Пайсці і вярнуцца. Сюжэты з жыцця Ніны Мандрык з Сенненшчыны, якая нарадзілася ў разгар Вялікай Айчыннай вайны

Поддержи

Хутка завершыцца яшчэ адзін год… Менавіта ў 2025-м Беларусь адсвяткавала 80-годдзе Вялікай Перамогі. Усім ветэранам, дзецям вайны хочацца пажадаць у новым годзе моцнага здароўя і многае лета! Газета «Вместе!» не заставалася ўбаку і знаёміла сёлета сваіх чытачоў з цэлай галерэяй персанажаў, якія дзяліліся асабістымі гісторыямі свайго жыцця падчас ваеннага ліхалецця. Мы мяркуем, што трэба прадаўжаць гэтую серыю аповедаў, пакуль жывыя тыя, хто можа расказаць праўду з першых вуснаў. І сёння ў нашым матэрыяле аповед жанчыны, якая нарадзілася ў разгар вайны. Матуля многае расказвала ёй з таго, што прыйшлося перажыць у акупаванай вёсцы і як удалося выжыць.

Наша знаёмства

Пазнаёміліся мы з нашай гераіняй два гады таму ля вясковага помніка загінулым воінам Вялікай Айчыннай вайны. Праз год жанчына ў сталым узросце з сям’ёй зноў прыехала на тое ж месца. Яна згадзілася, каб наша размова была надрукаваная ў газеце. Бо разумее, як важна памяць аб мінулым для сённяшняга пакалення.

«Мне ўсяго толькі 28», – адказвае яна з усмешкай, калі пытаешся аб узросце. На самай жа справе, крыху пачакаўшы, прызнаецца, што 82. З пачуццём гумару нават у такім сур’ёзным узросце ўсё ў парадку!

Маці гераіні – Антаніна Анісімаўна Філіповіч

Жыве Ніна Мікітаўна Мандрык у вёсцы Засценкі, што пад Багушэўскам, у Сенненскім раёне. У гэтым населеным пункце ўсяго 53 хаты. І на новым пасёлку яшчэ дзевяць. Крамы няма, прыязджае аўталаўка. Калі былі жывыя суседкі нашай гераіні, машына з прадуктамі прыпынялася недалёка ад яе хаты. Цяпер жа трэба крыху прайсці. Гэта таксама добра, лічыць пенсіянерка. Не трэба заседжвацца на месцы!

Амаль усё жыццё Ніна Мікітаўна аддала Засценкам. Шэсцьдзесят гадоў таму выйшла сюды замуж. Працавала ў г.п. Багушэўск швачкай на прадпрыемстве. Нарадзіла трох сыноў – Мікалая, Уладзіміра і Віктара. Разам з мужам Анатолем Кірылавічам годна іх выхавалі. Мае шэсць унукаў і дзвюх праўнучак. Чытае кнігі, разгадвае красворды, глядзіць фільмы. Таксама трымае курачак і даглядае агарод. У сталіцы жыве яе родная малодшая сястра Валянціна. Як былі маладзейшыя, прыязджалі ў госці. Часта сёстры стэлефаноўваюцца.

Муж Ніны Мікітаўны Анатоль Кірылавіч працаваў усё жыццё кіроўцам у энергетычнай галіне, з’яўляўся ліквідатарам на ЧАЭС. Вось ужо як трынаццаць гадоў Ніна Мікітаўна пахавала свайго гаспадара. Аднак адчуваць сябе адзінокай не даюць дзеці, што жывуць з ёй у адной вёсцы. Сын Віктар і яго жонка Марына таксама абаснаваліся ў Засценках. Працуюць у суседнім пасёлку Багушэўск. Таму яны заўсёды заходзяць да маці, дапамагаюць ёй. Яшчэ два сыны жывуць у суседніх вёсках раёна.

Ніна Мікітаўна Мандрык-Сімаш у маладосці, 60-я гг.

