«Я ўсё жыццё працавала сумленна». Як пенсіянерку з 3-й групай інваліднасці звольнілі пасля заканчэння выпрабавальнага тэрміну

Поддержи

Рубрика : Эксклюзив.

Клаўдзіі сорамна нават перад сваімі дзецьмі за тое, што яе, інваліда 3-й групы, прыкра звольнілі з працы адразу пасля заканчэння выпрабавальнага тэрміну, якога па законе не мусіла быць.

«Толькі не пішыце маё прозвішча і не фатаграфуйце, мне вельмі сорамна, – пачала плакаць перад судовым пасяджэннем Клаўдзія, калі пабачыла мяне. – Я паважаны чалавек, былая загадчыца дзіцячага садка. Мяне ўсе ведаюць, і тут – такое…»

Жанчына вырашыла даказваць сваю правату да канца: яна падала ў суд на Гарадскі клінічны наркалагічны дыспансер, дзе тры месяцы адпрацавала санітаркай. Праўда, усё пасяджэнне ў Судзе Цэнтральнага раёна Мінска яна адплакала. Плакала ад крыўды: не чакала, што на пенсіі заслужанаму чалавеку прыйдзецца трываць столькі прыніжэнняў.

Праца як ратаванне

Клаўдзія жыве ў Валожынскім раёне. Раней яна працавала на пасадзе загадчыцы дзіцячага садка. «Як пайшла на пенсію, так занялася гаспадаркай. А што ж, муж памёр, дзецям дапамагаць трэба», – распавядае яна перад пачаткам судовага пасяджэння.

Трэцюю групу інваліднасці ёй далі ў 2014 годзе з прычыны цукровага дыябету. Клаўдзія кажа, што ў яе выпадку цукар павышаецца, калі яна нічога не робіць: «Адной сядзець дома сумна. А тут яшчэ крэдыт узяла… Думала, калі б была нейкая праца, так можа, калі б з людзьмі штодня была б, так весялей было б». З наркалагічнага дыспансера ёй патэлефанавалі праз знаёмых, прапанавалі працу санітаркай. Яна адразу сказала, што на групе… Аднак Клаўдзію заверылі, што нічога страшнага ў працы няма.

Калі Клаўдзія пад’ехала туды, каб паразмаўляць канкрэтна пра працу, то ў яе запыталі, якія таблеткі яна прымае, а пасля сказалі: «У гэтай справе праца не страшная, галоўнае – гэта не расчароўвацца». «Я напісала заяву па прыёме на працу, – распавядае Клаўдзія, – далі накіраванне, я прайшла медыцынскую камісію ў сваёй паліклініцы. Мне сказалі, што я магу рабіць усё за выключэннем пунктаў 5.1 і 5.4 (Дадатак 1 «Фактары вытворчага асяродку, паказчыкі цяжару і напружанасці працоўнага працэсу», пры працы з якімі абавязковы папярэдні, перыядычныя і пазачарговыя медагляды. – аўт.). Пункты 5.4 і 5.1 – гэта падыманне цяжкасцей і нахілы.

/

Калі я прынесла даведку на працу, мне сказалі: «Гэта ўсё лухта. Самае цяжкае ў нас – гэта прынесці паўвядра вады. Пераварочваць самой хворага не трэба: яго будзе пераварочваць увесь персанал. Калі я пайшла да свайго ўрача падпісваць даведку, ён сказаў: «Праца санітаркай вам падыходзіць. Як будзе цяжка зусім, так тады можна сысці».

/

Калі Клаўдзія афармлялася на працу, яна прадставіла медыцынскую даведку, дзе было напісана: «Інвалід 3-й групы, прыдатная да працы на пасадзе санітаркі». Гэта пацвярджаецца матэрыяламі судовай справы.

Звольнілі падчас хваробы

Клаўдзію на працу ўзялі. Праца і праўда была лёгкая. Сама атмасфера працы ў калектыве добра ўплывала на самотную жанчыну, падбадзёрвала яе. Аднак Клаўдзія захварэла на пнеўманію. На працу доўгі час хадзіла з тэмпературай. Яна патлумачыла гэта так: «Я цягнула, каб дапрацаваць да канца выпрабавальнага тэрміну. Думала, дацягну да канца – і пайду на бальнічны». І… дацягнула дзень у дзень. Праўда, пасля яе забралі на хуткай у Валожынскую бальніцу.

Аказваецца, страхі Клаўдзіі пайсці на бальнічны не былі беспадстаўнымі. Калі яна была на бальнічным, ёй прыйшло апавяшчэнне, каб яна забрала працоўную кніжку. У той час намеснікам галоўнага ўрача была напісана службовая запіска «Аб адхіленні ад працы». Клаўдзія была прымусова накіравана на праходжанне пазачарговага агляду для пацвярджэння годнасці па дадзенай прафесіі. У выніку ёй была выдадзена даведка, у заключэнні якой гаворыцца, што Клаўдзіі супрацьпаказаны працы па пунктах 5.1 і 5.4. Яна была звольнена у адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 42 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у сувязі з тым, што работнік не суадносіцца з пасадай, якую займае і працай, якую выконвае. Звольніць працаўніка з інваліднасцю на бальнічнай койцы… Ці так выглядаюць сацыяльныя гарантыі дзяржаўнай установы?

Клаўдзія перажывала гэта цяжка: «Я не магу патлумачыць, у якім я была стане… Я не размаўляла. Са мной пяць дзён працаваў псіхолаг. Калі я пачынала працаваць, у мяне былі ўсе органы ў парадку – я праходзіла абследаванне. А зараз у мяне знайшлі пухліну – кладуся заўтра на аперацыю. Мне так і сказалі: усё на нервовай глебе».

