Арына Войт: «Сэнс не ў падарунку, а ў стасунках і кантакце»

Поддержи

Яна выхоўвалася ў творчай атмасферы, вучылася ў музычнай школе па класе фартэпіяна і гітары, скончыла мастацкую школу. Мадэльнае мінулае дае ўпэўнена адчуваць сябе на публіцы, а чулае сэрца прымушае імкнуцца туды, дзе яе творчасць сапраўды патрэбна. Спявачка – першая ў Беларусі заводчыца сабак дзіўнай пароды мальціпу. Вакалістка прызнана топ 50 самых сэксуальных жанчын па версіі часопіса «Sexy». Яе песні займаюць лідзіруючае месца ў нацыянальным хіт-парадзе. А дабрачынная акцыя з Першым каналам Беларускага радыё «Будзем разам», арганізатарам якой таксама з’яўляецца артыстка, аб’яднала самых неабыякавых творчых людзей краіны. Госць сённяшняга нумара – спявачка, аўтар песень Арына Войт.

Вяртанне

«У мяне быў перапынак у творчай дзейнасці. Аднак у 2023 годзе вярнулі ў эфір. Выпадкова даведалася аб гэтым – пачалі круціцца мае песні. Потым запісалі новы сінгл, хоць мы нават не разлічвалі на гэта. Памятаю, раніцай прачынаюся, а песня, якую мы нават яшчэ не выпусцілі, выйграла ў адным хіт-парадзе. І на інтэрв’ю ў мяне спыталі: «А што наконт акцый, ці збіраюся я ўзнаўляць удзел?» І так атрымалася, што пасля гэтага інтэрв’ю вядучая Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Настасся Ермалюк прапанавала стварыць сумесную акцыю. Менавіта Насця вырашыла (смяецца), што хутка трэба гэта ажыццявіць. Аказалася, што яна яшчэ і рэдактар музычнага аддзела, і песні для беларускага хіт-парада адабрала таксама яна».

«Аказваецца, мае песні маюцца ў айчыннай музычнай базе. Пра гэта мне ніхто не падказаў. Да святкавання стагоддзя радыё нашу дабрачынную акцыю «Бу­дзем разам» адобрылі і падпісалі. І галоўны момант у тым, што бюджэту было нуль. Гэта насамрэч дабрачынная акцыя. Артысты едуць бясплатна, і валанцёры перадаюць не грошы, а рэчы. Пытаюцца, што прывезці? Прывозім тое, што патрэбна. Аднак, калі параўнаць дзесяць гадоў таму і цяпер, калі я паехала па тых жа ўстановах, карціна каласальная. Змены ў лепшы бок. Падтрымка дзяржавы стопрацэнтная. Цяпер, калі пытаешся, што прывезці, адказваюць, што нічога не патрэбна. Толькі каб самі прыязджалі. Вядома, бывае нешта і неабходна, але гэта настолькі не істотнае».

«Будзем разам»

«Маючы пэўны досвед за плячыма, удзельнічаю ў дабрачыннасці толькі з тым, у кім сапраўды ўпэўнена і каго добра ведаю. Да гэтага супрацоўнічала з «Чырвоным Крыжам»».

Акцыя «Будзем разам» размыла межы. Яна аб’яднала такіх артыстаў, як LANA KASS, Elen, артыст і спявак SHMATKO (@shmat_voice), балерына Вялікага тэатра Ірына Варфаламеева, блогер @vikilinki Вікторыя Арэстава, блогер і бэк-вакал гурта KaS Аляксандр Анюкоў (@sasha_rodnykray) і іншыя. У нас афіцыйнае гастрольнае пасведчанне. Таму абавязкова едзем, калі запрашаюць. Калі адчуваем, што там мы сапраўды патрэбныя. Каб быў у гэтым сэнс.

Ездзілі пад Баранавічы, наведвалі пажылых людзей. Туды збіралі рэчы гігіены. Пабудова там не новая, і адчувалася, мы сапраўды былі там неабходныя. А на тыдні ездзілі ў мужчынскі манастыр у Юравічах, што ў Гомельскай вобласці. Гэтае месца не папулярнае. Раней у манастыры было чатыры манахі на велізарную пабудову. Мясцовасць гэтая выдаленая ад буйных мястэчак. На службу прыходзілі дзве бабулі. І ўсё. Вядома, сабор жыве ад прыходу. Таму грошай, каб гэта аднавіць, не было. А там і ход да Мазыра пад зямлёй, і шмат чаго цікавага. Пабудаваны комплекс у 1673 годзе. Потым гэта быў езуіцкі калегіум, пасля належаў ордэну Бернардзінцаў. Карацей… гісторыя! Прайшло больш за дзесяць гадоў, як сабор аднавіў бацюшка. Цяпер ён біскуп, які з горада кожны дзень ездзіць служыць. Дзяржава падтрымала і дапамагла ў аднаўленні сабора, але сітуацыя тая ж. Людзей больш ад гэтага не стала. Месца невядомае. І трэба яшчэ многае аднаўляць у комплексе, бо знаходзіцца ён у жахлівым стане. Мы хочам, каб усё змянілася ў лепшы бок.

