэта Валаам. Ёсць такая версія, што да 1947 года было шмат інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. У крыніцах можна сустрэць, як іх называлі – «абрубкі», «палёныя» ці «пячоныя». Я і іншыя даследчыкі сустракалі такое меркаванне, што пасля 1947 года значная колькасць інвалідаў знікла з вуліц гарадоў. Частку з іх вывезлі, каб тыя не азмрочвалі выгляд савецкіх гарадоў пасля вайны. Аднак дакументальных пацверджанняў, што ў Валаам звозілі інвалідаў, у тым ліку і беларусаў, я не знайшоў.

– Ці маглі інваліды вайны атрымаць нейкую псіхалагічную рэабілітацыю?

– Ніякай спецыялізаванай псіхалагічнай рэабілітацыі не праводзілася. Трэба было спачатку аднавіць медыцынскія ўстановы, забяспечыць іх неабходнымі кадрамі і пасля прадстаўляць дапамогу. Скажу больш, нават калі мы возьмем Афганскую вайну, то пасля яе вайскоўцы таксама не атрымлівалі ніякай псіхалагічнай падтрымкі. Людзі прыходзілі з вайны і адчувалі сябе непатрэбнымі, была вялікая колькасць самагубстваў. Канечне, пасля Вялікай Айчыннай вайны пытання «для чаго я ваяваў?» у грамадстве ды і ў саміх франтавікоў не ўзнікала, але ў іх была праблема іншага кшталту. Была сітуацыя, калі мужчына вяртаецца пасля вайны і пачынае падымаць гаспадарку. А ёсць іншая сітуацыя: жанчына сустракае мужа з вайны… А ён не тое, што гаспадарку падняць не можа – яго самога трэба даглядаць. У такіх выпадках часта людзі адчувалі сябе абузамі. Усё гэта часам вылівалася і ў цяжкі псіхілагічны стан, і ў асацыяльны лад жыцця.

– Кажуць, што дзякуючы надомнай працы інвалідаў пасляваенная эканоміка паднялася з кален… Ці праўда гэта?

– Сапраўды, надомніцтва тады развівалася. Гэта сустракаецца ў афіцыйных дакументах: органы сацыяльнага забеспячэння былі абавязаны арганізоўваюць надомную працу ў якасці адной з форм занятасці інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Хатняя праца часта была выйсцем, бо прадпрыемствы не працавалі на 100%. Але варта адзначыць, што кіраўнікі прадпрыемстваў не заўсёды выконвалі загады па першачарговым працаўладкаванні людзей з інваліднасцю. Калі стаіць загад да пэўнай даты адкрыць новую вытворчую лінію, то зразумела, што дырэктар возьме на працу здаровага чалавека, а не чалавека з інваліднасцю.

– Якая сацыяльная падтрымка аказвалася інвалідам вайны?

– Сацыяльнае забеспячэнне працавала ў наступных напрамках: працаўладкаванне людзей з інваліднасцю, забеспячэнне іх жыллём, медыцынскае абслугоўванне, пенсійнае забеспячэнне. У другой палове 1950-ых гадоў сюды дададуцца пуцёўкі на курорты і ў санаторыі, таксама пратэзаванне, з ім, на самой справе, было шмат праблем, і яны вырашаліся доўга. У канцы 1940-ых – пачатку 1950-ых лю-дзей з інваліднасцю трэба было забяспечыць пратэзамі: для гэтага выкарыстоўваліся пратэзныя майстэрні, пасля – заводы. На тагачасныя пратэзы было шмат нараканняў, бо яны не падганяліся пад чалавека. На прымерку пратэзаў трэба было прыязджаць, а гэта, як мы акрэслілі, было праблематычна. Таму вялікая колькасць інвалідаў заставалася без пратэзаў. Некаторыя іх проста не насілі, бо яны ім націралі, ірвалі вопратку, якой было не так шмат. Але тым не менш пратэзаванне вырашала іншую праблему: пратэзаваныя інваліды маглі разлічваць на працу. Калі браць сістэму сацыяльнага забеспячэння, то першасная задача яшчэ да сканчэння вайны заключалася ў тым, каб палічыць колькасць інвалідаў вайны. Гэта рабілася для таго, каб зразумець маштабы дапамогі і разбіць інвалідаў па катэгорыях згодна з тым, каму якая дапамога патрэбна. У першую чаргу чалавеку трэба было медыцынскае забеспячэнне, пасля – жыллё. Трэба разумець, што былі свае асаблівасці жыцця чалавека з інваліднасцю ў горадзе і ў вёсцы. У горадзе востра адчувалася праблема жылля. Асноўная ўвага звярталася на тое, каб аднавіць прадпрыемствы і каб інваліды змаглі там працаваць, каб зарабіць грошы. У вёсцы дзякуючы калгаснай сістэме ствараліся касы ўзаемадапамогі. Сярод формаў аказання дапамогі было будаванне жылля для інвалідаў вайны спецыяльнымі брыгадамі. Але ў гэтым кантэксце варта яшчэ ўлічыць і ўмовы сацыяльнага забеспячэння ў Заходняй Беларусі. Там яе арганізацыя ўскладнялася тым, што гэты рэгіён быў далучаны да БССР толькі ў 1939 годзе. Савецкія органы ўлады толькі фарміраваліся, як і калгасы, якія не былі арганізаваны на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Там было цяжка не проста нешта ўзнавіць, але пабудаваць наноў. Варта яшчэ ўзгадаць і пра такую місію, як «ЮНРРА», заснаваную ААН для гуманітарнай дапамогі краінам, якія пацярпелі ад вайны. У Беларусі яна пачала працаваць у 1946 годзе і вельмі дапамагла асаблівым чынам людзям з інваліднасцю.