У чым сутнасць канфлікту?

Пасля ўжо высветлілася, што згодна з Працоўным кодэксам, Клаўдзія мусіла прадставіць працадаўцу індывідуальную праграму рэабілітацыі інваліда (заключэнне МРЭК), дзе былі б указаны тэрміны ўстанаўлення інваліднасці і неабходная для працаўладкавання інфармацыя. Клаўдзія такі дакумент не прадставіла. На судзе яна сказала, што ёй такога проста не выдавалі. І яна не схлусіла.

Як патлумачыў юрыст Офіса па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі, Клаўдзія праходзіла МРЭК у 2014 годзе. Індывідуальныя праграмы сталі выдаваць толькі з 2016 года. «Па законе той, хто ўладкоўваецца на працу, мусіць прадставіць такі дакумент працадаўцу. Але як усё гэта мусіць адбывацца, там не напісана. Тым больш, на руках у яе такога дакумента не было. Па сутнасці, віны Клаўдзіі тут няма», – падсумаваў ён.

Што яшчэ было агучана ў судзе?

«Калі я ляжала ў бальніцы, то  распавяла ўсё сяброўцы. Яна сказала мне, што, аказваецца, інваліда не маюць права браць на выпрабавальны тэрмін. І яна сказала, каб я зайшла ў інтэрнэт і знайшла кантакты Офіса па правах людзей з інваліднасцю», – кажа Клаўдзія.

/

Клаўдзія праходзіла МРЭК у 2014 годзе. Індывідуальныя праграмы сталі выдаваць толькі з 2016 года.

/

Так, сціснуўшы зубы, Клаўдзія стала змагацца. У сваёй позве ў суд яна патрабавала аднавіць яе на працы. За маральную шкоду прасіла выплаціць 5000 рублёў, матываваўшы гэта тым, што не ведае, колькі пойдзе на лячэнне пасля гэтага ўсяго.

– Ці зможаце вы па стане здароўя выконваць працу? – пытае суддзя ў Клаўдзіі.

– Так, праца лёгкая. І працавала я заўжды шчыра.
Суддзя таксама запытала, чаму ў заяве, дзе трэба было падкрэсліць «інвалід» ці «пенсіянер», Клаўдзія падкрэсліла апошняе. Яна сказала, што не надала гэтаму асаблівай увагі: «Я ж ведала і старэйшую медсястру, і загадчыцу… Усе ж былі ў курсе, што я на групе… Мне нават камісію прапаноўвалі прайсці».

Мінскі наркалагічны дыспансер пракаментаваў, што падобныя факты могуць сведчыць пра наўмыснае ўтойванне інваліднасці, непрыдатнасці да выканання працы, а таксама пра ўвядзенне ў зман наймальніка для атрымання выгод, звязаных з работай у шкодных умовах працы.

/

Выпадак, на маю думку, паказвае толькі адно: такая катэгорыя людзей, як людзі з інваліднасцю, не ведае ні сваіх правоў, ні сваіх абавязкаў.

/

Прадстаўніку наркалагічнага дыспансера суддзя задала наступнае пытанне: «Чаму прымалі грамадзянку на працу, калі былі супрацьпаказанні?»

– У нас не было падстаў да адмовы на прыём на працу, бо ў заключэнні было напісана, што Клаўдзія прыдатна да працы і не было індывідуальнага плану ад МРЭК.

Пазіцыя дыспансера па тым, што Клаўдзію ўзялі на працу з выпрабавальным тэрмінам, наступная: у сувязі з адсутнасцю ўказанняў у заяве аб прыёме на працу звестак аб інваліднасці, а таксама з адсутнасцю дакументаў, якія пацвярджаюць гэтую інваліднасць, з ёй быў заключаны кантракт на агульных падставах з выпрабавальным тэрмінам у 3 месяцы.

«Дзе справядлівасць? – выкрыквала Клаўдзія з залы суда. – Мне патрэбна была падтрымка, кантактаванне. А мяне топчуць нават зараз!»

У выніку суд позву Клаўдзіі не задаволіў, а дзеянні наркалагічнага дыспансера палічыў законнымі. Клаўдзія падала на апеляцыю, пасля чаго лягла адразу ў бальніцу.

Гісторыя Клаўдзіі зноўку падымае перад намі пытанне: чаму людзі так баяцца страціць працу і ходзяць туды нават хворыя? Магчыма таму, што яны недастаткова абароненыя? А людзі з інваліднасцю не абароненыя ўдвая. Выпадак, на маю думку, паказвае толькі адно: такая катэгорыя людзей, як людзі з інваліднасцю, не ведае ні сваіх правоў, ні сваіх абавязкаў. А наймальнікі могуць гэтым толькі карыстацца, бо, калі ім трэба, яны могуць узяць супрацоўніка, а калі не трэба, могуць звольніць, кіруючыся пры гэтым нормай права. Прытым медыцынскую даведку, дзе ўказана, што Клаўдзія інвалід 3-й групы, яна прадставіла. Аказваецца, можна лёгка ўзяць чалавека на працу, а пасля таксама лёгка звольніць, пакуль той ляжыць у бальніцы, сказаўшы, што не хапае патрэбных дакументаў. І ніхто, на жаль, не думае, што адчувае той чалавек, для якога гэта праца была цэлым сусветам. І на работу якога, дарэчы, нараканняў ні ад каго так і не паступіла.

 

Вікторыя Чаплева

Фота носіць ілюстратыўны характар

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.