Калі гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, то пра яе трэба казаць. І вось неяк сустрэліся з айцом Арсеніем, які запрасіў прыехаць на свята іконы Раства Прасвятой Багародзіцы, у гонар якой названа святыня. «Можа калі-небудзь правядзём мерапрыемства, каб даць пагалоску?» А я падумала: навошта чакаць? За два тыдні арганізавала і паклікала артыстаў, якія былі згодныя. Усе, каму патэлефанавала, паехалі. Нам зрабілі экскурсію. Зладзілі цудоўны канцэрт. Усе ачмурэлі. Зала была запоўненая, людзі сабраліся, хоць у вёсцы жыхароў мала. Публіка дзякавала, людзі былі рады, што трапілі на канцэрт. Акцыя «Будзем разам» – гэта ўжо свая суполка людзей, у якіх ёсць шчырае жаданне несці людзям святло, дабрыню і пяшчоту.

Сэнс не ў падарунку, а ў кантакце

«Насамрэч, калі едзеш у дамы і ва ўстановы, там сэнс не ў падарунку, сэнс у стасунках і кантакце. Там працуе іншая гісторыя, не фінансавая. Там камунікацыя, і яна ідзе. Неяк мы ездзілі з адным фондам, і дырэктар установы гаворыць: «А вы ведаеце, што вы лечыце іх». І сапраўды, гэта лячэнне. Таму што і музыка, і непасрэдны кантакт. Аховы ў нас няма, таму пастаяльцы падыходзяць, абдымаюцца, фатаграфуюцца, нешта кажуць, размаўляюць з намі. Кантактная гісторыя. Мы за гэтым едзем.

І няёмкасць у пэўных момантах кантакту з такімі людзьмі адсутнічае. Калі ты з сэнсам едзеш – усё разумееш. Была сітуацыя: мы прыехалі ў Навінкі, і артыстка спужалася, калі выбеглі дзеці і дакрануліся да яе валасоў. Я бачу: яна забілася ў кут і не змагла даспяваць. Мы ў працэсе – пагналі далей. І пад канец праграмы спявачка падышла і кажа: я ўсё зразумела. І дапела свае дзве песні. Таму тут неабходна быць гатовай да выступлення для асаблівай публікі. Да такога канцэрту немагчыма маральна падрыхтавацца. Тут трэба проста зразумець. Ты альбо разумееш, альбо не.

Дзесяць гадоў таму звычайна палова артыстаў ад удзелу ў падобных акцыях адсейвалася. Па дарозе дамоў з дабрачынных мерапрыемстваў усе едуць, плачуць. У кагосьці істэрыка. А гэтым разам, па-першае, самі едуць, па-другое, разумеюць, за чым едуць. І ў сакавіку мы з Насцяй рабілі нават дзве паездкі, бо было столькі водгукаў артыстаў, што мы адну акцыю падзялялі па ўстановах. У нас планаў няма. Як толькі патэлефанавалі – едзем. У кожнага – шчыльны графік і часам складана проста сарвацца. Але едзем! Дзве машыны артыстаў, у якіх вялікая аўдыторыя!»

– Можа, вы ўдзельнічаеце і ў зборах для хворых дзетак?

«Вядома. Аднак сабраць неабходную суму з адной залы ўсё ж такі будзе недастаткова. І гэта не адзіны спосаб прызваць людзей. Цяпер ёсць прамыя трансляцыі ў сацсетках, ёсць рахунак бацькоў. Таксама ў нас артысты з Tik-Tok, якія могуць спяваць анлайн з прапановай пералічваць грошы за канцэрт. І ты не будзеш абмежаваны колькасцю горада. Але і маленькая сума – таксама важная. Яна дапамагае».

Пра асабістае

«У мяне дзве дачкі – трынаццаць і шэсць. Старэйшая – творчая і па акцыях са мной ездзіць. З першай у дэкрэт не выходзіла, з другой была. Абедзве танчаць. У старэйшай графік – калектыў сур’ёзны, харэаграфічны; і я вяду перамовы, каб да мяне ішла на падтанцоўкі. Адзінае – пакуль не спяваюць. Бабулі і дзядулі не жывуць з намі ў адным горадзе. Неяк паспяваю з імі.

