Анастасія Малашкевіч: «Натхняюся сілай духу “асаблівых” людзей»

Поддержи

У святочныя дні “Вместе!” узяла інтэрв’ю ў лаўрэаткі міжнародных конкурсаў па оперным вакале, салісткі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, удзельніцы праекта “Фактар.by” Анастасіі Малашкевіч. У гэты святочны, чароўны час артыстка расказала пра што марыць, як падбірае рэпертуар для “асаблівай” публікі і якія жаданні загадвае пад бой курантаў.

– Анастасія, раскажыце, калі ласка, аб сваіх каранях.

– Нарадзілася ў Крыме, у горадзе Алушта. Дзядуля – беларус, вярнуўся на радзіму ў Добруш. І бацькі прынялі рашэнне, што хочуць таксама жыць у Беларусі. Мяне падлеткам і майго маленькага брата прывезлі сюды жыць. Тут скончыла школу і атрымала прафесійную адукацыю.

– Сёння вы адбыліся як спявачка. А памятаеце, з чаго ўсё пачыналася?

– Заўсёды цікавіла музычная тэма. Я была актыўным дзіцем. Вялікая прага да ведаў прывяла ў музычнае вучылішча. Пачынала ў Гомелі, пасля перавялася ў Мінск і заканчвала “Глінку” па спецыяльнасці “Акадэмічны вакал”. Дарэчы, не так даўно ў філармоніі быў вялікі канцэрт да стагоддзя музычнага каледжа імя М.І. Глінкі. Спявалі і студэнты, і выпускнікі, і я ў тым ліку.

– А ці быў у вас вопыт выступленняў для пастаяльцаў спецустаноў?

– У мяне быў вопыт выступленняў для “асаблівай” публікі, і не аднойчы. Гэта заўжды складана, гэта заўсёды раніць сэрца. Таму што адчуваеш пачуццё жалю, спачування, хочаш падтрымаць. Толькі адно пытанне задаеш сабе: чаму ж так? Успрымаю такія сустрэчы вельмі блізка. Мне няпроста пасля, заўсёды плачу… З канцэртам пабывала шмат дзе. З артыстамі збіраем пакеты з неабходнымі рэчамі. Дапамагаем, чым можам.

– Якім чынам падбіраеце рэпертуар для такіх канцэртаў?

– Я стараюся камбінаваць розныя кампазіцыі – у асноўным гэта жыццесцвярджальныя творы. Абавязкова спяваю што-небудзь з класікі, бо як жа яны інакш гэта пачуюць!

Трэба адзначыць, што пастаяльцы спецустаноў заўсёды рэагуюць вельмі шчыра. Хтосьці замірае, нехта ўсміхаецца, у кагосьці прабіваецца сляза…

– У звычайным жыцці можаце дапамагчы, калі хто мае ў гэтым патрэбу?

– Часта такое здараецца, што на вуліцы ў мяне можа папрасіць дапамогі чалавек у інваліднай калясцы. Не магу прайсці спакойна. Бывае, бабулька прадае кветкі альбо цыбульку, часнык. Магу проста папрасіць яе ўзяць у мяне грошы: “Калі ласка, – кажу, – вазьміце. Мне проста хочацца, каб вы тут менш знаходзіліся, бо вам тут некамфортна”. Я заўсёды вельмі паважліва адношуся да пажылых. Бо старасць бывае хваравітая, цяжкая. Пажылога чалавека трэба паважаць.

– Якія пачуцці ўзнікаюць падчас стасункаў з “асаблівымі” людзьмі?

– У мяне ніколі не бывае да гэтых людзей пагарды. Абсалютна іншыя пачуцці. Ніякага асуджэння. Адзінае, што не дае спакою, гэта пачуццё сарамлівасці ад таго, што я не магу цалкам змяніць сітуацыю. Мне хочацца, каб усім было камфортна жыць. Камусьці бракуе дастатку, у кагосьці няма здароўя… Жыццё ва ўсіх рознае – складанае, непрадказальнае. Можа адбыцца што заўгодна. Сёння я выступаю на сцэне – а заўтра нікому не патрэбная. І гэта робіцца вельмі часта. Такое здараецца ў жыцці. Я вельмі занепакоена тым, што адбываюцца такія выпадкі. Ніколі не бывае асуджэння, толькі пачуццё няёмкасці, дыскамфорту. Чаму? Бо я не хачу, каб было так.. А таму ўсё, што змагу – абавязкова зраблю. Мы заўжды павінны дапамагаць адзін аднаму, інакш свет перавернецца. Я ўдзячна за моцную волю такіх людзей. Мяне заўсёды натхняе і ўражвае сіла духу “асаблівага” чалавека.

– Над чым цяпер працуеце?

– На дадзены момант у нашым тэатры ідзе рэмэйк оперы “Яўген Анегін”. Але я зараз пагружана ва ўступленне да часткі п’есы “Макбет”. Гэта будзе мая новая партыя. І ў гэтым накірунку вядзецца вялікая работа. Дарэчы, я адзіная ў Беларусі выканаўца партыі ўсёй оперы “Турандот”, не толькі арыі – усёй оперы. Гэта партыя лічыцца калі не самай складанай, то найскладанейшай у вакальным плане ў свеце. Яе фізічна і вакальна могуць выканаць толькі каля дзесяці спявачак у свеце. І ў асноўным у гэтай ролі бяруць удзел сталыя, немаладыя спявачкі, якія ўжо валодаюць найвышэйшай выканальніцкай тэхнікай і вопытам. Таму што ёсць такое паняцце “крывавая партыя”, гэта значыць, вельмі небяспечная. Калі правесці аналогію са спортам, то ёсць пэўныя хітрасці, якія, калі спартсмен не падрыхтаваны, ён можа траўміраваць сябе. Дакладна тое ж і ў гэтай дысцыпліне. Для мяне кожны раз выконваць гэтую партыю – выклік.

