«Мне абяцалі даць блок, каб я магла даглядаць сваіх інвалідаў». Як сям’я вымушана высяляцца з інтэрната ў нікуды

Поддержи

Рубрика : Эксклюзив.

Лёсу Святланы Калантай пазайздросціць цяжка. Яе муж стаў інвалідам 1-й групы, а сын атрымаў інваліднасць праз траўму ў школе. Зараз інтэрнат, у якім яны жывуць, зачыняецца на рэканструкцыю. Сям’і прапанавалі пераехаць у іншы, толькі ўмоў для таго, каб пражываць там з двума інвалідамі, проста няма…

Жыццё ў Святланы склалася няпроста: дзесьці вінаваты абставіны, дзесьці – яна сама. З дзяцінства застаўшыся без бацькоў і трапіўшы ў дом малюткі, яна як ніхто ведае, што значыць сябе бараніць. Так здарылася, што першы сужыцель Святланы ў хуткім часе загінуў. Жанчына засталася адна з маленькай дачкой. Праз два гады Святлана пазнаёмілася са сваім цяперашнім законным мужам Андрэем.

Сталася так, што ў канцы 90-х –  пачатку 2000-х гадоў ёй з дзецьмі на руках не было дзе жыць. Прычыны Святлана не агучыла. Застаецца толькі здагадвацца, чаму іх з мужам пазбавілі бацькоўскіх правоў і чаму не аказалася дзе жыць. «Дзяцей у нас забралі, а мяне адправілі рэгістравацца «на бамжатнік», – узгадвае Святлана. – Ён раней месціўся на Лагойскім тракце, там быў стары двухпавярховы дом. Ужо ў 2002 адкрылі «бамжатнік» на Ваўпшасава, там мы і былі прапісаны».

Святлана кажа, што мужу там дапамаглі з працай, аднавілі дакументы. Дапамаглі ўладкаваць жыццё ў Доме начнога знаходжання і Святлане. «Праверылі, што я сапраўды мінчанка, далі пашпарт, – узгадвае Святлана. –  У нас нарадзіўся сын у 2000 годзе, а ў 2001 яго забралі, нас пазбавілі бацькоўскіх правоў. Пасля нас, згодна з пастановай Маскоўскага cуда, адправілі ў Капыльскі раён на адпрацоўку па аліментах. А дзяцей… Старэйшыя жылі ў інтэрнаце. Малодшае дзіця адправіла на ўсынаўленне ў Амерыку. Мне ў судзе тады сказалі, што пасля адпрацоўкі буду мець права вярнуць яго дадому. Але пасля мне ўвесь час адмаўлялі. У выніку сказалі, што, маўляў, не трэба ўжо чапаць дзяцей».

Але жыццё пачало наладжвацца. Нарадзіўся сын Серафім. «Нам не было дзе жыць, – тлумачыць Святлана. – Я пайшла ў 4-ты ЖЭС. Працу мне далі. Паколькі ў мяне прапіска была Партызанскага раёна, Сімку забралі ў прытулак. Я пайшла ў ЖРЭА на Палявую, стала плакаць. Тлумачыла сітуацыю, казала, што хачу забраць сына. І мне далі жыллё ў інтэрнаце на Рыбалка. Там мы пражылі дзесьці да 2016 года».

У 2010 Андрэя збілі, у выніку чаго ён стаў інвалідам 1-й групы. У 2016 годзе інтэрнат зачыняўся. Святлана з гэтай прычыны пісала ў Мінгарвыканкам. «Было ўказанне, каб мне далі службовае жыллё, бо ў мяне муж – інвалід. У выніку мне далі месца ў інтэрнаце ад «Камволь».

Сімка

Серафім – малодшае дзіця Святланы, яму зараз чатырнаццаць гадоў. Святлана трымаецца за сына з апошніх сіл. «Мяне захапляе тое, як яна стаіць за сваю сям’ю», – кажа пра яе юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі. Стаіць з апошніх сіл, напэўна, таму, што ў яе з дзяцей застаўся толькі ён.

