Каб даступнасць стала брэндам

Поддержи

6 красавіка ў Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа» ў межах XXI міжнароднага кірмашу турыстычных паслугаў «Адпачынак-2018» адбылася прэзентацыя «Праект “Валожын без бар’ераў”: новыя гарызонты ў інклюзіўным турызме». На ёй былі прадстаўленыя прамежкавыя вынікі праекта «Валожын без бар’ераў: узмацненне магчымасцяў для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслугаў для людзей з інваліднасцю», што фінансуецца Еўрасаюзам. Цяпер праект выйшаў «у людзі» – з рэальнымі вынікамі.

Воложин без барьеров, Владимир ПотапенкоАб праекце нашая газета пісала ўжо не раз – разам з Валожынскім райвыканкамам, Беларускім грамадскім аб’яднаннем «Адпачынак у вёсцы», Мясцовым фондам спрыяння развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва «Інтэракцыя» яго рэалізуе Беларускае таварыства інвалідаў. Мэта праекта – зрабіць Валожынскі раён даступным для розных катэгорыяў турыстаў, у першую чаргу – для інвалідаў з праблемамі зроку, слыху, апорна-рухальнага апарата, з ментальнымі асаблівасцямі.

Менеджар фонду «Інтэракцыя» Ірына Іванова расказала, што было зроблена ў межах праекта:

– Мы правялі маніторынг амаль усіх грамадскіх будынкаў у Валожынскім раёне і высветлілі, наколькі яны даступныя. Вынікі, як можна лёгка здагадацца, атрымаліся несуцяшальныя: ніводнага поўнасцю даступнага аб’екта не было. Таму наступнае, што мы зрабілі – вызначылі будынкі, якія часцей за ўсё наведваюць людзі з інваліднасцю, каб адаптаваць гэтыя месцы. У снежні мінулага года 19 аб’ектаў былі прыстасаваныя: там усталяваныя пандусы, парэнчы, апушчаныя бардзюры, пакладзеная тактыльная плітка.

Таксама мы набылі аўтамабіль, якім цяпер карыстаецца Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На другім паверсе ТЦСАН ствараецца турыстычны цэнтр, дзе змогуць спыніцца людзі з інваліднасцю і тыя, хто іх суправаджае. Там жа, у турцэнтры, з’явіцца канферэнц-зала, зручная для лю-дзей з парушэннямі зроку і слыху. Доўга расказваць, колькі спатрэбілася ўзгадненняў, каб пачаць будаўніцтва, – заўважыла Ірына Іванова, – але ўжо хутка мы плануем скончыць гэтую працу.

Воложин без барьеровНе толькі фізічныя бар’еры руйнавалі арганізатары праекта. У яго межах прайшлі трэнінгі для інвалідаў, прадстаўнікоў малога бізнесу, уладальнікаў сядзібаў – мэтаю была сацыяльная інтэграцыя людзей з інваліднасцю і ператварэнне Валожыншчыны ў даступны рэгіён. У Валожыне ладзілася стартап-школа па стварэнні і прасоўванні ўласнага бізнесу, пра што нашая газета пісала ў канцы мінулага года. Пасля яе завяршэння паспяхова дзейнічаюць 2 праекты: у Валожынскім ТЦСАН вырошчваюць вешанкі, а ў межах ініцыятывы «Асаблівая прыгажосць» ладзяцца фотасесіі мадэляў з сіндромам Даўна.

Валожыншчына набудзе і яшчэ адну адметнасць – экасцяжыну ў Налібоцкай пушчы. Яе даўжыня каля 1 500 м, пакрыццё зроблена з экалагічна чыстых матэрыялаў. Альтанкі, прыбіральні, паркоўка і стаянка для машынаў – усё гэта будзе даступным для інвалідаў-калясачнікаў. Адмыслова для невідушчых і слабавідушчых людзей створаныя шчыты з тактыльнымі картамі. Часткова сцяжына прылягае да ракі Іслач, вакол якой вельмі прыгожыя мясціны. Арганізатары праекта мяркуюць, што ўлетку на гэтай тэрыторыі можна будзе ставіць намёты і адпачываць – у тым ліку гэта змогуць зрабіць і інваліды.

