Свята працягваецца ў Баранавічах

Рубрики: Новости.

Апошнім часам нашыя чытачы ўжо не раз мелі магчымасць даведацца, як адзначаюць юбілей Беларускага таварыства інвалідаў у розных кутках Беларусі. Але, як вядома, святаў ніколі не бывае зашмат. Сёння мы прапануем вам на некаторы час зазірнуць у Баранавіцкае гарадское аддзяленне ГА «БелТІ» і ўбачыць яшчэ адзін урывак з гэтай сапраўднай святочнай эпапеі.

Юбілей таварыства там святкавалі 24 снежня, якраз напярэдадні Божага Нараджэння. Старшыня арганізацыі Жанна Парфір’еўна Сасніцкая ўзгадала, як дваццаць пяць гадоў таму пад эгідай Баранавіцкага гарвыканкама і колішняга сабеса – зараз гэта ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне – сабралася ініцыятыўная група. Тады было прынятае рашэнне – у Баранавічах будзе Беларускае таварыства інвалідаў.

Безумоўна, нялёгка было тым, хто пачынаў, хто браўся за новае, невядомае, непрывычнае… І сёння, калі падводзяцца вынікі дзейнасці за чвэрць стагоддзя, нельга сказаць, што арганізацыя не апраўдала ўсе гэтыя намаганні – наадварот, яна запатрабаваная і, безумоўна, мае будучыню. Узгадала Жанна Сасніцкая і старшыняў арганізацыі, якія займалі гэтую пасаду раней, а таксама падзякавала тым, хто дваццаць пяць гадоў таму першы прыйшоў і выказаў жаданне стаць членам таварыства.

Натуральна, слова ўзяў і адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства інвалідаў, старшыня Цэнтральнага праўлення Уладзімір Пятровіч Патапенка, які адмыслова прыехаў на імпрэзу ў Баранавічы. Ён казаў пра тое, што спачатку таварыства інвалідаў увогуле не хацелі прымаць як арганізацыю, але паступова гэта было пераадолена – і, дарэчы, стваралі яе людзі з найбольш цяжкімі формамі інваліднасці. Уласна, гэта і была асноўная мэта стварэння «БелТІ» – каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі пазбавіліся ўсялякіх перашкодаў у сферы звычайных чалавечых зносінаў.

– У тыя гады колькасць членаў нашага таварыства расла вельмі хутка, – успамінаў Уладзімір Пятровіч. – Зараз, магчыма, і складана ў гэта паверыць, але ў мінскіх раённых арганізацыях людзі займалі чэргі з самае раніцы, каб падаць заяву на ўступленне ў «БелТІ». З часам адных толькі зносінаў стала мала, мы сталі думаць, як зрабіць так, каб здольнасці і таленты людзей з інваліднасцю не заставаліся незапатрабаванымі. Так з’явіліся разнастайныя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы, пачынальнікам якіх таксама было таварыства.

А самым актыўным членам арганізацыі Уладзімір Пятровіч уручыў граматы і грашовыя прэміі.

Яшчэ адзін госць імпрэзы, настаяцель прыхода храма Покрыва Прасвятой Багародзіцы протаіерэй айцец Аляксандр (Дзічкоўскі) асобна адзначыў, што дваццаць пяць гадоў – гэта час падводзіць вынікі. Казаў ён і пра тое – і, відаць, зусім невыпадкова, – як важна для кожнага чалавека не зламацца пад цяжарам абставінаў, што могуць нечакана абрушыцца на яго. Але нават і тады можна быць і ёсць за што быць удзячным Богу. Думаю, пасля словаў айца Аляксандра кожнаму з прысутных у зале было над чым паразважаць.

Увогуле, добрых і шчырых словаў у той дзень гучала вельмі шмат. Нават калі проста пералічыць усіх, хто прыйшоў на ўрачыстую імрэзу, каб павіншаваць таварыства з юбілеем, то гэты спіс атрымаецца немалым. Мяркуйце самі: святочны настрой падчас імпрэзы стваралі артысты, танцоры і спевакі – калектыў гарадскога Дома культуры «Беспокойные сердца», вучні гімназіі № 1 і нават Ала Пугачова, у амплуа якой выступіла выкладчыца Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Юлія Бурэц, ды іншыя. Бралі слова падчас імпрэзы начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Васільеўна Латышэва і дырэктар гарадскога ТЦСАН Алена Анатольеўна Герман, дырэктар гімназіі №1 Наталля Уладзіміраўна Грэчына, выкладчыкі і студэнты Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, прадстаўнікі баранавіцкай тэлекампаніі «Інтэкс» і газеты «Наш край» – і яшчэ шмат людзей, разам з дапамогай якіх усе гэтыя гады дзейнічала Баранавіцкая гарадская арганізацыя «Беларускага таварыства інвалідаў». Усмешкі, шчырыя пажаданні, падзякі, падарункі – інакш чым сустрэчай добрых і надзейных сяброў гэтую імпрэзу і не назавеш.

І ледзьве не кожны з выступоўцаў казаў пра тое, што дваццаць пяць гадоў – гэта, па сутнасці, яшчэ маладосць, самы пачатак чалавечага жыццёвага шляху. І хіба нельга сказаць тое ж самае і пра Беларускае таварыства інвалідаў? У нас пакуль што яшчэ ўсё толькі пачынаецца і, мяркуючы па пачатку, працяг нашай агульнай гісторыі мусіць быць добрым. Хаця лепей за ўсё пра гэта сказаў член Прэзідыума Баранавіцкай арганізацыі Дзмітрый Серада:

Нам уже 25! Мы прошли

                      и узнали немало,

Наша дружба окрепла,

                      а сами мы стали мудрей.

Ход часов не унять,

                      только мы от трудов не устали,

Нам еще предстоит

                     много сделать на благо людей.

 

Ніна КАЗЛЕНЯ

Фота Валерыі БРЫЛЬ

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.