«Хоць у пятлю лезь ад адчаю». Інваліду пасля інсульту не даюць праходзіць рэабілітацыю

Поддержи

Рубрика : Эксклюзив.

Сяргей Кацялеўскі, інвалід 3-й групы, пажадаў сустрэцца з намі сам. Ён гатовы хоць зараз зладзіць пікет, толькі б яму далі свабодна карыстацца сваім правам на медыцынскае абслугоўванне. Губляць, па словах Сяргея, яму ўжо няма чаго.

Чыя віна?

Сяргею крыху больш за сорак. Ён жыве ў Фаніпалі, што пад Мінскам. Скончыў філасофскае аддзяленне БДУ, але яго заўжды цягнула да творчасці. Сяргей – аўтар некалькіх кніг з афарызмамі.

Аднойчы ў яго стала аднімацца рука. «З гэтай прычыны выклікаў некалькі разоў хуткую. Ад чаго яна аднімалася – невядома. Хадзіў да неўролага. Але ўсё адно было незразумела, што са мной. Памятаю, ад адчаю сказаў тады ўрачу: «Я не хачу, каб у мяне быў інсульт». Я прасіў даць мне накіраванне ў Бараўлянскую бальніцу, каб мяне абследавалі там, калі на месцы не могуць… Мне ніхто не прызначыў ні МРТ, ні КТ… Пасля я ўжо даведаўся, што гэта была ішэмічная атака. Прытым перад гэтым у мяне было некалькі чэрапна-мазгавых траўмаў. Пасля апошняй мяне выпісалі з бальніцы. Я пайшоў на камісію ў паліклініку. Пытаю, чаму мяне выпісалі, калі баліць галава. Кажу, што ў мяне «адняўся» палец. Урачы выклікалі міліцыю, казалі, што я лаяўся матам… Пасля гэтага прайшло два месяцы… Мяне ніхто не апытваў, перадалі справу ў суд, павесткай мяне не выклікалі. Проста прыйшло рашэнне, паводле якога я мусіў сплаціць 90 рублёў штрафу».

Як здарыўся інсульт

Аднойчы, у перыяд, калі Сяргей хадзіў па ўрачах, каб зразумець, што з ім, ён прачнуўся ранкам і не адчуваў ні ног, ні рук: «Думаў, што гэта пройдзе. Але не прайшло. Мне ж пасля ўжо сказалі, што пасля ішэмічнай атакі трэба тэрмінова класціся ў бальніцу». Сяргея пасля роспачных намаганняў некалькі разоў выклікаць хуткую дапамогу ў выніку павезлі ў рэанімацыю. Інсульт.

Пасля інсульту яму паставілі 2-ю групу інваліднасці. Пенсію давалі – 230 рублёў. Сяргей наноў вучыўся хадзіць і як ніколі стаў змагацца за сваё жыццё. Ён распрацоўваў рукі і ногі, маўленне, якое было парушана.

/

«Правая рука ў мяне так і не працуе, – кажа Сяргей. – Нага, праўда, ужо лепш. Толькі што чапляюся за зямлю, абутак псую».

/

Рэабілітацыю праходзіў у Аксакаўшчыне. У кастрычніку гэтага года МРЭК перавёў яго на 3-ю групу інваліднасці. На пытанне Сяргея, чаму так, дактары адказалі: «Няма падстаў. Другой рукой шавеліце ж…

Калі не можаш праходзіць рэабілітацыю…

Фаніпальская паліклінка накіравала яго на праходжанне рэабілітацыі ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінкі. «Чаму ў Навінках?» – пытаю я. «Там робяць гэта бясплатна, – адказаў Сяргей. – Калі б проста пайшоў, то гэта каштавала б 250 рублёў, якіх у мяне няма».

Аднак з РНПЦ ён быў выпісаны за парушэнне рэжыму. Праўда, сам Сяргей не прызнае сваю віну: «Гэта было летам гэтага года. Была спёка. А ў мяне ціск, таму я не мог увесь час знаходзіцца ў палаце, быў у калідоры. І за гэта мяне адразу выставілі на вуліцу! Гэта было а палове дзясятай вечара! Я здаровай рукой цягнуў торбу з маімі трэнажорамі, дзякуй людзям, якія дапамаглі, ледзь  дайшоў да прыпынку…» На апошнюю электрычку да Фаніпаля Сяргей мог бы паспець. Але ў яго не было сіл дабірацца да яе праз увесь горад. Таму Сяргей пераночыў на лавачцы на прыпынку. А зранку паехаў дадому.

Сяргей пісаў скаргу ў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь па пытанні неправамернай выпіскі з РНПЦ. Аднак яму адказалі, што «за парушэнне правіл свабоднага выхаду, прадугледжаных Памяткай, пацыент можа быць пераведзены на больш абмежаваны рэжым або выпісаны са стацыянарнага аддзялення». Праўда, ніхто не ўказаў, ці правамерна і, галоўнае, ці чалавечна выкідаць інваліда пасля інсульту на вуліцу позна ўвечары.

Сяргей працягваў змагацца за сваё здароўе і далей. Фаніпальская паліклініка зноўку дала яму накіраванне ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Зноўку Сяргей прыехаў туды з торбай сваіх трэнажораў, аднак яму адмовілі там ў гаспіталізацыі па прычыне ранейшай выпіскі за парушэнне рэжыму. І зноўку Сяргею з усімі рэчамі прыйшлося ехаць дадому.

Пасля гэтага Сяргей канчаткова ўпаў у роспач і стаў шукаць абароны. Ен звярнуўся ў Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

«Сяргей падаў позву у суд на ўстанову, але яму адмаўляюць ва ўзбуджэнні справы, – каментуе юрыст Алег Граблеўскі. – Мы зараз пішам скаргі па тым, што парушаны доступ да правасуддзя. Я не бяруся ацэньваць сутнасць канфлікту паміж Сяргеем і лячэбнай установай. Мяне абурае сама адмова: як наогул магчыма сітуацыя, калі было б адмоўлена грамадзяніну падаць у суд?»

Сяргей разам з юрыстам напісалі скаргу па факце адмовы ад гаспіталізацыі 30 кастрычніка, зварот у паліклініку, якая выдавала накіраванне. Яшчэ адзін накірунак барацьбы – гэта раптоўнае паніжэнне групы інваліднасці. Як сказаў Сяргей, на пытанне, ці магу я працаваць, МРЭК, калі даў яму 3-ю групу, адказаў так: «Хочаш працуй – хочаш не працуй». «Да інсульту я працаваў рознарабочым на прадпрыемстве. Мяне адразу адтуль папрасілі. Я фізічна не магу зараз працаваць. Ды і каму патрэбны хворыя супрацоўнікі?» – кажа Сяргей.

– На што вам хапае вашай пенсіі? – пытаю ў Сяргея.

/

Ды ні на што… Жыву я адзін. Маці – пенсіянерка. Калі мяне перавялі з другой на трэцюю групу, то 40 дзён не перасылалі грошы…. Не было нават за што хлеб купіць. Дзякуй брату і маці, што хаця б дапамагалі ў гэты перыяд.

/

«Мне зараз губляць няма чаго. Хацеў ужо ў пятлю лезці ад адчаю, – кажа Сяргей. – Я проста хачу аднавіцца пасля інсульту і пачаць працаваць». У гэтым, пэўна, і палягае крыўда. Цяжка адукаванаму чалавеку біцца рыбай аб лёд, не атрымліваючы свайго канстытуцыйнага права. І крыўдна, што па недаглядзе дактароў ён ужо ніколі не стане жыць, як раней.

 

Вікторыя Чаплева

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.