«Трэба любіць тое, што табе дадзена». Гісторыя адной простай жанчыны, якая даглядае мужа з інваліднасцю

Поддержи

Рубрика : Эксклюзив.

Быць жонкай – гэта мастацтва. Быць жонкай чалавека з інваліднасцю – гэта высокае мастацтва. Святлана называе сябе звычайнай, вясковай. Яна любіць свой дом і ўжо звыклася з цяжкай працай, да якой дадаецца яшчэ і штодзённы догляд мужа з 1-й групай інваліднасці. І магчыма, мы б не даведаліся пра яе лёс, калі б у Ельскім гарвыканкаме ёй не адмовілі ў афармленні па доглядзе мужа. Але Святлана не скардзіцца. Хутчэй, наадварот, яна дзеліцца радасцю. Хіба гэта не радасць, калі палову жыцця пражыў з чалавекам, якога кахаеш?

Каханне з першага позірку

Святлана з мужам Уладзімірам разам ужо 20 гадоў. «Я шчаслівая», – кажа Святлана. І я ёй веру. Тым больш, іх каханне нарадзілася, як кажуць, з першага позірку. І інваліднасць Уладзіміра погляд Святланы зусім не зачапіла.

Уладзіміру было пяць гадоў, калі з ім здарыўся няшчасны выпадак, які панёс за сабой ампутацыю нагі. Так атрымалася, малому, які не паспеў перасунуцца з месца, перацёрлі ногі дошкі, якія вёз кіроўца на машыне. Адна нага хлопчыка поўнасцю вісела на скуры, а на другой было два адкрытыя пераломы. Па назе пайшла гангрэна, таму яе ампутавалі, так бы мовіць, пад корань.

/

«Уладзімір у мяне моцны, – ганарыцца мужам Святлана. – Хацеў жыць – і выжыў».

/

Святлана вырасла ў шматдзетнай сям’і, дзе было сем дзяцей сваіх і тры прыёмныя. Святлана была старэйшай. «Вучыцца пасля школы мне не прыйшлося, пайшла працаваць. Пасля адвучылася на качагара, атрымала аўтамабільныя правы. Праўда, у цяперашніх умовах мы не можам трымаць машыну. Зараз у нашым мястэчку вельмі малыя заробкі», – распавядае Святлана.

З Уладзімірам Святлана пазнаёмілася, калі ёй споўнілася 18. Пазнаёміліся маладыя людзі, як, пэўна, знаёміцца шмат хто з вясковай моладзі, у клубе. «Мы ж з вёскі… А чым у вёсках звычайна хваліліся хлопцы? Колькі выпіў, з колькімі пабіўся, колькі было дзяўчат… Мяне гэта не чапляла. Мама выхоўвала нас правільна. Памятаю яго доўгія кудравыя валасы, усмешку…»

Святлана кажа, што не адразу зразумела, што ва Уладзіміра з нагамі, бо ён хадзіў з мыліцамі і пратэзамі. «Я думала, што ён проста зламаў нагу, – прызнаецца яна. – Але калі я даведалася, што нагі ў яго проста няма, то гэта нічога не змяніла. Тады я яго ўспрымала як паўнавартасную асобу». Святлана кажа, што не шкадуе, што звязала сваё жыццё менавіта з Уладзімірам. Хоць ёй прыйшлося зусім нялёгка, калі яна адваёўвала сваё права быць шчаслівай. Але за нашу размову яна неаднаразова паўтарала, што ніколі ні ад каго не залежала, таму ўсе хатнія клопаты яна ўзяла на сябе з радасцю. Інваліднасць мужа не перашкодзіла нарадзіць Святлане траіх дзяцей. Старэйшай дачцэ зараз 19 гадоў, а малодшым, двайняшкам, – па 9.

Абяцанае ад дзяржавы жыллё, як кажа Святлана, чакаць прыйшлося б доўга. Таму ў Ельску яна набыла дом сама. Вось ужо год Святлана не працуе. Кажа, што за гэты год яна змагла прывесці ў парадак агарод, цяпліцу, тэрыторыю вакол.

Першае, што зрабіла Святлана ў новым доме, – гэта паклала лінолеум, каб Уладзіміру было зручней поўзаць, бо менавіта так ён перасоўваецца па хаце. «Тут немагчыма перасоўвацца на вазку, бо паўсюль парогі. Яму так лягчэй. Абапіраецца рукамі –  і паўзе. Таму як толькі я зарабіла дастаткова грошай, я адразу засцяліла падлогу. Бо тое, па чым ён поўзае, уплывае на яго здароўе. Могуць узнікаць і гнайнікі, і фурункулы… Але я ўжо навучылася з імі спраўляцца. Мая свякроўка мне падказала».