– Але чаму пра яе так мала вядома?

– Мы павінны памятаць пра тыя ўмовы, у якіх знаходзіліся сучаснікі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны амаль адразу пачалася халодная вайна. Адносіны паміж СССР і ЗША істотна пагоршыліся. У гэтых абставінах дапамога па лініі «ЮНРРА» асабліва не афішыравалася. Казалі, што прадукты харчавання і вопратка паступалі па лініі Чырвонага Крыжа, хоць большасць матэрыяльных сродкаў была накіравана якраз па лініі арганізацыі «ЮНРРА». Што гэта давала інвалідам? У першую чаргу выдаваліся прадукты харчавання, паліва, вопратка і медыкаменты, затым размяркоўвалася насенне, угнаенне, сыравіна, рыбалоўнае абсталяванне, машыны і запчасткі. Заключным этапам паставак з’яўлялася аказанне дапамогі ў аднаўленні грамадскіх устаноў. Праз цэнтралізаваны характар савецкай эканомікі і дэфіцыту тавараў усё харчаванне, якое паступала ў рэспубліку па лініі «ЮНРРА», размяркоўвалася толькі Саветам Міністраў БССР. Сярод прыярытэтных груп насельніцтва, якім выдавалася гуманітарная дапамога, былі дэмабілізаваны і інваліды Вялікай Айчыннай вайны.

– А пра што пісала тагачасная прэса?

– Савецкая прэса асабліва не адлюстроўвала гаротнае становішча інвалідаў. Яна не пісала пра тое, што інваліды не маюць жылля, не пісала, напрыклад, пра той выпадак, які здарыўся ў Гомелі: афіцэр вярнуўся з фронту, а ў яго кватэры змяшчаўся аддзел міліцыі. Ён два месяцы хадзіў па розных інстанцыях, каб яму вярнулі кватэру. Узнікае пытанне: які быў лёс звычайных шараговых вайскоўцаў? Шмат пра інвалідаў вайны публікавалася ў першыя пасляваенныя гады. Пасля пра іх згадвалі ў асноўным у публікацыях, якія былі прысвечаны Дню Перамогі.

Іван Марцынкевіч

– Якія элементы пасляваеннай сацыяльнай палітыкі Беларусь магла б пазычыць зараз?

– Мне вельмі падабаецца такая рэч, як персанальная адказнасць, прытым у любой сферы. Калі чалавек, а не нейкае падраздзяленне, за нешта адказвае, то гэта больш эфектыўна. Таксама мне спадабаўся падыход кантролю і праверак, якія былі скіраваны на выпраўленне хібаў. Праз устаноўлены час вызначалася, наколькі дасканала выяўленыя недахопы былі ліквідаваныя.

– Ці вядома хаця б прыблізная колькасць інвалідаў Айчыннай вайны?

– Ёсць звесткі, што да другой паловы 1946 года было 51812 інвалідаў 3-й групы, 37221 – 2-й групы, 1589 чалавека – 1-й групы. Але такія класікі, як Быкаў і Астаф’еў, узгадавалі: большасць з тых, хто прайшоў усе жахі вайны, пайшлі з жыцця ў першыя 5-10 гадоў пасля яе сканчэння. Напэўна, такая колькасць проста перажытага не дазваляе пражыць больш.

 

Вікторыя Чаплева
Фота з асабістага  архіва суразмоўцы
Малюнкі  Генадзія Даброва

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.