“Я проста слухала гэтых людзей” – выкладчыца пра сваю працу на дыстанцыйных курсах для людзей з абмежаванымі магчымасцямі

Поддержи

Аляксандра Цярэнцьева – маладая дзяўчына, якая займаецца сацыяльным валанцёрствам. Юрыст паводле адукацыі, аднойчы яна вырашыла спалучыць працоўны досвед з валанцёрскім. Так Аляксандра стала выкладчыцай у першай дыстанцыйнай школе для людзей з абмежаванымі магчымасцямі “У Савы”. Пра сваё рашэнне дапамагаць іншым, адукацыйны працэс у дыстанцыйнай школе і перспектывы працаўладкавання інвалідаў Аляксандра распавяла карэспандэнту газеты “Вместе!”.

Сяброўства, пачатае з… апельсіна

Александра Терентьева дистанционные курсыАляксандра займаецца валанцёрствам больш за шэсць гадоў. Сама яна кажа, што такое рашэнне для яе, як для свядомай верніцы, было натуральным. Спачатку дзяўчына дапамагала інвалідам, так бы мовіць, дыстанцыйна. А пасля стала з імі сябраваць.

На адной хрысціянскай выставе да Аляксандры падышоў Георгій. Хлопец быў з Лагойскага дома-інтэрната: “Ён проста падышоў да мяне і працягнуў апельсін. Памятаю, тады мне было вельмі сумна. І хлопец узняў мне настрой. Мы абмяняліся кантактамі. І пасля з сябрамі сталі ездзіць у Лагойскі дом-інтэрнат”.

Адна з найлепшых сябровак Сашы – Каця. У Каці паралізавана ўсё цела, акрамя адной рукі.

“Шпацыруючы з Кацяй па горадзе, я нібыта адчуваю ўвесь боль інвалідаў. Вазочкі вельмі нязручныя… Каця, бывае, падае. Часта становіцца немагчыма наўпрост кудысьці дабрацца, бо па горадзе вельмі мала пандусаў. А падземны пераход – гэта наогул бяда!”.

Аляксандра рэгулярна ездзіць у псіха-неўралагічныя інтэрнаты Беларусі, дапамагае збіраць сродкі на лекаванне дзетак з ДЦП.

Займаючыся валанцёрствам, дзяўчына ўсё часцей стала разважаць над тым, што нават калі інваліды і змогуць кудысьці працаўладкавацца, то яны проста не змогуць дабрацца да гэтай працы.

“Я проста стала слухаць гэтых людзей. І чым магла, стала дапамагаць”, – сказала Аляксандра.

Валанцёрства ў “Саве”

Аляксандра зразумела, што можа спалучыць свой досвед працы ў юрыдычнай сферы з досведам працы ў сферы валанцёрства. Так, яна напісала кіраўніку дыстанцыйнай школы адукацыі для людзей з інваліднасцю “У Савы” Андрэю Макарчуку з прапановай свайго курса “Асновы дакументазвароту, кадравай працы і працоўнага заканадаўства”. Праз некалькі месяцаў на курс запісаліся сем чалавек.

Праект “У Савы” распрацаваны для лю-дзей з абмежаванымі магчымасцямі. Тут яны атрымліваюць карысныя веды і самае галоўнае – знаёмяцца з людзьмі, якія самастойна пераадолелі цяжкасці, звязаныя з інваліднасцю. Выкладчыкі-валанцёры чытаюць розныя курсы: ад “Асноваў сістэмнага кіравання” да курсаў англійскай, нямецкай і польскай моваў. Плюсы гэтых курсаў у тым, што паспрабаваць свае сілы можа любы жадаючы, навучацца можна не сыходзячы з дому. А атрыманы сертыфікат аб сканчэнні курсаў дапаможа пры працаўладкаванні.

Аляксандра склала праграму курса так, каб вучні вынеслі з яго практычную значнасць. На занятках студэнты вучыліся складаць заявы, пісаць загады, накладаць дысцыплінарныя спагнанні, вывучалі правы людзей з інваліднасцю.