– Анастасія, вас можна заўважыць не толькі на опернай сцэне, але і на эстрадзе…

– Я оперная спявачка, якая ўмее сумяшчаць эстрадны вакал. Гэта розныя сусветы. Розныя галасы, тэхніка. Унікальнасць мая ў тым, што магу сумяшчаць. У асноўным гэта ніхто не ўмее рабіць. Калі гаварыць пра опернае мастацтва, то ў мяне пагранічны голас – альбо моцнае драм-сапрана альбо меца-сапрана. Магчымасці майго голасу дазваляюць выконваць як класічныя партыі, так і меца-сапранавыя. Таму магчымасці вялікія, і рэалізацыя таксама ёсць.

– Цікава, як трымаеце голас у тонусе. Існуюць нейкія сакрэты?

– Для ўсіх гэта па-рознаму. Ведаю, што некаторыя дзяўчынкі без харчовай падтрымкі не спяваюць. Як быццам гэта надае ім моц і энергію. Напрыклад, мне трэба пазбавіцца ад працэсу пераварвання ежы. Увогуле, як здаецца, тут ніякіх няма сакрэтаў – сырых яек – нічога падобнага. Гігіена голасу, максімальны клопат аб сваім галасавым апараце. З маім графікам і нагрузкай гэта вельмі складана. Трэба берагчы сябе. Кожнаму трэба больш клапаціцца пра сябе. Думаць пра здароўе глабальна. Цяпер самы час – трэба беражліва ставіцца да здароўя свайго і сваіх блізкіх.

– Раскажыце, калі ласка, пра ўдзел у праекце “Фактар.by”?

– Я заўсёды набываю вопыт і знаёмствы. Удзячна праекту “Фактар.by” за магчымасць быць пачутай на ўсю краіну. За новага гледача, за тое, што магла спяваць на дзяржаўным канале шматмільённай аўдыторыі, прадэманстраваць сваё музычнае бачанне. Там старалася здзіўляць. І я вельмі ўдзячна за відэаполе, на якім прадстаўлены праект, за магчымасць рэалізацыі, за наладжванне сувязей для артыста. Вельмі ўдзячна, што мы працягваем сябраваць і што мяне запрашаюць на іншыя перадачы, за тое, што выступаю на розных айчынных пляцоўках. Артыст існуе толькі тады, калі існуе ягоны глядач.

– Што хацелі б папрасіць у Дзядулі Мароза ў новым годзе ?

– Калі гаварыць пра творчасць, то хацела б і далей жыць у Беларусі і выступаць для землякоў. Вельмі ўдзячная сваёй краіне за ўсё, што атрымала тут, – за адукацыю, за мой дом, за спакой і адчуванне сябе. Не магу вам перадаць, наколькі мне тут камфортна жыць. Адчуваю сябе дома, магу займацца любімай справай. Ведаю, што заўсёды магу спакойна зрабіць тое, што мне хочацца, і будзе водгук, усё атрымаецца. Тут неверагодна цудоўныя людзі, усе імкнуцца дапамагчы адно аднаму. Я хачу прыносіць карысць сваёй краіне. Паколькі лічу, што дасягнула ўзроўню міжнароднага артыста, хачу выступаць за сваю краіну на міжнародных сцэнах буйных оперных тэатраў. Падарожнічаць і паказваць, што вось такая моцная, прыгожая, галасістая, харызматычная і дастойная Беларусь. У нас ёсць сусветная зорка – Аксана Волкава, выдатнае меца-сапрана. Ну а драматычнае сапрана – гэта я (усміхаецца).

– Надышоў 2025 год. Падзяліцеся, калі ласка, успамінамі навагодняга свята з вашага дзяцінства.

– Калі была маленькая, у нас Новы год быў вялікай падзеяй. Збіралася ўся сям’я. Стараліся адно да аднаго прыязджаць з розных краін. І заўсёды гэта было весела – хлапушкі старыя, з кардону, памятаю. У іх часта яшчэ вяровачка адвальвалася (смяецца). Гэта былі маскарадныя маскіроўкі. Хтосьці стараўся прыходзіць у выяве Дзеда Мароза – павесяліць дзяцей. Я абавязкова разам з дзецьмі рыхтавалася да творчага нумара. Заўсёды гэта было свята. Забаўна, весела, задорна. Весяліліся, танчылі, спявалі. Упрыгожвалі ёлку шклянымі савецкімі цацкамі. А калі здараліся бітыя, мяне маці вучыла рабіць з іх упрыгожванне для кароны. Здрабнялі іх і залівалі шпалерным клеем, наклейвалі шкельцы на шчыльны кардон. Атрымлівалася сапраўдная навагодняя прыгажосць!

– Што вы пажадаеце ў новым годзе нашым чытачам?

– Чытачам газеты “Вместе!” хачу пажадаць у новым годзе моцнага здароўя, падтрымкі блізкіх, дапамогі адзін аднаму, палёгкі ў няёмкіх, складаных сітуацыях. Каб усё складвалася найлепшым чынам. Беражыце адно аднаго, будзьце шчаслівыя! І, вядома, дай Бог, усім здароўя!

Запісала Надзея Зуева

Фота з асабістага архіва спявачкі

 

Новости из жизни белорусов с инвалидностью в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь!

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.