«Пад дахам дома… не свайго». Як выглядае старасць у доме сумеснага пражывання для пажылых і інвалідаў

Поддержи

Рубрика : Эксклюзив.

Часта мы сустракаемся з меркаваннем, што жыць у дамах састарэлых – сорамна. Дзецям сорамна аддаваць туды сваіх бацькоў. Пажылым – сорамна прызнаваць, што яны аказаліся ў такім становішчы. Трапіўшы ў дом сумеснага пражывання для пажылых і інвалідаў у вёсцы Ганчары, што недалёка ад Ляхавічаў, я зразумела, што такія развагі досыць павярхоўныя. Галоўнае падчас старасці – не быць адзінокім. Прынамсі, такую выснову дапамаглі мне зрабіць дванаццаць чалавек, якія жывуць зараз у доме сумеснага пражывання.

Дом сумеснага пражывання

Ад Ляхавіч да Ганчароў – каля дзесяці хвілін язды на машыне. Трапіць туды зусім не складана: дзверы ў будынак адчынены. Перад уваходам у дом я ўжо падрыхтавалася да з’едлівага бальнічнага паху… Але ўздыхнула з палёгкай – там яго няма. Хутчэй, гэта быў пах вясковай хаты. Памятаеце гэтае адчуванне, калі заходзіш ў спёку ў вясковы дом, адчуваючы прыемную прахалоду?

У 2015 годзе, калі на базе былога дзіцячага садку адкрыўся дом сумеснага пражывання для пажылых і інвалідаў, ён стаў першым домам такога тыпу ў Брэсцкай вобласці. Прычым з бюджэту на яго абсталяванне не было выдаткавана ні капейкі. Усё зрабілі за кошт спонсараў і пазабюджэтных даходаў цэнтра. А працаўнікі былога дзіцячага садку – загадчык гаспадаркі, нянечка і кухар –  сталі сацыяльнымі работнікамі ў доме сумеснага пражывання..

У суботу, калі я заехала ў дом сумеснага пражывання, там была адна Анастасія, маладая дзяўчына, якая у выхадныя прыглядала і гатавала ежу старым. Дзяўчына не чакала майго візіту, але не разгубілася, запрасіла прайсці, правяла экскурсію па будынку.

«Сын бы так мяне не глядзеў»

Я зайшла ў так званае «мужчынскае крыло», у пакой адпачынку, і стала знаёміцца з жыхарамі-мужчынамі. Зараз тут іх жыве пяць. Ніхто не назваў мне ні свайго поўнага імя, ні імя па бацьку. 82-гадовы мужчына, які кепска чуе, прадставіўся проста –  «Міша». Стаіць ён, абапёршыся на падаконне, усміхаецца. Сам Міша паходзіць з суседняй вёскі Мядзведзячы. Ён не самотны, мае двух сыноў. Але, як я зразумела, сувязь з ім амаль страчана. І глядзець ім састарэлага Мішу не выпадала, таму той сюды і патрапіў. Праз бальныя ногі ён амаль ужо не ходзіць. Стаіць днямі тут, каля вакна. Ды і мала тут мужчыны размаўляюць. Але і маўчаць добра, калі маўчыш не адзін.

У доме некалькі асобных пакояў, разлічаных на адно, два і тры месцы. Ёсць душавая, сталовая, хол з мяккай мэбляй. Там жа газеты, даміно, шахматы, тэлевізар, падораны дому Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. Толькі тэлевізар яны не глядзяць. «Нецікава там», – махаюць рукой мужчыны. Паселі перада мной на канапы і пазіруюць – падабаецца ім фатаграфавацца.

«Косця» – так прадставіўся наступны жыхар. Бачыць ён зусім кепска. Сказаў, што чакае аперацыю на вочы.

– Як вы сюды трапілі? – пытаю ў мужчыны.

– А хто мяне глядзець будзе дома? Ніхто. Сын прывёз мяне сюды.

– Вам не было крыўдна?

– Не. Я сюды прыйшоў з задавальненнем. Тут мне больш падабаецца, чым дома. Тут гатуюць смачна, сочаць за мной. Сын мне такое не зробіць. Ён працуе па 12 гадзін, бывае, уначы. Але ён прыязджае сюды, праведвае.

Прадставілі мне яшчэ аднаго Косцю – самага стала жыхара дома сумеснага пражывання. Асцярожна сталі ўваходзіць у гутарку і астатнія «хлопцы». Хахочуць, жартуюць, хваляць «дзяўчат», якія тут працуюць. І разумею, што не паказальна ўсё гэта – ім сапраўды добра.

Жыць тут можна цэлы год. Умовы набліжаны да хатніх. За пражыванне пастаяльцы плацяць фіксаваную цану за «камуналку» і паслугі сацыяльнага работніка: набыццё прадуктаў, прыгатаванне ежы, мыццё бялізны, ўборка. Усяго выходзіць 180 рублёў. Канечне, узімку атрымліваецца крыху больш. Ды і людзей ўзімку набіраецца каля двух дзясяткаў – месцы ўсе занятыя.

