«У кожнага з нас ёсць музыка душы». Хлопец з ДЦП спявае ў царкоўным хоры

Поддержи

19-гадовы Сямён Кавалевіч з пасёлка Целяханы Брэсцкай вобласці добра валодае сучаснымі тэхналогіямі, але сваё жыццё ён вырашыў звязаць з Богам. Мы запыталіся ў яго, чаму ён абраў такі шлях, і як гэта – адрознівацца ад сучаснай моладзі.

“Цэнтр мне шмат дапамог”

Па словах Сямёна, калі ён нарадзіўся, нельга было адразу сказаць, што нешта не так. Але калі прыйшоў час рабіць першыя крокі, пачаліся пытанні да здароўя хлопчыка.

– Маленькім я вельмі моцна кульгаў, не мог поўнасцю стаць на ступню, – узгадвае хлопец. – Урачы паставілі дыягназ ДЦП і прызначылі 2 ступень страты здароўя. Мая маці не пакінула ўсё на самацёк. Мы шмат ездзілі па бальніцах і рэабілітацыйных цэнтрах. Калі мне было 4 гады, адправіліся ў Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў, што ў Мінску.

Маленькага Сямёна вазілі ў гэты цэнтр тры разы на год. Хлопчык хутка пачаў паказваць добрыя вынікі, стан здароўя палепшыўся. У 14 гадоў яму зрабілі аперацыю на правай назе, пасля чаго ён поўнасцю стаў на ступню.

– Зараз цяжка нават заўважыць, што ў мяне ёсць дыягназ, – кажа Сямён. – Я хаджу, крышку кульгаю, але, як кажуць медыкі, гэтага таксама можна з цягам часу пазбавіцца. Цэнтр мне шмат дапамог, але я і зараз працягваю займацца лячэбнай гімнастыкай. Думаю, што з дапамогай Бога ў мяне ўсё атрымаецца. Дарэчы, пасля 18 гадоў мне групу інваліднасці не далі.

Сямён кажа, што рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў значыць для яго значна больш, чым звычайная медыцынская ўстанова.

– Дырэктар цэнтра, Людміла Мікалаеўна Кандрашова, стала для мяне калі не другой маці, дык сапраўдным сябрам, – расказвае хлопец. – Я заўсёды быў на пазітыве, меў добрыя адносіны з выхавацелямі цэнтра. Калі быў тут, то заўсёды ўдзельнічаў у творчых конкурсах, дапамагаў арганізоўваць канцэрты, рабіў відэаролікі. Гэтую маю актыўнасць і заўважыла Людміла Мікалаеўна.

Сямён расказаў чуллівую гісторыю, якую ён успамінае па сённяшні дзень. У цэнтры ёсць традыцыя: на Новы год дзеці пішуць лісты да Дзеда Мароза і вешаюць іх на “ёлку жаданняў”. Так хлопец аднойчы папрасіў у Дзеда Мароза музычную калонку.

– Я быў такі шчаслівы, калі атрымаў у навагодні падарунак гэтую калонку, – прызнаецца Сямён. – Да мяне тады пасля святочнага канцэрта падышла адна з выхавальніц цэнтра і запытала: “А ты ведаеш, хто ў гэтым годзе быў тваім Дзедам Марозам?” І я здагадаўся, што гэта Людміла Мікалаеўна.

Зараз Сямён, нягледзячы на тое, што ўжо паўналетні, працягвае наведваць рэабілітацыйны цэнтр. Але ўжо як супрацоўнік па SMM (прасоўванне ў сацыяльных сетках. – Заўв. аўт.).

– Я сачыў за старонкай Людмілы Мікалаеўны ў Facebook, куды яна выкладвала фотаздымкі з жыцця цэнтра, і ў мяне з’явілася ідэя, – тлумачыць суразмоўца. – Стварыць старонкі цэнтра ў розных сацсетках і напаўняць іх кантэнтам. І так ужо тры гады запар. Гэта ўсё раблю ад чыстага сэрца.

