Запавет вады. Гісторыя 77-гадовага Леаніда Стука з Сенненшчыны аб самым важным
Для героя гэтага матэрыялу, 77-гадовага пенсіянера Леаніда Кузьміча Стука з Сенненшчыны, сям’я заўсёды была на першым месцы. А як жа: 11 дзяцей – гэта не жарты! Аднак пры ўсёй загружанасці шматдзетнага галавы сямейства разумеў, як важна рэалізавацца і ў прафесіі. Калі іншы, напэўна, ужо здаўся б з-за штодзённых хатніх турбот, новаспечаны муж і бацька ездзіў на сесіі ў Падмаскоўе. Хлопец з вёскі паступіў у навучальную ўстанову для атрымання дыплома агранома. Гэта і зразумела – аграрныя спецыяльнасці заўсёды патрэбныя. У савецкія часы агранамія лічылася прэстыжнай галіной, а на вёсцы да такіх спецыялістаў адносіліся з асаблівай павагай. Цяпер, з далечыні пражытых гадоў наш герой можа ўзгадаць многае і за ўсё жыццю ўдзячны.
Наша размова адбылася ля хаты дачкі Леаніда Кузьміча, у вёсцы Літусава. У Наталлі ён жыве з жонкай і маці дзяцей Валянцінай Віктараўнай. Ёй 72 гады. На жаль, пасля сур’ёзнага пагаршэння здароўя жанчына мае патрэбу ў асаблівым доглядзе і пільнай увазе. Таму на сямейным савеце вырашылі: забраць пажылых бацькоў да сябе.
На пенсіі сужэнцы не губляюць цікавасці да жыцця – радуюцца кожнаму дню, праводзяць час за вольнай размовай, глядзяць разам тэлевізар, чытаюць прэсу, дапамагаюць выхоўваць унукаў. Часта Кузьміча можна ўбачыць на мясцовай пошце. Туды з вялікай дарожнай сумкай на колцах ён прыходзіць па пакупкі. Мужчына дапамагае сям’і, як можа ў сваім узросце. І гэта таксама характарызуе нашага героя як дбайнага гаспадара.

«З рагаткі палілі па немцах»
– Леанід Кузьміч, раскажыце, калі ласка, свае самыя раннія дзіцячыя ўспаміны.
«Памятаю, як палонныя немцы будавалі вялікі прамысловы камбінат. Нашы «энкэвэдэшнікі» вадзілі іх. У той час я быў «пацаном». Рагаткі паробім, а палонных вядуць на працу, дык мы з рагатак па іх (смяецца). Салдаты-канваіры кулаком памахаюць. У 1955 годзе гэтых немцаў адпусцілі. Некаторыя пасля вызвалення ажаніліся і засталіся ў Расіі. Гэта было ў Пермскім краі.

Жылі мы тады сям’ёй у Сівенскім раёне, ў сяле Сіва: я, маці і дзядуля. Там і цяпер засталіся дваюрадныя сёстры і браты. Калі мама яшчэ была жывая, вялі перапіску. А калі не стала, сувязь перарвалася. Я запісаны на дзядулю Кузьміча (прозвішча і імя па бацьку). Таму што свайго тату ні разу не бачыў і не ведаю. Маці казала, што ён быў «энкэвэдэшнік», а пасля раптам яго не стала. Кудысь з’ехаў, ці што. Мяне гадавала адна маці. Я з 1949 года. Быў яшчэ брацік з 1941-га: памёр маленькім ад двухбаковага запалення лёгкіх. Маму звалі Ганна Кузьмінічна Стук, з 1918 года. Працавала майстрам на хлебазаводзе. Дзядуля Кузьма з 1886 года. Усё жыццё быў старшынёй сельскага Савета. Пражыў 105 гадоў! Да самых апошніх гадоў працаваў. Строгі, але справядлівы. Дзядуля ўдзельнічаў у Першай сусветнай і ў рэвалюцыі, быў партыйны. Нават крыху памятаю бабулю Насцю. Анастасія Міхайлаўна была малодшая за дзеда на дзевяць гадоў. Хатняя гаспадыня. Яны дапамагалі даглядаць мяне».
Змагаўся супраць здраднікаў і дэзертыраў
– А сярод вашых родных ёсць тыя, хто прымаў удзел у вайне?

«Маміны браты, адзін і другі, удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. Васіль Кузьміч Стук служыў на Украінскім фронце, загінуў у 1943-м, а яго брат Косця прайшоў усю вайну і пасля застаўся ў «органах». Вось як апісваецца яго баявы шлях у адным з дакументаў ваенных гадоў: «Тав. Стук, знаходзячыся на фронце са жніўня 1942 года, даручаную яму работу выконвае сумленна. Па сваёй асабістай ініцыятыве, не шкадуючы сваіх сіл, тав. Стук выявіў шэраг здраднікаў Радзімы, дэзертыраў, памагатых нямецкай улады, агента нямецкай разведкі і шэраг іншых злачынных элементаў, якія ажыццяўлялі сваю дзейнасць, накіраваную супраць СССР. Тым самым тав. Стук дапамог камандаванню ў падняцці баявой дысцыпліны сярод асабістага складу 76 умацраёна». Мой дзядзька мае медалі «За баявыя заслугі», «За адвагу», Ордэн Чырвонай Зоркі. Вось такія мае гераічныя родныя. Яны таксама набліжалі Перамогу, як маглі».
«Пельмені елі рэдка – мама смажыла бульбу»
– Леанід Кузьміч, успомніце, калі ласка, вашы цацкі, школу, сяброў, як сталелі…

