“Карэспандэнт на полі”, або як я ўпершыню сыграла ў лазертаг

Поддержи

Лідская аб’яднаная арганізацыя Беларускага таварыства інвалідаў 23 чэрвеня адзначыла 30-годдзе аб’яднання гульнёй у… лазертаг! Удзельнікі з розных гарадоў сабраліся ў Лідзе, каб паспрабаваць на сабе той экстрым, які прапануюць сучасныя спартыўна-гульнявыя клубы. А карэспандэнт газеты “Вместе!” прыехала пакаштаваць экстрыму разам з імі.

Клуб “Ратнік”, які бескаштоўна зладзіў лазертаг

Лидская объединенная организация БелОИ
Цір.

Апоўдні нас прывезлі на паўзакіданы будынак, так названую базу, дзе месціцца лазертаг-клуб “Ратнік”. Пасярод будынку – трава, дрэвы, пустыр і наваленыя аўтамабільныя шыны ў якасці віртуальных барыкад на полі бойкі. Удзельнікамі мерапрыемства сталі сябры рэгіянальных арганізацый БелТІ з Ліды, Іўя. Астраўца і аддзялення дзённага прабывання інвалідаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Бярозаўцы.

Мне адразу прадставілі гаспадара будынку – Паўла. Павел – член клуба “Ратнік”, які ў Лідзе займаецца страйкболам і лазертагам. Менавіта Павел быў галоўным “гуру” на гэтым мерапрыемстве. Ён сачыў за бяспекай, раздаваў гульнявую зброю, даваў гульцам жыцці, падсілкоўваў і “ўваскрасаў памерлых”, калі тых раптам забілі.

Наогул, лазертаг – гэта высокатэхналагічная гульня, якая адбываецца ў рэальным часе і прасторы. Сутнасць гульні заключаецца ў тым, каб перамагчы гульцоў-сапернікаў бяспечнымі лазернымі стрэламі з аўтамата, які выкарыстоўваецца ў лазертагу. “Параза” гульца адбываецца шляхам рэгістрацыі промня аўтамата адмысловымі датчыкамі апанента (сэнсарамі), якія замацаваны на павязцы.

Лидская объединенная организация БелОИ
Павел дае парады па выжыванню ў дзікіх умовах.

Мяне адразу ўразіла старшыня Лідскай аб’яднанай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Алена Самускевіч, якая адна з першых апранула на сябе павязку, узяла аўтамат і была гатовая да бойкі. Яна нагадала мне сапраўднага лідара, які, калі ставіць сабе за мэту павесці за сабой іншых, сам мусіць быць у першых шэрагах. “Мы заўжды хацелі, каб сябры Беларускага таварыства інвалідаў ў Лідзе сустракаліся разам і рабілі нешта не зусім звычайнае, – падзялілася Алена Аляксандраўна. – Нядаўна некалькі нашых жанчын прынялі ўдзел у Лідскім балі кветак. Мы проста даведаліся пра баль і папрасілі, каб сябры нашай арганізацыі маглі паўдзельнічаць. А сёння сябры клуба “Ратнік” проста пагадзіліся бясплатна правесці для нас гульню”.

Сяргей, актывіст і валанцёр Лідскай аб’яднанай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў, сам “звязаўся” з клубам і прапанаваў зрабіць такі адпачынак для сяброў арганізацыі. А на працягу мерапрыемства ён з іншымі валанцёрамі гатаваў ежу на вогнішчы.

Пакуль спартсмены рыхтаваліся да спаборніцтваў, я крочыла па тэрыторыі, глядзела на хмары, якія дакладна прадказвалі дождж. Толькі адчуць сябе самотнай не атрымалася. Да мяне адразу падсеў Віталь з Астраўца: “Цудоўна, што такія спаборніцтвы ладзяцца, – падзяліўся ён са мной. – Калі нешта такое ладзіцца, я заўсёды ў першых шэрагах. І такія рэчы запамінаюцца надоўга!”.

Першы бой – складаны самы…

Лидская объединенная организация БелОИ
Актывіст і валанцёр Сяргей.

