Незвычайная звычайная мама: «Напэўна, Бог абірае моцных для такой долі»

Поддержи

Рубрика : Эксклюзив.

«Давай табе дам буську», – туліцца дарослая Насця да мамы Наталлі. Дачка стаіць, абдымае маці і свеціцца ад шчасця.  Наталля – не проста повар у рэабілітацыйным цэнтры «Востраў надзеі» грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў». Яна яшчэ і мама дарослай дачкі-інваліда Насці, якая ўжо 23 гады штодня ходзіць у цэнтр. У Насці з нараджэння эпілепсія. Дзяўчына ў свае трыццаць з невялікім фактычна не размаўляе. Гэты цэнтр сапраўды стаў востравам надзеі для Наталлі і яе дачкі.

Незайздросны лёс

Пасля таго, як Наталля выйшла замуж, сужэнцы з’ехалі ў Іркуцкую вобласць. Спачатку нарадзілася дачка Крысціна, а праз паўтара года – Насця. І ўжо з першых месяцаў стала зразумела, што Насця нарадзілася хворай. На той жа момант Наталля не разумела, на што хварэе яе дачка: «Мне было толькі 25 гадоў. Я не разумела, што гэта за хвароба. Калі ў Насці пачыналіся прыступы, то немагчыма было выклікаць хуткую. Першай дапамогі трэба было чакаць да раніцы. Фельчар выклікаў верталёт, якому ляцець трэба было за 300 кіламетраў. Тады мне падавалася, што дасі нейкія таблеткі ёй –  і ўсё, яна паправіцца. Але так не атрымлівалася. Стала чытаць літаратуру, бо інтэрнэту тады не было. І тады я зразумела, што гэта на ўсё жыццё».

На поўначы сям’я пражыла нядоўга. Яна вярнулася ў Мінск: трэба было лячыць Насцю. Аднак у хуткасці памёр муж Наталлі. Так яна засталася адна з дзвюма дочкамі на руках – адной было 9, а другой 10 гадоў.

«Насцю з асаблівым дыягназам нікуды не бралі: ні ў садок, ні ў школу. Працаваць я не магла, бо не магла ж я кінуць дзіця. Быў спецыялізаваны садок на Пятроўшчыне. Паспрабавалі туды. А калі ў яе пачаліся прыступы, то і там нам не было месца. А мне хацелася, каб Насця была ў соцыуме. Многія сваякі тады казалі, каб я аддала дачку ў інтэрнат, у тыя ж Навінкі. Я сказала, што нікуды яе не аддам, гэта ж маё дзіцяці».

Адзінай палёгкай тады для Наталлі стаў штодзённы шпацыр з дачкой вакол дома. Так яны аднойчы пабачылі, што адкрыўся рэабілітацыйны цэнтр «Востраў надзеі». Наталля вельмі прасіла дырэктара Людмілу Міхайлаўну Гуцько ўзяць Насцю туды: «Яна ўзяла тады яе з такім дыягназам… У яе была эпілепсія з прыступамі. Я ж спачатку ўпрасіла Людмілу Міхайлаўну, каб Насцю можна было б прыводзіць хаця б на гадзінку…. Не трэба было мне, каб яе вучылі чытаць і пісаць… Хацелася толькі, каб яна была разам з іншымі дзецьмі…»

Новая сям’я ў «Востраве надзеі»

Хутка адна гадзінка стала пераўтварацца ў паўнавартнасныя восем гадзін. У цэнтры ўсе пасябравалі і сталі сапраўднай сям’ёй. У хуткім часе Наталлі прапанавалі працу выхавалькай. Пасля – поварам. Поварам працуе яна і зараз: штодня адна гатуе на ўсіх выхаванцаў і супрацоўнікаў цэнтра.

