«Ізноў два гады мучыцца…»

Поддержи

Тыдзень таму ў рэдакцыю газеты «Вместе!» патэлефанаваў Віталь Уладзіміравіч Якарэнка і папрасіў аб дапамозе. Мужчына апынуўся ў складанай сітуацыі, для вырашэння якой паспрабаваў прыцягнуць іншыя сілы, бо на ўласныя ён ужо не разлічвае.

Виталий ЯкоренкоВіталь Уладзіміравіч – інвалід 2-й групы з 2011 года. Зусім нядаўна ён праходзіў планавую шпіталізацыю ў Беларускім пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтры па пытанні змены пратэза нагі. Уласна, з гэтай нагоды ён і звярнуўся ў газету, бо супрацоўнікі ўстановы, па яго словах, «не хочуць чуць інваліда». А сітуацыя сапраўды неадназначная: пратэз установай выраблены, аднак, скардзіцца мужчына, не па форме нагі. «Усё павінна прылягаць цалкам. Частка пратэза, якая адказвае за прыцісканне куксы, боўтаецца. Ззаду не хапае трох сантыметраў. Я ўстаю – спераду ўсё падымаецца, а калі іду, то рэпка (рус. чашечка, – заўв. аўт.) апускаецца ніжэй, і поласць аказваецца не сціснутай. Я дактарам і даказваю», – з горыччу распавядае мужчына.

Наогул, гэта не першы пратэз, які не задавальняе Віталя Уладзіміравіча. Папярэдні быў амаль такім жа. «Няўжо зноў 2 гады мучыцца?», – скардзіцца мужчына. Вяртаючыся да перадгісторыі праблемы, мужчына таксама адзначыў, што і з выдачай пратэза былі свае агрэхі. Яго замена меркавалася яшчэ 23 снежня. Раней пацыент нават пісаў скаргу ў камітэт па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне па месцы жыхарства, але адказу не атрымаў. «З кастрычніка я тэлефанаваў з пытаннем, ці можна прыехаць крыху раней, бо ўжо быў бачны знос вырабу. Але ў цэнтры такія правілы, што падаваць заяўку можна за месяц да тэрміну вырабу, гэта значыць, 23 лістапада», – растлумачыў Віталь Уладзіміравіч. Камплектацыя ідзе некалькі месяцаў. Аднак мужчыну паклалі ў аддзяленне толькі ў сакавіку, у сярэдзіне красавіка выпісалі. Разам атрымліваецца 2 гады 4 месяцы. І так кожны раз.

Падчас абходу на прэтэнзію мужчыны лекар адказаў, што калі пратэз не падыходзiць чарговы раз, то пасля медыцынскай камісіі чалавека ўсё роўна накіроўваюць на выпіску. Такі парадак: пратэз зроблены – пытанне закрытае, дапамаглі як маглі. Калі паглыбіцца ў медыцынскую тэму, у прыватнасці, паглядзець інструкцыю, якую выдаюць ўсім інвалідам у аддзяленні, можна даведацца, што кукса ў пратэзе павінна быць ахоплена з усіх бакоў. Гэта значыць, што ўсе тканіны мусяць заходзіць у поласць, а ціск на куксу павінен быць раўнамерным. У сітуацыі, калі гэта не так, варта звярнуцца да пратэзіста. Мала таго, інструкцыя папярэджвае і аб наступствах хады ў няспраўным пратэзе – гэта прыводзіць да фіксацыі няправільнай паставы пры хадзе, скрыўлення пазваночніка, хвароб куксы, якія вылечыць вельмі цяжка.

Виталий ЯкоренкоДа таго ж, як высветлілася, у Віталя Уладзіміравіча была таксама аперацыя на шыйных пазванках. На чацвёртым і шостым стаіць тытанавы дыск. Таму пратэз для такога чалавека павінен не проста падыходзіць, а быць ідэальным з анатамічнага боку. А што ж атрымліваецца? Пратэз робяць па сагнутай назе, пры сядзенні гэта выглядае нармальным, а пры хадзе амаль няма фіксацыі. Замяняць выраб спецыялісты цэнтра не настроеныя – атрымліваецца замкнёнае кола.

Мы вырашылі пагутарыць з загадчыкам пратэзна-артапедычнага шпіталя і высветліць прычыны сітуацыі, якая склалася, але Андрэй Кліменцьевіч Фадзееў наадрэз адмовіўся. У чым прычына такіх дзіўных паводзін, застаецца толькі здагадвацца. На жаль, заспець на працоўным месцы галоўнага ўрача таксама не ўдалося. Святлана Львоўна Сукала адлучылася па важнай справе. Затое яе сакратар з задавальненнем падзялілася нумарам тэлефона прыёмнай, які, зрэшты, быў нязменна заняты. Збег абставінаў, няйначай.

Зараз Віталь Уладзіміравіч ужо выпісаны дадому. Як будзе спраўляцца з недаробленым пратэзам, не ведае, аднак яму прыйдзецца прыстасавацца да «абноўкі» – мыліц у мужчыны няма. Свой папярэдні пратэз ен дарабляў сам, майстраваў падпорную частку пад сваю нагу. З гэтым, хутчэй за ўсё, зробіць тое ж самае.

Рэдакцыя газеты «Вместе!» будзе сачыць за развіццём падзей.

Вольга НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ

Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.