«У кожнай душы яна праарала свой след, часцей за ўсё, крывавы». Успаміны 6-гадовай дзяўчынкі пра вайну

Поддержи

Рубрика : Блоги.

Гэта не проста ўспамін пра вайну. Гэта згадка пра тую вайну, якая не патрапіла на старонкі вялікіх манаграфій, дзе, здаецца, напісана ўсё, што звязана с вайной 1941-1945 гадоў. Не знакаміты ваеначальнік, не акадэмік, нават не доктар навук пішуць пра тыя падзеі. Піша жанчына, якой было 6 гадоў напачатку вайны. Чытайце. Думайце. Успамінайце…

***

«Мне было шэсць гадоў, калі пачалася вайна. Цьмяна, але перад вачамі стаяць дагэтуль усе яе жудасці. Дзяцей майго ўзросту не лічаць удзельнікамі вайны, але я сама сябе лічу. Калі разабрацца, то ўсе, хто тады жыў, былі ўдзельнікамі вайны. У кожнай душы яна праарала свой след, часцей за ўсё, крывавы.

Мне тады ўсё было незразумела. Чаму людзі плакалі, калі танкі ішлі праз вёску, калі тата з маленькімі клуначкамі за плячамі ішоў з дому? Я толькі плакала, калі самалёты нізка лёталі па-над хатамі і моцна грымела зусім побач. Тады мы беглі ў нейкія вялікія ямы і сядзелі, пакуль не сціхала. Мае бацькі і ўсе мае браты і сёстры жылі ў вёсцы Хам Чавускага раёна Магілёўскай вобласці.

У глухім месцы, дзе не было ні святла, ні радыё, ні тэлефона, фронт затрымаўся надоўга, ішлі моцныя баі. Рэчкі Проня, Бася – гэта ў нашых мясцінах. Яны апісаны ў рамане Сіманава “Жывыя і мёртвыя”. А мы там жылі. Мы, дзеці, ужо ведалі, што ў другой палове дня перастрэлка (на адным беразе рускія, на другім – немцы), і так доўжылася, мажліва, год. Памятаю, што нас немцы эвакуіравалі і прыгналі ў Рагачоўскі раён, у вёску Старое Сяло. Размясцілі нас у гумнах. Там мы зімавалі. Зараз мне страшна гэта прыгадваць, і я здзіўляюся, як мы выжылі.

Мароз быў моцны, а ў гумнах печак не было. Дзень і ноч апранутыя і абутыя, галодныя сядзім, адзін да аднаго прыціскаемся.

Каб не памерці з голаду, хадзілі ў вёску Цеснавое на млын, збіралі са сцен, з вокнаў мучны пыл, потым маці ішлі некуды пячы ляпёшкі.

Хадзілі ў вёску на нямецкую кухню. Доўга там стаялі ў чарзе, чакалі, што пасля раздачы застанецца нейкі суп. Ён быў смачны, гэты нямецкі суп, я яго памятаю дагэтуль, відаць, гэта быў бабовы суп, вельмі густы. Дзецям нямецкі повар выдзяляў па аднаму чарпачку. Яшчэ хадзілі па дамах, дзе жылі нямецкія салдаты, прасілі ў іх хлеба. І яны давалі, хоць і не ўсе. Аднойчы зайшлі ў камендатуру, дык начальнік камендатуры спусціў на нас аўчарку. Потым мы гэты дом абыходзілі як мага далей. Добра запомнілі.

Пад весну немцы замітусіліся, па начах агонь не спыняўся. А неяк ранкам прыйшлі нашы рускія салдаты і сказалі, што можна разыходзіцца па дамах. Памятаю, як мы ўжо ў хуткім часе ехалі дадому, а паабапал дарогі штабялямі ляжалі забітыя салдаты, нашы і немцы. Паколькі наша вёска яшчэ была занята немцамі, мы спыніліся ў Прапойску (цяпер Слаўгарад). Далей памятаю ясна толькі адно: што вельмі доўга дабіраліся пехатою да сваёй вёскі Хамінкі. Шлях да вёскі быў замініраваны, прайсці было немагчыма. Нас вёў дзядуля, ён тлумачыў, каб ішлі след у след, каб не наступіць на міну. За намі ішлі другія людзі, але раз-пораз хто-небудзь узлятаў у паветра. Маленькая памылка і – выбух…

Што мы елі? Не памятаю дакладна год, але ў вёсцы засталіся хворыя на часотку коні. Яны былі надзвычай схуднелыя і амаль штодзень здыхалі. Вось ён яшчэ жывы, а ўжо чарга выстройваецца за яго мясам. Памятаю яго смак і пах, аднак есці надта хацелася і елі што заўгодна.

Яшчэ я часта ўзгадваю таго рускага лётчыка, які выкінуўся з падбітага самалёта ля вёскі Цяснавое. Мы яго прыцягнулі ў чыюсьці хату, да дзеда. Здаецца, ён застаўся жывы. А можа і не. Вайна была вялікая і доўгая. Я нават імя яго не ведаю. Не хачу, каб жыццё маё паўтарылася спачатку.

