«У чужым доме і без магчымасці працаўладкавання». Як выжывае інвалід трэцяй групы ў Віцебску
Медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія паставіла 44-гадоваму Юрыю Шчарбіну трэцюю групу інваліднасці, працоўную. У яго паралізаваны левы бок і парушана маўленне. Юрыю далі такія рэкамендацыі па працаўладкаванні, што ніводны працадаўца яго на працу не бярэ. Нават вартаўніком уладкавацца нікуды ён не можа. Жыві, як кажуць, на 168 рублёў на месяц.
Інсульт
Чатыры гады таму віцяблянін Юрый з’ехаў на заробкі ў Севастопаль. Там працаваў на будоўлі маляром-тынкоўшчыкам. І раптам у яго здарыўся інсульт.
***
У Юрыя парушана маўленне, паралізаваны левы бок, і ён не можа перасоўвацца без тросткі. Але МРЭК вырашыў, што такі чалавек можа працаваць амаль на такім жа ўзроўні, як і ўсе.
***
– Ці былі падставы для інсульту раней?
– Ды хто яго ведае? Казалі, што была ішэмічная хвароба сэрца, – адмахваецца Юрый.
Пасля інсульту Юрый выйшаў на працу. Маўленне ў яго аказалася парушаным.
– Ты што, п’яны прыйшоў на працу? – спыталі ў Юрыя.
Юрый патлумачыў, што ў яго інсульт здарыўся. У хуткім часе на працы з ім развіталіся.
Вяртанне ў Віцебск
Юрый вярнуўся ў родны Віцебск не адразу: думаў, што нешта зменіцца, ён паправіцца. Калі стала зразумела, што так не будзе, тады вярнуўся дадому. Са сваякоў у яго застаўся адзін брат.
З братам увогуле атрымалася асобная гісторыя. Калі маці памерла, яны прадалі кватэру і набылі добры дом. Раней там, канечне ж, былі ўсе зручнасці.
Але пакуль Юрый быў на заробках, брат прадаў адтуль усё, што можна было прадаць… Нават чыгунную батарэю ён здаў на металалом: патрэбны былі грошы на выпіўку. Хаця калі Юрый працаваў, то дасылаў брату грошы на аплату камунальных паслуг. Але, як аказалася, грошы той прапіваў. Пакуль Юрыя не было ў Віцебску, дома ўтварылася запазычанасць: адключылі ацяпленне і святло.
Ад дома засталіся голыя сцены з частковай мэбляй. У такім доме і стаў жыць Юрый, калі вярнуўся ў Віцебск. Зараз яго брат знаходзіцца ў турме. Прадаць нерухомасць Юрый не можа. З рамонтам мясцовыя ўлады дапамагчы не могуць. Для вылучэння пакою ў інтэрнаце падстаў няма: метраў хапае. Праўда, Юрыю дапамагаюць суседзі. Кажуць, што ён добры мужчына: не п’е ,не курыць.
Летам «Віцебскі кур’ер» напісаў пра Юрыя, апублікаваў здымкі дома, дзе ён вымушаны быў жыць, і папрасіў усіх нераўнадушных дапамагчы яму. Пасля гэтай публікацыі адна віцяблянка патэлефанавала Юрыю і сказала, што ў яе ёсць палова дома, дзе ніхто не жыве. Там ёсць усё неабходнае. А галоўнае для жыцця ўзімку – ацяпленне. На гэту зіму Юрый перабраўся туды. Плаціць яму зараз трэба толькі за святло.
Пошукі працы
МРЭК прызначыў Юрыю трэцюю групу інваліднасці, працоўную. Гэта пры тым, што ў Юрыя парушана маўленне, паралізаваны левы бок і ён не можа перасоўвацца без тросткі. Але там вырашылі, што такі чалавек можа працаваць амаль на такім жа ўзроўні, як і ўсе. Толькі што пра гэта думаюць працадаўцы? Юрый намагаўся ўладкавацца на працу і ў бальніцу, і ў дзіцячы садок – нічога не атрымалася. Паўсюль ён чуе прыкладна адну фармулёўку адмовы: «Па тваіх абмежаваннях у нас працы няма».
