І майстрыха, і краязнаўца

Рубрики: Культура, Новости.

Мода на вышыванкі нагадвае мне спіраль: то імі ўпрыгожвалі вясковыя хаты і нават гарадскія кватэры, то дружна здымалі маляўнічыя карціны і адпраўлялі ў шафу, а здаралася, і на сметнік — маўляў, нямодна, несучасна, ды і каму яны патрэбны?! Цяпер зноўку многія захапіліся гэтым рукадзеллем і з гонарам дэманструюць свае набыткі падчас розных выставак.

Зінаіда Сяргейчык, былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Салаўскай базавай школы, што на Драгічыншчыне, таксама ў свой час зняла са сцяны некалькі ўласнаручна вышытых карцін і паклала ў куфар. Сёння ж гэтыя вырабы зноў упрыгожваюць яе дом. Цяжка паверыць, што створаны яны больш як паўстагоддзя таму: колеры яркія, шыўкі не пашкоджаны.

— Тады рука не паднялася выкінуць свае работы, таму што люблю ўсё гэта, а яшчэ спадзявалася, што вернецца мода на такія рэчы, — распавяла Зінаіда Георгіеўна. — Здаралася, дастану вышыванкі з куфра, палюбуюся імі і пакладу назад. Мая маці, Надзея Канстанцінаўна, шмат вязала, шыла і вельмі прыгожа вышывала. Прыкладна ў шасцігадовым узросце я папрасіла маці, каб навучыла мяне вязаць. Нітак жа не было. Распусцілі нейкую старую рэч, і я пачала вязаць шалік. Калі справілася з ім, маці паказала іншыя ўзоры. Адным словам, з адных і тых жа нітак доўга вязала розныя ўзоры і розныя рэчы. Вельмі хацелася мець ляльку. Але за што купіць? Пачала і лялек шыць сама.

Вельмі люблю прыроду, светлыя і радасныя сімвалы, асабліва кранаюць мяне тыя, што звязаны з сям’ёю. Вырасла я ў райскім куточку — на хутары, дзе было шмат птушак і жывёл. Таму і старалася перш за ўсё іх адлюстраваць. Прыйшліся даспадобы алені, як сімвал мацярынства — вышыла. Убачыла карціну з двума лебедзямі — сімвал вернасці, — таксама некалькі месяцаў сядзела з іголкаю і ніткамі. Выразна памятаю, што ў дзяцінстве над маім ложкам вісеў вялікі дыван “Алень”, які маці вышыла гладдзю. Потым з’явіўся другі — “Лебедзі”. Яны вельмі падабаліся мне. Тонкая работа, прыгожае шво: не адрозніць — машыннае ці ручное. А чым яшчэ ўпрыгожыць жытло? Вось і вышывалі жанчыны ўсё, што маглі.

Падчас вучобы ў пружанскім педвучылішчы Зінаіда Георгіеўна з задавальненнем наведвала заняткі па рукадзеллі. Будучыя настаўніцы пачатковых класаў вучыліся шыць нескладаныя рэчы, вышываць, каб потым на ўроках працы перадаць гэтае майстэрства дзецям. Дарэчы, з тых часоў захавалася ў жанчыны вышытая падушачка, якую некалькі гадоў таму падарыла ўнучцы Каці. Дзяўчынка ёю даражыць, беражэ.

— Неяк Каця папрасіла мяне: “Бабуля, навучы мяне вышываць”, — расказала жанчына. — Пачалі з простага крыжыка, адолелі ўжо і балгарскі. Потым я знайшла мадэль вязанай дзіцячай кофтачкі з коцікам і зайчыкамі. Каця прапанавала іх вышыць. Чаму б і не? Загарэлася, уключыла фантазію. У выніку атрымалася карціна: зайчыкі бягуць па траўцы і нясуць маці па кветачцы, а зверху ляціць матыль. Такая вось сямейная ідылія. Вышыванку падарыла сваёй заказчыцы-ўнучцы. Узор “Калядная ноч” убачыла ў часопісе “Гаспадыня”. Адразу засумнявалася, што змагу яго вышыць, падаўся складаным. Калега-настаўніца Марыя Пятроўна Федзюковіч, якая ўжо даўно займаецца вышыўкай, падтрымала мяне і таксама вырашыла вышыць “Калядную ноч”. Хадзілі адна да адной, глядзелі, што ў каго атрымліваецца.

Трэба зазначыць, што яшчэ дзесяць гадоў пасля выхаду на заслужаны адпачынак Зінаіда Георгіеўна вяла па некалькі ўрокаў і ў Салаўскай базавай школе, і ў Равінскай сярэдняй. Апошнія гады працавала і ў пачатковых класах. Потым глядзела ўнучку, бо нявестка Валянціна, таксама настаўніца, выйшла на працу.

Не так даўно Зінаіда Георгіеўна захапілася вышыўкай па-сапраўднаму. На рахунку майстрыхі — пяць вышытых ручнікоў. У кожны выраб яна стараецца ўнесці штосьці новае, асабістае. Здаецца, ну што для вопытнага чалавека вышыць ружу. Але не кожнаму ўдаецца так затаніраваць ды зрабіць няўлоўнымі пераходы, каб кветка глядзелася як жывая.

— На адным з ручнікоў адлюстравала арнамент, расказвае далей вясковая майстрыха. Раней у нашых мясцінах вышывалі яго толькі чорнымі і чырвонымі ніткамі, цяпер жа сталі дадаваць бэзавы, блакітны, зялёны колеры. Я ж мяркую знайсці старадаўнія ўзоры, характэрныя для вёскі Салава, і вышыць ручнік у традыцыйным народным стылі. Іншы раз столькі часу ідзе на адну кветачку! Але я ніколечкі пра гэта не шкадую. Магу вышываць гадзінамі, забыўшыся на абед. Калі закончу работу, абавязкова развешу ручнік, каб раніцаю адразу паглядзець: што ж атрымалася? Калі штосьці не спадабаецца — усё роўна зраблю так, як мне здаецца лепш. Яшчэ прыкмеціла, што для кожнай вышыўкі трэба знайсці ў хаце прыдатнае менавіта для яе месца, каб яна “загаварыла”. І па памерах той жа ручнік павінен адпавядаць іконе.

Прыгожыя ручнікі не затрымліваюцца ў доме гаспадыні. Некалькі вырабаў падарыла родным. Ужо нават заказы паступаюць, асабліва на вышываныя ручнікі. Праўда, блізкія людзі просяць яе не стамляцца, бо не так многа часу прайшло пасля цяжкай хваробы і некалькіх аперацый, але Зінаіда Георгіеўна ўсё роўна амаль штодня бярэ ў рукі іголку. А ў самой вёсцы суполка аматараў вышыўкі пашыраецца. Дапамагаюць адзін аднаму набыць ніткі, тканіну, дзеляцца ўзорамі.

Раіса МАРЧУК

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, свяжитесь с нами, и мы зарегистируем для вас персональный аккаунт на нашем сайте.