Танцуй, пакуль жывеш. Як існуе чалавек з інваліднасцю з Іванава

Поддержи

На самой справе, у госці да Васіля Казака я з’ездзіла яшчэ ў ліпені. Але бывае так, што ў сілу розных абставін адразу ты не можаш пераварыць тое, што пачуў і пабачыў. Нарэшце працэс пераварвання інфармацыі ў мяне прыпыніўся.

Убогая хатка ў цэнтры Іванава
Инвалид из ИвановоУсё пачалося з ліста, які прыйшоў з горада Іванава Брэсцкай вобласці. Гэты ліст трапіў у рукі мне, таму я патэлефанавала па ўказаным тэлефоне яго аўтарцы – Валянціне Казак. Але слухаўку падняў яе сын Васіль і сказаў, што яго маці – інвалід першай групы і яна ляжачая. Cтала зразумела, што ліст напісаў ён. Гэты званок, па шчырасці, дадаў мне нотку таямнічасці і пераканання ў тым, што трэба збірацца і ехаць на Палессе.
Шлях з Мінска да Іванава няблізкі. Тым больш да яго ходзіць толькі адзін цягнік на суткі – начны. Таму на Іванаўскім вакзале я была ўжо а палове на шостую ранку. На пазначаны адрас я даязджала на першым гарадскім аўтобусе і выйшла ў цэнтры горада, павольна крочыўшы па прыватным сектары.
Сярод дагледжаных дамоў хата Васіля вылучылася адразу: неахайны плот, высокая трава, амаль непратаптаная сцежка і напаўзруйнаваная хата… У прынцыпе, усё так, як і было напісана ў лісце. Да гэтага непрыгляднага пейзажу дадаўся інтэршум у выглядзе брахання некалькіх сабак.
– Сціхніце! – пачулася за плотам.
Нарэшце сабакі прыціхлі, а Васіль адчыніў мне вароты. Перада мной стаяў мужчына, які трымаўся за кіёк.
– Добры дзень у хату! – па-беларуску вітаецца ён са мной.