Ля абеліска

Кожны год Ніна Мікітаўна разам з Віктарам, нявесткай Марынай і ўнукамі аб’язджае могілкі на малой радзіме, дзе пахаваны яе продкі, родныя і блізкія. Сёлета вырашылі заехаць у Смальяны ў Аршанскім раёне да дваюраднай сястры, якую даўно не бачыла. Штогод у дзень Перамогі шлях сям’і Мандрыкаў ляжыць на малую радзіму Ніны Мікітаўны – вёску Літусава, дзе стаіць абеліск 146-ці землякам, загінулым на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Сярод спісу загінулых ёсць прозвішча і яе бацькі – Сімаша Мікіты Васільевіча. 82-гадовая жанчына стаіць ля помніка спачатку моўчкі, як ні стараецца трымацца. Аднак слёзы самі наварочваюцца. Успаміны даюць выхад пачуццям. Пенсіянерка пачынае з гісторыі сям’і, узгадвае сваё дзяцінства, перадае тое, што захавала памяць з аповедаў маці Антаніны Анісімаўны Сімаш (Філіповіч у дзявоцтве).

Сёстры Ніна Мандрык і Валя Шымкова ў маладосці

Праводзілі салдата на фронт

Калі ў 1943 годзе бацьку забіралі на фронт, маці праводзіла яго, трымаючы маленькую Ніну на руках. Да таго ж Антаніна Анісімаўна на той момант была цяжарная. Пасля нарадзілася сястра Ніны Мікітаўны – Валя. Маладая маці адна гадавала дачок, жыла ў акупаванай вёсцы і думала, як выжыць. «Усяго было, усяго нацярпеліся», – распачала Ніна Мікітаўна…

«Я маленькая зусім была, а ўжо ведала бацьку. Мама на руках трымала мяне, як праважалі яго на фронт у 1943-м, а 28 ліпеня 1944-га тата загінуў. Нашай бабцы, яго маці – Сімаш Ульяне, прыйшла «пахаронка». Бацькавага тату, дзеда Васіля, я не ведала ўвогуле, а бабу Ульяну крыху помню. Дык вось маленькіх яна нас пакінула, не стала няньчыць. Дапамагала даглядаць нас маміна мама Ганна. А баба Ульяна перайшла да дачкі ў суседнюю вёску Звягі. З гэтай бабуляй сувязі не мелі: рэдка заходзіла. Памятаю, кветачак букецік ад дочкі прынясе нам… Пасля перайшла да сына Мацвея жыць, потым – да Васіля. А перад смерцю ў мамы прасіла прабачэння. Памятаю, прыбегла цётка і паклікала: хадзі, гаворыць, развітацца. Татавы бацькі пахаваны на Літусаўскіх могілках. Мы туды заязджаем, аднак не ляжыць душа, з малку. А маіх бабулі Румо Ганны і дзядулі Антона (у маці бацька рана памёр, дзед Антон быў айчымам) не стала ў сярэдзіне 50-х. Пахаваныя на суседніх могілках – Вуглянскіх. Кожны год наведваем, прыбіраем».

Помнікі захаваліся толькі на фота

«Вядома, што мой тата Сімаш Мікіта Ва­­сільевіч спачатку быў пахаваны ў брацкай магіле ў літоўскай вёсцы Крыўнішкі. Пасля астанкі загінулых салдат перапахавалі ў мемарыяле горада Алітус, на вялікіх ваенных могілках. У мяне ёсць і фотакарткі помніка з прозвішчамі загінулых, сярод якіх і імя майго бацькі. Там шмат прозвішчаў… У свой час пасылала грошы на кветкі. Куплялі і клалі якраз насупраць яго прозвішча, яно было адным з першых у спісе. І мне дасылалі фота з гэтымі кветкамі. І помнікі там стаялі – адзін і другі. А цяпер няма – знішчылі. Я ж сама асабіста бачыла па відэа, як іх ссоўвалі бульдозерам. Толькі на фотакартках захаваліся помнікі з надпісам унізе «Жывым і памерлым». У мяне ёсць у хатнім архіве», – гаворыць скрозь слёзы Ніна Мікітаўна.