Валянціна і «баба Валя»

Нельга сказаць, што жанчыны праводзіць час усе разам: неяк асобна, кожная ў сваім аднамесным пакоі. Калі праходзіла па калідоры, на мяне з адчыненых дзвярэй глянула жанчына. Вырашыла да яе зайсці.

– Валянціна, – прадставілася яна мне, папутна выціраючы слёзы.

Ёй 65 гадоў. У доме сумеснага пражыванне Валянціна ўсяго некалькі месяцаў. «Не прывыкла яшчэ, мая дзетачка, – плача Валянціна. – Ды не таму, што кепска. Добра тут вельмі, праўда. Проста яшчэ не магу звыкнуцца з думкай, што я адна».

Яе сына не так даўно забілі. «Я шукала забойцу сына, нават два разы дабівалася эксгумацыі цела на экспертызу. Але нічога не высветлілі». Яе маці пайшла ў журавіны і не вярнулася. Адна радасць – унучка. Праўда, не толькі радасць, ды і боль: Дачка Валянціна ў выхаванні ўнучкі асабліва не бачыла патрэбы. Таму ўсім яе забяспечвала бабуля. Пенсія ў Валянціны малая: 220 рублёў. Зноўку ўсхліпвае, узгадвае, як апошнім часам частавалася толькі кіпнем з кавалкам хлеба – такая была ў яе ежа. Дачка, якая любіць выпіць, глядзець яе не збіраецца. Адна жыць не можа: баліць сэрца і ледзь ходзіць.

Так і апынулася Валянціна ў гэтым доме. З красавіка тут, прывыкнуць не можа пакуль, плача. Але, кажа, што гэта найлепш варыянт. З яе вакна бачна крама «Родны кут» мясцовага райспажыўтаварыства. Туды пастаяльцы могуць схадзіць нечага набыць, ці даць грошы працаўнікам. А Валянціна абдымае на развітанне, зноўку плача і дзякуе за тое, што яе праведала.

Выйшла з будынка і гуляю па надворку. На лавачках сядзяць жанчыны, размаўляюць. Побач сушыцца бялізна. Абыходжу будынак і бачу – на прыступках сядзіць бабуля і моліцца, трымаючы ў руках малітоўнік.

– Моліцеся, бабуля? – сядаю побач на прыступку і пытаю яе.

Яна ўсміхаецца, падымае свае вінтажныя акуляры, і кажа:

– Ага! Там усе сядзяць разам, а я хацела пабыць адна. Так во, знайшла куточак, каб ніхто не перашкаджаў!

Бабуля заверыла, што размова са мной не прынясе ёй лішніх турботаў.

«У мяне ўжо 30 гадоў як мужык памёр. А я ўсё адна ды адна. Не адчувала цяжкасцей, пакуль была здаровая. Ды і нікога не шукала. Нашто мне той п’яніца?»

Баба Валя – так дазволіла клікаць сябе бабуля – вельмі набожная. Усё ўзгадвае, як нядзелька – так бегла яна да касцёла, як была маладая. «Нашы ж касцёлы за савецкім часам ўсе параскідалі, а мы на ровары – і да касцёла ў Мядзведзячы. А былі часы, што маліліся ўсе ў пакойчыку ў вёсцы…».

Зараз баба Валя цяжка ходзіць, а бліжэйшы касцёл у Мядзведзічах – за пяць кіламетраў ад Ганчароў. «А я ж штонядзелю раніцай па радыё слухаю імшу. Ды і ксёндз прыязджае праведаць мяне».

Паходзіць бабуля з Патапавічаў – вёскі пад Ляхавічамі. У гэты дом яна прыйшла сама. І не шкадуе. З усмешкай распавядае, што ім тут вельмі добра. «Вельмі добра нам тут. Лепш і быць не можа!», – некалькі разоў паўтарыла баба Валя.

– А ваша хата пустуе?

– Не. Там жывуць людзі, абрабляюць соткі, бульбу садзяць… Ды і грошы, што застаюцца з пенсіі я туды аддаю – ім жа трэба свіней карміць.

***

«Нецікава жыць мне зараз, канечне, але ж куды ты дзенешся?» –  падсумоўвае баба Валя і ўсміхаецца. – «Але ж колькі адмерана, столькі і трэба жыць. Ды не прыспешваць нічога». Яна апранае акуляры. Я разумею, што баба Валя хоча пабыць адна. Сыходжу за адчыненую калітку.

***

І ўсё ж такі, жыццё не такое ўжо і гаротнае. І з любой сітуацыі знойдзецца выйсце. І адзінота не страшная, калі ёсць каму табе прыгатаваць суп і з кім паразмаўляць. І можна тады працягваць жыць, а не дажываць.

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА 
Фота аўтара

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.