Апраналі і давалі зброю ўдзельнікам унутры будынка. Будучыя байцы падзяліліся на дзве каманды – каманда сініх і каманда чырвоных – згодна налепак на зброі. Спачатку адбывалася так званая “прыстрэлка”. Павел стаяў на своеасаблівай вышцы, зробленай з калёсаў. Усе хаваліся за шынамі. Задача кожнай з каманд была “забіць” як мага больш удзельнікаў.

Я адразу прыкмеціла жвавую жанчыну, якая актыўна бегала і падстрэльвала са зброі праціўнікаў. Ёю аказалася Валянціна – аматарка спорту, якая мае інваліднасць па зроку. Падчас бегу яна ўпала і разбіла сабе калена. “Ай, падарожнік адшукаць і досыць”, стала адмахвацца жанчына. Але, па правілах, пры гульні ў лазертаг у кожнай каманды мусіць быць аптэчка. Таму Валянціна, у мінулым медык, лоўка сама сабе апрацавала рану, адпачыла і далей пайшла ваяваць на карысць сваёй каманды.

Ала Аляксееўна прыехала з горада Бярозаўка з трыма дзецьмі, у кожнага з якіх – інваліднасць. Марына, дачка Алы, з радасцю ўдзельнічала ў лазертагу. Сама Ала таксама мае інваліднасць пасля аварыі. Доўга страляць яна не магла, таму месца ў камандзе “сініх” хутка стала вакантным.

 І раптам я зразумела, што ўсе погляды былі накіраваныя на мяне. Я пужліва, адмоўна і радыкальна заматала галавой.

– Вазьміце карэспандэнта! – крыкнуў нехта з натоўпу.

Мяне прывялі да Паўла. Ён апрануў мне на галаву павязку, даў зброю, навучыў страляць і адправіў на поле бою. “Карэспандэнт на полі бою!”, – зноўку нехта пажартаваў. А мне было не да жартаў. 

Мы сталі гуляць у “дыверсантаў”. Спачатку наша каманда замініравала другі паверх будынку. Па правілах, бомбу трэба было пакідаць на досыць бачным месцы. Каманда “чырвоных” мусіла з першага паверху па дзвюх лесвіцах прабрацца да нас і адшукаць бомбу. А наша задача – усімі сіламі перашкодзіць трапленню праціўнікаў на другі паверх. На размініраванне бомбы другой камандзе давалася дзесяць хвілін. Мы пратрымалі абарону каля пяці хвілін. Нас “пазабівалі”, а бомбу, якую мы паставілі, размініравалі, націснуўшы спецыяльны код – “1111”.

У дзікіх умовах

Падчас адпачынку Павел арганізаваў цэлую лекцыю па тым, як можна выжыць у дзікіх умовах. Аказваецца, дзеля таго, каб развесці вогнішча, можа быць дастаткова звычайных батарэек! Калі з сабой няма чыстай вады, то дзеля таго, каб яе прафільтраваць, можна скарыстацца імхом і пяском. Ужываць лепш дажджавую ваду. З лужы браць і фільтраваць ваду Павел не рэкамендаваў. Пераначаваць у лесе можна на зручнай галіне дрэва. Але абавязкова трэба сябе прывязаць рэмянем або поясам!

Лидская объединенная организация БелОИ
Узнагароджаныя ўдзельнікі мерапрыемств.

Пасля ўдзельнікі з клуба “Ратнік” арганізавалі для адпачываючых цэлы цір! Кожны мог паспрабаваць пастраляць па банках з самай рознай зброі. Канечне, зброя была несапраўдная і патроны – у выглядзе маленькіх шарыкаў… Але адчуванні былі самыя што ні на ёсць сапраўдныя!

Але самая душэўная частка была ўжо напрыканцы мерапрыемства, калі, сеўшы ў вялікае кола, мы елі шашлыкі і звараную на вогнішчы грэчку. Прыемная стома, смак смажанага мяса і лёгкая гутарка вакол…”Прыязджаеш вось на такія мерапрыемствы і забываеш пра свой боль”, – са светлым сумам сказала Валянціна.

Перад ад’ездам Алена Самускевіч ўручыла ўсім спартсменам дыпломы за ўдзел у мерапрыемстве.

А дождж так нікога не намачыў. Ён нібыта спецыяльна абышоў бокам гэты закіданы будынак. У той дзень у кожнага нарадзілася нешта новае ў душы. У тым ліку, і ў мяне.

Вікторыя Чаплева

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.