«Я жыву для творчасці, а творчасць існуе для мяне» . Гісторыя пінскай паэтэсы Тамары Лазнюхі
Мы даўно хацелі расказаць пра таленавітую паэтэсу, аўтара шматлікіх вершаў, якія друкуюцца ў нашым “Паэтычным куфэрку”, пра Тамару Лазнюха. Але кожны раз камандзіроўку ў Пінск даводзілася адкладваць з-за стану здароўя паэткі. Гэтым разам, якраз напярэдадні дня нараджэння Тамары Пятроўны, яна пагадзілася пагутарыць з журналістам па тэлефоне. І вы зразумееце, чаму эпіграфам да нашай размовы Тамара Пятроўна прапанавала вось гэтае чатырохрадкоўе:
Все то, что увижу, чем память жива,
Вплетаю старательно в строки.
И пусть пронесет вольный ветер слова
Сквозь все расстояния и сроки.
“З Божай дапамогай мы здолелі гэты цяжкі час”
Тамара Пятроўна Лазнюха нарадзілася 1 лістапада 1948 года ў вёсцы Дамашыцы Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і служачых. Тамара скончыла Малоткавіцкую сярэднюю школу і Мінскі тэхналагічны тэхнікум. Пасля гэтага некаторы час працавала на Пінскай фабрыцы мастацкіх вырабаў.
– Выйшла замуж вельмі рана. Мне было ўсяго 18 гадоў, – узгадвае Тамара Пятроўна. – З гэтага часу я жыву ў Пінску. Ужо 66 гадоў. Праз два гады шлюбу ў нас нарадзілася дачка Алена, а праз сем – сын Генадзь.
У пачатку кастрычніка 1980-га года Тамара Пятроўна цяжка захварэла і атрымала 1-ю групу інваліднасці.
– Не люблю размаўляць пра сваю хваробу. Магу толькі сказаць, что самастойна не магу нават сядзець, – дзеліцца жанчына. – Муж пакінуў сям’ю, калі я захварэла. Мы засталіся ўтрох з дзецьмі. На той момант, калі хвароба пачала прагрэсаваць, дачцэ было дванаццаць гадоў, а сыну сем. З Божай дапамогай мы здолелі гэты цяжкі час. Мае дзеткі ўраз падраслі. Яны навучыліся не толькі быць самастойнымі, але і даглядаць за мной: рабіць уколы, гатаваць ежу і карміць з лыжкі. Не апісаць словамі, якія яны ў мяне цудоўныя.
Пра дзяцей Тамара Пятроўна расказвае з гонарам. Нягледзячы на тое, што ўсе хатнія клопаты ляглі на дзіцячыя плечы, яны радавалі маці ўвагай і пяшчотай. Таксама паспявалі ў школе. Сын быў адзіным выдатнікам у класе, а дачка ўсе экзамены здала на вышэйшы бал.
– У маёй сям’і на гэты момант ёсць 11 дыпломаў вышэйшай адукацыі! Толькі ў мяне сярэдне-спецыяльная, – усміхаецца суразмоўца. – Дачка ведае некалькі моў, скончыла лінгвістычны ўніверсітэт. Дарэчы, калі Алена паехала вучыцца ў Мінск, са мной застаўся 12-гадовы Генадзь. Ён і мяне даглядаў, і кватэру прыбіраў. Памятаю, як сяброўкі здзіўляліся, што заўсёды ўсё прыбрана. Нават вокны ззяюць чысцінёй. Сын абраў спорт. Вывучыўся ў спартыўнай акадэміі па спецыяльнасці “Трэнер па грэблі на байдарках і каноэ”. Зараз у дзяцей ужо свае сем’і, а ў мяне – любімыя ўнукі. У Алены дачка працуе выкладчыкам у Палескім дзяржаўным універсітэце, а сын – інжынерам у Мінску. У майго сына дзеці пакуль яшчэ вучацца ў школе.
“У цішы бяссонных начэй…”
Зараз Тамара Пятроўна жыве ў самым цэнтры палескай жамчужыны – горадзе Пінску. І па словах паэтэсы, ёй вельмі падабаецца гэтая маляўнічая мясцовасць.
Давно живу я в самом центре Пинска –
До храма Божьего рукой подать.
И чувствую инстинктом материнским,
Когда на город сходит благодать.
– Жыву я ў аднапакаёвай кватэры адна, паслугамі сацыяльных працаўнікоў не карыстаюся, – кажа паэтэса. – Мне дапамагаюць дзеці. Дачка жыве ў адным тамбуры, у кватэры насупраць. Такім чынам у нас нібы вялікая кватэра з дзвюма кухнямі. Дачка заходзіць да мяне кожны дзень. Яна ўзяла на сябе асноўную частку догляду за мной. Але і сын не застаецца ў баку. Часта прыязджае і дапамагае.
Нягледзячы на цяжкасці са здароўем, Тамара Пятроўна застаецца пазітыўным і чулым чалавекам. Яна не можа сама запісваць свае вершы, таму фіксаваць радкі на паперы дапамагаюць дзеці ці сябры.