/

Але адзін дзень у школе раптам перакрэсліў надзею на тое, што ў Сімкі ўсё складзецца. На дзесяцігадовага Серафіма ў спартовай залі звалілася футбольная брама. Як аказалася, яна проста не была замацавана. Святлана кажа, што ўдар быў такой моцы, што нават выпалі барабанныя перапонкі, якія фельчары збіралі бінтамі.

/

У выніку – адкрытая чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй цяжкасці, пералом аснавання чэрапа ў сярэдняй чэрапнай ямцы злева, пнеўмацэфалія (скапленне паветра ўнутры чэрапа). Урач сказаў Святлане, што хацелі зрабіць аперацыю, але пабаяліся, бо ў яго ад моцнага ўдару ў скроневай частцы з’явілася кіста. На левае вуха, куды прыйшоўся ўдар, Серафім аглух. Зараз у яго пастаянныя галаўныя болі і сутаргі. «Стала ўжо кепска чуць і правае вуха. Баляць ногі. Бывае, што ідзе-ідзе – і ўсё, пад каленку як стукне нібыта токам і ён кажа: «Я падаю і нічога не ўсведамляю». Ён ужо і твар некалькі разоў разбіваў. Баіцца выходзіць на двор цяпер, таму сядзіць дома. Зараз ён на хатнім навучанні».

Святлана змагалася за справядлівасць два гады, перад тым, як у яе нарэшце атрымалася выйграць суд. Справа была гучная: СМІ тады пісалі, што гэта першы выпадак у Беларусі, калі быў выйграны суд ва ўстановы адукацыі. Суддзя вырашыла спагнаць са школы на карысць сям’і 10 тысяч рублёў за маральную шкоду. Але ці дастаткова гэтага, каб пакрыць выдаткі на падтрыманне здароўя хлопчыка?

«Камволь»

Раней Святлана працавала дворнікам, зараз аформлена па доглядзе і сына, і мужа. Ужо некалькі гадоў сям’я жыве ў інтэрнаце ад прадпрыемства «Камволь». Аб гэтым у свой час хадайнічала Адміністрацыя Ленінскага раёна. Быў заключаны дагавор найму жыллёвага памяшкання ў інтэрнаце, тэрмін якога скончыўся ў 2019 годзе. У той жа час сям’я стаіць на ўліку тых, хто патрабуе паляпшэння жыллёвых умоў, у Адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска і ўключана з 2018 года ў асобныя спісы грамадзян, у складзе сям’і якіх маюцца дзеці-інваліды, на атрыманне жыллёвага памяшкання сацыяльнага карыстання.

Толькі да канца мая жыхарам трэба пакінуць інтэрнат, бо ён будзе рэканструявацца пад жылы дом для працаўнікоў прадпрыемства. Калі гэтага не будзе зроблена, прадпрыемства будзе вымушана звярнуцца з позвай у суд Ленінскага раёна горада Мінска і праваахоўчыя органы для прымусовага высялення. Атрымліваецца, Святлане з мужам і сынам трэба высяляцца.

Аднак Адміністрацыя Ленінскага раёна паведаміла, што Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама накіраваў хадайніцтва ў адрас камунальнага прадпрыемства «Мінскія гарадскія інтэрнаты» аб вылучэнні блока ў любым інтэрнаце горада Мінска для сям’і Калантай. «Я была на прыёме ў намесніка старшыні Мінгарвыканкама, – распавядае Святлана. – Ён сказаў мне так: “Святлана Іванаўна, вам дадуць блок у інтэрнаце. Там будзеце жыць, пакуль не дадуць кватэру».

У хуткім часе Святлана даведалася, што ёй даюць жылое памяшканне ў інтэрнаце па вуліцы Судмаліса на 6 месяцаў. Аднак памяшканне, якое даюць сям’і, дзе мусяць пражываць два інваліды, – гэта пакой без прыбіральні, ванны і ўмывальніка і, канечне ж, без пандуса. І Адміністрацыя Ленінскага раёна, і Мінгарвыканкам зноўку просяць КУП «Мінскія гарадскія інтэрнаты» вылучыць блок.

