«Мае «ногі» проста кінулі ў багаж». Як старшыня Лунінецкай раённай арганізацыі выйграў суд з Нацыянальным аэрапортам

Поддержи

Рубрика : Эксклюзив.

Гэтая гісторыя адбылася яшчэ ўлетку. Але толькі зараз саракагадовы Валерый Паўлюкевіч, старшыня Лунінецкай раённай арганізацыі ОО «БелТІ», здолеў нарэшце атрымаць маральную кампенсацыю за паломку ўласнага вазка ў Нацыянальным аэрапорце.

Валерый у якасці юрыста ўваходзіў у склад дэлегацыі, якая ляцела ў Казахстан на праходжанне адукацыйнай праграмы па адвакацыі правоў людзей з інваліднасцю. Арганізатары паездкі займаліся набыццём квіткоў. Валерый перасоўваецца на электравазку, таму ў Нацыянальны аэрапорт былі пададзены звесткі пра вазок: яго від акумулятара быў геліевы, то бок, сухога тыпу. Па словах арганізатараў паездкі, гэтая інфармацыя стала падставай для бесперашкоднага вылету Валерыя.

«Аднак у аэрапорце мяне з маім суправаджальнікам спынілі супрацоўнікі авіякампаніі і паведамілі, што іх не папярэдзілі аб маёй асаблівасці і адправілі ў тэхнічны аддзел для ўдакладнення, – распавядае Валерый. – Каля касы адбылося абмеркаванне сітуацыі. Я зразумеў, што вазок з’яўляецца буйнагабарытным і трохкратна перавышае дапушчальныя нормы па перавозцы багажу, таксама адсутнічае неабходнае абсталяванне для пропуску вазка. Акумулятарная батарэя, на думку супрацоўнікаў, не адпавядала правілам бяспечнага пералёту. Я прапанаваў зняць акумулятар, каб удакладніць маркіроўку, на што атрымаў адказ, што ў аэрапорце няма ключа для адключэння акумулятарных батарэй, хаця гэта звычайны гаечны ключ».

Пасля абмеркавання Валерыю былі прапанаваны тры варыянты вырашэння сітуацыі: адмовіцца ад паездкі, застацца ў аэрапорце на пару дзён для афармлення грузавой перавозкі вазка або пакінуць у платнай камеры захоўвання да прылёту назад у Мінск. Валерый быў вымушаны пайсці на апошні варыянт.

Пры афармленні вазка ў камеры захоўвання было выяўлена перавышэнне нормаў захоўвання і ўстаноўлена падвойная аплата за захоўванне. Нягледзячы на тое, што вазок Валерыя ўжо быў у эксплуатацыі, усе элементы ў ім стаялі на сваіх месцах, вазок не быў пашкоджаны.

Калі Валерый прыляцеў у Казахстан, яму далі вазок іншага вытворцы. Валерый прызнаецца шчыра: для яго ён быў нязручны. «Кіраванне і іншыя характарыстыкі не адпавядалі майму абсталяванню і шмат у чым мяне абмяжоўвалі», – кажа Валерый.

/

Разумею, што чалавеку не на вазку гэта цяжка зразумець, але вазок – гэта мае ногі. Атрымліваецца, мае «ногі» проста ўзялі і кінулі ў багаж.

/

Мінск сустрэў Валерыя пашкоджаным вазком

Калі Валерый вярнуўся ў Мінск, яго з суправаджальнікам адправілі ў камеру захоўвання, каб яны маглі атрымаць вазок і заплаціць за паслугі захоўвання. Аднак, калі Валерый пабачыў свой вазок, яго чакала неспадзяванка: ніжняя частка корпуса вазка была пашкоджана: «Пры пачатку кіравання вазок пачало цягнуць у левы бок», – кажа Валерый.

Будучы юрыстам, Валерый адразу стаў высвятляць у аэрапорце, што здарылася: «Мы паднялі скандал. Былі зафіксаваны паломкі, у тым ліку вывучаны абломак пластыкавага корпуса з відавочнымі свежымі слядамі надлому, з чым пагадзіўся адзін з супрацоўнікаў. Было зроблена некалькі фатаграфій. Я зрабіў і запіс у кнізе заўваг і прапаноў з апісаннем праблемы. Я прапанаваў вырашыць усё мірным спосабам: прапанаваў заплаціць мне за рамонт. Аднак у аэрапорце скідвалі віну адзін на аднаго. У выніку і Белавія, і Нацыянальны аэрапорт «Мінск» адмовіліся несці адказнасць за пашкоджанне вазка. Я быў вымушаны падаць у суд».

Вынікі разбіральніцтваў

Пасля першага пасяджэння суда Валерый кампенсацыі ніякай не атрымаў. «Мае патрабаванні да адказчыка, заснаваныя выключна на нормах Закона (артыкул 31), не былі задаволены. Адказчык толькі выказаў «шчырае шкадаванне» аб тым, што здарылася з маім вазком», – узгадвае Валерый.

Падчас другога пасяджэння Валерый распавядаў, што на судзе аэрапорт намагаўся даказаць, што не вінаваты ў пашкоджаннях у вазку. Аднак адміністрацыя аэрапорта прадставіла відэа з перамяшчэннем вазка ў камеру захоўвання, дзе (у адпаведнасці з інструкцыямі) быў няправільна арганізаваны спуск вазка да месца захоўвання). На прадстаўленым відэа суд устанавіў адсутнасць пашкоджанняў у вазку на момант паступлення яго на захоўванне. «150 кілаграмаў яны пераносілі з дапамогай гумкі… Я ёй карыстаўся 5 гадоў, мой суправаджальнік ведае добра, як усё гэта рабіць», – кажа Валерый.

У выніку суд не прызнаў довады аэрапорта прымальнымі і прыняў рашэнне аб кампенсацыі. Валерыю заплацілі 500 рублёў маральнай шкоды і вярнулі тыя грошы, якія былі патрачаны на аплату паслуг камеры захоўвання. Сума, якая неабходна для рамонту вазка, у разы вышэйшая. Кампенсацыя будзе, магчыма, тады, калі Валерый прадставіць афіцыйную паперу, дзе будзе распісана, што і колькі будзе каштаваць па рамонце вазка. На сёння вазок Валерыя знаходзіцца ў аварыйным стане. У сувязі з гэтым ёсць вялікая рызыка аварыйнага прыпынку ў момант руху па праезнай частцы.

Валерый кажа, што дадзены інцыдэнт паставіў у няёмкае і зневажальнае становішча яго самога і арганізацыю перад замежнымі калегамі:

/

«Пачуццё знявагі і сораму я адчуваю да гэтага часу. Рызыка поўнай паломкі майго вазка пазбавіла мяне паўнавартаснай мабільнасці, магчымасці самастойнага перамяшчэння, выканання мною службовых абавязкаў як старшыні Лунінецкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў».

/

Валерый мяркуе, што ў дадзеным выпадку парушаецца права даступнасці: «Тут не адпрацавана сістэма працы з інваліднымі вазкамі, сэрвіс не адладжаны».

Зараз ён шукае магчымасці рамонту вазка і спадзяецца на лепшае: «Шчыра спадзяюся, што Нацыянальны аэрапорт прыме гэты выпадак да ўвагі і выправіць недахопы, у тым ліку запусціць ліфт у камеры захоўвання».

 

Вікторыя Чаплева
Фота з асабістага архіва
Валерыя Паўлюкевіча

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.