«Па доме ўсю працу раблю я, – дзеліцца Святлана. – У сваёй сям’і я была старэйшая, таму з 12 гадоў цяжка працавала. У мяне ёсць і касілка, і бензапіла». Дзяцей да працы Святлана не падключае. Зноўку ўзгадвае сваё дзяцінства і замаўкае. «Гэта ж дзеці», – вымаўляе яна. Але ў той жа час Святлана кажа, што яе дзеці растуць вельмі чуллівымі да навакольнага свету. Дзеці зладзілі дома своеасаблівы прытулак для бяздомных жывёл: «Дзеці іх збіраюць, мы жывёл кормім, а пасля аддаём у іншыя рукі».

Не дазволілі аформіцца па доглядзе

Нягледзячы на тое, што Уладзімір – інвалід 1-й групы, ён працуе аператарам ЭВМ у філіяле ААТ «Мазырскі ДОК» «Ельская мэблевая фабрыка». «Я выбірала такі дом, каб яго месцазнаходжанне было каля працы мужа. Я ведаю свайго Уладзіміра, таму разумела, што працу ён мяняць не будзе». Ва Уладзіміра 7-гадзінны працоўны дзень. Каля дома знаходзіцца аўтобусны прыпынак, таму яго звычайна забірае службовы аўтобус.

Я 20 гадоў даглядала мужа і нават не ведала, што можна афіцыйна ўладкавацца ва ўпраўленне! Я сыходзіла заўжды раней з працы на свой страх і рызыку, каб да прыходу Уладзіміра ў доме была ўжо прыгатаваная ежа, каб было чыста.

Пра тое, што Святлана можа аформіцца ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ельскага гарвыканкама па доглядзе Уладзіміра, яна даведалася выпадкова. Сям’я вырашыла сабраць неабходныя дакументы. Святлана кажа, што гэта было рашэнне найперш мужа. Ён бачыў, што догляд – гэта сапраўдная праца. Таму хацеў, каб Святлана была дома.

– Я падала дакументы ва упраўленне. Але як толькі выйшла з гарвыканкама, то мне адразу патэлефанавалі і сказалі, што я не мусіла прыходзіць і падаваць дакументы, бо Уладзімір жа працуе. Яны ж не даведаліся, што ён мае такое складанае вычляненне… Калі чалавек поўзае па падлозе і паралельна спраўляе сваю натуральную патрэбу…

Аднак камісія па прызначэнні пенсій Ельскага раённага выканаўчага камітэта прыняла рашэнне адмовіць у назначэнні дапамогі па доглядзе «ў сувязі з адсутнасцю факту штодзённага сталага догляду». Яны мяркуюць, што «інвалід часткова захаваў здольнасць да самаабслугоўвання, на працу дабіраецца самастойна на вазку альбо службовым аўтобусам». Але такое адмаўленне інваліду ў доглядзе не заснавана на нормах права з з’яўляецца абуральнай праявай беззаконня і дыскрымінацыі ў дачыненні да чалавека з інваліднасцю. Адмова ў назначэнні дапамогі наўпрост закранае інтарэсы чалавека з інваліднасцю, бо пенсія як мера дзяржаўнай падтрымкі непарыўна звязана і самімі паслугамі, забеспячэнне якіх з’яўляецца прамым абавязкам дзяржавы ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб правах людзей з інваліднасцю. Да слова, у беларускім заканадаўстве няма такога пункту, які б забараняў чалавеку афармляцца па доглядзе працоўнага інваліда.

– Вы ж разумееце, што ў нас і рэжым харчавання адмысловы, –  тлумачыць Святлана. – А каб прыгатаваць здаровую ежу, трэба час і сілы. У законе напісана, што калі ў яго ёсць ненарміраваныя патрэбы, то догляд можа быць аформлены. Ён памыцца сам не можа. Ён на ўнітаз сесці не можа. Ён і зранку ніколі не есць, хаця гэта і кепска. Ён баіцца дзесьці захацець у прыбіральню. Былі выпадкі, калі я везла яму штаны. Так што, хіба гэта не патрэбы?

Мусіць даглядаць, бо гэта яе абавязак

Святлана падала ў суд скаргу на рашэнне камісіі Ельскага райвыканкама аб адмове ў прызначэнні пенсіі па доглядзе інваліда 1-ай групы. Скаргу суд не задаволіў, а наадварот, палічыў дзеянні ўпраўлення ў дачыненні да сям’і законнымі.

