Тэрыторыя душы

Поддержи

У маі Офіс па правах людзей з інваліднасцю зладзіў канферэнцыю «Інфармацыйныя стратэгіі як інструмент падтрымкі людзей з інтэлектуальнымі і/ці псіхічнымі парушэннямі», дзе абмяркоўвалася, як людзі з такой інваліднасцю прадстаўленыя ў сродках масавай інфармацыі. Дата была абраная невыпадкова: 5 мая ў Заходняй Еўропе – гэта Дзень незалежнага пражывання. У канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў і журналісты.

офис по правам людей с инвалидностьюКуды хіснецца маятнік

Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі расказаў пра даследаванне, праведзенае Офісам разам з сацыялагічнай лабараторыяй «Новак» для высвятлення таго, як беларусы ставяцца да інвалідаў, як бачаць людзей з псіхічнымі парушэннямі. Вынікі атрымаліся нярадаснымі, але даволі прадказальнымі. Да прыкладу, амаль трэць беларусаў не гатовая да стасункаў з такім чалавекам, а тыя, хто гатовы, найбольш магчымымі лічаць сяброўскія і суседскія адносіны. І пры гэтым у атачэнні кожнага трэцяга нашага суайчынніка ёсць чалавек, які мае псіхічныя адхіленні. Атрымалася, што беларускае грамадства падзеленае на дзве амаль роўныя часткі: адныя разумеюць і прымаюць уключэнне інвалідаў у грамадства (51 % апытаных), іншыя (43 % рэспандэнтаў) лічаць, што людзей з псіхічнымі адхіленнямі трэба ізаляваць ад грамадства. Гэтая сітуацыя даволі трывожная, лічыць Сяргей Драздоўскі:

– Гэта свайго кшталту арэлі, маятнік. І ў які бок ён хіснецца ў наступны момант, цяжка сказаць.

Па рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя людзям з псіхічнымі парушэннямі варта праходзіць рэабілітацыю ў мясцовых супольнасцях, інакш кажучы, жыць незалежна, у такіх жа (ці амаль такіх) умовах, як і здаровыя людзі. Тое ж самае запісана і ў Канвенцыі аб правах інвалідаў. Пры гэтым у Беларусі на ўтрыманне людей у інтэрнатах ідзе нашмат болей сродкаў, чым на арганізацыю незалежнага пражывання для іх.

Дарэчы Сяргей Драздоўскі ўзгадаў пра даследаванне аб тым, як пішуць пра лю-дзей з інваліднасцю сродкі масавай інфармацыі. Як ні дзіўна, але нельга сказаць, што публікацый па гэтай тэме мала: каля 2 % інфармацыі ў СМІ датычыцца інваліднасці. Пры гэтым з пяці тэкстаў адзін будзе пра парушэнні здароўя, другі – пра безбар’ернае асяроддзе. І толькі 5 % ад агульнай колькасці публікацыяў, датычных інвалідаў, расказваюць пра людзей з псіхічнымі парушэннямі. Відаць, ёсць спадзяванне, што, калі не казаць пра праблему, можна ўявіць, нібыта яе не існуе ўвогуле.

Дзень асабістай незалежнасці

Прадстаўнік грамадскай арганізацыі «Перспектывы псіхічнага здароўя» (Літва) Эгле Шумскене расказала пра тое, як у Еўропе праходзіць Дзень незалежнага пражывання.

– Ладзяцца маршы, адбываюцца дэманстрацыі, мітынгі людзей з інваліднасцю. Чалавек пад час такога мерапрыемства можа адкрыта расказаць, як ён жыве, з якімі праблемамі сутыкаецца. Такі дзень – выдатная магчымасць звярнуць увагу грамадства на праблемы людзей з псіхічнымі парушэннямі, пагаварыць пра тых лю-дзей, якія працуюць у сацыяльнай сферы. У той жа час для краінаў, дзе размаўляюць па-руску, гэты дзень невядомы, – Эгле прадэманстравала, як яна зрабіла ў пошукавіку запыт «дзень незалежнага пражывання» і атрымала інфармацыю пра дні незалежнасці розных краінаў.

Насуперак стэрэатыпам

Дырэктар Мінскага клубнага дома «Адкрытая душа» і член Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў Вольга Рыбчынская расказала пра ініцыятыву «StopStigma», мэта якой – распаўсюджванне інфармацыі пра псіхічнае здароўе. Яна здзяйсняецца пад лозунгам «Не дазваляй стэрэатыпам думаць за цябе. Даведайся больш пра псіхічнае здароўе».

Да Сусветнага дня псіхічнага здароўя, што адзначаецца 10 кастрычніка, ладзіцца Тыдзень псіхічнага здароўя. Пад час яго наведнікі клубнага дома стараюцца выйсці ў свет, праводзяць разнастайныя акцыі. Напрыклад, у гандлёвым цэнтры «Сталіца» раздавалі налепкі і «StopStigma» буклеты з інфармацыяй, чым могуць дапамагчы чалавеку з псіхічнымі адхіленнямі яго родныя.

– Гэтая акцыя прайшла добра, – адзначае Вольга Рыбчынская, – у мінакоў не было нейкай дзіўнай ці непрыемнай рэакцыі. І нават калі нехта адмаўляўся браць буклет, то рабіў гэта спакойна, паважліва.