Аляксандра выходзіла на сувязь са сваімі вучнямі раз на тыдзень на працягу дзесяці тыдняў праз інтэрнэт-пляцоўку для вэбінараў. Апошні, адзінаццаты, занятак быў тэставым і выніковым. У якасці выніковага праекта вучні мусілі прыняць чалавека на працу, пасля яго звольніць і падшыць дакументы ў асабістую справу.

Днямі навучэнцы атрымалі сертыфікат аб тым, што яны скончылі курс Аляксандры Цярэнцьевай.

“Вельмі хочацца, каб дзякуючы гэтым курсам людзі з інваліднасцю атрымлівалі новыя веды. Сустракаюцца працадаўцы, якія возьмуць на працу інваліда, які будзе працаваць дыстанцыйна. Але, на жаль, гэта рэдкасць. Бо інвалідаў у нашай краіне не ўспрымаюць сур’ёзна. І ад іх звычайна проста адмахваюцца”.

Аляксандра кажа, што веды, якія атрымалі яе навучэнцы, спатрэбяцца ім найперш у жыцці: “Кожны чалавек рана ці позна сутыкаецца з юрыдычнымі пытаннямі. Таму да кожнага з іх могуць цяпер звяртацца родныя і сябры па кансультацыю”.

Курс Аляксандры можа прынесці свой плён не толькі ў галіне ведаў. Яна прывяла ў прыклад жанчыну Алену, якую запрасілі працаваць у адну ІТ-кампанію. Алене нельга выходзіць у зімовы час з дому. Таму па электроннай пошце кіраўніцтва ёй дасылае тыя заданні, якія ёй патрэбна зрабіць. Аляксандра верыць, што і яе вучні таксама змогуць знайсці дыстанцыйную працу.

Цяжкасці ў адукацыйным працэсе

Аляксандра з сумам кажа пра тое, што не ўсе навучэнцы дайшлі да канца курса. “Я заўважыла такую тэндэнцыю: калі людзі з інваліднасцю сустракаюцца з цяжкасцямі, то яны здаюцца. Маўляў, ёсць пенсія – і добра. Навошта яшчэ і вучыцца, каб працаваць? А трэба вучыцца гэтыя цяжкасці пераадольваць”.

Мне стала цікава меркаванне выкладчыцы наконт таго, што кожны з бакоў – дзяржава і інваліды – мусяць рабіць дзеля таго, каб павялічыць выпадкі працаўладкавання апошніх.

Аляксандра перакананая, што найперш дзяржава мусіць пераглядзець праграму для людзей з інваліднасцю у спецыялізаваных інтэрнатах: “Мне не аднойчы скардзіліся выпускнікі інтэрнатаў, што яны вучыліся па спецыяльнай праграме, у выніку якой для далейшага навучання ў іх папросту не хапае ведаў”.

Па-другое, дзяржава мусіць нарэшце зразумець, што для грамадства важны кожны чалавек. “Яна мусіць стварыць безбар’ернае грамадства, – тлумачыць Аляксандра. – Зрэшты, яна мусіць стварыць умовы дзеля таго, каб інваліды банальна маглі дабірацца да працы. Павінны быць створаныя і ўмовы для таго, каб інваліды маглі паўнавартасна вучыцца ў ВНУ. Бо мне скардзіліся наконт таго, што некаторых адгаворвалі паступаць з той прычыны, што яны – інваліды”.

А людзям з інваліднасцю, лічыць Аляксандра, найперш трэба паверыць у сябе. “Зараз час інфармацыйных тэхналогій. Час, калі нават спаралізаваны можа кіраваць камп’ютарам з дапамогай голасу. Што маглі рабіць інваліды ў XIX стагоддзі? Толькі сядзець каля храмаў і прасіць міласціну. Людзям з інваліднасцю варта памятаць пра тое, што ніхто за іх нічога не зробіць. Паверыць у сябе, перастаць ленавацца – і наперад вучыцца! Хаця б у дыстанцыйную школу “У Савы”!

Вікторыя Чаплева

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.