Каму і як могуць дапамагчы людзі з інваліднасцю? Расказвае старшыня Астравецкага таварыства інвалідаў

Поддержи

…Неяк, прыбіраючы на могілках месцы пахавання блізкіх, звярнула ўвагу, што нямала магіл занядбаных. І справа не ў занятасці тых, хто імі апякуецца: зараз гарачая пара і людзям не стае часу абкасіць ці абарваць траву навокал, паправіць вяночкі, апалоць кветкі. Стануць рыхтавацца да Дзядоў – прыбяруць. Але ж каля некаторых сціплых крыжыкаў і дарагіх помнікаў відаць: нага не ступала не тое, што месяцы – гады, перадае журналіст ostrovets.by.

Сталі абмяркоўваць гэтую праблему з сяброўкай – і прыйшлі да  высновы, што не варта некага асу­джаць. Розныя сітуацыі здараюцца: мо, ляжыць тут чалавек адзінокі ці блізкія яго жывуць далёка ці самі яны ўжо нямоглыя.

– Добра было б, калі б якая-небудзь установа ці прыватны прадпрымальнік узялі на сябе гэты клопат: за пэўную плату прыводзіць у парадак пахаванні. І не толькі плітку пакласці ці агароджу пафарбаваць, а траву абарваць, кветкі свежыя паставіць, свечку запаліць. Думаю, знайшліся б кліенты ў такога бізнесу, – выказала слушную прапанову мая суразмоўца.

А праз нейкі час, рыхтуючы матэрыял аб тым, дзе і як знайсці работу людзям з інваліднасцю, зайшла да старшыні раённай арганізацыі таварыства інвалідаў Юрыя Ждановіча – і літаральна зачапілася вокам за аб’яву: «Аказваем паслугі насельніцтву па ўборцы месцаў пахавання, ачыстцы і афарбоўцы агароджы нашымі матэрыяламі і іншыя».

І цэны досыць памяркоўныя. Усё гэта можа зрабіць, калі верыць аб’яве, унітарнае прадпрыемства «Клопат пра людзей», створанае пры раённым таварыстве інвалідаў.

Але чаму пра такую паслугу ніхто не ведае? Хто ўбачыць абвестку ўнутры памяшкання таварыства інвалідаў?

– Дык мы ж яе ў свой час друкавалі  ў «Астравецкай праўдзе»! – з дакорам глядзіць на мяне Юрый Іосіфавіч.

– Але ў «раёнцы» ў кожным нумары змяшчаецца дзясяткі аб’яў, і запомніць тое, што выйшла год назад, нерэальна. Ды і неактуальна, – парырую я.

Старшыня з крытыкай пагаджаецца. А я тым часам спрабую высветліць, аб чым яшчэ, акрамя добра­ўпарадкавання месцаў пахавання, клапоціцца «Клопат пра людзей».

Аказваецца, малавядомае жыхарам раёна ўнітарнае прадпрыемства з такой назвай, заснавальнікам якога з’яўляецца раённае таварыства інвалідаў, існуе даволі даўно – з 2009 года. У Гродзенскай вобласці падобных толькі 6: тры ў абласным цэнтры, па адным у Ваўкавыску, Шчучыне і Астраўцы.

Асноўная мэта дзейнасці – даць работу і дадатковы даход людзям з інваліднасцю.

Канкурэнцыя на рынку працы цяпер досыць вострая, і выжываць спецыфічнаму прадпрыемству няпроста.

– Стараемся прыстасоўвацца да патрабаванняў рынку, – расказвае Юрый Ждановіч, які па сумяшчальніцтву узначальвае і «Клопат пра людзей». – Раней былі папулярныя электрычныя млыны – людзі трымалі гаспадарку, малолі збожжа на муку. У многіх вёсках інваліды аказвалі аднавяскоўцам падобныя паслугі. Цяпер засталося толькі два млыны – у Гудагаі і Варнянах. У свой час шылі рабочыя рукавіцы – за кошт льготы па падатках сабекошт іх быў крыху таннейшы, і на гэтым мы «выплывалі». Але з цягам часу рукавіцы выцеснілі больш зручныя ў рабоце пальчаткі, і ад швейнай вытворчасці таксама давялося адмовіцца. Збівалі для лясгаса сінічнікі – Саша Лянкевіч займаўся гэтым. Рабілі на заказ бухты для электракабеляў. Словам, гатовы брацца за ўсё, што можа прынесці даход.

Цяпер вось «Клопат пра людзей» асвоіў новую паслугу – прывядзенне ў належны выгляд месцаў пахавання і догляд за імі. Юрый Іосіфавіч сцвярджае, што па заказу кліента яны гатовы зрабіць усё неабходнае – ад пафарбоўкі агароджы да рэгулярнай праполкі кветак і замены лампадак на магілках.

Яшчэ адна паслуга, якую аказвае насельніцтву «Клопат пра людзей», – рамонт пад’ездаў.

Цяпер, калі  гэта павінны рабіць уласнікі кватэр за ўласны кошт, яны самі выбіраюць, хто прывядзе ў парадак месцы агульнага карыстання і за якую цану.

– Агаворваем, які менавіта рамонт хочуць зрабіць людзі, заключаем дагавор. Кошт у нас атрымліваецца крыху меншы, чым у камунальнікаў: ад 200 да 250 рублёў з кватэры. Паслуга карыстаецца попытам: сёлета адрамантавалі 4 пад’езды ў доме №29 па вуліцы Валадарскага, раней працавалі ў Варнянах.

Асаблівыя надзеі «Клопат пра людзей» і яго кіраўнік ускладваюць на адкрыццё парашкова-зараднай станцыі, дзе будуць рамантаваць і заражаць вогнетушыцелі.

Райвыканкам перадаў для яе абсталявання будынак комплексна-прыёмнага пункта на станцыі Гудагай, цяпер ідзе працэс ліцэнзавання, набыцця і паверкі абсталявання.

– Новая станцыя – гэта як мінімум два працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю. І перспектыўная паслуга: рамонтам і зарадкай вогнетушыцеляў не займаюцца ні ў Астраўцы, ні ў Ашмянах, ні ў Смаргоні, ні нават у Лідзе, хоць справа гэтая патрэбная. Думаю, ужо ў гэтым годзе мы зможам «закруціць» яе па поўнай, – дзеліцца планамі Юрый Іосіфавіч.

Так вось інваліды аказваюць часам не вельмі заў­важную шырокаму колу астраўчан, але такую патрэбную дапамогу – сабе і людзям.

Звяртайцеся, калі што!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.