Свет на кончыках пальцаў
15 лютага ў моладзевым цэнтры «Прыступкі» адбыўся майстар-клас па вырабе развіваючых трэнажораў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Што такое бізіборды і для каго яны прыносяць рэальную карысць – разбіраемся разам.
У гэты дзень падтрымаць пачынанне прафесіяналаў прыйшлі валанцёры мноства арганізацый. Сярод удзельнікаў мерапрыемства прадстаўнікі Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа паліграфіі, Мінскага гандлёвага каледжа і многіх іншых. Яшчэ да пачатку дзейства валанцёры актыўна цікавіліся майстар-класам, маладыя людзі з энтузіязмам успрынялі магчымасць дапамогі дзецям.
Мерапрыемства прымеркавана да Тыдня дабра, які будзе праходзіць з 26 сакавіка па 1 красавіка ў Мінску. Дзякуючы крэатыўна-інавацыйнаму цэнтру, Біржы сацыяльных праектаў і Мінскаму дзяржаўнаму палацу дзяцей і моладзі многія выхаванцы сталічных Цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі атрымаюць магчымасць вучыцца самастойнасці на развіваючых трэнажорах – бізібордах.
Ні для каго не сакрэт, што дзяцей прыцягваюць у першую чаргу не стандартныя пластыкавыя цацкі з крамы, а мамчын тэлефон ці татаў пульт ад тэлевізара. Менавіта гэты прынцып і пакладзены ў само разуменне такой прылады, як бізіборд. Ён уяўляе сабой адмысловую развіваючую дошку для адпрацоўкі найпрасцейшых з пункту гледжання здаровых людзей навыкаў, але працаёмкіх для людзей з абмежаваннямі здароўя. Гэта такія навыкі, як завязванне шнуркоў, адкрыццё дзвярной засаўкі і іншае. На прыладзе звычайна размяшчаюцца розныя клямкі, пацеркі, дзверцы, ланцужкі, кнопачкі. З дапамогай дошкі дзіця, у першую чаргу, вучыцца націскаць, адкрываць, круціць розныя прадметы. Пра тое, як можна дапамагчы асаблівым дзецям, распавяла валанцёрам настаўнік-дэфектолаг Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Маскоўскага раёна Яна Шарамецьева:
– Самае галоўнае, чаму мы павінны навучыць нашу катэгорыю дзяцей – максімальная адаптацыя да жыцця. У гэтым дапамагаюць бытавыя прылады: пачынаючы ад простых мяшочкаў, заканчваючы складанымі бізібордами, дзе можна размясціць некалькі відаў зашпілек, сюжэтную карціну і г.д.
Дзяўчына ўжо не першы год працуе з асаблівымі дзецьмі, таму не па чутках ведае, чаго менавіта не хапае выхаванцам ЦКРНіР. Па сутнасці, развіваючую дошку можна зрабіць сваімі рукамі або купіць гатовую. Аднак фабрычныя варыянты не заўсёды адказваюць патрабаванням сучаснай педагогікі. І, вядома ж, выраб, які выйшаў з-пад рук педагогаў і валанцёраў, будзе цаніцца больш, чым безаблічная штампоўка. На такі дапаможнік можна замацаваць непрацуючую разетку з вілкай, выключальнік, ручкі ад дзверцаў шафы або кручок на дзверы, шнуроўкі, кнопку званка і нават кругавы цыферблат ад старога тэлефона. Гэта можа быць усё, што можна чапаць, рухаць, разглядаць без якой-небудзь пагрозы для жыцця і здароўя. Як правіла, дзецям падабаецца асвойваць свет такім чынам.
Бізіборд – гэта ўнікальны развіваючы цэнтр, сапраўды карысная рэч. У адрозненне ад большасці дзіцячых цацак ён займае няшмат месца, бо звычайна з’яўляецца плоскім.
– Картонка павінна быць цяжкая, грунтоўная, – праінструктавала валанцёраў Яна, – дзіця, у якога ёсць парушэнне дробнай маторыкі, напрыклад, ДЦП, спрабуючы зашпільваць, будзе без канца круціць дошку, і яна будзе падаць. Таму лепш, каб гэта быў статычны дапаможнік.
Асабліва цэняцца ўніверсальныя дошкі, якія нясуць у сабе некалькі функцый: напрыклад, зашпільванне ліпучак і суаднясенне колераў. Дапаможнікі таксама называюць развіваючай дошкай, дошкай з замочкам, развіваючым модулем, куфэркам для развіцця, дошкай Мантэсоры, займальнай дошкай.