Бацька Ніны Мікітаўны – Сімаш Мікіта Васільевіч, 1906 г.н.

Жанчына працягвае аповед і разглядае шыльду на помніку з прозвішчамі. «Бацька родам адсюль, з Літусава. Тут шмат людзей было з прозвішчам Сімаш. Паглядзіце, колькі тут, у спісе, загінулых Вакараў. У асноўным яны з суседніх Бортнікаў. Дарэчы, Сімаш Іван, напрыклад, быў нашым суседам. Гэта проста аднафамільцы. Памятаю, жонка ў яго была, Сімаш Захар’я. Гэта ўсе равеснікі майго бацькі… Да вайны тата ў калгасе працаваў. Іх забралі позна, падабралі ўсіх. Малады быў, 37 гадоў. Ён хутка і загінуў», – удакладняе жанчына.

Вайна, а людзі нараджаюцца

Пакуль мы ўзгадвалі сямейную гісторыю і разбіраліся ў фактах ваенных па­­дзей, падышоў сын Ніны Мікітаўны Віктар Анатольевіч Мандрык: «Фронт «каціўся» вельмі хутка. Каго прызвалі, а кагосьці не паспелі забраць. Гэтыя мужчыны засталіся тут, я так разумею, у запасе. Фронт рушыў далей, а ў суседніх Ледневічах ужо стаялі немцы. Нашы хлопцы па лясах разбегліся. Немцы едуць – яны ў лес, у зямлянках хаваліся. Гады тры так жылі. Бо мая маці 1943 года нараджэння, – тлумачыць Мандрык. – Уявіце: была вайна, але ж і было каханне! Людзі ўсё роўна думалі жыць. Я раней таксама задумваўся: як гэта так, у 1943-м вайна ідзе, а людзі нараджаюцца? А пасля, як немцаў пагналі, запаснікам гэтым вінтоўкі ў рукі і на фронт. Вось і дзеда майго вясной 1943-га прызвалі, далі ружжо і адправілі ваяваць. Ён быў радавым 212 армейскага запаснога стралковага палка 1-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Паспеў дайсці да Літвы», – патлумачыў сын суразмоўніцы.

Новая хата

«Дома засталіся ў салдата я і яшчэ ненароджаная дачка, мая сястра Валя, – працягвае Ніна Мікітаўна. – А хата наша і цяпер стаіць у Літусаве, недалёка ад канторы, ля цэнтральнай дарогі на ўзгорку. Пасля смерці маці мы прадалі яе адной жанчыне. Вядома, знешне хата змянілася, яе абклалі цэглай. Яшчэ бацька будаваў разам з мамай. Матуля расказвала, што немцы высялялі гаспадароў з дамоў, самі жылі ў іх. Нам прыйшлося месціцца ў старэнькай хацінцы, у маміных бацькоў (знаходзілася на месцы цяперашняга вясковага клуба), бо новая хата была недабудаваная. А калі ж немцы дзе які зруб новы бачылі, маглі на дровы спілаваць. У нас гэтая хата патрабавала яшчэ работы. Але мы хутчэй перайшлі туды, бо баяліся, што немцы заўважаць яе. Вокны, не ведаю, як зрабілі, накрылі тым-сім дах і без падлогі так перайшлі. Памятаю, як яшчэ маленькая вучылася па зямлі ха­­дзіць. Антаніна Анісімаўна падлогу сама клала. І ў калідоры не было падлогі, дык мы дошкі паслалі, ну а тады прыбіралі, мылі, калі дзяўчаткамі трохі падраслі. Мамуля не выйшла замуж. Тата сказаў, каб не брала прымака. Мама ў калгасе працавала, на палявых».

