Сацыяльны бізнес у Беларусі. Або бізнес, які існуе сам па сабе

Поддержи

Рубрика : Новости.

У нашым постсавецкім грамадстве, на жаль, яшчэ пануе меркаванне, што калі нешта сацыяльнае – гэта дабрачыннае. У той жа час, у грамадстве існуе шмат выклікаў і праблем, якія гатовы вырашаць прадпрымальнікі. Вось толькі сацыяльным прадпрымальнікам быць у нас пакуль цяжка…

Што такое сацыяльны бізнес?

Днямі прайшоў трэці форум па сацыяльным бізнесе ў Беларусі, дзе былі абгавораны праблемы і магчымасці для сацыяльных прадпрымальнікаў. У Беларусі не існуе закона аб сацыяльным прадпрымальніцтве, хоць гэтая тэма ўжо два гады абмяркоўваецца на дзяржаўным узроўні.

«Ёсць такая з’ява як сацыяльнае прадпрымальніцтва, і яно, скажам так, існуе пакуль само па сабе, – кажа начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Алег Токун. – Але прыйшоў час прызнаць, што закон вельмі патрэбны. У мінулым годзе была створана група па распрацоўцы праекта канцэпцыі закона аб сацыяльным прадпрымальніцтве. Бо такі бізнес дапамагае дзяржаве вырашаць сацыяльныя задачы. Зараз у нас ёсць працоўны праект канцэпцыі закона аб сацыяльным прадпрымальніцтве, які мы абмяркоўваем на савеце Мінстэрства працы і сацыяльнай абароны. Нам паступаюць прапановы ад бізнес-супольнасцей, ад такіх грамадскіх арганізацый, як, напрыклад, БелТІЗ. І пасля таго, як будзе атрымана адабрэнне грамадска-кансультатыўнай рады, мы будзем накіроўваць канцэпцыю ў Савет міністраў і ва ўрад».

Што ўяўляе сабой гэты закон? У ім будзе вызначана мэта сацыяльнага прадпрымальніцтва. На самой справе, па словах Алега Токуна, кожны разумее важнасць сацыяльнага бізнесу, але нарматыўна замацаваць гэты закон дастаткова складана. Пакуль Міністэрства прапанавала акрэсліць, што такое сацыяльнае прадпрымальніцтва, яго суб’екты, фізічныя і юрыдычныя асобы. З’явяцца новыя тэрміны, такія, як сацыяльны прадпрымальнік, сацыяльны інвестар, індывідуальны прадпрымальнік, які ажыццяўляе сацыяльную дзейнасць. Будзе акрэслены шэраг праблем, якія сацыяльныя прадпрымальнікі будуць вырашаць.

«Спачатку мы вырашалі толькі адну сацыяльную праблему – занятасць, уладкаванне на працу людзей з інваліднасцю. Але зараз стала зразумела, што важны і адукацыя, і тыя тэхналогіі, што вырашаюць сацыяльныя праблемы, якія могуць быць вырашаны з дапамогай сацыяльнага прадпрымальніцтва».

Далей міністэрства прапануе акрэсліць спосабы, па сродках якіх могуць быць вырашаны гэтыя сацыяльныя праблемы: працаўладкаванне сацыяльна слабых катэгорый грамадзян (не толькі людзей з інваліднасцю, але і людзей, якія жывуць з ВІЧ, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі, былых нарка-спажыўцоў, бежанцаў і г.д.); ажыццяўленне сацыяльна значнай эканамічнай дзейнасці; сістэматычны кірунак прыбытку або вырабляльных тавараў на рашэнне сацыяльных праблем або задавальненне сацыяльных патрэб.

Сацыяльнае прадпрымальніцтва, якое ісуне само па сабе…

Але, не гледзячы на тое, што на сёння дзяржава мінімальна датыкаецца да сацыяльнага бізнесу, сацыяльныя праекты ў Беларусі ўсё ж такі існуюць. У апошнія гады з’яўляецца ўсё больш ініцыятыў і праектаў па падтрымцы сталых людзей у тым ці іншым выглядзе. Развіваюцца праекты рэгіянальнай ідэнтычнасці. Максім Падбярозкін кажа пра гэта наступным чынам: «Многія новыя праекты і прадпрыемствы намагаюцца будаваць сваю працу так, каб выпускаць прылады, якія б адказвалі на сацыяльныя выклікі».

