«Сорамна было прызнаваць, што я, малады хлопец, гісторык – і так званы псіх…». Кіраўнік Клубнага дома ў Мінску пра жыццё з біпалярным расстройствам
Павел марыў стаць гісторыкам з дзяцінства, таму паступіў на гістфак. Але перад самай абаронай дыплома ў яго здарылася дэпрэсія, якая поўнасцю перакроіла яго жыццё. Цяпер хлопец, якому доўгі час самому было сорамна за сваю хваробу, дапамагае прызнаць яе іншым.
Дэпрэсія падчас вучобы
Павел нарадзіўся ў горадзе Іўе Гродненскай вобласці. З дзяцінства ён захапляўся гісторыяй. Гэта і вылілася ў тое, што ён паступіў на гістарычны факультэт БДУ. Аднак падчас апошняга года навучання ў Паўла здарылася дэпрэсія. Праўда, тады ён не зразумеў, што гэта такое, адпаведна, не мог кантраляваць свой стан, бо сапраўдная дэпрэсія – гэта зусім не тое, што мы прывыклі ў народзе называць дэпрэсіяй.
Павел кажа, што на яго тады проста ўсё навалілася: вялікі аб’ём працы падчас вучобы, асабістыя праблемы… Напэўна, арганізм не вытрымаў і проста даў збой… Ён аднойчы прачнуўся (а жыў хлопец у інтэрнаце) з разуменнем, што яму няма для чаго жыць: «Мне было цяжка дыхаць, нібыта на грудзях нешта ляжала… Я практычна не хадзіў на заняткі. У мяне былі суіцыдальныя думкі. А знаёмыя і бацькі падумалі, што я проста нешта прыдумляю і накручваю сябе». Павел напісаў сваю, як ён меркаваў тады, апошнюю цыдулку. Ён нават выбраў месца, дзе мог здзейсніць самагубства. Але яго ўратавала выкладчыца, якая патлумачыла яму, што ў яго проста праблемы з псіхічным здароўем. Яна ж таксама дапамагла яму скончыць універсітэт.
– Ці шукалі вы знешнія чыннікі прычыны вашай хваробы? – пытаю ў Паўла.
– Так, я разумеў, што нагружаў сябе працай ва ўніверсітэце. Не ўсё атрымлівалася ідэальна. Праз гэта і пачыналася: «Чаму я не магу зрабіць добра, тут я памыліўся..?»
Праца ў школе
З той прычыны, што Павел вучыўся на бюджэце, яго накіравалі на размеркаванне ў аграгарадок у Іўеўскім раёне. Толькі хвароба нікуды не сышла, а, наадварот, прагрэсавала. Павел распавядае, што ў яго проста не было ніякіх эмоцый: «Я, як робат, выконваў свае функцыі. Праўда, гэта было перыядамі. Былі нармальныя дні, але іх было няшмат».
– Ці ўплываў ваш стан на працу з дзецьмі? – пытаю Паўла.
– Было складана. Але я стараўся быць сапраўдным настаўнікам.
Павел кажа, што складанасць была ў тым, што яму далі класнае кіраўніцтва: 5 клас. Тым больш, дзеці былі з нядобранадзейных сем’яў.
/
«У мяне была зацяжная дэпрэсія, – узгадвае Павел. – Я разумеў, што трэба звярнуцца да спецыяліста, але мне было сорамна прызнаваць, што я, малады хлопец, гісторык – і так званы псіх… Я разважаў пра тое, што калі я звярнуўся да ўрача, то гэта паставіць таўро на ўсім».
/
Пасля Павел знайшоў у сабе сілы і звярнуўся да мясцовага псіхатэрапеўта. Урач сказала, што яго тэрмінова трэба шпіталізаваць. Для Паўла гэта быў шок. «Я пачаў тлумачыць, што я настаўнік, мне нельга класціся ў псіхіятрычную бальніцу, – узгадвае Павел. – Што я скажу бацькам дзяцей і кіраўніцтву? Я доўга мучыўся з гэтым. Адна частка мяне казала, што трэба проста упакорыцца і жыць з гэтым. Другая частка казала, што я здаровы».
Пасля было лекаванне на працягу некалькіх тыдняў у Навінках. А пасля пастаўлены дыягназ – біпалярнае афектыўнае расстройства, якое раней называлася маніякальна-дэпрэсіўным сіндромам. У перыяды дэпрэсіі Павел не мог падняцца з ложку, не мог схадзіць у прыбіральню, а ежа падавалася, як крэйда, без смаку. Пасля ў мяне быў рэзкі пад’ём, калі я хапаўся за працу. А пасля – зноўку дэпрэсіўная фаза.
/
«Я вырашыў, што не буду хаваць свой дыягназ, – кажа Павел. – Мае калегі і так заўважылі, што нешта са мной было не так. Напрыклад, я мог прыходзіць на працу і ні з кім кантактаваць. Мне было цяжка рабіць папяровую працу. Пасля гэта прыходзіла – і я з лёгкасцю рабіў патрэбную працу, ладзіў і экскурсіі, і паходы з дзецьмі… А ніхто не мог зразумець, што са мной». Менавіта таму Павел распавёў усё шчыра. Аднак чуткі па аграгарадку распаўсюдзіліся хутка.