– На судзе казалі, маўляў, Уладзімір жа на працы знаходзіцца, і там я не даглядаю яго, – кажа Святлана. – Сказалі: «Вы ж 20 гадоў рабілі ўсё гэта – рабіце і далей». Я разумею, што людзі проста не былі ў такой сітуацыі, у якой знаходжуся я.

Аргумент, на які спаслаўся суд, калі вынес рашэнне аб незадавальненні скаргі Святланы, –  гэта адсутнасць факту пастаяннага догляду інваліда 1-й групы. Аднак гэта яшчэ не ўсё.
Сваё рашэнне суд абгрунтаваў яшчэ і артыкулам 20-1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, дзе сказана, што «сужонкі абавязаны будаваць свае адносіны ў сям’і на аснове ўзаемаразумення і ўзаемапавагі, справядлівага размеркавання абавязкаў, садзейнічання ў рэалізацыі права на мацярынства (бацькоўства), фізічнае і духоўнае развіццё, атрыманне адукацыі, праяўленне сваіх здольнасцей, працу і адпачынак».

У матывіровачнай частцы рашэння суда Ельскага раёна было сказана наступнае: «Такім чынам, Роўба С. І., якая знаходзіцца і зарэгістравана ў шлюбе з Сачэва У. М, выконвае абавязкі, якія выцякаюць з шлюбна-сямейных адносін (прыбіранне жылога памяшкання, пранне бялізны, прыгатаванне ежы), таксама аказвае дапамогу Сачэва У. М. у ажыццяўленні працэдур пры асабістай гігіене, адпраўленні фізіялагічных патрэб, у выкананні якіх ён абмежаваны, бо з’яўляецца інвалідам 1-й групы. Але дадзеная дапамога не адпавядае крытэрыям пастаяннага догляду, бо такія патрэбы ўзнікаюць у Сачэва і ў перыяд знаходжання яго на працягу дня на працоўным месцы».

Юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі сказаў, што такая фармуліроўка выклікала шок нават у адваката Святланы. Ён кажа, што спасылка на кодэкс аб сям’і тут абсурдная. З гэтага вынікае, што жонка нібыта па законе павінна поўнасцю абслугоўваць мужа.

Галоўнае – любіць

– Што будзеце рабіць цяпер? – пытаю Святлану.

– Мы пойдзем далей, будзем змагацца, – адказвае жанчына. –  Уладзімір не разумее: чым мы горшыя за іншых? Ніводнага разу мне не стала Святлану шкада за нашу размову. Яна проста не выклікае такога пачуцця, бо яна не скардзіцца, а распавядае як ёсць. Хутчэй, Святлана выклікала да сябе велізарную павагу і захапленне.

– Ці думаеце пра будучыню? Ці не страшна, што хутка вы не зможаце так даглядаць Уладзіміра, як гэта робіце зараз?

– Я не ведаю, што са мной адбудзецца заўтра… Напэўна, самае страшнае для мяне – гэта думка, што Валодзя зляжа. Бо я бачыла ляжачых людзей, таму мужа буду развіваць да апошняга. Я сказала «не», калі ён папрасіў электравазок, таму што трэба пастаянна рухацца. Я ж бачу, што нават пасля звычайнай хваробы яму цяжка прыходзіць у тонус.
Радасць Святланы – гэта дзеці. Яна імі захапляецца. «Я раю ўсім бацькам рабіць дзяцей сваімі дарадцамі. Іх жа не проста трэба выхаваць. Ім трэба даць разуменне, што яны частка сусвету», –  дзеліцца Святлана. Святлана кажа, што за кошт таго, што дзеці бачаць тату з інваліднасцю штодня, яе дзеці адрозніваюцца ад іншых.

– Яны вельмі сентыментальныя, хочуць дапамагчы ўсім. Быў такі выпадак: у нас каля крамы ўпала бабуля. І мой сын стаяў там да таго моманту, пакуль не прыехала хуткая. У іх зусім іншае ўспрыняцце свету.

Падчас размовы Святлана жартавала. Плакала. Заціхала ў слухаўцы. Паралельна дапамагала дзецям у забаўках. Зноўку плакала. Не ад гора. Так бывае, калі раптам вызваляешся ад працы і з’яўляецца гадзінка, каб паразважаць пра ўласнае жыццё. Толькі тады перад вачыма паўстае ўсё тое, што перажыў за ўсе свае гады. Пытаю, як хапае ў яе на ўсё сіл?

– Сіл не трэба, трэба любіць тое, што табе дадзена. – адказвае Святлана. – Тады ўсё само атрымаецца. Чалавек можа быць шчаслівы нават ад таго, што стаміўся, калі робіць усё з любоўю.

 

 

Вікторыя Чаплева
Фота з архіва Святланы Роўбы

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.