Так, развіваюцца праекты, звязаныя з новымі тэхналогіямі, у прыватнасці, з распрацоўкай і ўкараненнем мабільных дадаткаў, якія дапамагаюць вырашаць сацыяльныя праблемы. Сярод паспяховых прыкладаў Максім Падбярозкін адзначыў мабільны дадатак для навучання дзяцей з аўтызмам ABA coach, платформу для дапамогі бяздомным жывёлам SaveUs, мабільную гульню для дзяцей з парушэннямі мовы CatZu, мабільны дадатак для замовы вывазу смецця проста з дому RecyclingTaxi. Па словах Максіма Падбярозкіна, ідзе павышэнне гатоўнасці традыцыйнага бізнесу да супрацоўніцтва з сацыяльнымі прадпрыемствамі .

На форуме выступіла кіраўніца аддзела рэкламы і камунікацыі кіруючай кампаніі холдынгу «Аптэка груп» Юлія Шпак. Яна распавяла пра праект «Старэйшы спецыяліст», сутнасць якога заключаецца ў тым, каб зрабіць з актыўных і мэтанакіраваных пенсіянераў кансультантаў у аптэках. Экспертка прызналася, што першапачаткова праект не нёс у сабе альтруістычных каштоўнасцяў: «Паколькі аптэчныя сеткі імкліва развіваюцца, а колькасць выпускнікоў адпаведных ВНУ скарачаецца, паўстала вострая неабходнасць вырашаць праблему цякучкі і недахопу кадраў. Таксама па асабістых прычынах, маёй мэтай было змяніць адносіны да людзей старэйшых узростаў. Так нарадзілася ідэя шукаць і прыцягваць кадры сярод іншай мэтавай аўдыторыі, якую ігнаруюць канкурэнты – сярод пенсіянераў ».

Рэалізоўваць праект было вырашана ў супрацоўніцтве з «Цэнтрам актыўнага даўгалецця». Дадаткова прыцягваліся стылісты, візажысты, кансультанты па здаровым харчаванні і псіхолаг. Такім чынам, поўны навучальны курс на пасаду адміністратара прайшлі 12 чалавек, 9 з якіх выказалі жаданне прыступіць да працы. Акрамя таго, у кампаніі праходзіць курс для маладых супрацоўнікаў і супрацоўніц, які змяняе іх стаўленне да старэйшага ўзросту і старэйшых калег. Юлія Шпак выказала ўпэўненасць у тым, што вынікі праекта пакажуць сваю эканамічную эфектыўнасць для бізнесу і іншыя кампаніі таксама стануць праводзіць падобныя праграмы.

Як прыклад сацыяльнага прадпрымальніцтва, быў прыведзены інклюзіўна-адукацыйны цэнтр «Авакада» ў Брэсце. Арганізацыя працуе са жніўня 2017 года і займаецца комплексным суправаджэннем сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэты сацыяльны бізнес вырас з патрэбы кіраўніцы цэнтра, чыё дзіця з аўтызмам. На момант пастаноўкі дыягназу дзіцяці ў Брэсце не было ні аднаго падобнага цэнтра, пры тым што колькасць дзяцей з аўтызмам штогод прыбывае. У гэтай сітуацыі дзяржаўныя цэнтры не могуць задаволіць ўсіх, хто мае патрэбу ў такой падтрымцы. Аляксандра Грынь, наесніца дырэктара цэнтра, таксама адзначыла, што для многіх бацькоў эмацыянальнай перашкодай становіцца працэдура праходжання псіхіятра, якая з’яўляецца абавязковай умовай для траплення ў дзяржаўныя цэнтры.

Паколькі ізаляваным аказваецца не толькі дзіця, але і ўся сям’я, важнай часткай місіі і працы цэнтра «Авакада» з’яўляецца праца з бацькамі і грамадскасцю праз розныя практыкі: інфармаванне грамадства пра праблемы аўтызму, адукацыя бацькоў і інфармацыйная дапамога; стварэнне супольнасці бацькоў; псіхалагічная падтрымка сем’яў і праца бацькоўскага клуба; стварэнне інклюзіўнай адукацыйнай прасторы; арганізацыя навучальных семінараў.

Адной з цяжкасцяў, з якімі сутыкаецца цэнтр, з’яўляецца тое, што велізарная частка сродкаў ідзе на адукацыю ўласных супрацоўнікаў і супрацоўніц. Навучанне спецыяліста сучасным методыкам каштуе 1500 долараў, аднак прадпрыемства гатова браць на сябе гэтыя рызыкі. Даход цэнтра «Авакада» ідзе з двух крыніц: індывідуальныя і групавыя заняткі з дзецьмі і інавацыйны апарат біяакустычнай карэкцыі. Зараз на прадпрыемстве працуе 7 штатных супрацоўнікаў, а сам бізнес вырас з ІП у ТАА. Такім чынам, цэнтр здольны забяспе-
чыць комплексны падыход і індывідуальную праграму для сваіх кліентаў.