Цяпер, пасля паездкі ў «Астанкіна», графік такі, што кожны дзень нешта адбываецца. У мяне свае механізмы працуюць. Там, дзе карпаратывы, я не пайду. Там, дзе Дзень горада і зала ДК, прыгожыя мерапрыемствы, там, дзе ёсць пэўны сэнс, там я буду дакладна. Пра грошы пакуль маю права не думаць. Калі песні ратацыйныя, за іх атрымліваю аўтарскія ў цудоўнай суме. Я аўтар усіх сваіх песень. Адзі­ная песня, з якой ездзіла на «Астанкіна» да Якубовіча на «Поле цудаў» – аўтар Сяргей Сухамлін. З ім у дуэце ёсць некалькі кампазіцый у сааўтарстве. Прадзюсараў у мяне няма. У мяне ёсць прафадукацыя – менеджар сацыякультурнай дзейнасці».

Самае складанае – калі купяць толькі 30 % білетаў

«Разумею, што зала можа сабрацца толькі на трэць. Я магу выйсці і праспяваць для трох чалавек. Сельскія Саветы сталі зваць з сольнікам. А я не гастралюю, па зборках езджу. У мяне настолькі ў галаве рэчаў цікавых, што не паспяваю прыпыніцца і падумаць, ацаніць сітуацыю. Таму пакуль не да сольнікаў (смяецца). Я знаходжуся ў спакойным стане і не аналізую ўзровень свайго рэйтынгу. Неяк адзін цудоўны артыст мне сказаў: «Самае складанае на сольніку, калі купяць толькі 30 працэнтаў квіткоў і трэба сябе пераасіліць, каб выйсці на сцэну». Гэта сапраўды самае складанае? Не, пакуль у мяне няма такой зорнасці. Але я ўжо ведаю, што трэба выстаўляць свае межы і расстаўляць прыярытэты. Раней я была добрай і ўсім дапамагала. Гэта крыху шкодзіць. А цяпер разумею, што змарылася яшчэ тры тыдні таму. Я паўсюль! Не паспяваю выкладаць у Instagram. За рулём я, нават калі гастралюем. Акрамя творчасці, працую на дзвюх работах. У мяне тры вышэйшыя адукацыі. У дэкрэце паступіла ў БДУ, у інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі, на юрыдычны. Яшчэ медыяцыю асвоіла, каб кропку ў юрыдычнай гісторыі паставіць (смяецца). Я і відэаінжынер, і аператар. Ой божа, у мяне ўвесь час быў стан навучання. Летась хацела пайсці яшчэ вучыцца, а пасля думаю: колькі можна? Трэба ўжо ісці на ўзровень экспертнасці».

Пра свой шлях

– Арына, а як вы ўсё-такі прыйшлі да творчасці?

«У дзяцінстве ў ДК спявала, чатыры гады ў музыкалцы вучылася. Пераехалі ў іншы горад. Мне педагог не вельмі падабаўся. Пайшла ў мастацкую школу. У 15 гадоў песні запісала. У мяне мама была дырэктарам Дома творчасці, таму і доступ да ўсяго быў. І вось аднойчы адпрасілася ў класнай і на электрычцы з Барысава паехала ў Мінск. Хадзіла з папяровай картай, са спісам адрасоў. Навігатараў не было ж. І радыё «Мір» узяло ў ратацыю і эфір мае сінглы. Пасля не спявала нейкі час. Старэйшыя класы, трэба было разбірацца з інстытутам, працай. Я ж пераехала ў Мінск у сямнаццаць гадоў. Праз два месяцы пазнаёмілася з музыкантамі, якім у гурт трэба была альтэрнатыўная спявачка. Праз год выпусцілі альбом. На папсовую песню знялі кліп. І пайшло і паехала. Выйшла замуж у дваццаць гадоў. З гуртам разышліся. У сферы будаўніцтва я з сямнаццаці гадоў. У мяне і там з кар’ерай усё нармальна было. Дапрацавала да намесніка дырэктара. З другім дэкрэтам у мяне быў «серы шум». Пайшла вучыцца, каб памяняць нешта. Пасля пазвалі вярнуцца на фірму. Паралельна выйшла ў эфір, вяду грамадскую дзейнасць».

Творчы псеўданім

«Насамрэч мяне завуць Ганна, а прыдумаў мой творчы псеўданім адзін цудоўны творца. Гаворыць, маўляў, замуж сто раз будзеш выходзіць – трэба псеўданім. Мне было дзевятнаццаць. Можна зваліцца са смеху пад стол. Ён кажа: у мяне сядзіць кошка, якую завуць Арына. А па целіку ішла рэклама навін пра бацьку Анжэліны Джолі Войта. Было вырашана – буду Арынай Войт» (смяецца).

