Жыццё бруіць на Віцебшчыне
Працягваем знаёміць вас з ініцыятывамі, што ладзяцца ў нашай краіне ў межах праекта Праграмы развіцця ААН «Спрыянне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» і фінансуюцца Еўрасаюзам. Гэтым разам завітаем на Віцебшчыну.
Будзем расці!
Першы прыпынак – Докшыцкі раён і ініцыятыва «Круглагадовая цяпліца ў Бягомльскім доме-інтэрнаце». 112 дзяцей з лёгкай і ўмеранай інтэлектуальнай недастатковасцю ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў жывуць у Бягомльскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Займаюцца по праграме дапаможнай школы: з усіх прадметаў – чытанне, матэматыка, руская і беларуская мовы, геаграфія, гісторыя, працоўнае навучанне і фізкультура. Пасля заканчэння інтэрната дзеці з лёгкай інтэлектуальнай недастатковасцю едуць вучыцца на азеляніцеля ці сталяра-цесляра ў Ульскі каледж, што ў Бешанковіцкім раёне, які прымае іх на дзяржзабеспячэнне. Гадаванцаў з умеранай інтэлектуальнай недастатковасцю адразу пасля заканчэння вучобы афармляюць у Багушэўскі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Больш цяжкіх дзяцей пад час вучобы ў Бягомлі сацыялізуюць – наколькі гэта магчыма, вучаць сябе абслугоўваць, чытаць і пісаць.
Важная частка вучобы ў інтэрнаце – працоўнае навучанне дзяцей. Як расказаў дырэктар установы Валерый Міхайлоўскі, у сталярнай майстэрні штогод выконваюць замовы для лясгаса – робяць па 100 шпакоўняў і сінічнікаў, нават дробны рамонт у інтэрнаце таксама дапамагаюць рабіць дзеці. Працуюць выхаванцы і на гародзе, і з жывёламі займаюцца: на сельскагаспадарчым падворку ў інтэрнаце ёсць куры, трусы ды іншая жыўнасць.
Сёлета ў студзені ў інтэрнаце пачалі працаваць цяпліцы.
– Спачатку паспрабавалі саджаць цыбулю на пяро – атрымалася, у кастрычніку ці лістападзе думаем зноў пасадзіць, – расказвае дырэктар. – Дзеля эксперыменту пасадзілі агуркі і высветлілі, што яны добра растуць увесну, горш – летам: цяпер у цяпліцы для іх занадта горача. Растуць у нас памідоры і перцы, думаем сабраць добры ўраджай. Ва ўсіх справах дзеці дапамагаюць, часам нават спрачаюцца, хто будзе што рабіць. Канешне, у асноўным працуюць больш здаровыя дзеці, але тыя, каму гэта складана, радыя нават проста ваду насіць і паліваць – ім гэта не надакучвае.
Свет за бальнічнымі дзвярыма
У Талачынскай цэнтральнай раённай бальніцы здзяйсняецца ініцыятыва «Свет без межаў», мэта якой – паніжэнне колькасці дзіцячых захворванняў і выпадкаў першаснага выхаду на інваліднасць, паляпшэнне ўмоваў жыцця і лячэння дзетак з інваліднасцю. Як расказаў галоўны ўрач бальніцы Аляксей Вішнеўскі, усяго ў Талачынскім раёне больш за 70 дзяцей-інвалідаў; ёсць дзеці, якія часта хварэюць.
Пад час рэалізацыі ініцыятывы ў бальніцы з’явіўся гульнявы пакой – сярод іншых там ёсць гульні для развіцця дробнай маторыкі рук. Абсталяваныя кабінет фізіялячэння, куды ходзяць не толькі на працэдуры, але і па карысныя кіслародныя кактэйлі, і зала лячэбнай фізкультуры. А паколькі любую хваробу лепей папярэдзіць, чым потым лячыць, жыхарам раёна пад час здзяйснення ініцыятывы расказвалі пра дзіцячую інваліднасць і пра тое, як яе можна пазбегнуць.
Сумесны адпачынак яднае
У Талачынскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва рэалізуецца ініцыятыва «Платформа стасункаў і сумеснай занятасці маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, асобаў з ліку дзяцей-сіротаў і дзяцей, якія засталіся без папячэння бацькоў ва ўзросце 18-23 гадоў, актывістаў валанцёрскага руху, пажылых людзей, а таксама сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця».
Згаданая пляцоўка была створаная на забалочанай пустцы. Месца добраўпарадкавалі, і цяпер тут ёсць досыць вялікая спартыўна-гульнявая зона, пляцоўка для заняткаў, частка тэрыторыі адведзеная пад сад і гарод, дзе растуць гародніна, кветкі, лекавыя расліны.
Здавалася б, з-за таго, што пляцоўку наведваюць самыя розныя і па ўзросце, і па зацікаўленнях людзі, ім складана будзе ісці на кантакт. Але паступова сярод наведнікаў склаліся пэўныя групы па інтарэсах –
кропкі прыцягнення знаходзяцца. Хтосьці ўдзельнічае ў лялечных прадстаўленнях, іншыя малююць або займаюцца з псіхолагам – выбар заняткаў багаты.
Дапамога на колах
У межах ініцыятывы «Кожны чалавек – паўнавартасны грамадзянін сваёй краіны» супрацоўнікі Талачынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва займелі 4 электраскутары і 7 электравеласіпедаў. Дзякуючы новаму транспарту павысілася якасць паслугаў, якія ТЦСАН аказвае мясцовым жыхарам, і рабіць гэта стала прасцей.
Алена Скуратава, адна з супрацоўніцаў цэнтра, якая ўжо больш за 25 гадоў працуе ў сацыяльнай сферы, падзялілася ўражаннямі ад выкарыстання новай і яшчэ нязвыклай для беларусаў тэхнікі:
– Пад маёй апекай – восем чалавек, траіх я наведваю штодзень, пяцярых – некалькі разоў на тыдзень.
Канешне, электравеласіпед палегчыў маю працу, я нашмат меней часу праводжу ў дарозе, ды і лекі, прадукты лягчэй везці, чым несці ў руках. Вось сёння адной з жанчынаў, Лідзіі Ціханаўне Паляковай тэрмінова спатрэбіліся лекі. Я ўзяла рэцэпт і прывезла іх, на аўтобусе дабіралася б значна даўжэй, бо ён ходзіць толькі тройчы на дзень.
Электравеласіпед працуе ад акумулятарнай батарэі, адной зарадкі хапае прыкладна на 40 км дарогі. Зараджаць батарэю можна ад звычайнай электрычнай разеткі. Калі пад час язды круціць педалі, веласіпед таксама будзе падзараджацца. Адным словам, падобна, што сацыяльная дапамога ў Талачынскім раёне становіцца шпаркай.
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.