/
Да яго сталі падыходзіць бацькі дзяцей, абурацца. «Я ім адказваў: «Ці ёсць у вашага дзіцяці на мяне скаргі? Вы можаце падысці да адміністрацыі і запытаць у іх, ці спраўляюся я са сваімі абавязкамі». Я адказваў спакойна. Я разумеў, што людзі баяцца па няведанні», – кажа Павел.
«Мне далі дапрацаваць у школе, хаця ведалі, што я ляжаў у Навінках, – узгадвае Павел. – Але спецыялістаў у школе катэгарычна не хапала. Мне казалі, што «мы бачым, што ты спраўляешся з працай, таму адкладзём паперку». Але папярэдзілі, што далейшае супрацоўніцтва – непажаданае. Ды я і сам разумеў, што я з маім захворваннем не змагу там працаваць. Гэта пастаянная нагрузка, стрэсы, праверкі… Усё гэта ўганяла мяне ў дэпрэсію, з якой я з цяжкасцю выходзіў».
Прыняць хваробу
«Мне было вельмі цяжка прыняць сваю хваробу, – узгадвае Павел. – Нават калі я правёў ужо курс у клініцы, я адмовіўся піць таблеткі. Гэта вылілася ў манію».
Павел распавядае, што быў вельмі захоплены гісторыяй Кітая і вырашыў, што яму трэба туды паляцець: «У свой адпачынак я проста сабраў рэчы, замовіў квіток і адправіўся на самалёт. Мяне ўратавала тое, што мая цётка патэлефанавала, я сказаў ёй, маўляў, адчапіцеся, я вылятаю ў Кітай. У выніку яна прыехала па мяне на таксі і заштурхала ў машыну. На той момант мне падавалася, што я раблю цалкам адэкватныя дзеянні». Пасля гэтага выпадку Павел асэнсаваў, што тое, што з ім адбываецца, – гэта сапраўды хвароба. Пасля гэтага ён стаў прымаць прэпараты, працаваць з псіхіятрам, займацца самаадукацыяй.
– Ці пачалі вы мяняць свой знешні лад жыцця?
/
Калі я ўсвядоміў, што хворы, зразумеў, што трэба з гэтым жыць. Я напісаў, што мне трэба змяніць тое, што аказвае на мяне нейкі негатыўны ўплыў. Я думаў: як мне жыць? Як мне зарабляць? Я знайшоў выйсце: працаваць дыстанцыйна.
/
Пасля адпрацоўкі Павел стаў працаваць фрылансерам: пісаў рэфераты. Ён стаў шчыльна працаваць з псіхіятрам, намагаўся не кантактаваць з тымі людзьмі, якія жартавалі з хваробы. Пасля выпадку з магчымай вандроўкай у Кітай родныя Паўла зразумелі, што тое, што адбываецца з Паўлам, – хвароба. Павел казаў, не разумеў спачатку яго, у прыватнасці, бацька. Ён казаў яму: «Каб ты разгрузіў тону бульбы, так нічога б не было, а ты пішаш нейкія працы незразумелыя… Трэба фізічна працаваць». Праўда, пасля адносіны палепшыліся, ужо не было такіх сварак. Павел удзячны яму за гэта, бо ведае: далёка не ва ўсіх людзей сваякі да гэтага прыходзяць.
Як развіваецца захворванне сёння
– Што ў дадзены момант з вашым станам? – пытаю Паўла.
– Больш за два гады я вяду медыкаментознае лячэнне, таму я знаходжуся ў стане рэмісіі. Пры маім захворванні, калі падтрымліваць лячэнне, стадыя рэмісіі можа цягнуцца дзесяцігоддзямі. Існуе вялікі міф, што біпалярнае расстройства можна вылечыць. Яго немагчыма вылечыць. Але калі пастаянна прымаць прэпараты, працаваць з псіхіятрам, то можна знаходзіцца на стадыі рэмісіі. Зараз я адчуваю сябе добра: у мяне няма скачкоў і перападаў настрою.
Павел кажа, што БАР – каварнае захворванне. Калі ты знаходзішся ў стадыі рэмісіі, табе сапраўды падаецца, што ў цябе ўсё добра, што ты мог сабе ўсё прыдумаць: «Ты адмаўляешся ад лячэння або адмаўляешся часткова: можаш выпіць таблетку, а можаш не піць. А пасля ўзнікаюць праблемы. Таму калі чалавек сутыкнуўся з расстройствам, трэба намагацца сачыць за сабой, не трэба разлічваць на падтрымку дактароў. Урач-псіхіятр не можа табе вылучыць шмат часу. Урачу трэба казаць праўду».
Павел тлумачыць, што праблема ўсіх людзей з БАР – дазіроўка. Прэпараты вельмі індывідуальныя, таму метадам проб і памылак трэба глядзець, каб яны падышлі. Спачатку Паўлу выпісалі занадта вялікую дазіроўку антыдэпрэсантаў. Праз гэта ў яго наступала манія. А калі яму давалі рэгулятар настрою ў лёгкай колькасці, то ў яго пачыналася дэпрэсія. Але зараз для Паўла знайшлі аптымальную дозу.