***
Мы намагаемся даказаць, што ўся сістэма ўсталявання інваліднасці настолькі састарэла, што з’яўляецца ўжо далёка не пазітыўным фактарам дапамогі.
***
Патрабаванне да ўмоў працы Юрыя ў адпаведнасці з індывідуальнай праграмай прыкладна наступныя: у прыватнасці, супрацьпаказана падымаць і перасоўваць цяжары, знаходзіцца ў нязручнай позе больш за 20% змены, стоячы – больш за 60%; супрацьпаказана праца на вышыні, пад зямлёй, працы па рамонце і ў галіне электрасувязі, працы па газапрамысловасці, працы вахтавым метадам, працы з прымяненнем выбухаў… Калі коратка, супрацьпаказана тая праца, якой ён займаўся ўсё жыццё.
***
Чалавек хоча быць больш самастойным. А ў МРЭКу ён сустракае не дапамогу, а перашкоды.
***
Калі працадаўцы чытаюць гэтыя супрацьпаказанні, канечне, яны адмаўляюцца ўзяць Юрыя на працу. Ды і хто б хацеў браць адказнасць за чалавека, у якога такі спіс супрацьпаказанняў?
Змаганне з МРЭКам
Сяргей Драздоўскі, дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю ацэньвае сітуацыю змагання Юрыя з МРЭКам аб’ектыўна: «Першыя этапы змагання паказалі, што насустрач Юрыю не ідуць. Але ў той жа час мы не можам рабіць інакш гэтую працэдуру – толькі пісаць па інстанцыях. Канечне, мы рыхтуемся да судовых разбіральніцтваў».
Сяргей Драздоўскі кажа пра тое, што МРЭКу трэба быць аб’ектыўным у дадзеным выпадку, разглядаць усе сацыяльныя фактары, з якіх і складаецца жыццё Юрыя. «Мы намагаемся даказаць, што ўся сістэма ўстанаўлення інваліднасці настолькі састарэла, што з’яўляецца ўжо далёка не пазітыўным фактарам дапамогі, – кажа Сяргей. – Пакуль МРЭК – гэта закрытыя структуры. У нас мала шанцаў дапамагчы Юрыю ў гэтай сітуацыі. Зараз ён змагаецца адзін на адзін. Праўда, Віцебская гарадская арганізацыя «БелТІ» намагаецца яму дапамагчы. Але тут трэба разумець, што дапамога мусіць быць не добрым словам, бо ён знаходзіцца ў цяжкім сацыяльным становішчы».
Чаму МРЭК ставіць трэцюю групу інваліднасці чалавеку, у якога левы бок паралізаваны? Сяргей Драздоўскі кажа, што «МРЭК дзейнічае толькі з медыцынскага боку. Але ўрачы не ўлічваюць месца яго пражывання, не ўлічваюць яго ўзрост і папярэднюю прафесію, па якой ён не можа працаваць».
Сяргей кажа, што ў судзе ён будзе дабівацца адмены рашэння па трэцяй групы інваліднасці. «Мы хочам, каб суд прымаў ва ўвагу не толькі беларускую сістэму, але і саму Канвенцыю. Наша краіна яе ратыфікавала, таму яна носіць важкі характар».
Сяргей Драздоўскі кажа, што на сёння ідзе тэндэнцыя зніжэння групы інваліднасці. Прытым гэта адбываецца часцей, калі людзі звяртаюцца па працоўных рэкамендацыях: «Гэта няправільна, што ў нас так стала: інваліднасць раўназначна таму можаш ты працаваць ці не. Чалавек хоча быць больш самастойным. А ў МРЭКу ён сустракае не дапамогу, а перашкоды».
***
Гісторыя Юрыя – адна з тысяч гісторый людзей, якім МРЭК ставіць працоўную групу, калі працаваць яны не могуць, або, наадварот, абмяжоўваюць у працы тады, калі чалавек імкнецца працаваць. Пенсія, памер якой роўны 168 рублёў, меншая за пражыткавы мінімум. Але наўрад ці пытанне, як выжыць на яе чалавеку, турбуе некага з тых, хто на такое жыццё асуджвае.
***
Вікторыя Чаплева
Фота Эдуарда Авецісяна і з архіва «Віцебскага кур’ера»
Комментарии
Авторизуйтесь для комментирования
С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.