Віцябчанка з інваліднасцю па зроку вырабляе кветкавыя кампазіцыі з халоднага фарфору

Поддержи

Рубрика : Общество.

Святлана Старынская з Віцебска вырабляе кветкавыя кампазіцыі з халоднага фарфору. Першае ўражанне тых, хто не ведае пра яе хобі, ад убачанага сапраўдныя кветкі. На блізкай адлегласці нават падаецца, што яны жывыя.

Святлана Старынская

Карэспандэнт «Звязды» папрасіў у Святланы правесці майстар-клас. Жанчына, дарэчы, расказала, што навучылася ствараць прыгажосць падчас прагляду аналагічных паказальных заняткаў у інтэрнэце, сур’ёзна захапіўшыся фарфорам гадоў пяць таму. Наконт таго, адкуль увогуле паходзіць тэхніка халоднага фарфору: самая распаўсюджаная версія распавядае, што яе прыдумалі ў Аргенціне ў пачатку мінулага стагоддзя. У аснове сучаснай сумесі – кукурузны крухмал, клей ПВХ, алей і гліцэрын. Пасля варкі атрымліваецца нешта накшталт пластыліну ці хлебнага мякішу – гэткі прыемны аналаг гліны. Мяць гэты «паўфабрыкат» – задавальненне, бо адчуванне, як у дзяцінстве, калі мама ці бабуля даручала дапамагчы раскатаць цеста. І адначасова працэс супакойвае.

«Канешне, атрымлівацца больш-менш прыгожа стала пасля вялікай колькасці спроб і памылак. Шмат матэрыялу патраціла, пакуль не знайшла ідэальны для сябе «рэцэпт масы» для лепкі», – згадвае суразмоўніца.

Перад пачаткам стварэння кветак яна робіць тэсціраванне «гліны», імкнецца, каб, напрыклад, пялёсткі руж гнуліся і праз некалькі месяцаў. Пакуль сябры не падарылі трафарэт для пражылак, прыкладала да сумесі сапраўдныя кветкі. Увогуле, Святлана стараецца ва ўсім дасягнуць максімальнага падабенства.

Каб зрабіць адну ружу, неабходна гадзін пяць-шэсць. Святлана падкрэслівае, што робіць нешта толькі тады, калі ёсць добры настрой. А на вазон з кветкамі можа патраціць і пару тыдняў. «Зямля» зроблена з заваркі гарбаты. Усё настолькі натуральна, што, паўтаруся, не верыцца ў нейкую штучнасць. Калі працуе, не спяшаецца. Любіць усё рабіць, слухаючы аўдыяверсіі гістарычных раманаў.

Святлана, як, бадай, усе людзі з залатымі рукамі, спачатку рабіла кветкі ў падарунак сваякам, сяброўкам, знаёмым. Потым пачалі прасіць зрабіць аналагічнае іх калегі, знаёмыя.

«Ну і проста вымушана была стаць прафесіянальным стваральнікам кампазіцый з халоднага фарфору», – жартуе майстар.

Цэны на інструменты для работы з халодным фарфорам (цікава, назва аднаго з іх — булька) высокія. Але пачаткоўцам не трэба адразу іх купляць. Можна выкарыстоўваць падручныя сродкі: аловак, зубачысткі, іголкі.

Кошт твораў майстар спачатку не захацела агучваць. Адчувалася, што няма ў яе камерцыйнай жылкі. Урэшце сказала, што за адну ружу, напэўна, папрасіла б рублёў пятнаццаць, а за вазон 40 рублёў, а мо і больш…

Грошы ж яна траціць на матэрыялы і інструменты. Лічыць, што няма мяжы дасканаласці. І якім бы ні быў узровень твораў, можна зрабіць яшчэ лепш. Мастак павінен пастаянна ўдасканальваць сваё майстэрства. І Святлана гэта робіць увесь час, нягледзячы на тое, што сама – інвалід другой групы па зроку.

«Увесь час з дзяцінства насіла акуляры. Вельмі хацела стаць настаўнікам, як мама, ці выхавальнікам. Але мама мяне пашкадавала і адгаварыла, каб са зрокам не з’явілася яшчэ больш праблем», – распавядае майстар.

Што датычыцца адукацыі, яна завочна скончыла палітэхнікум у Мінску. Там атрымала спецыяльнасць, звязаную з эканомікай, атрымала дыплом бухгалтара. А пачынала працоўную дзейнасць у аддзеле кадраў на віцебскім заводзе «Эвістар». У Брэсце, дзякуючы таварыству інвалідаў па зроку, паўгода вучылася на курсах камп’ютаршчыкаў. Інтэрнэтам навучылася карыстацца менавіта там, як і спампоўваць праграмы.

«У тэме, як той казаў. Магу дапамагчы знаёмым, калі нязначныя праблемы з кампом», – усміхаецца Святлана.

Ёй пакуль няма каму перадаць сакрэты майстэрства. Спадзяецца, што сын створыць сям’ю, дзе і народзіцца ўнучка. Канешне, і ўнуку будзе вельмі рада.

Гутарылі мы, дарэчы, у аддзяленні знаходжання для людзей з інваліднасцю тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна Віцебска. Загадчыца гэтай установы Алеся Сярогіна расказала, што творы спадарыні Святланы будуць прадстаўлены на выстаўцы творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.