– Першы свой верш я напісала яшчэ ў 6-м класе. Называўся ён “Зимний этюд”, – працягвае суразмоўца. – Потым выйшла замуж і запал да паэзіі выціснулі хатнія і сямейныя турботы. У няпоўныя 32 гады, калі я страціла здароўе, паэзія ўскіпела з новым моцам. Цытую: “В поэзии отыщется спасение от зимних вьюг и проливных дождей”. У цішы бяссонных начэй у мяне нараджаюцца новыя вершы, якія я стараюся трымаць у памяці да раніцы. Потым тэлефаную сяброўкам ці дачцэ, якія прыходзяць і запісваюць радкі. А пасля адсылаюць у паштовых канвертах па выданнях.
Дэбютам адноўленай творчасці Тамара Пятроўна лічыць друкаванне вершаў у мясцовай газеце да яе 45-годдзя. І гэтым разам, нібы анёлы-ахоўнікі, паклапаціліся дзеці.
– У сакрэце ад мяне дзеці завялі сшытак, куда запісвалі мае вершы. Напярэдадні майго дня нараджэння яны занеслі сшытак ў рэдакцыю мясцовай газеты. Так і атрымалася, што першым быў надрукаваны верш “Пусть побеждает добро!”, – узгадвае Тамара Пятроўна. – Першая мая кніга “Цветом рубина”, дарэчы, таксама была прыстасавана да майго юбілею – 50-годдзя. Гэта было сапраўднае свята для ўсёй нашай сям’і!
“Я жыву для творчасці, а яна існуе для мяне”
Такая добрая традыцыя захавалася і па сёння. У 2023 годзе пінская паэтэса адзначыла сваё 75-годдзе, да якога надрукаваны ўжо 17-ты зборнік вершаў “Аккорды вдохновения”. На пытанне: “Хто дапамагае з выпускам кніг?” паэтэса адказвае ёміста: “Каго Бог пашле”.
– У 2023 годзе мне шмат дапамагла намеснік дырэктара Пінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання Валянціна Гарагляд. Без яе не было б гэтай кнігі. А камп’ютарную вёрстку і набор тэксту зрабіў паэт Уладзімір Варонін. Дарэчы, з ім мы пазнаёміліся дзесьці 3-4 гады таму. Адразу я дапамагала яму ў паэзіі, а зараз ужо ён мой памочнік. Вядома, за выданнем зборніка стаіць шмат іншых людзей, якія неабыякавыя да маёй творчасці. На прэзентацыю прыйшоў нават мой настаўнік англійскай мовы, якому 87 гадоў, – дзеліцца Тамара Пятроўна. – Яшчэ хочацца расказаць пра незвычайнага чалавека – Ніну Грынько – старшыню праўлення Пінскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, членам якой я сама з’яўляюся. Заўсёды, калі пачынаю думаць пра новую кнігу, тэлефаную ёй. Ніна Аляксееўна дапамагае з арганізацыяй выпуска зборнікаў, з афармленнем дагавора з друкарняй.
Размаўляць пра паэзію Тамара Пятроўна можа гадзінамі, а нам, чытачам, застаецца толькі здзіўляцца таленту, мужнасці і жыццярадаснасці паэтэсы. Тамара Лазнюха – пераможца гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных конкурсаў. На яе вершы напісана больш за 30 песняў, а ў 2018 годзе Пінскім гарвыканкамам яна прызнана “Чалавекам года Пінска” ў галіне культуры, мастацтва і духоўнага адраджэння.
– Творчасць – гэта маё жыццё. Менавіта яно трымае мяне ў гэтым свеце, у добрым сэнсе. Я жыву для творчасці, а яна існуе для мяне, – разважае суразмоўца. – Я праваслаўны чалавек, таму спадзяюся на дапамогу Господа. Я кажу: слава Богу і натхненню! Дзякуй за дзяцей, унукаў, за дах над галавой. Упэўнена, што 17 зборнікаў вершаў у маім стане – гэта сапраўдны цуд Божы.
Тамара Пятроўна ўпэўнена, што чалавека ратуе праца.
– Тыя, хто хоча жыць, павінны працаваць. Я сваім дзецям кажу: не рвіцеся наперад і не цягніцеся ззаду. Можа, багацеямі не станеце, але і з працягнутай рукой стаяць не давядзецца. Часта ўспамінаю прэзентацыю сваёй першай кнігі. Тады галоўным спонсарам выступіў Сяргей Яфімавіч Дарафееў, які ўзначальваў эксперыментальна-маладзёжнае аб’яднанне “Палессе”. Ён выступіў з прамовай, падчас якой сказаў: “Мы дапамагаем толькі тым, хто працуе. Тамара Пятроўна вучыць нас, як трэба праца-
ваць, нягледзячы ні на што. Трэба ганарыцца такой маці і бабуляй!”. Гэта яго словы, не мае. Я жадаю: дай, Божа, усім здароўя і міру на зямлі! А астатняе залежыць ад нас. І вось мае ўласныя радкі, якія я кажу часта сама сабе…
Если жизнь невыносимой будет,
Не склонись в бессилье перед ней,
А подумай о смиренных людях,
Чей удел значительно трудней.
Дарыя Галоўчыц
Фота з адкрытых крыніц
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.