– Арына, як вы ўсё паспяваеце?

«Я не паспяваю весці сацсеткі, у сторыс – малая частка таго, што адбываецца. Каманды няма, я ў адзінай асобе, таму некалі гэтым займацца. А мерапрыемстваў за апошні месяц пасля маіх здымак на «Астанкіна» сапраўды зашмат. Сёння, напрыклад, павінна была весці канцэрт, але проста ўжо не ў сілах. Папрасіла прабачэння: ранкам была здымка, пасля канцэрт. Таму ўжо не магу браць пэўныя рэчы. Гэта ўпершыню».

Удзел у «Полі цудаў» і хейт

«Мяне не хейцяць, бо маю жорсткія свае межы і меркаванні, якія заўсёды выказвала. Мяне прымусіць нешта рабіць для чыёйсьці выгады было немагчыма. І гэта адыграла сваю ролю. Але ёсць хейт пасля майго ўдзелу ў праграме «Поле цудаў». Нумар, які прадстаўляла, быў зроблены на працягу двух тыдняў. Гэта тэрмін дастатковы для арганізацыі. Лічу, шмат часу не трэба. Як наважылася туды па­­ехаць? На дні нараджэння сядзелі з сябрамі, і хтосьці прапанаваў. Па прыколе закінула анкету. А мне набралі: «Ці можаце праз два тыдні прыехаць?» Сказалі, якую канцэпцыю хацелі б. Я званю Сухамліну (Сяргей Сухамлін – аўтар, аранжыроўшчык, тэлевядучы. – Заўв. аўт.). Ён хутка зрэагаваў. Скідваю ім. Рэдактары Першага канала пацвярджаюць. Класічны народны касцюм не хацелася, а менавіта, каб быў сцэнічны, каб бачна было, што артыстка. Яны даюць мне музыкантаў, і мы за тыдзень «рэпаем». А я пасля канцэртаў у Бабруйску і Жодзіне, на машыне ў дзевяць раніцы ўжо ў студыі. Без проб патрапіла адразу на здымку. Я заўсёды з такім пасылам, што задавальненне трэба атрымаць самой. Насамрэч у праграме шмат чаго скарацілі. У эфіры песня мая была на трэцяй хвіліне, а на чацвёртай і на пятай ён (Леанід Якубовіч. – Заўв. аўт.) мяне цалаваў (смяецца). Разумееце, калі быў бы сцэнарый, гэта праграма максімум не ўдалася б. Штосьці прыхо­дзілася на хаду прыдумваць і гаварыць. Гэта было цудоўна! Палову выразалі. Родных папярэдзіла: выпуск з маім удзелам – не глядзіце ніхто (смяецца) А рэдактары канала ва ўсіх сацсетках нарэзалі і выпусцілі відэа з маім удзелам, дзе мы п’ем і цалуемся. Мяне паклікалі на 35-годдзе праграмы. Быў выпуск з самымі яркімі ўдзельнікамі. Я прыязджала ў амбасаду, нас здымалі».

Планы на будучае

«Падпісчыкі просяць кантэнту. А я фізічна не паспяваю. Цяпер да сольніка трэба «падаграваць» маіх прыхільнікаў. З новага – адзін беларускі народны ансамбль танца, музыкі і песні ставіць тры нумары пад мае песні цалкам з аранжыроўкай. Ну і, вядома, у навагоднія і калядныя святы будзем ездзіць з дабрачыннай акцыяй».

***

На развітанне пацікавіліся ў спявачкі, як плануе праводзіць навагоднія святы.

«Планую з’ехаць у адпачынак (смяецца). А ўвогуле святкуем дома, усе збіраюцца за святочным сталом у мяне. Гатую абавязкова аліўе і салату «Па-царску». У нас дзве ёлкі, адна ў двары. Двор падобны формай да акварыума. Там упрыгожваюць ёлку гірляндай, і яна так прыгожа свеціцца ўночы! І дома таксама абавязкова ставім ёлку. Не ведаю, ці вытрывае яна на гэты Новы год, бо ў нас з’явіўся маленькі гадаванец – коцік. А ўсяго дома дзве кошкі і сабака.

Карыстаючыся магчымасцю, хачу  павіншаваць чытачоў газеты «Вместе!» з надыходзячым Новым годам і Раством! Пажадаць здароўя і каб Бог быў заўсёды з намі»!

 

Тэкст: Надзея Зуева

Фота з архіва спявачкі

 

Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.