Гавары са мной па-беларуску

Поддержи

Сябры, ужо хутка, 21 лютага, мы будзем адзначаць Дзень роднай мовы, і з гэтае нагоды я падабрала з вашых лістоў нізку вершаў па-беларуску. Перачытваю іх і не магу начытацца, не магу наталіцца словам…

Дата 21 лютага была выбраная невыпадкова. Менавіта ў гэты дзень у 1952 годзе пад час мірнай дэманстрацыі загінулі пяць студэнтаў. Яны змагаліся за тое, каб ва Усходнім Пакістане была прызнаная дзяржаўнай бенгальская мова. З таго дня мінула амаль два дзесяцігоддзі, і Рэспубліка Бангладэш стала асобнай дзяржавай. Цяпер на бенгальскай мове размаўляе 98% насельніцтва краіны. У 1999 годзе Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 21 лютага быў зацверджаны як Дзень роднай мовы.

Каб не мова, даўно б мы растаялі,

расплыліся б імглой між чужых,

збеглі ў вырай гусінаю стаяю…

Але з мовай – і мы будзем жыць, –

пісала Наталля Арсеннева, а Алесь Разанаў казаў:Стихотворение, поэзия, творчество инвалидов, родная мова, Дзень роднай мовы

Празрысты звон,

грымотны грукат,

скалісты свіст,

магутны гул –

усе

разрозненыя гукі

цяклі,

каб зліцца

у агул.

Хісталі

ўздыбленыя далі,

глыбаста білі ў небасхіл.

I ў немату

не прападалі,

а западалі

і раслі.

I ціш і гром,

і звон і шорах

спляліся

ніткаю радства, –

калі з грудзей,

нямых і чорных,

аднойчы

мова прарасла.

Я ўпэўненая, што вершы нашых чытачоў – гэта таксама парастак, маленькі і моцны адначасова, на старадаўнім дрэве нашай роднай мовы.

Вядучая рубрыкі
Ніна КАЗЛЕНЯ

 

Вольга КРЫВАНОСАВА (Орша)

 

Наша мова

Дзе ж ты заблукала, наша мова?

Мо нас хто знявагай атруціў

За любоў да беларускіх словаў,

Што свой кут цябе не прытуліў?

 

Як пяшчотна, як гучаць лагодна

Словы беларускія, свае!

А каб размаўляць усім народам,

Нечага, відаць, нам не стае.

 

Я таксама мовы не цураюся,

Але ж размаўляю не на ёй.

Пакаянна галавой схіляюся

Перад роднай моваю маёй.

 

Зрэдку ўвечар вершы пачытаю –

Я ж дачка краіны Беларусі.

З дзіўнай асалодай і адчаем

Любай нашай мовай ганаруся.

 

*  *  *

Калісьці, яшчэ ў школе,

Настаўніца нам казала:

– Размаўляйце на роднай мове,

Каб яна зусім не прапала.

 

Калі ласка, паслухайце, колькі

Словаў у ёй мілагучных,

Ды не кажыце толькі,

Што на ёй размаўляць нязручна.

 

Вы чуеце, як пяшчотна

Слова гучыць «калі ласка».

Кажыце яго з ахвотай,

Яно ўжо само – як казка.

 

А сэнсу, чуеце, колькі

У слове адным «кахаю»?

Яго чалавеку толькі

Каханаму прамаўляем.

 

– Шануйце родную мову, –

Настаўніца нам казала. –

З пяшчотай кожнае слова

Каб сэрцайка вымаўляла.

 

Мы ведаць усе павінны

І дзякаваць шчыра сэрцам,

Што ёсць у Сусвеце краіна –

Яна Беларуссю завецца.

 

А нам яна проста маці,

Таму нездарма яе трэба

І ведаць, і шанаваці…

Яна нам – і хлеб, і неба.

 

Яўген МАКАРЭВІЧ (Бяроза)

 

Маці

Жыву нібы з табою разам,

Я ў святле тваіх вачэй.

Заўжды за ўсіх была ў адказе,

Не дасыпаючы начэй.

 

Як многа добрых слоў хацеў я

Табе сказаць, ды вось не змог.

Ты зразумець і так умела

Прычыны ўсіх маіх трывог.

 

Я ў думках часта ўспамінаю

Цябе, шкадуючы ў журбе.

«Прабач мне, – ціха паўтараю, –

За ўсё прабач, прашу цябе».

 

Бацька

Няўжо я цябе не сустрэну ніколі,

Няўжо нас навекі разлучвае лёс?

Шуміць без цябе колькі год ужо поле,

Пра сум і пра боль шэпча лісце бяроз.

 

Няўжо мы не будзем ісці па узмежках,

Глядзець, як навокал цвітуць верасы?

Даўно ўжо не бачыў тваёй я ўсмешкі,

Той яснай і чыстай, як кропля расы.

 

А сэрца сціскаецца жалем і болем:

З табой развіталіся мы ўжо навек.

Няўжо я цябе не ўбачу ніколі,

Мой бацька, такі дарагі чалавек?..

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.