«Мастацтва не можа быць сучасным, яно першапачаткова вечнае». Даведнік па арт-месцах Вены
Зараз Вена нагадвае «армагедон» праз выбух каронавіруса: на вуліцах амаль што няма людей, хадзіць можна толькі ў парах або па адным. Яшчэ два тыдні таму усё было зусім інакш.
Горад-артэфакт
Аўстрыйская сталіца – гэта музей. Будынкі, вуліцы, шыльды на сценах і прахожыя – яны самі па сабе элементы вялікай і пампезнай выставы. Калі трапляеш у сярэдзіну, дык не адразу разумееш, што ўжо таксама з’яўляешся часткай перфоманса. Вена добра падыходзіць для тых вандроўнікаў, якія шукаюць вытанчанасць архітэктуры і нерэальную колькасць арт-аб’ектаў – пачынаючы з Венскай дзяржаўнай оперы і заканчваючы карцінай «Смерць і жыццё» Густава Клімта.
Насамрэч, кожная паездка мае пэўную мэту. Маёй стаў знакаміты аўстрыйскі мастак Эгон Шыле і яго працы, якія з большага захоўваюцца менавіта ў Вене. Думаю, вы бачылі палотны «Партрэт Валі» або «Восеньскае сонца і дрэвы». Шыле быў самым мадэрновым сярод экспрэсіяністаў і самым экспрэсіўным сярод мадэрністаў: яго стыль малявання «вырас» з клімтаўскага і стаў адным з найбольш адметных у мастацкім асяроддзі. Зараз у Вене беражліва захоўваюцца палотны, якія ў свае часы выклікалі скандалы, спрэчкі і турэмныя зняволенні.
Што паглядзець?
Карта ўспрымання сапраўднага аўстрыйскага духу мінулага стагоддзя можа ўключаць усяго тры кропкі: галерэя Альберціна, Бельведэр і музей Леапольда. І гэтага ўжо будзе дастаткова, каб уехаць па вушы ў бурлівае жыццё мадэрну.
У Альберціне жыве не толькі мастацтва вялікіх і жудасных Оскара Какошкі і Густава Клімта, але і добра знаёмых французскіх «сяброў»: Поля Сіньяка, Клода Манэ ды Эдгара Дэга. Аматары Вінсэнта Ван Гога таксама будуць задаволены: у Альберціне захоўваецца адразу некалькі ранніх работ майстра. Акрамя таго, я была нават здзіўлена, калі пабачыла «Паветранага змея» Марка Шагала, якога некалі назірала толькі ў падручніку па гісторыі. Альберціна поўнасцю абсталявана для людзей з інваліднасцю: унутры галерэі ёсць ліфты і вялікія дзвярныя праёмы. Акрамя таго, уваходны квіток пры паданні пасведчання будзе каштаваць не 16,90 еўра, а ўсяго 7.
Музей Леапольда – гэта дом Эгона Шыле. Менавіта тут захоўваецца большасць знакамітых работ мастака, амаль што 200. Крывыя рукі, змрочныя колеры і шмат-шмат аўтапартрэтаў – свет Шыле звар’яцелы і трошкі «хворы». Жыццёвы шлях Эгона быў яскравым выбухам, кароткім і надзвычай творчым. Парадаксальна, але мастак памёр амаль сто год таму праз эпідэмію «іспанкі», якая ў тыя часы «праглынула» Еўропу.
Не хочацца праводзіць паралелі, але зараз мы таксама перажываем не лепшыя часы. Музей Леапольда зможа пазнаёміць наведнікаў з вехамі біяграфіі Эгона Шыле, прадэманстраваць выбітныя працы эпатажнага Оскара Какошкі і ўжо класічнага Густава Клімта. А ўмовы для гэтага больш чым камфортныя: музей абсталяваны ліфтамі, шырокімі дзвярыма і нізкімі парогамі.
Яшчэ адзін цікавы арт-аб’ект Вены – Бельведэр. Мы можам смела назваць летнюю рэзідэнцыю Яўгена Савойскага галерэяй аўстрыйскага мастацтва, бо менавіта там захоўваюцца знакавыя работы ад Сярэдніх вякоў да нашых дзён. Галоўны козыр Бельведэра – гэта, зразумела, «Пацалунак» Клімта. Акрамя яго, у калекцыі захоўваецца 24 карціны «залатога» перыяда мастака, якія нават зараз уражваюць унутраным свячэннем і незразумелай гармоніяй колераў. І зноў – ліфты, нізкія парогі, камфортныя ўмовы. Дарэчы, ва ўсіх музеях і галерэях Вены можна знаходзіцца з сабакам-павадыром.
Нясумны карантын
Канешне, зараз ехаць у Вену небяспечна. Ды і невядома, калі зноў будуць адкрытыя межы. Але нават у такіх жорсткіх умовах, калі немагчыма на свае вочы пабачыць галоўныя шэдэўры аўстрыйскага мастацтва, мы можам зрабіць гэта анлайн. Тым больш, што значная колькасць музеяў і галерэй адкрыла доступ да сваіх калекцый праз лічбавыя платформы – каб нам не было сумна сядзець дома.
Абавязкова ў Вене трэба…
- Зрабіць сэлфі з «Пацалункам» Густава Клімта;
- Паглядзець работы Ван Гога;
- Выпіць кавы ў музеі Леапольда;
- Пагуляць па вузенькіх вулачках;
- З’есці круасаны у парку каля Бельведэра.
Аляксандра Камко
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.