Паколькі для Беларусі стварэнне такой сцяжыны – справа новая, не абышлося без цяжкасцяў. Пакуль што экасцяжына яшчэ не адкрытая, аднак сёлета ўвесну ёю ўжо можна будзе карыстацца.

Старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова нагадала, што ў Валожынскім раёне быў праведзены конкурс грантаў для ўладальнікаў сядзібаў:

– Гаспадары прыдумлялі фішкі для сваіх сядзібаў, а мы выбралі 5 самых цікавых, якія будуць поўнасцю адаптаваныя для людзей з інваліднасцю.

Да прыкладу, у сядзібе «Налібоцкія васількі» на ўскрайку Налібоцкай пушчы створаны музей гужавога транспарту. Гаспадар Васіль Шакун раней працаваў у Налібоцкай пушчы, таму ведае ўсе цікавосткі тых месцаў – і можа расказаць пра іх гасцям.

Чалавек з інваліднасцю зможа самастойна пакіраваць конным вазком у сядзібе «Коні-поні».

У сядзібе «Ганка» ўжо некалькі гадоў запар займаюцца выпечкай хлеба па традыцыйных тэхналогіях. І спрабуюць зрабіць гэтую справу магчымай для наведнікаў з інваліднасцю. Уладальнік аграсядзібы Анатоль Ганец распавёў:

Анатоль Ганец– Мы запрашаем ахвочых на майстар-класы па выпечцы хлеба. Цяпер робім вялікі будынак з ліфтам, прыстасаваны для інвалідаў. Кожны зможа змалоць зерне ў муку, зрабіць цеста, паста-віць хлеб у печ… Ад’язджаючы, чалавек забярэ з сабою бохан хлеба, які выпек сам.

Гаспадар сядзібы «Свет пчолаў» Васіль Фралоў распавёў пра тое, як задумаўся аб яе даступнасці:

– Калі да нас прыехаў Уладзімір Пятровіч Патапенка, высветлілася, што па нашых дарожках, асабліва ўвосень, рухацца вельмі складана, а падняцца, да прыкладу, на высокі ганак у інваліднай калясцы не атрымліваецца. Тады мы ўзяліся за справу. Цяпер да кожных дзвярэй у нас будзе зроблены пандус, для інвалідаў будзе зручнай вялікая прыбіральня ды інш.

Нашая газета ўжо пісала пра сядзібу «За масточкам» і яе ўладальніка Дзмітрыя Наканечнага. Там у межах ініцыятывы «Даступная вада» будзе створаная плывучая платформа ў форме катамарана, з якой інваліды-калясачнікі змогуць вудзіць рыбу, а магчыма, і самі будуць веславаць. Мяркуецца, што на платформе змогуць размясціцца не менш за 6 чалавек, з якіх 1-2 – калясачнікі. У межах ініцыятывы «Птушка ў аб’ектыве» наведнікі ся-дзібы змогуць паназіраць за птушкамі.

– Фізічныя бар’еры даволі лёгка здымаюцца, больш складаныя бар’еры ўнутраныя: разуменне і згода на тое, каб людзі з інваліднасцю заўсёды былі разам з намі, – падсумавала Валерыя Кліцунова.

– Таму перад заканчэннем праекта, якое адбудзецца сёлета ўвосень, мы запланавалі фестываль і летні лагер для людзей з інваліднасцю. На маю думку, ідэальным вынікам праекта было б яго паўтарэнне ў іншых рэгіёнах Беларусі прыкладна ў такой жа канцэпцыі: стварэнне ўніверсальных аб’ектаў, даступных не толькі для інвалідаў, а для ўсіх маламабільных людзей.

Праўда, пра стан даступнага турызму ў Беларусі красамоўна сведчыць, да прыкладу, стаўленне арганізатараў кірмашу «Адпачынак-2018». Прэзентацыя праекта адбылася на цокальным паверсе (між іншым, побач з прыбіральняй) Нацыянальнага выставачнага цэнтра. Спусціцца туды з першага паверха можна было толькі па прыступках – ні пандуса, ні ліфта не было. Пра тое, як трапяць на прэзентацыю людзі ў інвалідных калясках, арганізатары не задумаліся. Дарэчы тут узгадваюцца словы Валерыі Кліцуновай пра тое, што ўсе бар’еры перш за ўсё – у галовах.

 Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота аўтара

 і БГА «Адпачынак у вёсцы»

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.