А як у Расіі?

Па розных падліках у Расіі сёння існуе ад 5000 да 15000 сацыяльных прадпрыемстваў. Пры гэтым кожны год 25 са 100 праектаў зачыняюцца, што характэрна для бізнесу ў цэлым. Толькі 1% расійскіх прадпрымальнікаў займаецца сацыяльным прадпрымальніцтвам, а іх унёсак у ВУП краіны ў 2017 годзе склаў 0,36% (у Беларусі і Латвіі – прыкладна 0,32%). У іх актыўна развіваецца напрамак стварэння дзіцячых месцаў у садках і месцаў у дамах для сталых людзей. Сацыяльнае прадпрымальніцтва там – гэта адказ на выклікі.

З адрозненняў у сферах дзейнасці сацыяльнага прадпрымальніцтва ў Расіі Алёна Ліс адзначыла стварэнне месцаў у пансіянатах для пажылых, а таксама месцаў у дзіцячых садках. Гэта звязана з тым, што ў Расіі дэкрэтны адпачынак скараціўся, а колькасць дзіцячых садоў захавалася на тым жа ўзроўні, калі водпуск па доглядзе за дзіцем быў да 3-х гадоў. Такім чынам, сацыяльнае прадпрымальніцтва ў галіне дзіцячых садкоў стала адказам на гэты выклік у грамадстве.

За кошт чаго падтрымліваецца сацыяльнае прадпрымальніцтва ў Расіі? Яно стала развівацца ў 2000-х гадах у асноўным за кошт прыватных асоб і фондаў. Прадстаўнікі аднаго з самых вядомых фондаў «Наша будучыня» наведвалі Беларусь і заключалі пагадненне з Беларускай канфедэрацыяй прадпрымальнікаў. Фонд укладвае грошы ў навучанне сацыяльных прадпрымальнікаў, прадастаўляе беспрацэнтныя крэдыты на развіццё бізнесу і г.д.

У Расіі пакуль няма закона аб сацыяльным прадпрымальніцтве, хоць абмеркаванне і спробы яго прыняць пачаліся значна раней, чым у Беларусі. Акрамя фондаў, якія падтрымліваюць сацыяльнае прадпрымальніцтва ў Расіі, важную ролю адыгрывае краўндфандынг, або грошы, якія ахвяруюць на пэўныя справы самі грамадзяне краіны.

Латвійскі досвед

Дырэктар Латвійскай асацыяцыі сацыяльных прадпрыемстваў Ліене Райне-Міцеў (Liene Reine-Miteva) распавяла, што прыняцце закона аб сацыяльным прадпрымальніцтве ў Латвіі спрыяла некалькі перадумоў.

З аднаго боку, быў запыт ад некамерцыйных арганізацый, якія працавалі ў адпаведнай галіне. З іншага боку, паўстаў запыт ад Еўрапейскага саюза, паколькі з прычыны эканамічнага крызісу з’явіліся сацыяльныя праблемы, якія трэба было вырашаць. У 2014 годзе Кабінет міністраў падтрымаў праект закона, а ў 2015 утварылася Латвійская асацыяцыя сацыяльных прадпрыемстваў, якая ўвайшла ў працоўную групу па распрацоўцы закона. З’явілася магчымасць атрымаць грант Еўрапейскага сацыяльнага фонду. Ліене адзначыла, што нават пры такой падтрымцы ўрада і палітычнай волі, увесь працэс заняў значны час і закон быў прыняты толькі у 2018.

У законе дакладна вызначана паняцце сацыяльнага прадпрымальніцтва, а за сацыяльным прадпрыемствам замацаваная канкрэтная юрыдычная форма – таварыства з абмежаванай адказнасцю. Такім чынам, хоць некамерцыйныя арганізацыі могуць працягваць рабіць сваю працу, каб патрапіць у рэестр, ім трэба засноўваць камерцыйную кампанію і атрымаць спецыяльны статус. Арганізацыя павінна мець пазітыўны сацыяльны эфект, які можна вымераць. Законам замацаваны 3 тыпы сацыяльных прадпрыемстваў, згодна з іх мэтаў: інтэграцыйныя прадпрыемствы (наймаюць прадстаўнікоў з інваліднасцю); прадпрыемствы, якія вырабляюць тавары і паслугі для сацыяльных груп; ўсе іншыя арганізацыі, якія працуюць для грамадскага дабра і вырабляюць пазітыўны сацыяльны эфект (адукацыя, экалогія, ахова здароўя і г.д.).

