«Рабі дабро». Андрэй Клок з Івянецкага дома-інтэрната займаецца спортам, здымае відэакліпы і марыць пра студэнцкае жыццё
Відэакліп Андрэя з каверам на песню вядомага спевака Шуры набраў у сацсетках больш за дзве тысячы праглядаў
Можна бясконца скардзіцца на лёс і захоўваць у сэрцы крыўду на ўвесь свет, а можна пачаць жыць сваё лепшае жыццё. Так лічыць наш юны суразмоўца. Андрэю Клоку з Івянецкага дома-інтэрната 18 гадоў. Нягледзячы на страту бацькоў і фізічныя асаблівасці, хлопец не думае здавацца і заклікае ўсіх “рабіць дабро”.
“У мяне няма крыўды”
З нараджэння Андрэй Клок мае паталогію ног, з-за чаго вымушаны перасоўвацца ў інваліднай калясцы. Сваіх бацькоў не памятае – маці пакінула яго ў радзільным доме.
– На маці ў мяне няма крыўды, – як здарылася, так здарылася, – шчыра распавядае Андрэй. – Я ведаю, што нарадзіўся ў горадзе Слонім Гродзенскай вобласці. Маці сама з Расіі, у Беларусь прыехала на заробкі. Пасля майго нараджэння яна вярнулася дадому – у Падмаскоўе.
Амаль да 18 гадоў Андрэй не ведаў нікога са сваякоў і, як кажа сам, не задаваўся мэтай іх знайсці. Выпадкова ў сацыяльных сетках яго заўважыла сяброўка маці, якая і напісала Андрэю, што ў Расіі ў яго ёсць родныя браты і сястра.
– Наколькі ведаю, маці і бацькі ўжо няма ў жывых, але засталіся бабуля і малодшыя браты з сястрой, – працягвае сваю гісторыю Андрэй. – Яны не здагадваліся, што ў Беларусі ў іх ёсць родны чалавек. Бабуля вельмі доўга плакала ў тэлефоннай трубцы. Пасля віртуальнага знаёмства з сям’ёй я вырашыў, што, калі паступлю ва ўніверсітэт, абавязкова на канікулах наведаю расійскіх сваякоў. Зараз гэта, можна сказаць, мая галоўная мара.
“Тут мяне навучылі ўсяму”
Адразу пасля радзільнага дома Андрэя перавялі ў Гродзенскі абласны спецыялізаваны дом дзіцяці, дзе яго выхоўвалі да 4 гадоў. Пасля хлопчыка накіравалі ў Івянецкі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця.
– Тут мяне навучылі ўсяму, што я маю зараз, – расказвае хлопец. – Мне здаецца, калі б я трапіў у іншы інтэрнат, то наўрад бы займаўся творчасцю, спортам. Супрацоўнікі сюды не проста прыходзяць, каб адпрацаваць змену і пайсці дадому. Кожны з іх неабыякавы да нас, бачна, што яны любяць усіх выхаванцаў дома-інтэрната. У гэтым годзе мару стаць студэнтам, буду вельмі сумаваць па гэтым месцы.
У бягучым годзе Андрэй заканчвае 11 класаў, таму шмат часу аддае падрыхтоўцы да экзаменаў. Хоча паступіць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры ў Мінску.
– Зараз амаль цэлымі днямі вучу біялогію і рускую мову, – уздыхае хлопец. – Шчыра кажучы, я б хацеў прайсці на спецыяльнасць, звязаную з турызмам. Але там трэба здаваць матэматыку, а я з ёй не сябрую з дзяцінства. Таму буду спрабаваць прайсці на “спартыўнага псіхолага”.
Спартыўны ВНУ Андрэй абраў не проста так, бо хлопец займаецца лыжнымі гонкамі. Трэніроўкі праходзяць у Вяснянцы ў Мінску. Трэнер прыязджае за ім у Івянец і адвозіць у Мінск.
– Узімку трэнер прыязджаў амаль кожны дзень, каб я мог займацца. За гэта я яму вельмі ўдзячны, – кажа Андрэй. – Наогул люблю зімовыя віды спорту. Напрыклад, заўсёды з задавальненнем наведваю хакейныя матчы. Але галоўнае маё захапленне – гэта музыка.
“Рабі дабро”
Знаёмства з музыкай у Андрэя пачалося з праслухоўвання ў інтэрнаце. Музыкальны кіраўнік адразу заўважыў у яго талент.
– Я заўсёды імкнуўся да творчасці, – распавядае суразмоўца. – Шмат гадоў займаўся танцамі на калясках, але ў мінулым годзе мая партнёрка з’ехала ў сталіцу. На святочных мерапрыемствах, якія праходзяць у інтэрнаце, часта бываю вядучым канцэртнай праграмы. А больш за ўсё я люблю спяваць і іграць на гітары. Па-першае, мне самому падабаецца, а па-другое, людзі прызнаюць мой талент. Напрыклад, восенню 2022 года заняў другое месца на Рэспубліканскім фестывалі творчасці дзяцей і маладых людзей з інваліднасцю “Мары збываюцца”.
Андрэй Клок не толькі віртуозна валодае музычным інструментам і сваім голасам, але і піша аўтарскія песні. Больш за тое, хлопец разам з сябрамі стварыў невялікі аматарскі “прадакшн” (працэс стварэння творчага прадукта).
– Упершыню натхненне для напісання песні прыйшло да мяне ў 15 гадоў, тады з’явілася мая першая музычная кампазіцыя – пра сям’ю, вядома, – усміхаецца суразмоўца. – Пішу рэдка, але трапна. Зараз у працэсе новы трэк – пра маленькую мару. Дзялюся сваёй творчасцю на старонках у сацыяльных сетках. Галоўная платформа майго прадакшна – YouTube (AndrePlys).
На старонцы ў YouTube хлопец, у асноўным, выкладвае відэакліпы з каверамі на песні вядомых выканаўцаў. Самым папулярным стала відэа з песняй Шуры – “Рабі дабро”.
– У гэтага кліпа больш за 2 тысячы праглядаў, – з гонарам кажа Андрэй. – У кліпе мы хацелі паказаць, як важна рабіць дабро, бо ўсё добрае нам вяртаецца. Мне прыемна, што нашу працу гледачы ацанілі. Старалася ўся наша каманда – хто адказваў за здымкі кліпа, нехта дзейнічаў як акцёр, хтосьці ўсталёўваў відэа паслядоўнасць.
Калі Андрэй кажа пра музыку, у яго гараць вочы. Мара – набраць 100 тысяч падпісчыкаў і праспяваць разам з Бастам.
– Трэба пераадолець сябе, калі здаецца, што няма сіл, і займацца тым, што падабаецца. Упэўнены, што людзі з інваліднасцю могуць зрабіць нават больш, чым некаторыя здаровыя.
Першая песня Андрэя:
Я не помню глаза, не помню я голос.
На подушке слеза, жизнь серых лишь полос.
Убиваю часы, туманом окутан.
В моем сердце печаль, и мысли запутанны.
Припев:
Привет, моя семья,
Скучаю.
Вас встречу, и печаль
Растает.
Я папу часто
Представляю.
Мне мамы очень не
Хватает.
Семья, я жду тебя.
Нет вестей, нет письма.
Позабыт, позаброшен.
Заберите меня, чемоданчик уложен.
Теплотой нежных рук
Хочу быть укутан.
В моем сердце печаль, и мысли запутанны.
Дарыя Галоўчыц
Фота з архіва Андрэя Клока
Самые интересные новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.