Аляксандр Румак: «Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі Канвенцыі – нашая дарожная карта»
У межах Тыдня даступнасці, які штогод ладзіць Офіс па правах людзей з інваліднасцю, 23 мая ў Мінску прайшоў круглы стол «Рэалізацыя Канвенцыі аб правах інвалідаў: ролі і абавязкі». Гэта была маштабная сустрэча, арганізаваная пры ўдзеле Праграмы Развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Дзіцячага Фонду Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Фонду Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у галіне народанасельніцтва і інш. Правядзенне такога мерапрыемства наспела пасля ратыфікацыі Беларуссю Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. Хаця і кажуць, што добры пачатак (у нашым выпадку – ратыфікацыя) – гэта палова справы, аднак значэнне мае найперш прымяненне Канвенцыі на справе.
Пра гэта казалі многія ўдзельнікі круглага стала, у тым ліку і намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак:
– Мы зрабілі першы крок, калі далучыліся да Канвенцыі і ратыфіцыравалі яе. Наступным крокам стала падрыхтоўка Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю ў Рэспубліцы Беларусь. Гэты ж круглы стол – магчымасць для ўсіх зацікаўленых сабрацца разам і абмеркаваць пытанні, якія нас хвалююць, а таксама даведацца пра вопыт здзяйснення Канвенцыі ў іншых краінах. Гэта не значыць, што вынікі мы ўбачым ужо заўтра, але няма сумневу, што плён будзе, – падзяліўся думкамі выступоўца.
Падтрымаў Аляксандра Румака і дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі:
– Не мае сэнсу чакаць нейкіх раптоўных здзяйсненняў, – выказаўся ён, – але не варта і адкладваць на потым тое, што можна зрабіць цяпер. Нам усім разам трэба дамаўляцца і пачынаць увасабляць у жыццё Канвенцыю менавіта тут і зараз.
Накірунак размове цягам усяго мерапрыемства задаў пастаянны каардынатар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Рэспубліцы Беларусь Санака Самарасінха. Ён акрэсліў галоўную мэту Канвенцыі – умацаванне ў свядомасці грамадства павагі да людзей з інваліднасцю, разумення іх правоў і свабодаў.
Пра здзяйсненне гэтага на практыцы распавёў Аляксандр Румак. Ён расказаў пра Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю, у аснову якога былі пакладзеныя распрацоўкі навукова-даследчага інстытута працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пры гэтым у распрацоўцы Нацплана ўдзельнічалі таксама іншыя зацікаўленыя дзяржаўныя органы, а таксама грамадскія аб’яднанні, што прадстаўляюць інтарэсы людзей з інваліднасцю. Аляксандр Аляксеевіч адзначыў важны момант, што была дасягнутая згода ўсіх, хто спрычыніўся да гэтай працы. У бліжэйшы час дакумент будзе зацверджаны Урадам, пакуль жа выступоўца выказаў намер не парываць усталяваных сувязяў з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў. Тым больш што хоць Нацплан і разлічаны на тэрмін да 2025 года, пры неабходнасці ў яго будуць уносіцца неабходныя папраўкі.
У чым жа сутнасць дакумента, які, трэба думаць, моцна паўплывае на становішча інвалідаў у Беларусі?
– Мэта Нацыянальнага плана – забяспечыць прававыя, арганізацыйныя і інстытуцыянальныя ўмовы для рэалізацыі ў Беларусі Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. І найгалоўнае пры гэтым – забяспечыць роўнасць правоў інвалідаў і астатніх членаў нашага грамадства, навучыцца пазбягаць дыскрымінацыі людзей з інваліднасцю. Не ўсе, на жаль, разумеюць важнасць гэтай справы, – заўважыў намеснік міністра. – Часам спасылаюцца на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, дзе прапісаныя роўныя правы для ўсіх грамадзянаў, і нехта лічыць, што гэтага для нашай краіны дастаткова. Аднак жыццё паказвае, што агульныя нормы часта не спрацоўваюць. І вінаватыя ў гэтым не толькі чыноўнікі (у любой краіне менавіта ў іх бок кідаюць першы камень) – прычына ў тым, што само грамадства не гатовае ўспрымаць інвалідаў як роўных астатнім людзям.