/
«Я прымаю прэпараты і адчуваю сябе добра. Але былі перыяды, калі з’явіліся сімптомы маніі. У такім выпадку я звяртаўся да спецыялістаў, каб мне прызначылі нешта дадатковае».
/
Дапамога тым, у каго дэпрэсія
«Пасля майго прыняцця хваробы я падумаў пра тое, што ёсць шмат людзей з такім жа захворваннем, якія гэтак жа, як і я, не разумеюць, што з імі адбываецца. Паколькі я паралельна займаўся сацыяльнымі сеткамі, то арганізаваў групу ўзаемадапамогі для людзей з біпалярным расстройствам», – дзеліцца Павел.
Так склалася свая супольнасць, якая стала сустракацца і падтрымліваць адно аднаго ўжо ўжывую. Павел кажа, што пабачыў, што гэта трэба людзям: «Многіх, як і мяне, кінулі сябры. Блізкія не бачаць праблемы, хоць гэта сур’ёзнае захворванне». У хуткім часе Павел стаў валанцёрам у Клубным доме «Адкрытая душа» ў Мінску. Калі з пасады сышла папярэдняя дырэктарка Вольга Рыбчынская, Павел падумаў, што ўсё ж такі пасада дырэктара дае больш магчымасцей у сферы дапамогі людзям з псіхічнымі захворваннямі. Таму гэта месца заняў ён.
– Многія, маючы псіхічныя праблемы, асцерагаюцца звяртацца да спецыялістаў і цягнуць да апошняга, – распавядае Павел. – Я катэгарычна супраць гэтага і лічу, што пры першых сімптомах смутку ці калі, напрыклад, у чалавека знікае ўсякая радасць да жыцця, эмоцыі, чуюцца галасы, трэба адразу ж звяртацца да лекараў і не адмаўляцца ад медыкаментознага лячэння. Я сам да таго, як захварэў, думаў, што людзі з псіхічнымі расстройствамі – гэта страшныя людзі. Думаў, што іх трэба адмежаваць ад грамадства. Гэта ўсё навязваецца з савецкіх часоў, калі псіхіятрыя была жорсткая.
Што трэба рабіць, калі разумееш, што ў цябе – БАР? Павел кажа, трэба сачыць за сабой, за сваім настроем. І, канечне, намагацца, каб не было стрэсаў і перапрацоўкі: «Трэба выбраць такую працу, якая б змагла зменшыць знешні ўплыў, інакш гэта можа ўвагнаць цябе ў дэпрэсію. Калі манія і ў цябе бяссонне, трэба старацца заснуць. Бо праз гэта можна ўпасці ў манію. Я памятаю, як з-за працы я не спаў некалькі сутак. А пасля прыйшла стадыя маніі».
Зразумела, што ёсць людзі, у якіх дэпрэсіўны стан праяўляецца ўвосень ці ўвесну. Яны ператрываюць і, натуральна, не пойдуць ні да псіхіятра, ні ў Клубны дом.
– Для такіх людзей мы ладзім розныя мерапрыемствы, накіраваныя на псіхапрасвятленне, – тлумачыць Павел. – Мы паказваем, што псіхалогія і псіхіятрыя – гэта не страшна.
– Дэпрэсія ў нас не лічыцца захворваннем. Чаму так?
– Бо самі людзі не прызнаюць яе захворваннем. Не прызнаюць псіхіятрыю як навуку. Многім падаецца, што гэта нешта далёкае, што мяне не датычыцца. Нават калі ты проста звяртаешся да псіхолага, на цябе ўжо глядзяць з насцярогай. Але калі ты звяртаешся да псіхолага на пачатковым этапе, дэпрэсіі можна пазбегнуць, толькі людзі звычайна зацягваюць.
(Не)зламаная будучыня
Павел з болем узгадвае той момант, калі прыняў уласную хваробу: «Канечне, трэба было прымаць рашэнне аб сыходзе з працы, што трэба рабіць далей. Незразумелы гэты стан: а што далей? Памятаю, як я сядзеў і думаў: «Добра. У мяне захворванне, што мне рабіць далей? Ісці і атрымліваць інваліднасць? Я разумеў, што я яшчэ хачу працаваць. Крыўдна, бо ў мяне былі планы. Я разумеў, што рэалізаваць іх не змагу. Фактычна прыйшлося перапісваць сваё жыццё з чыстага аркуша».
– Ці думаеце, што некалі вернецеся да гісторыі? – пытаю Паўла.
– Я б вельмі хацеў, каб так і было. Я гэтак жа зараз цікаўлюся гісторыяй, як і раней. Але ў першую чаргу мне хочацца дапамагчы людзям, якія сутыкнуліся з тымі праблемамі, з якімі сутыкнуўся і я. Бо я бачу, што ў дадзены момант у нашай краіне няма службаў падтрымкі людзей з псіхічнымі захворваннямі. Таксама я хачу, каб змянілася стаўленне грамадства да такіх людзей.
Вікторыя Чаплева
Фота аўтара
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.