Страціў зрок, але не годнасць. Як у Віцебску невідушчы хлопец жыве актыўным жыццём і дапамагае дзецям з асаблівасцямі

Поддержи

Антон Шмялёў – лабарант кафедры медыцынскай рэабілітацыі і фізічнай культуры ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Ён дапамагае будучым дактарам засвоіць метады сацыяльнай рэабілітацыі людзей з інваліднасцю. Антон як ніхто іншы ведае вартасць не толькі медыцынскай, але і сацыяльнай рэабілітацыі, бо менавіта яна падарыла яму другі шанец на паўнавартаснае жыццё пасля таго, як хлопец страціў зрок.

Страта зроку

Зараз Антону 34 гады. Зрок хлопец пачаў страчваць, калі яму было 23 гады. Антон тады працаваў на прадпрыемстве «Кераміка», быў мужам і бацькам… Дактары не маглі зразумець, у чым прычына: паказчыкі былі добрыя, толькі зрок несупынна пагаршаўся і ў аналізах быў павышаны паказчык хуткасці асядання эрытрацытаў.

Антон Шмялёў

Аказалася, што Антон хварэў на хваробу Бехцерава – сістэмнае хранічнае захворванне пазваночніка, якое характарызуецца запаленнем міжпазваночных суставаў. Толькі спіна ў яго забалела ўжо пасля, калі зрок ужо нельга было ўратаваць. Калі дыягнаставалі хваробу, спачатку Антону далі 3-ю групу інваліднасці, пасля – 2-ю, а ў 2016 годзе далі 1-ю групу, калі Антон ўжо не бачыў анічога.

– Добра, што ў мяне зрок знікаў паступова, – дзеліцца Антон. – Я быў гатовы да поўнай яго страты, таму пакрысе адаптаваўся.

Антон звольніўся з працы адразу, як яму далі групу. Пасля ён доўгі час не працаваў, бо з групай інваліднасці ўладкавацца на працу было цяжка. З жонкай ён развёўся, кажа, што да гэтага ўсё і ішло. Пераехаў да мамы – і аказаўся зусім бездапаможны.

– Калі я канчаткова страціў зрок, адразу ўзнікла пытанне мабільнасці, бо заўжды вёў актыўны лад жыцця, – распавядае Антон. – Я не ведаў тады, што можна карыстацца кіем, спецыяльнымі дадаткамі на тэлефоне і камп’ютары, каб чытаць кнігі. Я ведаў, што ёсць аддзяленне рэабілітацыі для інвалідаў па зроку ў Віцебску, але далёка не адразу яго знайшоў: чамусьці ніхто мне не мог падказаць, дзе яно знаходзіцца.

Жыццё змяніла рэабілітацыя

Пра перыяд, калі Антон застаўся адзін, ён кажа так: «У гэты перыяд я стаў бліжэй да Бога. Я агучыў Яму тры сваіх пажаданні: мець магчымасць чытаць Бібілію, стаць самастойным і знайсці жонку».

Хутка ён знайшоў Біблію ў аўдыёфармаце, стаў вывучаць. Пасля знаёмыя падказалі маці Антона, што існуе такая арганізацыя, як БелТІЗ. Там яму і падказалі пра аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў па зроку пры Віцебскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. На рэабілітацыі ён пазнаёміўся з будучай жонкай, бо яна працавала там сацыяльным работнікам. Так, Бог нібыта даў усё тое, што Антон прасіў і што было для яго неабходна.

– Што вам дала сацыяльная рэабілітацыя?

– Найперш я змог самастойна хадзіць. Я засвоіў кій! Я лічу, што ўсе невідушчыя павінны ўмець хадзіць з кіем. Засвоіў і шрыфт Брайля, але я ім не карыстаюся, бо карыстаюся дадаткамі на тэлефон і камп’ютар.

– Ці не засмучала вас, што ваша будучая жонка бачыць, а вы – не?

– Не. Усе нашы праблемы ў нас у галаве. Калі ты сам у сябе не верыш, то хто ў цябе паверыць? У мяне не было праблем у кантактаванні з супрацьлеглым полам ні да страты зроку, ні пасля.

Падчас праходжання рэабілітацыі Антона паклікалі гуляць у футбол: «Я ведаў, што такое футбол. Але як гэта – гуляць у яго невідушчым? Але паспрабаваў, уцягнуўся. З таго часу гульня ў футбол для невідушчых стала маім хобі». Антон разам з віцебскай футбольнай камандай часта ездзіць на спаборніцтвы па Беларусі і на кубкі Еўропы за мяжу. У мінулым годзе Антону далі майстра спорту па футболе.

Антона ў хуткім часе сталі прыцягваць да валанцёрскай групы ад медыцынскага ўніверсітэта: «Мы працавалі са студэнтамі з 6 курса, выпускнікамі ўніверсітэта. Распавядалі пра кантактаванне з людзьмі з асаблівасцямі, размаўлялі пра моманты сацыяльнай рэабілітацыі».