Руйнуем межы

Вольга Дамінікевіч распавяла пра дзейнасць дабрачыннай грамадскай арганізацыі «Свет без межаў», якую прадстаўляе:

– У нас дзве асноўныя мэтавыя групы: падлеткі, якія канфліктуюць с законам, выхаванцы і выпускнікі спецыялізаваных установаў, а таксама навучэнцы дамоў-інтэрнатаў (іх у Беларусі 10) – усіх іх называюць «дзяржаўныя дзеці». У большасці з іх няма бацькоў, апекуны – дырэктары ўстановаў, дзе знаходзяцца дзеці і падлеткі. Таму, калі мы хочам нечым дапамагчы, мы не можам ісці на канфлікт з кіраўніцтвам – мы толькі даем парады. Памятаю, калі мы толькі пачалі прыязджаць у інтэрнаты, там не хапала нават ежы, паўсюль патрэбны быў рамонт… Цяпер, калі гэтыя праблемы больш-менш вырашаныя, працуем над тым, каб змянялася стаўленне да выхаванцаў. Напрыклад, калі раней работнікі звярталіся да сваіх падапечных нецэнзурна, то цяпер гэтага амаль няма.

Пачыналі мы з абучэння супрацоўнікаў, асабліва малодшага медыцынскага персаналу – медсясцёр, нянечак. Іх жа звычайна ніхто не вучыць, бо ў іх працы нічога складанага як быццам бы няма. Ды і самі яны часта думаюць менавіта так. Мы ж стараемся паказаць, што яны самыя важныя супрацоўнікі, бо бліжэй за ўсё да выхаванцаў – кормяць, мыюць, даглядаюць іх. Важна даць людзям зразумець, што іх праца важная і патрэбная, і гэта матывуе працаваць лепей. З гэтай жа мэтаю мы пачалі збіраць партфоліо са здымкамі дзяцей. Першае фота – калі дзіця паступіла ў інтэрнат, далей на фатаграфіях адлюстравана, як яно мяняецца. І калі супрацоўнікі бачаць, як дзіцёнак пачынае ўсміхацца, рухацца, то разумеюць, што ўсё гэта зрабілі яны самі. І гэта дапамагае ім у пастаяннай будзённай працы, бо ў супрацоўнікаў інтэрнатаў ступень прафесійнага выгарання каласальная!

– Наогул жа стаўленне да людзей з псіхічнымі адхіленнямі страшнае, – яшчэ раз падкрэсліла Вольга. – Мы ладзім нямала мерапрыемстваў для выхаванцаў інтэрнатаў у розных рэгіёнах Беларусі, запрашаем вядомых асобаў, прадстаўнікоў улады, журналістаў. Памятаю, тэлевізіёншчыкі здымалі сюжэт, мы паказалі ім таленавітых дзяцей, але іх здымаць не захацелі, бо ў дзетак была цяжкая форма ДЦП. Аднойчы нам прапанавалі да інтэрнатаўцаў прыставіць пост міліцыі – «бо яны ж пакусаюць усіх, згвалцяць». Таму грамадства трэба вучыць нармальнаму стаўленню да інвалідаў, само сабою яно не з’явіцца. Падрыхтоўка спецыялістаў акурат была і застаецца самым складаным момантам, бо педагогаў, медыкаў, дэфектолагаў не рыхтуюць да працы з людзьмі, якія маюць псіхічныя адхіленні, яны не гатовыя да такой працы эмацыйна, іх светапогляд не сфармаваны для гэтага.

Фільм, фільм, фільм!

Ядвіга Лукашык расказала пра Цэнтр сучаснай культуры «Бегущая черепаха», дзе яна працуе.

– Сучасны чалавек штодзённа ў інтэрнэце бачыць каля 3 000 паведамленняў, праз іх трэба літаральна прадзірацца, але што ён бачыць? У асноўным негатыў: катастрофы, аварыі і падобнае. Натуральна, ад гэтага стамляешся. Таму мы стараемся забаўляць людзей. Мы працуем з аўтарскімі фільмамі, не з шырпатрэбам, – адразу расставіла кропкі над «і» выступоўца. – У нашых фільмах няма ніякай маніпуляцыі, бо калі пачынаецца маніпуляцыя, уся прыгажосць у адзін момант знікае. А чалавек паглядзіць нашыя фільмы і сам зробіць высновы.

Каб не быць галаслоўнай, Ядвіга расказала пра фільмы, знятыя пры падтрымцы «Бегущей черепахи»:

– Самая паспяховая нашая праца – гэта сацыяльная драма «Души мёртвые» Віктара Красоўскага, лепшы фільм Беларусі 2016 года (у здымках фільма ўдзельнічалі работнікі сацыяльнага прадпрыемства «АртИдея», – заўв. аўт.). Кароткаметражка «Жизнь в клетчатой сумке» Андрэя Палупанава, лепшы гульнявы фільм 2012 года, расказвае пра дзяўчыну з псіхічным захворваннем, якая ўсе заробленыя грошы выдаткоўвае на сабак у прытулку. Ёсць і іншыя фільмы: мастацкая кароткаметражка «Коля едзе» Сяргея Сергіенкі – пра падлетка з ментальнай інваліднасцю, дакументальная стужка «Сила мотыльков» Рамана Раманава – пра тэатры, у якіх выступаюць інваліды… Мы бачым, што паступова сацыяльная тэма робіцца моднай, усё больш людзей звяртаюцца да яе. Але беларусам яшчэ ёсць куды рухацца. Напрыклад, у ЗША праз кіно паказваюць пэўныя праблемы, выхоўваюць у людзях талерантнасць. У Беларусі ж можна паспрабаваць звярнуцца да грамадства, але гэты зварот пачуюць далёка не ўсе.

Ніна КАЗЛЕНЯ

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.