Вядома, што прататып сучаснага дапаможніка быў выраблены яшчэ ў 1907 годзе самой Марыяй Мантэсоры. У свой час яна прапанавала змясціць на навучальным стэндзе разнастайныя падручныя прадметы хатняга ўжытку, з якімі дзіцяці рана ці позна трэба будзе сутыкнуцца на практыцы. У сучаснай інтэрпрэтацыі нават існуюць гендэрныя перавагі. Для хлопчыкаў выкарыстоўваюць буйныя гайкі і балты, спружыны, шпінгалеты, ланцужкі і дзвярныя гаплікі, разеткі, выключальнікі, руль ад дзіцячага аўтамабіля, компас, цыферблат і стрэлкі ад гадзіннікаў, тэлефонныя дыскі, сапраўдны водаправодны кран і нават маленькія бытавыя шалі, дзе замест гапліка замацоўваюць кальцо. Дзяўчынкам звычайна цікавей разеткі з вілкамі, запорныя механізмы, гадзіннічкі, маленькія лічыльнікі, клавіятура ад калькулятара. Таксама можна прымацаваць разнастайныя гаплікі, шнуроўкі, гузікі, кнопкі. Досыць цікава вытрымаць бізіборд у адзінай тэматыцы. Напрыклад, рэтра-бізіборд з рахункамі, барабанам ад тэлефона, старымі перамыкачамі і кнопкамі.
Да ўсяго іншага, дапаможнік спрыяе развіццю прычынна-следчых сувязяў. Дзіця пачынае разумець, што спачатку круцім ручку, а толькі потым націскаем і адкрываем. А гэта для выхаванцаў з абмежаваннямі сапраўдны подзвіг. Магчыма, кагосьці гэта здзівіць, але выкарыстанне развіццёвай дошкі спрыяе ўзбагачэнню ўяўлення. Дзіця самастойна можа прыдумаць, напрыклад, як яшчэ можна выкарыстоўваць ключ. А што, калі яго паспрабаваць прасунуць у іншую адтуліну? Такую цікаўнасць трэба заахвочваць і даваць «даследчыку» паспрабаваць свае сілы. Аднак у любой справе існуюць свае нюансы. Ёсць катэгорыя дзяцей з асаблівасцямі, якім не рэкамендавана вучыцца ўстаўляць вілку ў разетку. Таму што дзіця, маючы глыбокае інтэлектуальнае парушэнне, будзе гэта рабіць пры першай жа магчымасці.
У вырабе бізібордаў рабіць упор рэкамендавана на зашпількі. Калі выхаванец, маючы парушэнні каардынацыі і руху, не можа самастойна надзець куртку і прасунуць рукі ў рукавы, ён зможа затое зашпіліць кнопкі. Гэта ўжо пэўны ўклад у развіццё яго самастойнасці.
– Я доўга працавала з дзецьмі з ДЦП, і ў мой час не было такіх выдатных рэчаў. Я думаю, гэта вельмі карысна, бо заўсёды трэба пачынаць з такіх вось мінімізаваных рэчаў. Гэта вельмі важны фактар, – падзялілася сваёй думкай прадстаўнік Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Ірына Лабанок.
Таксама на майстар-класе была нададзена ўвага і іншым неабходным дапаможнікам. Спікеры падзяліліся з валанцёрамі назіраннямі пра тонкасці вырабу сэнсарных пано, бізібукаў, сэнсарных фіранак і дарожак. Іх вытворчасць хоць і патрабуе ўвагі, аднак вырабіць такія рэчы нескладана. Напрыклад, сэнсарныя шторкі – дапаможнік, які мацуецца да столі і ўяўляе сабой розныя стужкі. Палосы могуць быць розных колераў, на іх нашываюць гузікі, мех, пластмасавыя трубачкі. Такія вырабы таксама не бываюць лішнімі ў працы з дзецьмі з АПФР. Галоўнае – разнастайнасць тактыльных адчуванняў. Калі ж казаць пра сэнсарныя дарожкі, то, як падкрэсліваюць спецыялісты, разнастайная фактура дазваляе выкарыстоўваць як паралон, губкі, трубачкі, алоўкі, так і больш просты напаўняльнік. Абавязковым толькі з’яўляецца надзейная фіксацыя трэнажораў. Асобная частка лекцыі была прысвечана распрацоўцы сэнсарных пано і бізібукаў. У першым выпадку спецыялісты параілі надаць асаблівую ўвагу падбору напаўняльніка, у другім – узроўню тактыльнасці.
Безумоўна, валанцёры засталіся задаволеныя майстар-класам і той інфармацыяй, якую атрымалі. Па задумцы арганізатараў, да 25 сакавіка ўдзельнікі акцыі змогуць вырабіць трэнажоры ўласнага дызайну, а ўжо з 26 сакавіка стартуе маштабная акцыя «Тыдзень Дабра», на працягу якой валанцёры паспеюць падарыць свае працы некаторым цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У асобных установах таксама чакаецца забаўляльная праграма для выхаванцаў.
Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.