Калі чалавек хоча быць шчаслівым, рэчаіснасць бяссільная

Рубрики: Новости.

Гэта сапраўднае свецкае мерапрыемства па ўсіх правілах, дзе жанчыны дэманструюць уборы і ўпрыгажэнні, а мужчыны стараюцца быць галантнымі і… таксама прыгожымі.

Свята ў гонар юбіляраў, якое нядаўна праводзіла Шумілінская раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў” у кафэ “Фартуна”, падарыла ўсім яго ўдзельнікам самыя прыемныя эмоцыі.

Фармат мерапрыемства вызначае і настрой, і абавязковыя яго атрыбуты. Гэта і словы віншаванняў, і песні, і жарты, і, вядома, падарункі, ушанаванні. Як і заўжды, пастараліся работнікі культуры, якія з асаблівай адказнасцю падыходзілі да выканання канцэртных нумароў.

Людзей сабралося, як і заўжды, шмат. Але прыбыць змаглі не ўсе, хто хацеў. Нехта трапіў у бальніцу, іншы занядужаў і не рызыкнуў выходзіць з дому. Яны шчыра перажываюць адзін за аднаго, заўжды наведваюць слабейшых, стараюцца падтрымаць і падбадзёрыць. А наогул у атмасферы – скрозь аптымізм і нястомная прага жыцця.

“Жыццё – гэта ўжо шчасце”

Менавіта так адказала на пытанне: “У чым заключаецца шчасце?” Дзіяна Маркаўна Нікіфарава. 85-гадовая жанчына, у жыцці якой усё: і вайна, і няпростыя гады пасляваеннага аднаўлення, і вучоба, сям’я, адказная пасада, – не дазволіць сабе падмануць ці памыліцца. У Дзіяны Маркаўны – багаты лёс, слаўная біяграфія. Яе жыццё – узор стойкасці духу, працаздольнасці, адказнасці і самадысцыпліны. Сёння яна ўмее радавацца жыццю, марыць, часта ўспамінае былыя гады.

Жыццё ніколі не было лёгкім, ні ў юнацтве, калі была вайна, лагеры; ні ў маладосці, калі прыходзілася сумяшчаць сямейнае жыццё, выхаванне сына з вучобай у інстытуце і працай у райвыканкаме.

Сакратар райвыканкама – пасада адказная. За амаль 20 год у раёне змянілі адзін аднаго 13 старшыняў райвыканкама, з усімі імі працавала Дзіяна Маркаўна. З цеплынёй, са слязамі на вачах успамінае яна А.У. Сіпко, кажа, што такога працаздольнага, такога адданага справе чалавека ў нас не было і не будзе.

Д.М. Нікіфарава праз гады пранесла цікавасць да жыцця, да ўсяго новага, уражвае яе пачуццё гумару, гібкі розум. Яна шмат чытае, заўжды ў курсе палітычнага жыцця ў краіне, дужа перажывае за раён.

Усё, што сёння ў нас ёсць, дасталося нам у спадчыну і ад людзей таго пакалення. Яны не шкадавалі часу, сіл, энергіі, ды і наогул – жыцця, для таго, каб па-сапраўднаму мацаваць раён.

40 год разам

Жыццёвыя лёсы Любові Аляксееўны і Уладзіміра Пятровіча Улюценкаў перасекліся роўна 40 год таму і сталі адзіным цэлым. З той пары і радасць, і слёзы – усё напалам. Цяжкавата гэта, скажуць маладыя, так доўга крочыць па адной дарозе: надакучыць можа, стаміцца лёгка. “Ды не, зусім гэта і няцяжка, – упэўнена Любоў Аляксееўна, – у сямейным жыцці варта саступаць адзін аднаму, недзе жанчыне трэба быць больш лаяльнай, а можа і хітрэйшай – гэтага і маладым раю”.

Два сыны, выдатныя нявесткі, трое ўнукаў – вось багацце, якое без сям’і не нажывеш. І сёння юбіляры мараць аб адным – каб Бог даў ім яшчэ аднаго ўнука.

13 год назад з Уладзімірам Пятровічам здарыўся інсульт, і цяпер яго фізічныя магчымасці абмежаваныя. Але гэта ніяк не замінае іх аптымізму, добраму настрою. Галоўнае, што яны разам, а калі цяжкасці і праблемы дзяліць на дваіх, то і несці іх лягчэй.

Яны выдатна дапаўняюць адзін аднаго: ён стрыманы ў эмоцыях, спакойны, разважлівы, і яна – адкрытая, эмацыянальная, бойкая. Заўжды прыемна ўсведамляць, што побач жывуць такія людзі, што сямейнае шчасце стажам у цэлае жыццё – магчыма.

Шчасце ў людзях

Няправільна і несправядліва будзе асобным радком не сказаць пра ідэйную натхняльніцу, пра нястомную працаўніцу, пра аптымістку і проста выдатную жанчыну – Любоў Мікалаеўну Нагібаву. Колькі яна ўзначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, столькі не сціхае фантан ідэй і цікавых прапаноў. Яна ведае падыход да людзей, ведае, як дапамагчы, што патрэбна кожнаму, яна іх шчыра любіць.

Бог дае ёй сілы, і яна рада дзяліцца гэтым з іншымі. На такое сапраўды цяжка прэтэндаваць, так не зможа кожны. А нам пашчасціла. А яшчэ мы радуемся, што сёлета Любоў Мікалаеўна стала “Жанчынай Шуміліншчыны” ў намінацыі “Жанчына ў сферы грамадскай дзейнасці”. Віншуем! Новых перамог Вам і новых здзяйсненняў!

Наталля ЧАРНІЧЭНКА

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.