Фантастычныя пісанкі
Адзіны ў Беларусі Музей яйка ўжо сем гадоў дзейнічае на базе Вілейскага раённага дома рамёстваў у вёсцы Ізбіна. Сёння тут захоўваецца каля 300 велікодных яек, упрыгожаных рознымі відамі дэкаратыўнага роспісу. Найбольш вялікі экспанат дасягае 30 сантыметраў у вышыню.
Дэкарыраванне велікодных яек — адзін з найстаражытнейшых народных відаў роспісу. Гэтая традыцыя мае даўнюю гісторыю, і яе карані сягаюць у дахрысціянскія часы. Яйка ўвасабляла народныя ўяўленні пра магутныя сілы прыроды.
— Некалькі гадоў таму ездзілі ажно ў Слуцкі раён да адной бабулі, каб пераняць сакрэт пісанкі — аднаго з самых старажытных відаў мастацтва, — распавяла метадыст-майстар дома рамёстваў Ала Лайзан, якая займаецца аплікацыяй і пляценнем з саломкі і сваю калекцыю з яек упрыгожыла менавіта ўзорамі з саломкі. — Мне ніхто не паказваў, як гэта робіцца. Проста вырашыла для сябе, што хачу займацца такім цікавым рамяством. І атрымалася, таму працую з вялікай асалодай.
Калекцыя музея прадаўжае папаўняцца. Найперш дзякуючы майстэрству тутэйшых метадыстаў-майстроў, якія ўпрыгожваюць ці вырабляюць яйкі адпаведна таму рамяству, якім яны добра валодаюць, выкарыстоўваючы розныя тэхнікі і неабмежаваную тэматыку. Прынамсі, Ала Лайзан выкарыстоўвае не толькі традыцыйныя беларускія ўзоры, але і сучасныя прыёмы аплікацыі, каб, з аднаго боку, захаваць народныя сімвалы, а з другога — зрабіць іх цікавымі для гледачоў, аматараў такога мастацтва.
Цудоўна глядзяцца яйкі, інкруставаныя саломкай, у выцінаначнай тэхніцы, чорна-белыя, керамічныя, распісаныя гуашу, выразаныя дырэктарам Вілейскага дома рамёстваў, майстрам па дрэве Сяргеем Дубягам.
— У сувязі з адраджэннем народных звычаяў і абрадаў расце цікавасць да традыцыйных прыёмаў і матываў дэкарыравання пісанак, — распавёў загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Віталь Каспяровіч. — Амаль забыты від народнага мастацкага роспісу зноў займае пачэснае месца ў нашым побыце. Так званых шаблонаў тут няма — майстар сам і на свой густ выбірае матыў, які з’явіцца на гладкай паверхні. Таму на яйках можна ўбачыць выявы абразоў, розныя партрэты, малюнкі “пад гжэль”. Распісваюць іх толькі ўручную, выкарыстоўваючы пры гэтым гуаш, тэмперу, туш.
Нядаўна на базе Вілейскага дома рамёстваў прайшоў абласны семінар па традыцыйнай беларускай пісанцы (размалёўцы велікодных яек), у якім бралі ўдзел спецыялісты па традыцыйнай культуры, клубныя работнікі і кіраўнікі гурткоў з 10 раёнаў сталічнай вобласці. Майстар-клас правяла старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ірына Мазюк.
— Каб не знікла традыцыйная беларуская пісанка, мы імкнемся да таго, каб ва ўсіх раёнах Міншчыны былі майстры па ўпрыгожванні велікодных яек, — зазначыў Віталь Каспяровіч. — Семінар у Вілейцы — чацвёрты ў гэтым годзе, сёлета мы правялі падобныя мерапрыемствы ў Пухавічах, Слуцку і Уздзе. На працягу чатырох папярэдніх гадоў навучалі метадыстаў-майстроў гэтаму рамяству і ў выніку змаглі правесці летась абласны конкурс беларускай пісанкі ў Стоўбцах, дзе сабралася каля 70 чалавек з 10 раёнаў Міншчыны. Яны прадставілі цудоўныя экспазіцыі з яек, удзельнічалі ў конкурсе, многія атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Самае галоўнае, што спецыялісты, якія асвоілі тэхніку пісанкі, ужо перадалі свае навыкі не аднаму дзясятку дзяцей. Таму ў конкурсе бралі ўдзел і юныя майстры. Да Вялікадня, які праваслаўныя вернікі адзначаюць сёлета 5 мая, у кожным раёне Міншчыны прапануем правесці ты-дзень беларускай пісанкі.
Дарэчы, удзельнікі семінара распісвалі яйкі ў дзвюх тэхніках: васкавання і скробанкі. Пры першай спачатку воскам наносяць на яйка ўзор, а потым вараць у яйкавым шалупінні. Пакрытая воскам паверхня не афарбоўваецца — атрымліваецца адмысловы малюнак. У тэхніцы “скробанка” яйкі таксама вараць у шалупінні, а пасля вострым прадметам выскрабаюць на шкарлупіне малюнкі.
— Можна распісваць яйкі пры дапамозе травінак і кветачак, каб быў пэўны малюнак, — расказала метадыст-майстар Вілейскага дома рамёстваў Аляксандра Бязава. — Прыклейваем іх на яйка, змяшчаем у панчоху, завязваем яе і варым у шалупінні цыбулі. Атрымліваецца адмысловы адбітак. Можна наклейваць папяровыя загатоўкі-аплікацыі. Асабліва гэтая тэхніка падыходзіць дзецям. Зноў жа апускаем у адвар шалупіння цыбулі. Можна абгарнуць яйка тонкай, тоўстай ці кручанай нітачкай, раскласці яе ў хаатычным парадку — таксама народзяцца фантастычныя ўзоры. Дзякуючы розным фарбам робім яйка рознакаляровым. Адным словам, шырокае поле для творчасці.
Раіса МАРЧУК
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.