З каромыслам – за навінамі

Віктар Анатольевіч перапыняе маці: «А як знакі падавалі, раскажы»… «Мужчынам нашым прыходзілася хавацца, – тлумачыць Ніна Мікітаўна. – На паграбню анучу якую павесяць, каб бачна было, што пуста, нікога ў вёсцы няма – можна прыходзіць. Мужыкам знак, каб маглі прыйсці пагрэцца.

Маці партызанам хлеб пякла. Яны прыходзілі з лесу. Тут жа лес недалёка. І іншыя жанчынкі напякуць хлеба, а тады на плот яго – астудзяць, бо гарачы ж, разваліцца»…

А вось яшчэ што мне матуля расказ­вала: жанчыны бяруць каромысел – і па вёсцы з вёдрамі. А як жа па-іншаму ўбачыцца-спытаць? Нібы па ваду ідуць. Тая і вада не трэба была. Каля кало­дзежа сустрэнуцца і ўсё даведаюцца, што трэба.

Былі і пераапранутыя пасланцы ў грамадзянскім… Маглі спытацца: а дзе тут партызаны? Хто возьме ды і скажа: а во тут, у гэтай хаце. Адна жанчына так свайго мужыка здала – забралі. А разумныя не гаварылі: не, дзетка, не ведаю, маўляў, не бачыла. Можна было папросту прадаць свайго», – тлумачыць пенсіянерка.

Бежанцы з Нялідава

«У нас бежанцы былі ў вайну. З Калінінскай вобласці. Беглі з гарадоў і жылі ў нас. Дык вось адна такая мяне няньчыла, дзяўчынка гадоў трынаццаці. Яна адна з маці, а ў іншай сям’і была іх старэйшая дзяўчынка. Калі вайна скончылася, маці казала, што калі іх праводзілі, то сухароў насушылі ў дарогу. А мы з сястрой нават ездзілі да іх у Нялідава ў 1963 годзе. Да Любы, якая мяне няньчыла. Чым кармілі іх? Немцы ў вёсцы стаялі, таму карову мы хавалі, дык хоць малачко было. І дапамагалі гэтым бежанцам выжыць».

«Пан, кіндэр адпусці…»

«Аднойчы жыхароў зганялі ў адрыну. Я ж не памятаю, маці расказвала. Сагналі, а мяне дома гэтая Люба калыхала ў люльцы драўлянай. Маці забралі, а дзяўчо са мной пакінулі. Падумалі, што маці ся­­дзіць, не сталі чапаць. А яна ж не маці, грудзі не дасць мне, не накорміць. А матуля ў адрыне. Тады Любе падказалі, каб мяне перадала пад дзверы маме. Так нас з мамай разам з іншымі жыхарамі фрыцы пагналі ў іншую вёску. Па вёсцы гоняць. Мама са мной на руках, а тут яшчэ жанчына цягне дзіцёнка за руку. Той вырываецца. Сцежка вузенькая, паабапал кусцікі. Маці ціхенька са мной, пакуль салдат адвярнуўся, шусь – і ў кусцікі. А гэтая жанчына за мамай і цягне сына, той крычыць. Так мама мая назад. Думае: зараз заўважаць і прыстрэляць. Дайшлі да той вёскі. А там усіх з дзецьмі ў нейкую пуню. А на двары халодная восень. Астатніх пагналі далей. Тады жанчыны кажуць сваім большым дзецям: плач, прасі. Сталі прасіць малыя: «Пан, кін­дэр адпусці». Неяк удалося ім вызваліцца. Пусцілі нас да сябе жыхары гэтай мясцовасці. Маці расказвала, што ў хаце, куды нас прынялі, стаяў здаровы стол. Вялікая, бачна, сям’я жыла. І вось гэты стол стаў прытулкам для мамы, мяне і той жанчыны з хлопчыкам.