«Памятаю, цацкі былі самаробныя. А сябры мае, рабяты і дзяўчаты, былі харошыя. Шмат было дзяцей, гулялі ў асноўным на вуліцы, у двары. У нашай мясцовасці стаялі сечаныя (рубленыя) дамы. Там грыбныя мясціны, а зімы 50-х – 60-х гадоў мінулага стагоддзя былі суровыя. Узгадваю, як мама часта мне гатавала смажаную бульбу – напамін аб Беларусі. А вось пельмені елі рэдка (усміхаецца). У нас гаспадаркі не было, матуля ўсё купляла. Сяло Сіва – райцэнтр. Назва сяла пайшла ад назвы ракі Сіва, што значыць «валасяная вада». Гэта ціхая рака, яна ўпадае ў Каму, а Кама ў Волгу.
Скончыў дзесяцігодку. У класе было 25 чалавек. Нармальна вучыўся, быў піянерам, пасля камсамольцам. Сталовай у школцы не было. Ад дома хадзіў да школы метраў сто, яна стаяла на горцы. Месца называлася Шугайка. У 1967-м скончыў 10 класаў. Перад службай паспеў папрацаваць выхавальнікам у інтэрнаце. У 1968-м забралі ў армію, у ракетныя войскі. Служыў на Поўначы, у Варкуце. У 1970-м дэмабілізаваўся. Я павінен быў адслужыць тры гады, але нашаму прызыву пашанцавала. У верасні таго года, калі прызвалі, выйшаў Указ аб скарачэнні тэрміна службы з трохгадовага на двухгадовы (марфлот на чатырохгадовы тэрмін службы)».

З Урала – у родную Беларусь
– А як вы апынуліся ў Беларусі?
«Я дэмабілізаваўся і сюды не прыехаў бы ніколі. Аднак, калі бабулю і дзядулю пахавалі, маці мне і кажа: паехалі на Радзіму, у Беларусь. Я вельмі здзівіўся, бо не ведаў, што тут нашы карані. Аказалася, дзядуля з бабуляй родам адсюль. Пасля рэвалюцыі разам з дзецьмі выехалі на Урал. Бабуля Насця была з Пасаду, што ў нас на Сенненшчыне, а дзед з суседняй Буды. Мне гадоў дзевятнаццаць-дваццаць было, калі мама прапанавала перабрацца на малую радзіму. Спачатку думалі, што паляцім самалётам, але вырашылі, што мама не вытрывае, і паехалі цягнікамі. Прыехалі ў Галашчакіна. Мама там купіла хату. У Галашчакіне і пазнаёміўся з будучай жонкай».
Вылечыла каханнем

«Стасункі ў нас такія ж цёплыя і пяшчотныя, як і палову стагоддзя таму. Мая жонка сама з Ледневіч Сенненскага раёна. А працавала Валя санітаркай у мясцовай бальніцы, куды я патрапіў з запаленнем лёгкіх. Так мы і пазнаёміліся. Менш за год сустракаліся. Пяшком хадзіў да яе. І сышліся. Жылі спачатку з маёй мамай. Аднойчы прыехалі да яе бацькоў. І мой будучы цесць, вопытны механізатар 1929 года нараджэння, Віктар Якаўлевіч Ходас спытаў, калі мы плануем пабрацца шлюбам. Пайшлі пешшу рэгістраваць шлюб у Какоўчына (там знаходзіцца і цяпер сельскі Савет). Апрануліся проста для такога дня. І ад шумнага вяселля адмовіліся. Усё было ціха, сціпла, сярод родных».
Хутка рубінавае вяселле
– Ці думалі, што ў вас будзе столькі дзяцей?
«Што будзе адзінаццаць дзяцей, не думалі. І сітуацый, якія пагражалі б нашай сям’і, не было. Дзеці для нас не былі перашкодай. Дапамагала мая маці, пакуль была жывая. Спраўляліся. Я працаваў аграномам у аб’яднанні «Хімія» ў Багушэўску. Завочна вучыўся ў Падмаскоўным горадзе Загорску ва Усесаюзным сельскагаспадарчым тэхнікуме. Бясплатна. Вось так ездзіў. Пасля пераехалі ў Літусава. Далі калгасны дом. Я аграном, а яна даярка.

Мая матуля пахаваная ў вёсцы Пасад. Мы сям’ёй ездзім туды, наведваем. У Ледневічах – цешча і цесць. Усе тут, нашыя карані на Сенненшчыне, як бачыце.
Дзецям расказваў нашу сямейную гісторыю. Яны ведаюць, асабліва дзяўчаты мае старэйшыя. Шэсць праўнукаў у нас з Валянцінай. Унукаў дванаццаць. Пражылі больш за палову стагоддзя. Хутка будзем святкаваць рубінавае вяселле. Распісаліся мы 19 лістапада 1973 года. У 2023-м гулялі залатое вяселле. Збіралася ўся сям’я. І ў жыцці не было нічога такога, каб захацелася раптам расстацца… Радзіма нас аб’яднала. А дзеці нас замацоўвалі. Трэба было гадаваць і расціць».
Тэкст: Надзея Зуева
Фота з сямейнага архіва сям’і Стукаў
Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.