“Вось ужо пяць гадоў, як я спяваю ў царкоўным хоры”

Сямён Кавалевіч – хлопец з сельскай мяцовасці. Нарадзіўся ў Ганцавічах, але пасля разводу бацькоў ён разам з маці і двума сёстрамі пераехаў у вёску Выганічы.

– Сельскае жыццё давалася мне лёгка, – дзеліцца суразмоўца. – Я ў вёсцы пражыў большую частку дзяцінства і, шчыра кажучы, мне там было цудоўна. У нас была вялікая гаспадарка: карова, конь, куры, а таксама сабакі ды каты. А яшчэ я вырошчваў кветкі, якія паднімалі ўсім настрой. Вучыўся ў мясцовай школе, дзе было ўсяго 24 чалавекі, а ў маім класе – 5. Гэта было падобна да маленькай сям’і.

Калі хлопец пайшоў у сёмы клас, сям’і Кавалевічаў далі кватэру ў пасёлку гарадскога тыпу Целяханы, куды яны ўсе разам і пераехалі.

– Першым часам нават сумаваў па вёсцы, – прызнаецца Сямён. – Вядома, у бытавым плане жыццё палегчылася. Усе выгоды былі ў кватэры: гарачая вада, прыбіральня.

З Целяханамі звязана і знаёмства Сямёна з духоўным светам. З часу пераезду сюды ён стаў вернікам мясцовага Свята-Троіцкага храма.

– На Каляды прыйшоў у храм і спяваў разам з усімі, – расказвае ён. – Бацюшка заўважыў мяне і прапанаваў спяваць у царкоўным хоры. І вось ужо пяць гадоў, як я спяваю ў ім. Зараз мой духоўнік – бацька Васіль. Храм у Целяханах стаў для мяне другім домам. Тут я зразумеў, што хачу служыць Богу.

“Я буду маліцца за людзей, якія працягвалі мне руку дапамогі”

У сям’і Сямён адзіны, хто вырашыў звязаць свае жыццё са служэннем Богу.

– Я старэйшы ў сям’і, сёстрам – 18 і 14 гадоў, – дзеліцца хлопец. – Яны не разумеюць, навошта я стаўлю абразы ў сваім пакоі, чаму малюся кожны дзень. Але я не абражаюся на іх, бо ў іх іншае жыццё. Я, дарэчы, скончыў аграрна-тэхнічны каледж у Івацэвічах па спецыяльнасці “агароднік-азеляніцель, тынкоўшчык”. Але гэта зусім не для мяне, бо я чалавек творчы.

Для сябе Сямён вырашыў, што пасля каледжа будзе паступаць туды, куды яго вядзе душа і сэрца – у Мінскае духоўнае вучылішча. Па словах хлопца, ён хваляваўся, што з-за абмежаванняў здароўя яго туды не прымуць. Але дырэктар вучылішча – протаіерэй Іаан – супакоіў хлопца і сказаў, каб той рыхтаваўся да паступлення.

– Не чакаў, калі праўда, што ў вучылішчы сустрэну столькі шчырых людзей, – кажа ён. – Напрыклад, матушка Настасся стала для мяне добрым сябрам. Я буду маліцца за тых людзей, якія працягвалі мне руку дапамогі.

Сямён выбраў рэгенцка-спеўнае аддзяленне, вячэрнюю форму навучання. Праз тры гады атрымае спецыяльнасць “пеўчы ў царкоўным хоры”.

– Я мару ў будучым стаць святаром, – кажа хлопец. – Пакуль што буду вучыцца правільна спяваць. У кожнага з нас ёсць музыка душы. Дарэчы, у вучылішчы будуць выкладаць і опернае пра-
спяванне. Здаецца, гэта так цікава.

Малады чалавек упэўнены, што робіць правільны крок.

Дарыя Галоўчыц

Фота аўтара і з архіва Сямёна Кавалевіча

 

Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.