Пайсці і вярнуцца

А дома ж ніхто не ведаў, што з намі. Бацьку яшчэ не забралі на фронт. Трэба было неяк паведаміць, дзе мы. Немцы спачатку не адпускалі, пасля ўжо па вёсцы дазволілі хадзіць. Мама на рукі мяне і хадзіла. А ў вёсцы гэтай (в. Града альбо в. Шуплякі) трымалі людзі тое-сёе. Хто малачка дасць, падкармлівалі трошкі нас. Колькі мы там знаходзіліся, не ведаю. Аднак мама неяк угаварыла немцаў дазволіць ёй схадзіць дадому. Што яна сказала, невядома. Трэба ж даць знаць было сваім, што з намі нічога дрэннага не робяць, дзяцей шкадуюць. Мяне пакінула з гэтай жанчынай. Дайшла дамоў і хутка назад: фрыцы прыказалі, каб вярнулася ўтэрмін. А тады неяк нас адпусцілі. Вось быў такі выпадак».

Пасля вайны

Пасля вайны, калі Ніна Мікітаўна была, мабыць, ужо школьніцай, ха­­дзіла на пошту за пенсіяй па загінулым бацьку ў суседнюю вёску Ледневічы, за тры кіламетры. Суправаджаў дзяцей стары сусед Ермалай, які таксама ішоў туды па грошы. «Сядзе на пянёк, адпачне, і далей пойдзем, – узгадвае суразмоўніца. – Давяралі гэтаму чалавеку нас. Ён быў ужо вельмі сталага ўзросту».

Яшчэ адзін эпізод, які ярка запомніўся нашай гераіні, калі яны, дзеці, дапамагалі дарослым з дровамі. «Побач з нашай хатай жыла таксама салдатка Паланея, дачка гэтага Ермалая. Яны з мамай на санках ездзілі па дровы ў лес, дзе цяпер звераферма. Памятаю, адна адной падсабляюць, разам санкі цягнуць пад горку. А мы ўбачым, падбягаем і дапамагаем ім».

«Куды ты, дзевачка, ідзеш?»

Ніне Мікітаўне ўспомнілася яе настаўніца Марыя Максімаўна. Яна ж была для дзяўчынкі і хроснай. Быў у гэтай жанчыны муж Санька, міліцыянер. «Калі я была маленькая, – расказвае гераіня, – адправілася да мамы на працу, на поле. Сястра, напэўна, была дома зачыненая, у калысцы. І па дарозе ў бок вёскі Бортнікі сустрэлася з гэтым Санькам. Ён пытаецца: «Куды ты, дзевачка, ідзеш?» А я хоць і маленькая была, але ведала, чыя. Расказала ўсё. Ён мяне на ровар пасадзіў. Я кручуся, бо мулка на раме. Тады зняў пінжак, паклаў на раму і прывёз мяне дамоў», – узгадала жанчына такі эпізод з ранняга дзяцінства.

***

Мы яшчэ доўга размаўлялі з Нінай Мікітаўнай. Успаміны, як той калейдаскоп, складваліся ў цікавы сюжэт яе жыцця. Яна б яшчэ шмат чаго ўзгадала: і тое, як ёй шанцавала ў маладосці на гарманістаў, і тое, як хадзілі з сяброўкамі на танцы за некалькі кіламетраў у Аланцьева і Дубніцы, а адтуль раніцай ішлі на станцыю Стайкі, каб дабрацца на працу ў Багушэўск… Але дзеці спяшаліся: час рухацца далей, па сваім маршруце. Пасля – жыццё са сваімі турботамі. Аднак раз на год абавязкова Ніна Мікітаўна прыедзе да помніка загінулым салдатам, каб успомніць бацьку і ўсіх тых яго равеснікаў-землякоў, якія здабылі для нас жыццё пад мірным небам…

Напярэдадні Новага года і дня нараджэння, якое Ніна Мікітаўна будзе адзначаць 8 лютага, пажадаем ёй моц­нага здароўя, аптымізму, бадзёрасці і ўсяго самага-самага лепшага!

Тэкст: Надзея Зуева
Фота аўтара і з сямейнага архіва гераіні

 

Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.