У хуткім часе Антону прапанавалі не проста валанцёрства, а працу на кафедры. Хлопец не задумваючыся пагадзіўся: з таго моманту, як ён атрымаў групу інваліднасці, афіцыйную працу ён сабе так і не знайшоў. Спачатку ён уладкаваўся на 0,25 стаўкі, а пасля – на стаўку. Зараз ён працуе лабарантам кафедры медыцынскай рэабілітацыі і фізічнай культуры ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

Як лабарант Антон працуе з дакументамі ў Word. Са студэнтамі 6 курса Антон праводзіць заняткі па рэабілітацыі: «На гэтых занятках, канечне, пануе больш асветніцкая скіраванасць, бо і ў дактароў таксама ёсць такі стэрэатып, што інвалід мусіць сядзець дома. А падыход патрэбны да кожнага, патрэбна, каб была фізічная рэабілітацыя, не абавязкова футбол, як у мяне, можна, напрыклад, плаванне. Я распавядаю пра рэабілітацыю і пра сродкі рэабілітацыі шмат: пра кій, Брайль, побытавыя рэчы і абслугоўванне сябе».

/

Кажу, што адзінае, з чым не пасябраваў, – дык гэта з духоўкай, але толькі таму, што не засвоіў яе раней. Асабістым прыкладам я паказваю, што і без зроку можна жыць шчаслівым жыццём.

/

У мінулым годзе Антон паступіў у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава на факультэт сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі. Зараз хлопец рыхтуецца да сваіх першых іспытаў.

Праекты

На сваёй працы Антон сябе знаходзіць і рэалізоўвае поўнасцю таму, што яшчэ супрацоўнікі там займаюцца актыўнай валанцёрскай дзейнасцю, трансфармуючы свае веды ў дапамогу віцебскім сем’ям, дзе ёсць дзеці з інваліднасцю. Адзін з такіх праектаў – рэабілітацыйна-спартыўная група «Разам», якая спрыяе адаптацыі дзяцей і дарослых з рознымі псіхафізічнымі асаблівасцямі ў паўсядзённым жыцці. Для дасягнення гэтай мэты выкарыстоўваюцца розныя спартыўныя рухомыя і інтэлектуальныя гульні. Заняткі прахо-
дзяць на базе малой спартыўнай залы кафедры медыцынскай рэабілітацыі і фізічнай культуры ВДМУ. Спачатку заняткі планаваліся для невідушчых дзяцей і дарослых. Але пасля на іх сталі прыходзіць і дзеці з ДЦП, і з сіндромам Даўна, і з аўтызмам.

– Чаму гэтыя заняткі патрэбныя? – разважае Антон. – Таму што не паўсюль нават платна дзеці з асаблівасцямі могуць проста пакідаць мяч. А ў нас гэта можна зрабіць бескаштоўна. Праўда, праз пандэмію заняткі пакуль не праходзяць.

Супрацоўнікі і валанцёры кафедры рэалізоўваюць яшчэ адзін праект: на базе аднаго гарадскога сямейна-забяўляльнага комплексу «Z-park» кожную суботу яны дзве гадзіны бескаштоўна займаюцца з сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Антон распавядае яшчэ і пра творчую рэабілітацыю: ён адказны за арганізацыю канцэртаў пры ВДМУ, дзе нумары рыхтуюць дзеці і дарослыя з рознымі формамі інваліднасці.

Безбар’ернае асяроддзе ў Віцебску

Калі Антон стаў працаваць, то яму прыйшлося навучыцца быць самастойным: засвоіць тры маршруты ад пад’езду дома да працы, пры тым што працуе ён у розных карпусах універсітэта.

– Калі прыходжу на прыпынак, пытаю ў людзей пра нумары аўтобусаў. Калі на прыпынку нікога няма, то адной нагой заходжу ў транспарт і пытаю там людзей. Калі транспарт не мой, тады выходжу. Няма калі расслабляцца.

Антон прызнаецца, што безбар’ернага асяродку для невідушчых у Віцебску амаль няма: ёсць асобныя часткі горада, дзе пакладзена тактыльная тратуарная плітка. У сваю чаргу пытаю ў Антона, якое меркаванне ён мае пра галасавы маршрут, які не так даўно зрабілі ў Віцебску з дапамогай гукавой навігацыйнай сістэмы «Крокі на гукі» каля прадпрыемства «Элект» БелТІЗ.

– Я правяраў яго, але не назваць яго галасавым маршрутам, – дзеліцца Антон. – Так, гукавая сістэма ўсталявана на канкрэтных аб’ектах, каб невідушчы змог знайсці ўваход у гэтыя будынкі. Дык а як яму дайсці да самога гэтага маршрута? Я не магу назваць гэта галасавым маршрутам. Хутчэй, гэта прылада, якая дапамагае мне знайсці ўваход у банк, аптэку, тэрытарыяльны цэнтр, напрыклад. На мой погляд, каб невідушчы мог хадзіць сам, трэба выкласці тактыльнай пліткай горад. Тады спатрэбіцца толькі ўзяць кій – і можна крочыць.
Напрыканцы размовы пытаю ў Антона, ці зразумеў ён у выніку, для чаго яму была дадзена слепата.

– Канечне, зразумеў! – аптымістычна адказвае Антон. – Калі б не слепата, я б ніколі не прыйшоў да Бога.

 

 

Вікторыя Чаплева
Фота з асабістага архіва Антона Шмялёва

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.