Каб пацвердзіць сваю думку, Аляксандр Румак прапанаваў уявіць сітуацыю, калі чалавек з інваліднасцю хоча ўладкавацца на працу і звяртаецца да працадаўцы. Што адбываецца ў большасці выпадкаў? Чалавеку адмаўляюць.
– Вось каб пазбегнуць такіх выпадкаў, і неабходна ўдасканальваць прававыя нормы. Тады працадаўцы будуць цвёрда ведаць, што адмова прыняць на працу чалавека толькі таму, што ён мае інваліднасць, не застанецца без увагі з боку дзяржавы і грамадства. Для гэтага ў заканадаўства будуць унесеныя новыя паняцці, што змяшчаюцца ў Канвенцыі, і прававыя нормы, якія паспяхова выкарыстоўваюцца ў іншых краінах. Усё гэта дапаможа стварыць умовы для інтэграцыі інвалідаў у грамадства, для рэалізацыі іх правоў, найважнейшае з якіх, на маю думку, – гэта права на труд, – сказаў Аляксандр Румак. Таксама ён падкрэсліў важнасць выхавання нашага грамадства для таго, каб здаровыя людзі ўспрымалі інвалідаў як роўных сабе, а не толькі як асобаў, якім патрэбная дапамога.
– Нацыянальны план дзеянняў па рэалізацыі Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю – гэта дарожная карта нашага руху, і галоўнае, што мы вырашылі ісці наперад, а не стаяць на месцы. Хай сабе гэтыя крокі атрымаюцца не вельмі хуткімі, але яны будуць зробленыя ў правільным накірунку, – падсумаваў намеснік міністра.
Пра найбольш важныя элементы рэалізацыі Канвенцыі распавяла пад час круглага стала эксперт Ірына Міронава. Адзін з іх – гэта выяўленне людзей з інваліднасцю і збор дадзеных.
– Гістарычна ў розных краінах склаліся розныя падыходы да вызначэння інваліднасці, – адзначыла выступоўца. – У Беларусі, да прыкладу, выкарыстоўваецца медыцынскі падыход. Згодна з ім інваліднасць вызначаецца сыходзячы з дыягназаў, а не паводле функцыянальных абмежаванняў, і ў лік інвалідаў трапляюць людзі з хранічнымі захворваннямі, якія, можа, і не маюць цяжкасцяў узаемадзеяння з навакольным асяроддзем. Розныя падыходы да вызначэння інваліднасці становяцца прычынай разыходжання ў колькасці інвалідаў у розных краінах. Усяго каля 15% насельніцтва Зямлі маюць інваліднасць. Але краіны, што развіваюцца, заўсёды даюць меншы працэнт інваліднасці – для параўнання, у Беларусі гэта крыху больш за 6%. Для прыкладу раскажу пра Мазамбік, хаця гэтая краіна і далёкая ад нас. Там колькасць людзей з інваліднасцю традыцыйна складала 2,7%, аднак, калі ў выніку рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі былі выкарыстаныя новыя методыкі падліку, лічбы дасягнулі ажно 18,5%. У выніку не атрымліваецца супастаўляць дадзеныя па розных краінах і немагчыма праводзіць глабальны маніторынг колькасці людзей з інваліднасцю.
Змяніць сітуацыю, лічыць Ірына Міронава, дапаможа пераход ад медыцынскага да функцыянальнага падыходу вызначэння інваліднасці. Гэта можна зрабіць, выкарыстоўваючы Міжнародную класіфікацыю функцыянавання, абмежаванняў жыццядзейнасці і здароўя, распрацаваную Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Згаданая класіфікацыя дае стандартызаванае вызначэнне інваліднасці і забяспечвае атрыманне дадзеных, супаставімых на міжнародным узроўні.
Удасканаліць жа збор дадзеных магчыма, да прыкладу, дадаўшы пытанні датычна інваліднасці пры правядзенні перапісу насельніцтва. Так, распавяла Ірына Міронава, у Ірландыі пасля ратыфікацыі Канвенцыі правялі перапіс насельніцтва, куды ўключылі 2 пытанні па інваліднасці. У выніку колькасць людзей з інваліднасцю ў краіне дасягнула 10,5%. Калі ж пазней было праведзенае спецыялізаванае і больш падрабязнае даследаванне, адсотак жыхароў краіны, якія маюць інваліднасць, дасягнуў 16,5%.
Ніна КАЗЛЕНЯ
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.