Не позірк шкадавання, а рэальны клопат

Рубрики: Новости.

Мерапрыемства, якое ладзілася ў актавай зале Бярэзінскай цэнтральнай раённай  бібліятэкі з нагоды Дня інвалідаў, скончылася мо больш за паўгадзіны, а прысутныя, уражаныя яго сцэнічным зместам, не спяшаліся пакідаць залу. Яны падыходзілі да нас з Тамарай Мікалаеўнай і ўсё дзякавалі і дзякавалі за арганізацыю свята душы. Мне было вельмі прыемна, хаця я з самага пачатку была  ўпэўнена ў рэзанансе поспеху, бо лепшага вядучага з такім мілагучным голасам і талентам артыстызма, з такой сардэчнай душэўнасцю падаць кожны момант сцэнарыя мерапрыемства ў нашым горадзе Беразіно, акрамя Тамары Круталевіч, амаль няма.

Фотаздымкі інвалідаў, імправізаваныя ордэны “За сілу і жыццялюбства” і “Мужнасць і цярпенне”, “Экран навін Бярэзінскага тэлебачання”, з творчай выдумкай “Куфэрак смеху” ўпрыгожвалі сцэну. Тут жа, каля сцэны, стаяў стол, устаўлены разнавідамі прэзентаў: цукеркамі, харчовымі прадуктамі, сувенірамі. Усё гэта прадугадвала добры настрой запрошаных на мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў.

Я, як старшыня раённага таварыства, ні ў перадачы па раённаму радыё, ні ў выступленні  ў мясцовай газеце “Бярэзінская панарама” нікога не віншавала з такім  святам, як Дзень інвалідаў, бо лічу гэта абсалютна неэтычным. Гэта не прафесійнае свята, з якім хочацца віншаваць, напамінаючы людзям аб іх прыгоднасці. А напамінаць інваліду аб яго цяжкім стане, маючы не зусім зайздросны статус, згадзіцеся, не вельмі карэктна.

Міжнародны дзень інвалідаў – гэта перш за ўсё знак увагі да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, да іх праблем, жаданне направіць у іх душы светлы праменьчык сонечнага цяпла, расказаць акружаючым пра іх аптымізм, уменне знайсці сябе, спосабы асабістай рэабілітацыі, каб жыць і не паддавацца волі лёсу.

Менавіта такім сюжэтам, уперамежку з канцэртнымі нумарамі, і было напоўнена двухгадзіннае свята душы для інвалідаў. Першы сюжэт “Шчасце без межаў” быў прысвечаны  Уладзіміру Віктаравічу Лесуну, інваліду-калясачніку 1-й групы з вёскі Каменны Барок.

Прыкметы невылечнай хваробы пачалі праяўляцца ў Валодзі яшчэ з дзяцінства, якая пасля стала прагрэсіраваць. Але юнак не здаваўся, паступіў у мінскі тэхнікум, атрымаў спецыяльнасць механіка, некалькі гадоў нават адпрацаваў на Мінскім трактарным заводзе. А калі стан стаў пагаршацца, вярнуўся да бацькоў. Але арол застаецца арлом і з адным крылом. Так і Валодзя. Сваё прымяненне ён знайшоў у якасці слесара ў калгаснай майстэрні, дзе праявіў у сябе здольнасці Кулібіна. Быць карысным, знайсці сваю каляіну ў жыцці, быць пазітыўна настроеным – такая пазіцыя Валодзі Лесуна. Ён добры кіроўца трактарам, асабістай машынай, мае сваё хобі: вырошчвае два сарты вінаграда, займаецца пчалярствам і вельмі любіць фатаграфаваць. Яго фотаздымкам была прысвечана выстава ў РДК. Валодзю называюць яшчэ і фанатам аптымізму. На пытанне “Як справы?” чуеш у адказ: “Выдатна”. Ніякага песімізму, не ўспрымае слоў шкадавання. У яго добрая сям’я: жонка, дачка – студэнтка факультэта журналістыкі, прыватны дагледжаны дом, майстэрня, прысядзібны ўчастак.

Галоўныя надзейныя абаронцы ў яго жыцці – гэта асабістыя здольнасці, свае погляды на акружаючы мір, прынцыповасць.

Праўду кажуць: “на кані не аб’едзеш свой лёс, хоць ты плач, хоць заліся ад слёз”.

Вельмі няпросты і звілісты шлях жыцця ў Фёдара Савельевіча Кавалёнка, інваліда 1-й групы. Гэтаму чалавеку за сілу волі і жыццялюбства можна было не імправізаваны ордэн на грудзі прыкалоць, а самы сапраўдны, выліты з металу, бо ў яго асобе можна навучыцца вялікай настойлівасці вярнуць сябе да жыцця, паставіць на ногі шляхам асабістай рэабілітацыі.

Фёдар быў абсалютна здаровым чалавекам, закончыў інстытут, працаваў аграномам, дырэктарам саўгаса, загадчыкам аграхімлабараторыі. У вольны час займаўся спортам, купаўся ў палонцы. А скрытая хвароба рабіла сваю чорную справу. Запозненая дыягностыка, 42 пункцыі, аперацыя. Вынік – інвалідная каляска, затым мыліцы: спачатку дзве, пасля адна, цяпер трохколавы веласіпед. Нядаўна пашчасціла набыць такі ж, толькі  з электрычным пераключэннем хуткасці. І штодзённая, да знямогі, праца над сабой з распрацоўкай свайго комплексу фізічных практыкаванняў, каб усе пашкоджаныя органы малога таза мелі доступ крыві, не адміралі.

