Першыя крокі ў «нязведаны» край

Рубрики: Новости.

Варона, Лісіца і Воўк, Дзед Мароз ды іншыя казачныя героі напярэдадні Новага года завіталі ў сталічную дзіцячую бібліятэку № 4, каб расказаць маленькім чытачам казкі, праверыць іх эрудыцыю і вызначыць самых ўважлівых і кемлівых.

Дзеці з задавальненнем акунуліся ў незвычайнае дзейства, якое прапанавалі ім супрацоўнікі кніжніцы і студэнты бібліятэчнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Маленькія чытачы стараліся запомніць усё, бо актыўных удзельнікаў чакалі не толькі шчырыя апладысменты, але і ўзнагароды.

— Апошнім часам бацькі сталі куды часцей прыходзіць па кнігі, — заўважыла загадчыца дзіцячай бібліятэкі № 4 Людміла Бусел. — Атрымліваецца, што наша ўстанова неўпрыкметку ператварылася ў бібліятэку сямейнага чытання.

Праводзячы мерапрыемствы з чытачамi малодшага ўзросту, прыйшлi да высновы: для таго, каб яны ведалi сваю гiсторыю і традыцыi, патрэбна шэраг мерапрыемстваў пачынаючы з першага класа ці нават з дзіцячага садка. Таму распрацавалі адпаведны цыкл «Наш дом — Беларусь», які працягваецца і сёння.

У «нязведаны» край запрасiў маленькiх чытачоў клуб «Рамонак». Спачатку яго членамі былі ў асноўным вучні 2-3 класаў. З 2010 года ўдзельнікаў прыбавілася, і аўдыторыя крыху змянілася. Цяпер бібліятэка працуе ў цесным кантакце з выхаванцамі дзіцячага садка № 131.

— Каб «зрок і слых» дзяцей былі бліжэй да беларускага, — працягвае свой расповед загадчыца, — вырашылі стварыць этнаграфічны куток «Беларуская хатка», дзе сабралі рэчы сялянскага побыту пачатку ХХ стагоддзя. Адзін рушнік, а яму больш як сто гадоў, прынесла наша супрацоўніца. Я аддала ў музей яшчэ «старэйшы» рушнік родам з Астравецкага раёна, які выткала мая прабабка. Ёсць у нас прас, калаўрот, станочак для вырабу нітак, чыгунок, патэльня і іншыя цікавыя рарытэты. Гэты куточак мы назвалі «Сядзіба, або Хата з матчынай душою» і аформілі кніжную выстаўку з такой самай назвай. Менавіта тут праходзяць мерапрыемствы клуба «Рамонак».

– Часта завітваюць у бібліятэку беларускія творцы, – паведаміла Людміла Бусел. – Юныя чытачы добра знаёмы з творчасцю Міхася Пазнякова, Міхася Башлакова, Георгія Марчука, Уладзіміра Мазго, Валерыя Кастручына, Генадзя Аўласенкі, Міколы Чарняўскага ды інш. Выданні з дарчымі надпісамі можна ўбачыць у міні-музеі аўтографаў, які знаходзіцца ў чытальнай зале.

Раіса МАРЧУК

Фота Кастуся Дробава

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.