«Не толькі словам, але і справай». Невідушчыя абследавалі даступнае асяроддзе Мінска

Поддержи

Кожны раз, калі я трапляю на чарговую прэзентацыю прылады ў БелТІЗ, то заўжды натхняюся. За апошнія гады БелТІЗ і Цэнтр паспяховага чалавека зрабілі шмат для таго, каб невідушчыя людзі змаглі выйсці са сваіх дамоў у горад без вялікіх бар’ераў. Гэтым разам па досвед у сталіцу прыехалі прадстаўнікі Гомельскай абласной арганізацыі БелТІЗ. Чакалі іх і ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, каб прадэманстраваць безбар’ернае асяроддзе, якое было зроблена ўнутры будынка.

Дасягненні БелТІЗ і Цэнтра паспяховага чалавека

Большасць невідушчых да нядаўняга часу не ведала, як карыстацца кіем і хадзіць па тактыльнай плітцы. Ды і адкуль возьмуцца гэтыя веды, калі плітка на вуліцах гарадоў стала з’яўляцца толькі апошнім часам? Менавіта таму Цэнтр паспяховага чалавека ўзяўся за выпуск праграм і прылад, якія дапамагаюць невідушчаму самому перасоўвацца па знаёмай і незнаёмай мясцовасці.

Дзякуючы гэтай працы ў Мінску ў 2019 годзе з’явіўся першы агучаны маршрут для невідушчых людзей на вуліцах Амуратарскай і Максіма Танка з ужываннем гукавой навігацыйнай сістэмы «Крокi на Гукi», якая працуе сумесна з прыладай «BuzzPoint» на смартфонах. Выкарыстоўванне гэтых прылад, па меркаванні Міхаіла Антоненкі, кіраўніка Цэнтра паспяховага чалавека, і з’яўляецца сацыяльнай рэабілітацыяй людзей з інваліднасцю: «Прывесці інваліда на хор, танцы – гэта не рэабілітацыя. Гэта баўленне часу. Рэабілітацыя – гэта калі невідушчы да ўсіх аб’ектаў дабіраецца самастойна. Мы стварылі аб’екты, на якіх можна вучыцца быць самастойным».

Нагадаем, што ў некаторых пунктах Мінска, такіх, як Нацыянальны аэрапорт, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Каледж электронікі, аб’екты на вуліцы Амуратарскай і Максіма Танка, былі ўсталяваныя гукавыя інфарматары, з дапамогай якіх невідушчы, карыстаючыся тэлефоннай прыладай «BuzzPoint», можа не проста дабрацца да іх, але і ўваходзіць унутр будынка, беручыся за ручку дзвярэй. Інфарматары былі ўсталяваны і на аб’ектах усіх абласных цэнтраў: у Брэсце – у аўтавакзале, у Віцебску – у тэрытарыяльным цэнтры, у Магілёве – у паліклініцы, у Гомелі – у інклюзіўным цэнтры, у Гродна – у медыцынскім каледжы, дзе рыхтуюць невідушчых масажыстаў.

«Мы хочам, каб «безбар’ерка» была паўсюль, а не толькі там, дзе ходзяць найбольш сляпыя, –  кажа Міхаіл Антоненка, – але ўсё гэта ў перспектыве. Зараз у нас стаіць задача зрабіць хаця б папулярныя для невідушчых маршруты».

Безбар’ерныя маршруты

З гомельскімі сябрамі мы зноўку прайшліся па маршруце ад Цэнтральнага праўлення БелТІЗ па вуліцы Максіма Танка, дзе знаходзяцца важныя для жыццядзейнасці аб’екты: пошта, аптэка, банк, пякарня. Дарэчы, пякарня «Бушэ» прадстаўляе інвалідам зніжку 10%.

Усю групу за сабой па тактыльнай плітцы вёў невідушчы Дзіма з Гомеля, які першы раз ішоў па гэтым маршруце. Ён хутка карыстаўся прыладай «BuzzPoint», якая звязваецца з інфарматарамі, што размяшчаюцца на будынках, і даводзіў усіх да ручак дзвярэй. Упершыню хлопец здзейсніў такі доўгі шлях па тактыльнай плітцы. «У Гомелі я хаджу з дапамогай кія і карыстаюся прыладай «BuzzPoint». Наогул, гэта залежыць ад таго, наколькі чалавек рэабілітаваны і бясстрашны».

Каб невідушчы змог добра арыентавацца ў безбар’ерным асяроддзі, ён мусіць ведаць, дзе па міжнародным стандарце размяшчаюцца аб’екты.

Што з безбар’еркай у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны

Там групу сустрэў намеснік міністра Аляксандр Румак. Міхаіл Антоненка адразу адзначыў: «Нарэшце дзяржава дапамагла не толькі словам, але і справай».

На ганку будынка пакладзена тактыльная плітка. Заходзіш – у холе спецыяльны ліфт для інвалідаў-вазочнікаў. Каля значных аб’ектаў – таблічкі са шрыфтам Брайля.

У кабінет № 402, у які нам трэба было патрапіць, вёў таксама Дзіма. Спачатку мы селі ў ліфт для людзей з інваліднасцю, трапілі на чацвёрты паверх.

 Ад ліфта да калідора вядзе тактыльная плітка. Каб невідушчаму знайсці патрэбны кабінет, ён павінен мацаць таблічкі каля кабінетаў, бо яны напісаныя і шрыфтом Брайля ў тым ліку.

Дзіма, які з лёгкасцю знайшоў патрэбны кабінет, кажа, што асяроддзе ў міністэрстве досыць зручнае для невідушчых.

«Ліфт доўга адчыняецца і зачыняецца толькі таму, што зроблены для людзей з інваліднасцю, – кажа Аляксандр Румак. – Безбар’ерны асяродак рабілі сумесна з сябрам з БелТІЗ.

Гомельская дэлегацыя сказала, што ўжо на тыдні пойдзе ў свае мясцовыя органы ўлады, каб паказаць, як мусіць выглядаць даступнае асяроддзе ў будынках, куды звяртаюцца людзі з інваліднасцю па дапамогу.

Вікторыя ЧАПЛЕВА,

Фота аўтара

 

Присоединяйтесь к нам! Telegram Instagram Facebook Vk

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.