Гэта пра такіх, як Ф.С. Кавалёнак, можна сказаць: “Жыццё без болі, быццам хлеб без солі. Здаецца, сытна, толькі прэсна і нясмачна”.

Узгадваючы прозвішча яшчэ адной гераіні дня, успамінаюцца словы пра лёс  чалавечы:

“Говорят, что на свете судьба существует,

Говорят, что всей жизнью владеет она,

Что, как будто, она все поступки диктует

В нашей жизни, работе и личных делах.

Заболел человек, умер в ранние годы,

А с другим – приключились несчастье, беда.

“Ничего не поделаешь, – говорят в народе, –

Видимо, такая у него судьба…”

Не прэтэндуючы на правільнасць рыфмаванага склада, хачу заўважыць, што рацыянальнае зерне праўды тут прысутнічае.

Ну хто б мог прадугадаць, што прыгожая, разумная маладая жанчына-маці пасля няшчаснага выпадку ў росквіце сіл застанецца нядзеяздольнай у сваёй рухомасці. Думалася, канец. Напружваючы ўсю сілу волі, з думкай не быць абцяжаранай нікому з членаў сям’і, яна пакідае кватэру з усімі выгодамі ў Мінску і пераязджае жыць у аддаленую вёску Бярэзінскага раёна. Каля года яны жывуць разам з мужам, але той раптоўна памірае, і Валянціна Аляксандраўна Камілава застаецца ў доме адна. Сярод чужых людзей, з цяжкасцю перасоўваючыся з дапаможнымі прыладамі па хаце. Дзе браліся вытокі да жыцця, сіла моцнага духу, настойлівасці, гонар непакорнасці лёсу? Мала таго Валянціна Аркадзьеўна  – вялікі аматар і спецыяліст па вязанню як спіцамі, так і на ткацкім невялікім станку. Рэчы, звязаныя сваімі рукамі, яна дорыць людзям бясплатна.

– Раней з ніткамі, іншымі рэчамі я дапамагала ёй сама, пакуль у мяне была наладжана сувязь з гуманітарным міжнародным фондам. Цяпер яна парваная, паколькі фонд патрабаваў за кожную машыну аплату ў 2 тысячы долараў. Праўда, засталася яшчэ адна бескарыслівая крыніца дапамогі. Гэта беларускі фонд “Міласэрнасці і здароўя” (старшыня В.У. Коласава), дзе да кожнага нашага сігналу “SOS” прыслухоўваюцца аператыўна і па магчымасці працягваюць нам руку дапамогі.

– Усе прыведзеныя вышэй прыклады – гэта толькі асобныя эпізоды з жыцця нашага таварыства інвалідаў, а іх у нашым сяброўскім аб’яднанні больш за 80 чалавек. І кожны са сваёй гісторыяй, асобнай трагедыяй, сваёй боллю. Прычым, жывуць нашы няшчаснікі ў розных кутках раёна, адлегласць да якіх можа налічваць больш за 50 км у адным накірунку. Але ж калі паступае званок з той ці іншай просьбай, мы не пакідаем яго без увагі. Адным вязем памперсы, другім – туалетнае крэсла, трэцім – мыліцы і г.д. А каб раздабыць усё гэта, тэлефануем у дабрачынныя арганізацыі, нават звяртаемся да  А.Г. Гарчаковай,  дырэктара хоспіса, што ў Бараўлянах.

Шукаю сама транспарт, прывожу і сама ў ролі кіроўцы дастаўляю неабходны груз. Абсалютна бескарысліва, без усялякай зарплаты і аплаты за паліва.

Пра наша таварыства, хаця яно і невялікае, добра ведаюць у раёне, а члены таварыства пазнаюць у твар.

Бывае, вяртаючыся з такіх паездак, думаю, што кожны з нас ходзіць па адной зямлі, жывем пад адным небам, саграваемся адным сонцам. Здавалася б, і жыццё павінна быць аднолькава для ўсіх. Але ж, не. Кожнаму паасобку наканаваны свой лёс, а разам з імі складваюцца нейкія свае абставіны і магчымасці. Для адных жыццё – нібы водар квітнеючага сада, для другіх – цярністы, калючы шлях, нібы кінуты гэты чалавек з самага золку ў стары ружоўнік, адкуль, як ні сцеражыся, а выбрацца, каб не пакалоцца да болю, да крыві, немагчыма. Але хто б там ні быў, ці багаты, які купаецца ў роскашы і поўны шчасця, альбо душэўна і фізічна траўміраваны – усё роўна, гэта ёсць чалавек, гэта асоба, каштоўнасць якой трэба прызнаваць і прымаць такім, якім ён ёсць. І дапамагаць.

Вось такія ўспаміны, развагі часта напаўняюць маю душу. Як было б добра, каб гэта разумелі не толькі сябры па няшчасцю, але і чыноўнікі розных вышыняў, пасылаючы ў адрас інваліда не толькі раўнадушны позірк шкадавання, але і цікавасць да стану акружаючага яго асяроддзя, у якім жыве кожны інвалід.

Ніна БУРКО,

старшыня праўлення Бярэзінскай раённай арганізацыі ГА “БелТІ”

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.