***

«Калі на тваё дзіця паказваюць пальцам у грамадскіх месцах, маці гэта перажываць цяжка, – са слязьмі кажа Наталля. – А тут мы ўсе аднолькавыя, у сваім коле. Калі сядзець толькі дома ў чатырох сценах, то гэта цяжка».

***

Калі пачаўся пераходны ўзрост у Насці, то прыступы сталі праходзіць. «А калі былі прыступы, гэта быў жах, – узгадвае Наталля. – Толькі яна нечаму навучылася, пасля прыступу ў памяці ўсё сціралася. Зноўку мы вучыліся наноў апранацца, вымаўляць асобныя словы…»

Адна Насця нікуды не выходзіць з дома, толькі з мамай. Дабрадушная Наталля дагэтуль штодня мусіць абараняць сваю дачку. Кожны паход у паліклініку – гэта пакута. Праўда, Наталля кажа, што прынамсі зараз з такімі дзецьмі можна хаця б выходзіць на вуліцу і гуляць. Раней мусілі сядзець дома.

– Ужо столькі гадоў вы жывяце ў самоце… Адкуль вы чэрпаеце любоў? – пытаю ў Наталлі.

Я атрымліваю любоў ад нашых дзяцей (дарослыя інваліды, якія ходзяць у цэнтр – аўт.), ад сваёй унучкі.

– Ці не пакутавала Крысціна ад таго, што столькі ўвагі вы аддавалі Насці ў дзяцінстве? – цікаўлюся я.

– Крысціна спакойная з дзяцінства. Яна наадварот мне заўсёды дапамагала. Бывала, пасля прыступу я прыцісну Насцю да сябе. Яна не саромелася, не закрывалася. Заўжды да нас у госці прыходзілі яе сябры і аднакласнікі. Я зараз яе настройваю, што, калі адны застануцца, каб Насцю не кідала… Ды і муж Крысціны вельмі клапатліва шкадуе Насцю, да слёз…

Шчасце ў самоце

«Ужо 23 гады я адна, – дзеліцца Наталля. – Я не звязала лёс ні з адным мужчынам. Жыву дзеля Насці. І зараз ужо не лічу, што яна нейкая хворая. Гляджу, як з хворымі малымі мамы ўпраўляюцца, саромяцца сваіх дзяцей, узгадваю сябе…»

 

– Як думаеце, у вас быў закладзены рэсурс любові ці вы яго развілі? – пытаю ў Наталлі.

***

 Напэўна, Бог абірае моцных для такой долі. Я проста магу гэта панесці. Ведаеце, калі асабліва не задумваешся, калі пачуцці пакідаеш ззаду, калі не разважаеш, «можаш ці не можаш», то цягнеш усё. Бо ты ведаеш, што гэта твой шлях.

***

Канечне, калі Насця была маленькая, я нават не ўяўляла будучага лёсу. Мне хацелася, каб у яе было ўсё, як і ва ўсіх: каб яна адвучылася, паступіла ва ўніверсітэт, выйшла замуж… Але я не пакрыўджана на ўласны лёс праз тое, што атрымалася не так. Я адчуваю па сабе, што магу.

– Што вы можаце параіць тым мамам, якія даведаліся пра дыягназ свайго дзіцяці?

– Найперш, каб яны не баяліся і каб не апускалі рукі. Цяперашняя медыцына можа дапамагчы. І, канечне, не закрывацца і не сядзець дома. Я вельмі задаволена сваёй працай. Так, з сям’ёй не склалася. Муж пайшоў рана з жыцця. Але я прывыкла, што цягну і мужчынскую працу, і жаночую. Пакуль ёсць сілы, цягну.


Наталля кажа, што жыве двума жыццямі: сваім і Насціным. Але ці магчыма жыць па-іншаму, калі ты – мама? Тым больш, што калі ты аддаеш любоў іншым, яна табе абавязкова вернецца. Прыклад Наталлі з’яўляецца таму пацверджаннем.

 

Вікторыя Чаплева
фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.