Ну а калі б я змагла зноў нарадзіцца, то, відаць, жыла б толькі так, як пражыла. Па-іншаму мне чамусьці і не бачыцца…»

Гэтыя успаміны пра вайну мне прынесла Яўгенія Мікалаеўна Мажэйка, мая зямлячка. Я яе добра ведаю, яна мяне таксама. Можна сказаць, рос на яе вачах. Вось рос і не ведаў пра яе нічога. Ведаў толькі, што працавала яна ў клубе, прапускала, бывала, нас спачатку ў кіно, а потым, натуральна, на танцы. Ведаў яе мужа (ён ужо памёр), сына і дачок. Яўгенія Мікалаеўна даўно ўжо на пенсіі. Праўда, гледзячы на яе, гэтага не скажаш. Усё такая ж бадзёрая, энергічная, жывая. Цікава, што Яўгенія Мікалаеўна і мая маці перажывалі падзеі 41-га года непадалёк адна ад адной: Клімавіцкі раён не так і далёка ад Чавускага. Месцы розныя, а ўражанні практычна аднолькавыя.

Я часта думаю вось аб чым. Пра вайну напісана вельмі шмат. Мемуары маршалаў, генералаў, проста афіцэраў, мастацкая літаратура, гістарычныя даследаванні і г.д. Але напісана і сказана, думаю, не ўсё. Па той простай прычыне, што ў кожнага, хто тады жыў, была свая вайна. Колькі тады было людзей, столькі і войнаў. Сівы мужчына і маленькая дзяўчынка ўспрымаюць вайну па-рознаму. Так бы мовіць, з вышыні жыццёвага вопыту, з-за асаблівасцяў псіхікі, душэўнай арганізацыі, характару і яшчэ мноства рэчаў. Маршал будзе ўспамінаць вайну не так, як шасцігадовая дзяўчынка, якая стаяла ў чарзе за мясам яшчэ жывога каня.

І ў мяне ёсць моцнае падазрэнне, што апошняе слова пра вайну так і не будзе сказана. Больш таго, яго і не трэба гаварыць. Апошняе слова – гэта значыць, што ўсё высветлена, зацверджана, задакументавана, а зверху стаіць бетонная рэзалюцыя: «Вайна скончана. Загадана забыць». Гэтага ніколі не будзе, таму што ваявалі і перажывалі вайну людзі. А яны усе розныя. Яны ўсё роўна не дамовяцца.

Мне дзіўна жыць у наш час. Побач ёсць людзі, якія гэта бачылі, перажылі і памятаюць, і людзі, для якіх гэта літаральна пусты гук. Я ніколі не паверу, што чалавек, які не перажыў, можа мець нейкія ўяўленні, пачуцці, думкі. Ён «праходзіць» вайну ў школе на ўроках гісторыі. Мы таксама «праходзілі». Але нам расказвалі бацькі, жывыя сведкі.

Прымушаць дзяцей ці ўнукаў улазіць у скуру дзядоў, прадзедаў? А навошта? Усё роўна нічога не зразумеюць, не ўспрымуць, не павераць, не будуць суперажываць. Памятаць, канешне, будуць, бо Дзень Перамогі ніхто не адмяняў і не адменіць. Але гэта будзе ўжо не тое. Чым далей ад вайны, тым менш слёз. Яны ці выплаканы, ці высахлі.

Усё ў нашым жыцці жывіцца толькі ўспамінамі. Калі ўспамінаць ужо больш няма каму, то жыццё становіцца гісторыяй. Так што вайна скончыцца тады, калі ад нас пойдзе апошні, хто яе бачыў…

***

Мая маці памерла ў 2012 годзе. Калі памерла Яўгенія Мікалаеўна Мажэйка, я, на жаль, не ведаю. Але свае запісы яна прынесла якраз мне напрыканцы мінулага. Відаць, па правільнаму адрасу – я іх перагледзіў і ацаніў. Па той простай прычыне, што любы погляд на гэтую страшную вайну – гэта дакумент. Вось Яўгенія Мікалаеўна дала мне такі дакумент.

І адно, што мяне тычыцца, што я магу зрабіць уласнымі сіламі, дык гэта прыдаць яго галоснасці. Вось і ўсё….

 

Сяргей ШАЎЦОЎ

фота носіць

ілюстрацыйны характар

Комментарии

Авторизуйтесь для комментирования

К сожалению, мы обязаны идентифицировать Вас, чтобы разрешить публиковать отзыв.

С 1 декабря 2018 г. вступил в силу новый закон о СМИ. Теперь интернет-ресурсы Беларуси обязаны идентифицировать комментаторов с привязкой к номеру телефона. Пожалуйста, зарегистрируйте или войдите в Ваш персональный аккаунт на нашем сайте.