Каб атрымаць статус сацыяльнага прадпрыемства, арганізацыя павінен адпавядаць пяці крытэрыям. Першасная і асноўная мэта кампаніі павінна быць сацыяльнай. Усе заснавальнікі кампаніі павінны пагадзіцца з сацыяльнай адказнасцю як асноўнай мэтай. Заснавальнікі не могуць пераразмяркоўваць прыбытак паміж сабой. Увесь прыбытак павінен быць выкарыстаны для дасягнення сацыяльных мэтаў. У штаце абавязкова павінен быць хаця б адзін супрацоўнік, які атрымлівае заробак.

Павінен быць уключаны элемент дэмакратычнага кіравання. У законе таксама прапісаны абмежаванні па відах дзейнасці, напрыклад, на вытворчасць алкагольных напояў. Пры гэтым, дробныя лакальныя вытворцы алкаголю ўсё ж могуць быць уключаны ў рэестр, калі адпавядаюць усім крытэрыям.

На думку Ліене, хоць правілы ў законе даволі строгія, у ім ёсць і свая перавага. Сацыяльныя прадпрыемствы не абкладаюцца падаткам на прыбытак кампаніі, могуць прыцягваць валанцёрскі працу, атрымліваць ахвяраванні і падарункі, удзельнічаць у працэдуры закупак з прэферэнцыямі, маюць права падаваць заяўкі ў Міністэрства сацыяльнай абароны і на інвестыцыйную праграму ALTUM (гранты ад 5 000 да 200 000 еўра). Акрамя ўсяго гэтага, паколькі сацыяльныя прадпрыемствы звычайна больш эфектыўна вырашаюць лакальныя праблемы, закон заахвочвае іх супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі. Такім чынам, у муніцыпалітэтаў ёсць мноства як фінансавых, так і нематэрыяльных інструментаў падтрымкі сацыяльных прадпрыемстваў (паніжаны падатак на нерухомасць, грантавыя праграмы і г.д.).

Каб атрымаць статус сацыяльнага прадпрыемства і трапіць у рэестр, кампанія падае заяўку ў Міністэрства сацыяльнай абароны. Двойчы ў месяц у Міністэрстве засядае Камісія па сацыяльных прадпрыемствах, якая складаецца з 5 прадстаўнікоў міністэрстваў (сацыяльнай абароны, фінансаў, эканомікі, навакольнага асяроддзя і развіцця рэгіёнаў, культуры) і 5 прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый, якія адбіраюцца ў ходзе адкрытага конкурсу. Прадстаўнікі кампаніі могуць браць удзел у яе пасяджэннях і адказваць на пытанні асабіста. Камісія можа або вынесці станоўчае рашэнне, або выдаць рэкамендацыі па дапрацоўках. Канчатковае рашэнне па прысваенні статусу сацыяльнага прадпрыемства выносіцца Міністэрствам. Акрамя таго, штогод сацыяльныя прадпрыемствы павінны падаваць у Міністэрства справаздачы, у якіх можна ўбачыць вымераны сацыяльны эфект. У межах праекта ЕСФ «Падтрымка сацыяльнага прадпрымальніцтва» сацыяльным прадпрыемствам прадастаўляюцца гранты на рэалізацыю бізнес-планаў, якія даступныя не толькі вялікім кампаніям, але і пачаткоўцам, што можа стаць добрым стартам для бізнесу.

Ліене адзначыла, што праца Камісіі па праверцы мэтаў і мадэлі кампаніі на сацыяльную значнасць вельмі важная, паколькі з’яўляецца шмат нядобрасумленных асоб, якія спрабуюць прэтэндаваць на гранты.

Будзем спадзявацца, што з уводам закона аб сацыяльным прадпрымальніцтве ў Беларусі, у нас у разы павялічыцца колькасць бізнесоўцаў, якія будуць вырашаць сацыяльныя праблемы ў краіне, якіх, не сакрэт, на сёння не мала. Бо, як прагучала на імпрэзе «сацыяльны бізнес мусіць быць бізнесам, каб быць сацыяльным».

 

Вікторыя ЧАПЛЕВА
Фота аўтара

 

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.