Ужо пазней, у лісце ад 7 мая, адміністрацыя піша, што хоць і Мінгарвыканкам, і Адміністрацыя Ленінскага раёна накіроўвалі хадайніцтвы аб вылучэнні сям’і блока ў інтэрнаце, «МГІ» ўсё адно прынялі рашэнне даць сям’і пакой, аргументаваўшы гэтае рашэнне тым, што яны дзейнічаюць у межах закона. Яны спасылаюцца на Палажэнне аб інтэрнатах, якое было зацверджана Саветам Міністраў. Згодна з пунктам 23 указанага Палажэння, жыллёвае памяшканне даецца ў памеры не менш за 6 квадратных метраў жыллёвай плошчы на аднаго чалавека.

«Я адмовілася ад таго пакоя, – абураецца Святлана. – Па-першае, душавая, умывальнікі, пральная – усё ў падвале. Па-другое, лесвіца там крутая. Як жа мне іх мыць? Там пакой маленькі, там няма ўмоў. Няма ўмоў для таго, каб я магла вывесці мужа на вуліцу. Мне ж абяцалі даць блок, каб я магла даглядаць сваіх інвалідаў…» Святлана накіравала дырэктару КУП «МГІ» зварот з просьбай пераглядзець прынятае рашэнне, паколькі ў выканкаме ёй абяцалі блок, а не пакой.

Выдаць пакой – гэта не проста нізка…

Офіс па правах людзей з інваліднасцю лічыць, што пры прыняцці рашэння аб выдачы пакоя не ўлічваліся нормы нацыянальнага і міжнароднага заканадаўства. У прыватнасці, не ўлічаны артыкул 27 Закона РБ «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў РБ», які кажа пра тое, што жыллёвыя памяшканні, якія займаюць людзі з інваліднасцю, павінны быць прыстасаваны пад людзей з інваліднасцю. Не ўлічаны і Артыкул 52 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які рэгулюе найм жыллёвых памяшканняў, кажа пра тое, што жылыя памяшканні, дзе пражываюць людзі з інваліднасцю, павінны быць пад іх прыстасаваны. Офіс па правах людзей з інваліднасцю накіраваў скаргі ў Мінгарвыканкам, Адміністрацыю Ленінскага раёна, Пракуратуру і КУП «Мінскія гарадскія інтэрнаты». Святлана кажа, што сябры па інтэрнаце вельмі востра перажываюць за яе і не даюць у крыўду.

Аднак адзін момант застаецца не зусім зразумелы. Адміністрацыя Ленінскага раёна паведамляе, што 10 лютага 2020 года накіравала хадайніцтва на імя старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама аб садзейнічанні ва ўрэгуляванні жыллёвага пытання шляхам прадстаўлення жыллёвага памяшкання інваліду 1-й групы Андрэю Калантаю і дзіцяці-інваліду Серафіму Калантаю ў ДУ «Спецыяльны дом для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў №1». З гэтага можна зрабіць выснову: Мінгарвыканкам для чагосьці хоча падзяліць сям’ю… Толькі вось з якой мэтай? Няўжо не знойдзецца блока ў інтэрнаце, каб там змясцілася ўся сям’я?

У нас атрымалася звязацца з кіраўніком спраў Адміністрацыі Ленінскага раёна Вікторыяй Валер’еўнай Свентаноўскай. «Я вельмі перажываю за сітуацыю з Калантай, і, паверце, мы робім усё, каб дапамагчы гэтай сям’і», – сказала Вікторыя Валер’еўна, але каментаваць сітуацыю не стала. Яна патлумачыла гэта тым, што працавала на замене, калі дапамагала сям’і Калантай. Параіла звярнуцца да намесніка главы Адміністрацыі Віктара Паўлавіча Доўнара. Аднак на момант падрыхтоўкі матэрыяла мы не змаглі да яго датэлефанавацца.
Хочацца, каб жанчыну, якая не скідвае на дзяржаву ўтрыманне ні дарослага, ні дзіцяці, дапамаглі. Не фармальна. А сапраўды дапамаглі. Думаю, што з усіх інтэрнатаў Мінска знойдзецца той блок, дзе не трэба будзе з інвалідам, які не ходзіць, спускацца ў падвал, каб выканаць штодзённыя гігіенічныя працэдуры.

 

Вікторыя Чаплева
Фота Дар’і Буракінай

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.