Инвалид из ИвановоВасіль запрасіў мяне прайсці ў дом. На двары было брудна і мокра. Калі са скрыпам адчыніліся дзверы ў хату, то ў нос кінуўся невыносны пах старых рэчаў, прагнілых брусоў і адходаў котак.
Гаспадар прапанаваў мне прысесці на вольнае крэсла – на канапе кот разліў суп. Катоў у гаспадара шмат. Усе яны хворыя, худыя.
– Вось гэтую, – Васіль паказвае на шэрую котку, – знайшоў каля царквы, калі вяртаўся са службы. –
І яна нібыта прасіла, каб я яе ўзяў да сябе.
Я знайшла для сябе больш-менш чысты зэдлік і прысела. Агледзелася. На кухні стаялі новая пліта і халадзільнік. Астатняе – сцены, столь, шпалеры, мэбля – знаходзілася ў аварыйным стане.
Васіль сеў насупраць. Глянуў на мяне сваімі глыбокімі блакітнымі вачыма. І я зразумела, што там, у іх, боль, нявыказанасць, ідэі і пакуты даўжынёю ў цэлае жыццё.
Трагедыя сям’і
Мы з Васілём сядзім, размаўляем. Раптам у суседнім пакоі закашлялася жанчына.
– Прабачце, гэта мая мама. Яна ляжачая, – прабачаецца Васіль Міхайлавіч.
Маці Васіля Валянціна – інвалід першай групы. Яна перанесла тры інсульты, але ляжачай стала не так даўно: упала і зламала бядро. А нядаўна ў такім стане яна ўмудрылася падхапіць пнеўманію.
Па словах Васіля, калі прыходзіць нянечка, то яны садзяць Валянціну ў інвалідны вазочак і вязуць абедаць за кухонны стол. Пакуль я там была, Валянціна знаходзілася ў паўзабыцці. Я не пачула ад яе ні слова, толькі кашаль.
– Дактары прыходзяць да нас, глядзяць маці, нічога не магу сказаць, – дзеліцца Васіль. – Але лекі выпісваюць дарагія.
Сам Васіль скончыў медыцынскае вучылішча ў Пінску. Доўгі час ён жыў у Мінску і працаваў на машыне хуткай дапамогі.
– Калі я жыў у Мінску, маці заўсёды перадавала мне аўтобусам свае бульбяныя піражкі. Яны мяне вельмі грэлі, – узгадвае Васіль.
Па яго словах, у Мінску ён мае сацыяльнае жыллё.
Сам Васіль хварэў на рак крыві і меў пухліну галаўнога мозгу.
– Гэтая хвароба забрала ў мяне зубы, – кажа Васіль. – Я ляжаў чатыры гады і не падымаўся. А мая маці-інвалід мяне выходжвала.
З хваробы Васіль выбраўся. Але яе наступствы пераследуюць дагэтуль.
Сум па бацьку
Инвалид из ИвановоНайбольш цяжка Васілю казаць пра свайго бацьку, які памёр увесну праз тое, што ў яго адарваўся тромб. З яго слоў, у аптэках перасталі прадаваць гамеапатычныя сродкі. На яго думку, менавіта яны трымалі бацьку здаровым.
Бацька Васіля ўсё жыццё адпрацаваў медыкам у раённай бальніцы – выходжваў нованароджаных дзетак. Бацька таксама меў інваліднасць. Таму цэлая сям’я змагалася за жыццё, чапляючыся адно за аднаго.
Зараз і Валянціна, і Васіль атрымліваюць пенсіі па інваліднасці.
– Гэтыя грошы ідуць на лекі, – падзяліўся Васіль.
У Васіля ёсць дзве цёткі: адна жыве ў Пінску, другая – у Брэсце. Але ні адна, ні другая не хочуць нічога чуць пра Васіля.
– Яны ад мяне адмежаваліся ўжо даўно, – з болем прызнаецца Васіль. – Цёткі называюць мяне дурнем, кідаюць слухаўку тэлефона. Калі я прыязджаў да іх у госці, яны проста не пускалі мяне на парог. Інваліды зараз нікому не патрэбны.
Васіль правёў мяне па сваёй хаце. Калісьці яна сапраўды была гожая. Ён паказаў сваю маці, якая ляжала ў паўзабыцці. Прывёў у свой працоўны кабінет, дзе Васіль вывучае кнігі па рэабілітацыі інвалідаў. Васіль кажа, што праз частае мыццё ў яго засталася толькі дзіравая пасцельная бялізна. Таму ён шчыра просіць матэрыяльнай дапамогі. А таксама мужчына спадзяецца на тое, што для яго знойдзецца апякун.
Сувязь з Іванаўскай раённай арганізацыяй
З Іванаўскай арганізацыяй БелТІ Васіль з бацькам сутыкнуліся выпадкова. Аднойчы іх паклікалі ў будынак, дзе месцілася раённая арганізацыя, па гуманітарную дапамогу.
Инвалид из Иваново– Мы зайшлі ў гэтую хату – і я ахнуў… Паўсюль былі раскіданы рэчы. Сцены – пустыя. Праз вокны дзьме вецер… Былая кіраўніца арганізацыі стаіць і кутаецца ў пухавік… Мы, канечне, узялі тую бульбу, якую нам прапанавалі. Але з бацькам прыйшлі дадому і вырашылі, што трэба нешта рабіць. Прынамсі, для пачатку мы ўступілі ў арганізацыю.
Пасля, па словах Васіля, прыязджаў і Уладзімір Патапенка, слухаў чальцоў Іванаўскай раённай арганізацыі. У выніку інвалідам далі новае памяшканне.
Васіль заўжды намагаецца дапамагчы мясцовым інвалідам.
– Я ніколі не адмаўляю ў дапамозе, хоць сам ледзь хаджу. Мой бацька заўсёды казаў: танцуй, пакуль можаш. Вось я і рухаюся.
Калі я мусіла сыходзіць на маршрутку, Васіль не адпускаў мяне, пакуль не агледзела яго калісьці багаты сад. Там і алыча, і яблыні, і грэцкія арэхі, і грушы… Мужчына ходзіць па садзе і зноўку распавядае з любоўю пра сваю сям’ю і дзяцінства. Напэўна, гэты зарослы сад – адзіны напамін пра нешта бесклапотнае і светлае.
***
Тыдзень таму Васіль мне патэлефанаваў і сказаў, што пасля нашай сустрэчы яго хвароба абвострылася, таму яго паклалі ў бальніцу ў Пінск. Маці ж забралі ў сацыяльную бальніцу, дзе яе дагэтуль даглядаюць. Я паклала трубку і падумала: ці будзе такі момант у жыцці гэтага чалавека, калі ён нарэшце пачне жыць, а не змагацца за сваё жыццё? Гэтае пытанне, напэўна, так і застанецца рытарычным.

Вікторыя ЧАПЛЕВА
Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.