Аб чым думаюць беларусы?

Поддержи

Год таму спецыялісты Офіса па правах людзей з інваліднасцю даследавалі праблемы працаўладкавання людзей з інваліднасцю і адлюстраванне іх у сродках масавай інфармацыі. Сёлета ж 3 чэрвеня супрацоўнікі гэтай праваабарончай установы прапанавалі ахвочым пазнаёміцца з новым даследаваннем – «Дынаміка грамадскага меркавання па розных аспектах праблематыкі інваліднасці ў Беларусі ў 2011 – 2016 гадах».

Цягам апошніх пяці гадоў Офіс прасіў Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў уключаць у свае апытанні пытанні аб інваліднасці, правах інвалідаў, іх стане ў грамадстве і інш. Такім чынам было вывучанае грамадскае меркаванне.

Канвенцыя выходзіць з ценю

Пытанні беларусам задавалі розныя. Бадай што самае простае з іх датычылася Канвенцыі аб правах інвалідаў: у апытаных цікавіліся, ці ведаюць яны пра існаванне гэтага дакумента. Вынікі ўсцешваюць: з 2011 па 2016 гады колькасць дасведчаных людзей павялічылася на 12%, з 22% да 34%. Каардынатар Офіса Сяргей Драздоўскі паразважаў над тым, наколькі важна, што пазнавальнасць Канвенцыі ў грамадстве павялічылася.

– Для людзей добра ўжо тое, што цяпер інваліднасць непасрэдна звязваюць з правамі чалавека. Цікава, што найбольш пра Канвенцыю ведаюць у абласных і раённых гарадах, менш – у сельскай мясцовасці і Мінску. Пакуль што патлумачыць гэтае разыходжанне мы не можам.

Зрэшты, з далейшага аналізу вынікае, што ведаць пра Канвенцыю і карыстацца яе прынцыпамі – не адно і тое ж, на светапогляд гэта бадай што не ўплывае. І тыя людзі, хто чуў пра Канвенцыю, і тыя, хто не ведае пра яе, не пазбаўленыя стэрэатыпаў у дачыненні да інвалідаў.

«Зараз усім цяжка!»

Як жа разумее (і ці разумее?) грамадства жыццё інвалідаў? Тут вялікіх зменаў за пяць гадоў не адбылося. Так, большасць апытаных лічыць, што правы інвалідаў парушаюцца часцей, што інваліднасць пагаршае якасць жыцця. Аднак пры гэтым болей стала людзей, якія мяркуюць, што інваліднасць не так значна, як раней, уплывае на якасць жыцця: напрыклад, знізілася разуменне таго, што матэрыяльныя цяжкасці для інвалідаў – большая праблема, чым для людзей без інваліднасці. Папросту кажучы, адзначыў Сяргей Драздоўскі, гэта можна разумець як «зараз усім цяжка». Такім чынам, лічыць ён, мяжа інваліднасці згладжваецца – хаця насамрэч гэта звычайнае неразуменне патрэбаў людзей з інваліднасцю.

Добра разумеюць беларусы, што лю-дзям з інваліднасцю складаней атрымаць адукацыю і працаўладкавацца. Аднак разуменне дыскрымінацыі інвалідаў у гэтых сферах за пяць гадоў знізілася. Можна было б меркаваць, што за гэты час змяніўся і рынак працы, але факты паказваюць, што гэта не так. Не палепшылася і сітуацыя з атрыманнем адукацыі. Зрэшты, пра адукацыю варта пагварыць асобна.

На тое, што людзі сталі менш разумець цяжкасці жыцця інвалідаў, уплывае эканамічная сітуацыя ў краіне, лічыць С. Драздоўскі. Меркаванні гучаць такія: зараз і здароваму чалавеку немагчыма працу знайсці, што ўжо казаць пра інваліда. І нават самі такія выказванні вызначаюць стан людзей з інваліднасцю ў грамадстве – а менавіта па-за колам «звычайных» людзей.

Школа – не для ўсіх

Далей – горш. Эксперты Офіса прыйшлі да высновы, што за пяць мінулых гадоў змянілася колькасць людзей, якія лічаць неабходнай інклюзіўную адукацыю. На пытанне «Як вы лічыце, сумеснае навучанне ў школах дзяцей з інваліднасцю і без інваліднасці з’яўляецца карысным або шкодным?» меркаванні, што гэта карысна, знізіліся на 15%. Гэты, можна сказаць, феномен зацікавіў даследчыкаў, яны захацелі дазнацца, у чым тут справа. Высветлілася, што прычына ў наступным: за апошнія гады Міністэрства адукацыі інтэнсіўна ўводзіць у школах інклюзіўнае навучанне, становіцца болей інтэгрыраваных класаў, даступных школаў, павялічваецца колькасць дзяцей, якія вучацца ў школе, а не дома. Але пры гэтым часта не хапае педагогаў, ды і проста метадычных матэрыялаў і абсталявання. Ды і погляды людзей на інклюзіўную адукацыю змяняюцца не так хутка, як яна ўводзіцца ў школах.

Вымярэнне адлегласці

Мэтай наступных двух пытанняў стала спроба высветліць, наколькі дыстанцыяваныя людзі з інваліднасцю і без яе. На пытанне «Якія стасункі з чалавекам з інваліднасцю для вас прымальныя?» з магчымасцю даць некалькі адказаў варыянт «Быць суседзямі» выбралі 48% апытаных, «Асабістае сяброўства» – 39%, «Быць калегамі па працы» – 21%, «Шлюбныя стасункі» – 7%, «Нічога з пералічанага» – 17%. Другое пытанне стала спробай высветліць, пры якіх умовах за інваліда прагаласуюць на выбарах у органы выканаўчай улады.

Сяргей Драздоўскі адзначыў, што атрыманыя лічбы сведчаць пра пэўную маргінальнасць людзей з інваліднасцю. Беларусы згодныя на такія стасункі з людзьмі з інваліднасцю, патлумачыў ён, якія можна назваць аддаленай талерантнасцю – іначай кажучы, «я нікога не чапаю, і няхай мяне ніхто не чапае». Такім чынам аддаленасць інвалідаў ад грамадства сапраўды існуе, адсюль і іншыя праблемы: іх дыскрымінацыя і выключанасць з жыцця.

Падагульняе вышэйсказанае пытанне аб светапоглядзе беларусаў: ці лічаць яны, што чалавек з інваліднасцю можа быць уключаны ў жыццё грамадства, або ж для яго патрэбныя спецыяльныя, штучна створаныя ўмовы жыцця? Тут таксама адзначаны рэгрэс. За пяць гадоў болей людзей сталі лічыць, што інваліды павінны жыць у адмыслова створаных для іх умовах. Тое, што стаўленне да ўключанасці інвалідаў у жыццё грамадства пагаршаецца, не можа не трывожыць. Зрэшты, пасля падпісання Канвенцыі можна спадзявацца, што сітуацыя пачне змяняцца ў лепшы бок.

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.